КАЛЕО́ПТЫЛЬ (ад грэч. koleos ножны, футарал + ptilon пяро),
калеоптыле, похвенны ліст першы ліст злакаў. Мае выгляд замкнёнай трубкі, дзе змешчаны малады праростак, ліставыя зачаткі (першы — пёрка) і конус нарастання, якія ён ахоўвае ад пашкоджання; не мае ліставой пласцінкі. Пры прарастанні зярняўкі К. прабівае глебу цвёрдай верхавінкай, разрываецца і праз прарыў выходзіць першы зялёны ліст (развіваецца з пёрка), потым К. засыхае.
т. 7, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕНЬ,
вёска ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Лепель—Віцебск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Лепель, 95 км ад Віцебска. 425 ж., 123 двары (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Каля вёскі магіла ахвяр фашызму.
т. 7, с. 519
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНКРЭМЕ́НТЫ (ад лац. concrementum нагрувашчанне, зрастанне),
цвёрдыя ўтварэнні («камяні») у полых органах і вывадных пратоках залоз у чалавека і жывёл; могуць быць прычынай хваробы. Бываюць рознага памеру, формы і кансістэнцыі. Хім. састаў залежыць ад фізіял. уласцівасцей асяроддзя, у якім адбываецца ўтварэнне К. (жоўцевыя, мачавыя камяні і інш.). Прычыны ўтварэння К. агульныя (напр., парушэнні абмену рэчываў) і мясц. (напр., змена хімізму сакрэту).
т. 7, с. 587
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТА́КТ (ад лац. contactus дакрананне),
1) судакрананне, непасрэдная блізкасць да месца знаходжання чаго-н. ці каго-н.
2) Сувязь, узаемадзеянне, узгодненасць у рабоце; узаемаразуменне.
3) Паверхня, месца, зона судакранання чаго-н.
4) Судакрананне, злучэнне чаго-н. Напр., К. электрычны — злучэнне 2 праваднікоў, пры якім эл. ток можа ісці ад аднаго правадніка да другога; паверхня судакранання праваднікоў току ці прыстасаванне, якое забяспечвае такое злучэнне.
т. 7, с. 602
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТЫНЕНТА́ЛЬНЫ КЛІ́МАТ,
клімат, уласцівы ўнутр. раёнам мацерыкоў, у якіх пераважаюць кантынентальныя паветраныя масы; зрэдку можа адзначацца ў прыбярэжных частках акіянаў. Характарызуецца значнымі гадавымі і сутачнымі ваганнямі т-ры паветра, памяншэннем вільготнасці, воблачнасці і ападкаў, большай запыленасцю атмасферы ў параўнанні з марскім кліматам. У залежнасці ад далёкасці ад мора бывае ўмерана кантынентальны, кантынентальны і рэзка кантынентальны. На тэр. Беларусі клімат умерана кантынентальны.
т. 8, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФЕРЭ́НЦЫЯ (позналац. conferentia, ад лац. confero збіраю ў адно месца),
з’езд, нарада прадстаўнікоў якіх-н. дзяржаў, партыйных, грамадскіх, навук. ці інш. арг-цый для абмеркавання і вырашэння пэўных пытанняў. К., удзельнікі якой могуць знаходзіцца на вял. адлегласцях адзін ад аднаго і абменьвацца моўнай, графічнай і інш. інфармацыяй, а таксама відарысамі ўдзельнікаў з выкарыстаннем сродкаў тэлевізійнай сувязі ці камп’ютэрнай сеткі, наз. відэаканферэнцыяй.
т. 8, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЦЯНІ́,
вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на правым беразе р. Дняпро. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 21 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Рагачоў, 142 км ад Гомеля. 660 ж., 244 двары (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — Кісцянёускі парк. Каля вёскі археал. помнік Кісцяні.
т. 8, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІНАХЛО́Р (ад грэч. klinō нахіляю + chlōros зялёны),
мінерал з групы хларытаў, гідраксідалюмасілікат жалеза і магнію. Прыблізны хім. састаў (MgFe)4,75Al1,25[Al1,25Si2,75O10](OH)8. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі псеўдагексаганальныя, лускаватыя. Часцей утварае дробналускаватыя агрэгаты. Колер ад цёмнага шэра-зялёнага да светлага аліўкава-зялёнага. Празрысты ў тонкіх пласцінках. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 2,6—2,9 г/см³. Тыповы мінерал хларытавых сланцаў і многіх інш. горных парод.
т. 8, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫТЫ́ЧНАЯ МА́СА,
мінімальная маса ядз. гаручага, здольная забяспечыць ажыццяўленне ланцуговай ядзернай рэакцыі. Залежыць ад памераў і формы сістэмы, а таксама ад яе хім. саставу. Мінімальная К.м. мае сферычную форму. Найменшую К.м. маюць растворы солей чыстых радыеактыўных нуклідаў з вадзяным адбівальнікам нейтронаў. Для урану-235 К.м. роўная 0,8 кг, плутонію-239—0,5 кг, каліфорнію-251—10 г. Гл. таксама Дзяленне ядраў.
т. 8, с. 521
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЗЕРНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,
электрамагнітнае выпрамяненне, крыніцай якога з’яўляецца лазер. Дыяпазон даўжынь хваль ад 0,1 да 100 мкм. Характарызуецца надзвычай высокімі кагерэнтнасцю, монахраматычнасцю (аднолькавасцю частаты), накіраванасцю і шчыльнасцю энергіі. Выпрамяняецца неперарыўным патокам або кароткімі імпульсамі працягласцю ад фемтасекунд да долей мілісекунд і пікавай магутнасцю да 1015 Вт. Выкарыстоўваецца ў розных галінах навукі, прам-сці, медыцыне і інш. Гл. таксама Лазерная фізіка.
т. 9, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)