ДЖАЛІ́ЦІ ((Giolitti) Джавані) (27.10.1842, г. Мандаві, Італія — 17.7.1928),
італьянскі дзярж. дзеяч. У 1889—90 міністр казначэйства, у 1901—03 міністр унутр. спраў. Прэм’ер-міністр у 1892—95, 1903—05, 1906—09, 1911—14, 1920—21. Найб. паслядоўны прадстаўнік італьян. лібералізму 20 ст., імкнуўся пашырыць сац. базу рэжыму. Урад Дж. жорстка задушыў сял. рух на Пд Італіі, развязаў захопніцкую вайну з Турцыяй (1911—12). У час 1-й сусв. вайны выступаў супраць удзелу ў ёй Італіі на баку Антанты. Падтрымаў прыход да ўлады фашыстаў (1922), з 1924 у апазіцыі У 1928 выступаў супраць скасавання фашыстамі парламенцкага рэжыму.
т. 6, с. 85
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІГА́Н (Яфім Львовіч) (14.12.1898, Масква — 21.12.1981),
расійскі кінарэжысёр. Нар. арт. СССР (1973). Засл. дз. маст. Расіі (1958). Скончыў кінашколу імя Б.Чайкоўскага ў Маскве. Творчую дзейнасць пачаў у 1928 на кінастудыі «Дзяржкінапрам» Грузіі фільмам «Першы карнет Стрэшнеў» (разам з М.Чыяўрэлі). У 1929—34 на кінастудыі «Савецкая Беларусь» у Ленінградзе, дзе зняў дакумент. («Май калгасны», 1930, «На штурм», 1931) і маст. («Суд павінен працягвацца», 1931, «Жанчына», 1932) фільмы. Майстар жанру гіст.-рэв. эпапеі: «Мы з Кранштата» (1936, Дзярж. прэмія СССР 1941), «Пралог» (1956), «Жалезны паток» (1967). З 1937 выкладаў ва Усесаюзным ін-це кінематаграфіі ў Маскве (з 1965 праф.).
т. 6, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯМІ́ДАВА (Ала Сяргееўна) (н. 29.9.1936, Масква),
руская актрыса. Нар. арт. Расіі (1984). Скончыла Маскоўскі ун-т (1960), Тэатр. вучылішча імя Шчукіна (1964). Працавала ў Маск. т-ры драмы і камедыі на Таганцы (да 1991). Яе мастацтва вызначаюць інтэлектуальнасць, эмац. насычанасць пры знешняй стрыманасці і строгасці: Гертруда («Гамлет» У.Шэкспіра), Ранеўская («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Федра («Федра» М.Цвятаевай) і інш. У кіно з 1957: «Дзённыя зоркі», «Іду да цябе», «Люстэрка», «Шчыт і меч», «Уцёкі містэра Мак-Кінлі» (Дзярж. прэмія СССР 1977), «Шклянка вады» (тэлевізійны) і інш. Стваральнік (1991) і кіраўнік прыватнага т-ра «А».
т. 6, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖЫ́НСКАЯ (Ксенія Георгіеўна) (6.2.1889, Кіеў — 9.6.1951),
расійская спявачка (сапрана). Нар. арт. СССР (1937). Спевам вучылася ў Пецярбургу і Берліне ў М.Малінгер. У 1915—48 салістка Вял. т-ра ў Маскве. Адна з буйнейшых рас. спявачак, валодала моцным, сакавітым, выразным голасам, роўным ва ўсіх рэгістрах, артыстычнай культурай. Сярод лепшых партый: Ліза, Кума Настасся («Пікавая дама», «Чарадзейка» П.Чайкоўскага), Фяўроння («Паданне пра нябачны горад Кіцеж...» М.Рымскага-Корсакава), Артруда («Лаэнгрын» Р.Вагнера). Першая выканала на сцэне т-ра партыю Турандот («Турандот» Дж.Пучыні). Вядома як выканальніца вак. лірыкі Чайкоўскага, С.Рахманінава. З 1947 праф. Маскоўскай кансерваторыі. Дзярж. прэмія СССР 1943.
т. 6, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯЧЭ́НКА (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 8.9.1942, г.п. Дзяражня Хмяльніцкай вобл., Укра ша),
бел. вучоны ў галіне с.-г. машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1996). Скончыў Растоўскі-на-Доне ін-т с.-г. машынабудавання (1964). З 1972 на Зах. дзярж. машынавыпрабавальнай станцыі (пас. Прывольны Мінскага р-на). З 1975 у Ін-це надзейнасці машын АН Беларусі. Навук. працы па дынаміцы, надзейнасці і паскораных выпрабаваннях трактароў і с.-г. машын. Распрацаваў тэхн. прылады для гашэння хістанняў у элементах канструкцый с.-г. тэхнікі.
Тв.:
Комплексная механизация кормопроизводства. М., 1987 (у сааўт.);
Ускоренные испытания изделий машиностроения. Мн., 1997 (у сааўт.).
т. 6, с. 167
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОБРАНАДЗЕ́ЙНАСЦЬ,
адно з маральна-этычных і паліт. паняццяў, якое адлюстроўвае адносіны дзяржавы і яе спец. органаў, грамадскіх і інш. арг-цый да асобы. Па меры развіцця грамадства ўдакладняўся і ўскладняўся механізм кантролю за грамадска-паліт. і асабістым жыццём грамадзян, іх адносінамі да рэлігіі, палітыкі дзяржавы і яе мясц. органаў. Са з’яўленнем тэхнатронных сродкаў і камп’ютэрызацыі з’явілася магчымасць татальнага нагляду за Д. грамадзян у межах дзяржавы і міжнар. маштабе.
На Беларусі ў часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай за Д. грамадзян назіралі царква і прадстаўнікі ўлады, у Расіі спец. дзярж. орган — жандармерыя, пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 — органы ДПУ, АДПУ, НКУС, КДБ.
т. 6, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЛЬФУС ((Dollfuß) Энгельберт) (4.10.1892, Тэксінг, Аўстрыя — 25.7.1934),
аўстрыйскі паліт. і дзярж. дзеяч. Член Хрысц.-сац. партыі. У 1932—34 федэральны канцлер і міністр замежных спраў Аўстрыі. Урад Д. ва ўмовах паліт. і эканам. нестабільнасці ў краіне ўстанавіў аўтарытарнае праўленне (у 1933 распушчаны парламент і с.-д. «Шуцбунд», адменены свабода друку і сходаў, забаронена камуніст. партыя; у 1934 ліквідавана паўстанне сацыял-дэмакратаў, забаронены ўсе партыі), у знешняй палітыцы арыентаваўся на фаш. Італію, перад пагрозай аншлюсу з боку нацысцкай Германіі ў 1934 заключыў саюз з Італіяй і Венгрыяй. Забіты ў час путчу аўстр. нацыстаў.
т. 6, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУЖЫ́НІН (Мікалай Міхайлавіч) (13.1.1886, г. Курск, Расія — 8.8.1986),
рускі гісторык. Акад. АН СССР (1953). Скончыў юрыд. (1911) і гісторыка-філал. (1918) ф-ты Маскоўскага ун-та. Працаваў пераважна ў Маскоўскім ун-це (1929—48), з 1938 у Ін-це гісторыі АН СССР. Аўтар прац па гісторыі эканомікі, грамадскай думкі і рэв. руху ў Расіі (пераважна 19 ст.). Дзярж. прэмія СССР 1947, Ленінская прэмія 1980.
Тв.:
Декабрист Никита Муравьев. М., 1933;
Государственные крестьяне и реформа П.Д.Киселева. Т. 1—2. М.; Л., 1946—58;
Русская деревня на переломе, 1861—1880 гг. М., 1978.
т. 6, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ГЛАС-Х’ЮМ ((Douglas-Home) Аляксандр) (Алек) Фрэдэрык (н. 2.7.1903, Лондан),
брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч. У 1931—45 і 1950—51 дэпутат палаты абшчын ад Кансерватыўнай партыі, адначасова (1937—39) парламенцкі сакратар прэм’ер-міністра Н.Чэмберлена, удзельнік Мюнхенскай канферэнцыі 1938. Чл. (1951—63) і лідэр (1957—60) палаты лордаў. Міністр па сувязях з краінамі брыт. Садружнасці (1956—60). Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі ў 1960—63 (удзельнічаў у ажыццяўленні Дагавора аб забароне і абмежаванні выпрабаванняў атамнай зброі 1963) і 1970—74. Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі ў 1963—64. Лідэр Кансерватыўнай партыі ў 1963—65.
т. 6, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКЛАРА́ЦЫЯ НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦІ 1776. Прынята 4.7.1776 у г. Філадэльфія 2-м Кантынент. кангрэсам прадстаўнікоў 13 англ. калоній у час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. Аўтарам яе праекта быў Т.Джэферсан. Абвясціла аддзяленне калоній ад метраполіі і ўтварэнне новай незалежнай дзяржавы — Злучаных Штатаў Амерыкі, роўнасць усіх каланістаў перад законам і іх неад’емныя правы на «жыццё, свабоду і імкненне да шчасця», прынцып нар. суверэнітэту як аснову дзярж. ладу і інш. Была першай у сусв. гісторыі дэкларацыяй правоў чалавека. Дзень 4 ліпеня з’яўляецца нац. святам ЗША.
Літ.:
Война за независимость и образование США М., 1976.
т. 6, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)