ДЗЯСНІ́ЦКІ Сямён Яфімавіч (каля 1740, г. Нежын, Украіна — 26.6.1789),
расійскі асветнік, юрыст. Чл. Расійскай акадэміі (з 1783). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1759—60), ва ун-це ў Глазга (Вялікабрытанія). Д-р цывільнага і царк. права (1767). У 1767—87 праф. Маскоўскага ун-та, дзе першы пачаў распрацоўку рус. права і выкладанне на рус. мове. Паклаў пачатак гіст. школе права ў Расіі. Выкладанню права надаў практычны кірунак з прыцягненнем рус. заканадаўства і юрыд. практыкі («Слова аб прамым і найбліжэйшым спосабе да навучання юрыспрудэнцыі», 1768). Найважнейшым звяном у развіцці грамадства лічыў устанаўленне прыватнай уласнасці і найперш зямельнай уласнасці. Адсюль вынікае антыфеад. характар яго пазіцыі, крытыка прыгоннага права, спачуванне бурж. развіццю, хоць і непаслядоўныя.
Тв.:
У кн.: Избранные произведения русских мыслителей второй половины XVIII века. М., 1952. Т. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОН (Donne) Джон (22.1 або 12.2.1572, Лондан — 31.3.1631),
англійскі паэт, заснавальнік т.зв. метафізічнай школы англ. барока. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це. У 1615 прыняў духоўны сан, з 1621 настаяцель сабора св. Паўла ў Лондане. Вершы Д. разыходзіліся ў рукапісах (свядома не друкаваў іх, выпадкова былі апублікаваны пахавальныя элегіі «Шлях душы» і «Анатомія свету», 1611—12). Першы зборнік паэзіі выйшаў пасля смерці Д. ў 1633. Пісаў у жанры сатыры, эпісталы, любоўнай элегіі, санета (найб. вядомы цыкл «Песні і санеты»), духоўнай лірыкі. У позні перыяд пераважалі рэліг. матывы з разважаннямі аб прыродзе чалавечай душы, яе макракосмасе («Святыя санеты»). Адкрытая нанова ў 20 ст. творчасць Д. зрабіла вял. ўплыў на еўрап. паэзію.
Тв.:
Рус.пер. — Стихотворения. Л., 1973;
У кн.: Английская лирика первой половины XVII в. М. 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКЛАРА́ЦЫЯ АБ ДЗЯРЖА́ЎНЫМ СУВЕРЭНІТЭ́ЦЕ БЕЛАРУ́СКАЙ САВЕ́ЦКАЙ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЙ РЭСПУ́БЛІКІ,
акт урачыстага абвяшчэння суверэнітэту Беларусі. Прынята Вярх. Саветам БССР 27.7.1990. 25.8.1991 Дэкларацыі нададзены статус канстытуцыйнага закону. Складаецца з прэамбулы і артыкулаў. Беларусь абвешчана суверэннай дзяржавай, усталяванай на аснове права бел. нацыі на самавызначэнне, дзяржаўнасці бел. мовы, вяршэнства народа як носьбіта і адзінай крыніцы дзярж. улады. Мэты дзярж. суверэнітэту: свабоднае развіццё і дабрабыт, забеспячэнне правоў асобы, ператварэнне сваёй тэрыторыі ў бяз’ядзерную зону, а Беларусі ў нейтральную дзяржаву. Вызначэнне суверэнітэту абумовіла прыняцце прававых норм, якія замацавалі грамадзянства Беларусі, уласнасць бел. народа на зямлю, нетры, паветр. прастору, нац., культ. і гіст. каштоўнасці, непадзельнасць і недатыкальнасць тэрыторыі, права на стварэнне сваіх фін.-крэдытнай і грашовай сістэм, на ўласныя ўзбр. сілы, права заключаць добраахвотныя саюзы з інш. дзяржавамі і выходзіць з гэтых саюзаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭУ́ЛІНСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1618.
Заключана 1 снеж. ў в. Дэуліна (цяпер г. Сергіеў Пасад Маскоўскай вобл.) тэрмінам на 14,5 года; спыніла вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Прадугледжвала перадачу Расіяй (з рас. боку дэлегацыю ўзначальваў баярын Ф.І.Шарамецеў, ВКЛ і Польшчу прадстаўлялі А.Навадворскі, Л.Сапега, Я.Гансеўскі) у склад ВКЛ смаленскіх зямель (акрамя Вязьмы), а ноўгарад-северскіх і чарнігаўскіх зямель з 29 гарадамі Польскаму каралеўству, абмен палоннымі (у ходзе абмену ў Маскву вярнуўся з палону і бацька цара М.Ф.Раманава патрыярх Філарэт) і інш. Нявырашаным засталося пытанне аб захаванні польск. каралевічам Уладзіславам тытула «цара маскоўскага і ўсяе Расіі». Умовы і вынікі Д.п. ліквідаваны пасля войнаў Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 і 1654—67 (гл.Андросаўскае перамір’е 1667, «Вечны мір» 1686).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З’ЕЗД НАСТА́ЎНІКАЎ МІ́НСКАЙ ГУБЕ́РНІ 1917.
Адбыўся. 15—26.5(28.5—8.6).1917 у Мінску. Прысутнічалі дэлегаты ад школ, навуч. устаноў, што былі эвакуіраваны ў Расію. Арганізаваны групай мінскіх настаўнікаў, арыентаваных на правыя партыі Расіі. Адным з гал. было бел. пытанне. Большасць дэлегатаў, прызнаючы за беларусамі права на нац.-культ. развіццё, выказалася супраць выкладання ў школах на бел. мове, якая ў рэзалюцыі была названа «роднай галінай рускай мовы». Прадстаўнікам нац. меншасцей (палякам, яўрэям, латышам) дазвалялася ў навуч. установах карыстацца роднай мовай. У абарону бел. школы выступіла В.Лявіцкая (Лёсік), але не была падтрымана большасцю дэлегатаў. У рэзалюцыі абпаліт. уладкаванні сцвярджалася, што Беларусь — неад’емная частка Расіі пры ўмове ўвядзення «абласнога земскага самакіравання». Разгледжаны пытанні стварэння настаўніцкага саюза, арг-цыі курсаў для дарослых на вёсцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗМА́ЙЛАВА Галія Баязітаўна (н. 12.12.1923, г. Томск, Расія),
узбекская артыстка балета, балетмайстар. Нар.арт.СССР (1962). Скончыла балетную школу (1941), тэатр.-маст.ін-т (1958) у Ташкенце. З 1941 салістка, з 1977 гал. балетмайстар Узб.т-ра оперы і балета імя А.Наваі. Сярод партый: Семург («Акбіляк» С.Васіленкі), Аўрора, Адэта—Адылія («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Шэхеразада («Шэхеразада» на муз. М.Рымскага-Корсакава), Кітры («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Кармэн («Балеро» на муз. М.Равеля), Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.Пуні). Выканальніца танцаў народаў Азіі. Сярод пастановак: «Лебядзінае возера» (1957), «Шэхеразада», «Балеро»; «Штраусіяна» на муз. І.Штрауса (усе 1960); «Амулет кахання» М.Ашрафі (1969, з А.Андрэевым), «Легенда аб каханні» А.Мелікава (1979), танцы ў операх. Дзярж. прэмія СССР 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЕРВА́ЦЫЯ (ад лац. in у, унутры + нервы),
забяспечанне органаў і тканак нервамі, якія ажыццяўляюць іх сувязь з цэнтральнай нервовай сістэмай. Адрозніваюць І. аферэнтную (цэнтраімклівую) і эферэнтную (цэнтрабежную). Сігналы аб стане органаў успрымаюцца чуллівымі нерв. канчаткамі (рэцэптарамі) і перадаюцца ў ц. н. с. па цэнтраімклівых валокнах, па цэнтрабежных ідуць у адказ імпульсы ад ц. н. с., якія каардынуюць дзейнасць органаў. Роля ц. н. с. ў рэгуляцыі розная. Напр., калі перарэзаць нерв. валокны, якія ідуць да мышцы (дэнервацыя), без сігналаў жыццезабеспячэння настае атрафія органа. Іншыя органы (сэрца, кішэчнік) маюць здольнасць часткова дзейнічаць пад уплывам імпульсаў у самім органе (аўтаматызм). З дапамогай І. ажыццяўляюцца рэакцыі арганізма на змену навакольнага і ўнутр. асяроддзя, забяспечваюцца рэгуляцыя і каардынацыя дзейнасці органаў, сістэм і адаптацыя мнагаклетачных арганізмаў да ўмоў існавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́БАЦ (Kabatc) Эўгеніюш (н. 11.1.1930, г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл.),
польскі празаік і перакладчык. У 1967—73 супрацоўнік польск пасольства ў Рыме. Друкуецца з 1950. У зб.апавяд. «П’яны анёл» (1957), аповесцях «Занадта многа сонца» (1959), «Раманс» (1960), «Адзінаццатая запаведзь» (1965), «Адпачынак у высокай траве» (1968), «Выкраданне Джульеты» (1974) сац.псіхал. праблемы сучаснага яму пакалення. Аповесці «Патрыцыя, ці Аб каханні і мастацтве ў асяродку ночы» (1975), «Аўтастрада сонца» (1979) прысвечаны Італіі. Аўтар фантаст. аповесці «Смерць працаўніка ў атэлі «Savoy» (1985). Тэматыка асобных твораў звязана з Беларуссю. Пераклаў на польск. мову аповесць «Трэцяя ракета» В.Быкава, раман «Людзі на балоце» І.Мележа. Аўтар успамінаў пра Мележа «Сонца ў вачах» (1979). На бел. мову творы К. перакладалі Я.Брыль, В.Рагойша, А.Клышка, П.Стэфановіч.
расійскі матэматык і механік, пісьменніца і публіцыстка, першая ў свеце жанчына-прафесар. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1889). Паходзіць з бел. шляхецкага роду. Вучылася ў Гайдэльбергскім (1869) і Берлінскім (1870) ун-тах. Д-р філасофіі Гётынгенскага, з 1884 праф. Стакгольмскага ун-таў. Навук. працы па матэм. аналізе, матэм. фізіцы і нябеснай механіцы. Значны ўклад яе ў тэорыю дыферэнцыяльных ураўненняў, адкрыла трэці класічны выпадак вырашальнасці задачы аб вярчэнні цвёрдага цела вакол нерухомага пункта, даследавала задачу Лапласа пра раўнавагу кольцаў Сатурна. У літ. творах імкнулася даць матэм. абгрунтаванне паводзін людзей. Прэміі Парыжскай АН 1888, Шведскай АН 1889.
Тв.:
Научные работы. М., 1948;
Воспоминания и письма. М., 1961.
Літ.:
Полубаринова-Кочина П.Я. С.В.Ковалевская. Ее жизнь и деятельность. М., 1955.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́СІЯ ПА СПРА́ВАХ НЕПАЎНАЛЕ́ТНІХ,
у Рэспубліцы Беларусь орган, які каардынуе дзейнасць дзярж. органаў і грамадскіх аб’яднанняў па папярэджанні безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх, уладкаванні дзяцей і падлеткаў, ахове іх правоў. Разглядае справы аб правапарушэннях дзяцей і падлеткаў, кантралюе правядзенне выхаваўчай і прафілактычнай работы з непаўналетнімі ў навуч. установах (у т. л. ў спец. установах закрытага тыпу), у прыёмніках-размеркавальніках для непаўналетніх і выхаваўча-працоўных калоніях. Камісіі ўтвараюцца пры гар., раённых, абл. выканкомах, а Камісія па справах непаўналетніх пры СМ Рэспублікі Беларусь — СМ Рэспублікі Беларусь. Склад камісій, іх правы і парадак дзейнасці рэгламентуюцца заканадаўствам. Пастановы, прынятыя камісіямі, абавязковыя для выканання прадпрыемствамі, арг-цыямі, установамі незалежна ад форм уласнасці, службовымі асобамі і грамадзянамі. Дзейнасць камісій ажыццяўляецца пры шырокім удзеле грамадскасці і ва ўзаемадзеянні з пастаяннымі камісіямі Саветаў дэпутатаў.