арганічныя злучэнні, якія маюць у малекуле 1 або 2 нітрозагрупы (-N=O), звязаныя з атамам вугляроду арган. радыкала, R-N=O. Звычайна Н. — раўнаважная сумесь манамераў і дымераў. Для дымераў характэрна геаметрычная ізамерыя; у дымерных Н. традс-ізамеры больш стабільныя.
У індывід. стане большасць Н. знаходзіцца ў дымернай форме. Наяўнасць электронаакцэптарных груп у радыкале Н. прыводзіць да існавання толькі манамераў (напр., нітрозатрыхлорметан CCl3NO). Манамерныя Н. — газы або вадкасці блакітнага ці зялёнага колеру, дымерныя — бясколерныя крышталі [напр., нітрозаметан, дымер (CH3NO)2]. Выкарыстоўваюць у сінтэзе фарбавальнікаў, амінакіслот, гетэрацыклічных злучэнняў, лек. прэпаратаў, эластамераў (фторкаўчуку). Некаторыя Н. з’яўляюцца канцэрагеннымі і мутагеннымі рэчывамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ЙМАН, Нёйман (Neumann) Іаган Бальтазар (хрышчоны 30.1.1687, г. Хеб, Чэхія — 19.8.1753), нямецкі архітэктар; прадстаўнік позняга барока і ракако. Па прафесіі ліцейшчык. З 1719 архітэктар епіскапа верцбургскага. Працаваў у паўд. і зах. гарадах Германіі, пераважна ў Вюрцбургу. Гал. твор Н. — епіскапская рэзідэнцыя (1719—53) вылучаецца смеласцю канстр. вырашэнняў (лесвіца рэзідэнцыі з размалёўкамі Дж.Цьепала), арганічнасцю спалучэння жывапіснага і скульпт. дэкору з унутр. прасторай будынка (Кайзерзаль з размалёўкамі Цьепала). Аўтар праектаў больш за 100 цэркваў, у т. л. паломніцкай у Фірцэнгайлігене (1743—71), манастырскай у Нерэсгайме (пачата ў 1745); палаца ў Вернеку (1733—37), жылых дамоў, мастоў, плошчаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«О́КНА ТАСС»,
агітацыйныя паліт. плакаты, якія выпускаліся Тэлеграфным агенцтвам Сав. Саюза (ТАСС) у гады Вял.Айч. вайны. Вырабляліся на ўзор «Окон РОСТА» у трафарэтнай тэхніцы, якая пастаянна ўдасканальвалася і ўскладнялася (да 10 і болей колераў). Ствараліся (больш за 1200 выпускаў) у Маскве і інш. неакупіраваных гарадах СССР. У выпусках удзельнічалі мастакі (Кукрыніксы, У.Лебедзеў, Г.Савіцкі, П.Сакалоў-Скаля, М.Чарамных і інш.) і паэты (Дз.Бедны, В.Лебедзеў-Кумач, С.Маршак і інш.). Малюнкі і тэксты заклікалі да перамогі над ворагам, услаўлялі подзвігі сав. людзей, напаміналі пра гераічнае мінулае народаў СССР.
Да арт.«Окна ТАСС». У.Лебедзеў. Наша азбука. «Ц.» 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВІТУ́ХА (Cuscuta),
род кветкавых раслін сям. павітухавых. Больш за 150 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 6 відаў. Найб. вядомыя П.: еўрапейская (C. europaea), ільняная (C. epilinum), чабаровая (C. epithymum).
Аднагадовыя травяністыя паразітычныя расліны. Сцябло павойнае, бесхларафільнае, нітка- або шнурападобнае, бясколернае ці афарбаванае (аранжавае, жоўтае, ружаватае, чырванаватае), без каранёў і лісця (рэдукавана ў лускавінкі). Абвівае расліну-гаспадара, укараняецца ў яго прысоскамі (гаўсторыямі) і жывіцца сокамі (парушае абмен рэчываў, затрымлівае рост і развіццё, часта выклікае гібель). Кветкі дробныя, белыя, жаўтаватыя, ружаватыя ў клубочках, парасоніках або гронках. Плод — каробачка. Паразіты с.-г. культур і кармавых траў, дзікарослых раслін, дрэў, небяспечнае каранціннае пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА-ДЭ-ТРУА́ (франц. pas de trois літар. танец утраіх),
у балеце адна з разнавіднасцей класічнага ансамбля для 3 удзельнікаў. Мае кананічную структуру: выхад (антрэ), адажыо, варыяцыі кожнага з удзельнікаў, агульная кода. У 19 ст. мела пераважна дывертысментны (устаўны) характар. Абмалёўвала не гал. герояў, а іх сяброў і асяроддзе, эмац. атмасферу і інш. («Пахіта» Э.Дэльдэвеза, балетмайстар М.Петыпа; «Акіян і дзве жамчужыны» ці «Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні, балетмайстар А.Горскі). Каб узмацніць дзейснасць харэаграфіі, сучасныя балетмайстры ўводзяць гал. герояў у па-дэ-труа класічных спектакляў («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага, балетмайстар Ю.Грыгаровіч). У сучасных балетах танц. трыо звычайна маюць больш свабодную форму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖНІ́ЎНЫЯ ПАСЕ́ВЫ,
пасевы с.-г. раслін, якія займаюць поле ў летне-асенні перыяд і высяваюцца адразу пасля ўборкі асн. культуры; дасягаюць фізіял. спеласці і даюць ураджай у гэтым жа годзе. Высяваюцца лубін, турнэпс, кукуруза, віка, сланечнік, гарчыца і інш. на палі, што вызваліліся з-пад рана ўбраных культур — азімых, аднагадовых траў, ранняй агародніны і інш. Для захавання ў глебе вільгаці пасля ўборкі асн. культуры своечасова ўзорваюць глебу і прыкачваюць пасевы. Насенне пры пасеве забараноўваецца больш глыбока, з павялічанай нормай высеву. Агратэхн. работы па падрыхтоўцы глебы і сяўба пажніўных культур праводзяцца ў макс. кароткія тэрміны. Гл. таксама Прамежкавыя культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗІЦЫ́ЙНАЯ ВАЙНА́,
узброеная барацьба, у якой перавага аддаецца працяглай абароне на суцэльных стабільных франтах з мэтай утрымліваць занятыя пазіцыі, назапасіць сілы і сродкі для вырашальных баявых дзеянняў. Пазіцыйная барацьба вядома з даўніх часоў, калі крэпасці (замкі) і ўмацаваныя гарады вытрымлівалі працяглыя (да некалькіх месяцаў і нават гадоў) аблогі. Прыкладам П.в. больш позняга часу з’яўляецца 1-я сусв. вайна: у канцы 1914 на зах. (франц.) і ў канцы 1915 на ўсх. (рас.) франтах. У 2-ю сусв. вайну перавага аддавалася манеўранай вайне. У сучасных умовах, калі развіццё ўсіх сродкаў узбр. барацьбы павысіла магчымасці войск для манеўра, пазіцыйныя формы абароны выкарыстоўваюцца як выключэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЬЧАТАКАРЭ́ННІК (Dactylorhiza),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Больш за 150 (па інш. звестках каля 30) відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 6 відаў. Найб. вядомыя П.: майскі (D. majalis), мяса-чырвоны (D. incarnata), плямісты (D. maculata), Фукса (D fuchsii). Трапляюцца ў вільготных лясах, на лугах, балотах, па берагах вадаёмаў.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 60 см. Клубні сціснутыя, пальчатараздзельныя (адсюль назва). Сцёблы прамыя, шчыльныя. Лісце чаргаванае, падоўжана-яйцападобнае, зялёнае або з цёмнымі буравата-чырв. плямамі. Кветкі няправільныя, жоўтыя, пурпуровыя, ружовыя, фіялетава-чырв. ў коласападобных суквеццях. Плод — каробачка. Лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НЦЫРНЫЯ КЛЯШЧЫ́, арыбатыды (Oribatei),
група членістаногіх (134 сям.) атр. акарыформных кляшчоў кл. павукападобных. Пашыраны ўсюды. Жывуць у глебе, лясным подсціле, імху і інш. Маюць вял. значэнне для глебаўтварэння. На Беларусі каля 60 сям., больш за 250 відаў. Найб. трапляюцца апіела незвычайная (Oppiela nova), карабодэс лабірынтавы (Carabodes labyrinthicus), нотрус лясны (Nothrus silvestris) і інш. Некат. віды (каля 30) — прамежкавыя гаспадары стужачных чарвей — паразітаў траваедных жывёл.
Даўж. 0,2—3 мм. Цела падзяляецца на галаву і тулава, укрытае панцырам з вырастамі і баразёнкамі. Ротавыя органы грызучыя. Сапрафагі ці фітафагі. Большасць адкладваюць яйцы, ёсць жывародныя. Развіццё з поўным ператварэннем. Гл. таксама Кляшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1815,
мірны дагавор паміж удзельнікамі 7-й антыфранц. кааліцыі (Расіяй, Вялікабрытаніяй, Аўстрыяй і Прусіяй) і пераможанай Францыяй, падпісаны ў Парыжы 20 ліст. Завяршыў апошнюю з Напалеонаўскіх войнаў (крас.—чэрв. 1815), у выніку якой у Францыі ў другі раз быў скінуты з прастола Напалеон I і адноўлена ўлада Бурбонаў (гл.«Сто дзён»), Умовы П.м.д. 1815 былі больш суровымі, чым умовы Парыжскага мірнага дагавора 1814. Францыя, зведзеная да межаў 1790, страчвала важныя стратэг. раёны (Філіпвіль, Саарлуі і інш.), павінна была выплаціць кантрыбуцыю (700 млн. франкаў), утрымліваць войскі саюзнікаў, якія заставаліся на яе тэр. на працягу 3—5 гадоў (фактычна акупацыя спынена ў 1818).