МІНІЯЦЮРЫЗА́ЦЫЯ (франц. miniaturisation ад miniature нешта вельмі маленькае),
сукупнасць метадаў значнага змяншэння габарытаў, масы і энергаспажывання радыёэлектронных апаратаў з адначасовым павелічэннем іх надзейнасці; кірунак у канструяванні прылад, механізмаў, машын і інш. (пераважна ў электроніцы, электратэхніцы і прыладабудаванні).
Абумоўлена пашырэннем функцый і галін выкарыстання электронных сродкаў аўтаматызацыі вытв-сці, выліч. і вымяральнай тэхнікі, радыётэхнікі і інш., што звязана з ускладненнем электроннай апаратуры і павелічэннем колькасці яе элементаў. Грунтуецца на рацыянальным канструяванні і вырабе вузлоў і элементаў апаратуры з выкарыстаннем пячатных плат, мікрамодуляў, інтэгральных схем і інш. Ажыццяўляецца змяншэннем памераў вузлоў і элементаў прылад, павелічэннем шчыльнасці іх упакоўкі, скарачэннем колькасці і памераў міжэлементных злучэнняў, выкарыстаннем новых канструкцыйна-тэхнал. рашэнняў з мэтай змяншэння колькасці асобных дэталей і іх габарытных памераў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦЬ СУ́ДДЗЯЎ,
канстытуцыйны прынцып правасуддзя ў дэмакр. дзяржавах, які азначае, што суддзі і засядацелі вырашаюць суд. справы на аснове закону, ва ўмовах, што выключаюць усякае ўздзеянне на іх. Паводле арт. 110 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь суддзі пры ажыццяўленні правасуддзя незалежныя і падпарадкоўваюцца толькі закону. Якое-н. умяшанне ў дзейнасць суддзяў па выкананні правасуддзя недапушчальнае і цягне адказнасць паводле закону.
Н.с. забяспечваецца: устаноўленым законам парадкам выбрання, назначэння і вызвалення суддзяў, іх недатыкальнасць, юрыд. працэдурай ажыццяўлення правасуддзя, тайнай нарады суддзяў пры вынясенні рашэнняў і забаронай патрабаваць выдавання гэтай тайны, адказнасцю за непавагу да суда або ўмяшанне ў вырашэнне канкрэтных спраў, стварэннем неабходных арганізацыйна-тэхн. умоў для дзейнасці судоў, а таксама матэрыяльным і сац. забеспячэннем суддзяў, устаноўленымі гарантыямі, якія адпавядаюць іх высокаму статусу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЯЧЫ́ЦЕЛЬСТВА,
форма абароны асабістых і маёмасных правоў і інтарэсаў грамадзян. Устанаўліваецца над непаўналетнімі ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў, а таксама над асобамі, абмежаванымі судом у дзеяздольнасці ў выніку злоўжывання спіртнымі напіткамі, наркатычнымі сродкамі або псіхатропнымі рэчывамі. Рэгуляванне адносін па апецы і П. ажыццяўляецца цывільным і сямейным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. П. ўстанаўліваецца па месцы жыхарства падапечнай асобы або папячыцеля. Органамі апекі і П. з’яўляюцца мясц. выканаўчыя і распарадчыя органы і папячыцель можа прызначацца толькі з іх згоды. Папячыцелі аказваюць падапечным садзеянне ў ажыццяўленні імі сваіх правоў і выкананні абавязкаў, а таксама ахоўваюць іх ад злоўжыванняў з боку інш. асоб. Парадак устанаўлення П., кола правоў і абавязкаў папячыцеляў, рэгламентацыя іх адносін з падапечнымі вызначаюцца заканадаўствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКСАПАТАЛО́ГІЯ (секс + ...паталогія),
галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае палавыя расстройствы, распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі; раздзел мед.сексалогіі. Вывучае функцыян., эмацыянальныя, асабістыя, сац.-адаптацыйныя аспекты сексуальных расстройстваў. Звязана з уралогіяй, гінекалогіяй, андралогіяй, эндакрыналогіяй, неўрапаталогіяй, псіхіятрыяй. Падзяляецца на агульную і прыватную. Агульная С. вывучае асн. заканамернасці суадносін і дыферэнцыяцыі полаў, анатама-фізіял. асновы палавой сферы і інш.; прыватная — канкрэтныя захворванні, якія парушаюць сексуальную функцыю, іх лячэнне з улікам спецыфічных псіхасексуальных асаблівасцей хворага. У С. вял. роля належыць прынцыпу партнёрства, які ўлічваецца ў дыягностыцы, паходжанні парушэнняў і іх лячэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБМЕ́Н РЭ́ЧЫВАЎ, метабалізм,
сукупнасць хім. ператварэнняў рэчываў у жывых арганізмах, якія забяспечваюць іх развіццё, жыццядзейнасць, самаўзнаўленне, сувязь з навакольным асяроддзем і адаптацыю да змен у ім. Аснову абмену рэчываў складаюць непарыўна звязаныя і ўзаемаабумоўленыя працэсы анабалізму, катабалізму і абмену энергіі. У сукупнасці яны забяспечваюць структурную і функцыян. цэласнасць арганізмаў, ляжаць у аснове іхгамеастазу. У планетарным маштабе абмен рэчываў складае важную частку кругавароту рэчываў у прыродзе. Для кожнага віду жывых арганізмаў характэрны свой, генетычна замацаваны ўзровень абмену рэчываў, які залежыць ад іх спадчынных уласцівасцяў, месца ў эвалюцыйным радзе, узросту, полу, умоў існавання і інш. фактараў (напр., абмен рэчываў ніжэйшы ў раслін і халаднакроўных жывёл, вышэйшы ў цеплакроўных, слабы ў час спячкі, анабіёзу, высокі ў перыяд размнажэння і г.д.). Пры вял. і разнастайным асартыменце арган. рэчываў, якія ўцягваюцца ў абмен, агульная яго схема ў розных арганізмаў падобная, вызначаецца ўпарадкаванасцю і падабенствам паслядоўнасці біяхім. ператварэнняў, што адбываюцца пры абавязковым удзеле ферментаў. Дзякуючы абмену рэчываў з пажыўных рэчываў утвараюцца характэрныя для дадзенага арганізма злучэнні, якія выкарыстоўваюцца як буд. ці энергет. матэрыял, пастаянна і няспынна абнаўляюцца органы і тканкі без прынцыповай змены іххім. саставу. Асн. тыпы злучэнняў, якія ўдзельнічаюць у абмене рэчываў у арганізме, — бялкі, тлушчы, вугляводы, мінеральныя рэчывы. Іхнавук. даследаванне вылучаецца ў самаст. раздзелы біяхіміі.
Ператварэнні рэчываў ад моманту іх паступлення ў арганізм да ўтварэння канчатковых прадуктаў распаду складаюць сутнасць т.зв. прамежкавага абмену рэчываў. Асн. яго этапы: ператраўленне і ўсмоктванне пажыўных рэчываў у страўнікава-кішачным тракце; дастаўка атрыманых рэчываў да розных органаў і тканак; іх перабудова, раскладанне і выкарыстанне для біясінтэзу спецыфічных рэчываў, клетак і тканак; раскладанне такіх рэчываў з утварэннем прамежкавых злучэнняў і канчатковых прадуктаў абмену; выдаленне апошніх з арганізма. Цэнтр. месца ў абмене рэчываў належыць цыклу трыкарбонавых кіслот, у якім перакрыжоўваюцца шляхі бялковага, вугляводнага, тлушчавага абмену (гл. схему). Найважн. прамежкавы прадукт абмену рэчываў — ацэтылкаэнзім A, які ўдзельнічае ва ўсіх працэсах анабалізму і катабалізму і аб’ядноўвае іх; асн. канчатковыя прадукты — H2O, CO3, NH3, мачавіна і інш. У рэгуляванні працэсаў абмену рэчываў гал. месца займаюць змены актыўнасці і інтэнсіўнасці сінтэзу клетак, абмен можа самарэгулявацца па прынцыпе адваротнай сувязі. Вял. значэнне ў рэгуляванні абмену рэчываў маюць біял. мембраны. У высокаарганізаваных жывёл рэгулюецца і каардынуецца нейрагумаральнай сістэмай пры ўдзеле біял. актыўных рэчываў (вітаміны, гармоны, медыятары і інш.). Разбалансаванне абмену рэчываў з’яўляецца прычынай або вынікам узнікнення разнастайных хвароб, фіксацыя змен у ім — важны дыягнастычны сродак. Гл. таксама Бялковы абмен, Вугляводны абмен, Тлушчавы абмен, Мінеральны абмен.
Літ.:
Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1985;
Страйер Л. Биохимия: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1984—85.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯПО́ЛЕ,
электрамагнітнае поле, якое ствараецца жывым арганізмам і мае здольнасць уздзейнічаць на інш. жывыя істоты і прадметы. Жывыя істоты (іх клеткі, тканкі і інш.) узаемадзейнічаюць з эл.-магн. палямі Зямлі. Узаемадзеянне гэтых палёў вывучаецца; відавочна іхвял. роля ў жыцці прыроды, але навук. яе абгрунтаванне застаецца пакуль на ўзроўні гіпотэз і меркаванняў. Паняццем «біяполе» без пранікнення ў сутнасць з’явы часта карыстаюцца прадстаўнікі экстрасенсорыкі, парапсіхалогіі, тлумачальнікі палтэргейста.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАРА́,
непаліўныя землі і пасевы на іх у раёнах арашальнага земляробства. На багары вырошчваюць найб. засухаўстойлівыя с.-г. культуры — збожжавыя, тэхнічныя і кармавыя. Ураджайнасць іх залежыць пераважна ад колькасці і перыяду выпадання ападкаў, т-ры і інш. умоў. Багарнае земляробства дае магчымасць выкарыстоўваць участкі, непрыдатныя для арашэння. Пашырана ў краінах Сярэдняй Азіі, на Пд Казахстана, у Закаўказзі, Афганістане, Іране, Кітаі, Індыі, Пакістане, Судане, Турцыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГІДРЫ́ДЫ,
хімічныя злучэнні; вытворныя арган. і неарган. кіслот, якія ўтвараюцца пры іхдэгідратацыі. Ангідрыды неарган. кіслот — аксіды кіслотаўтваральных элементаў [напр., серны ангідрыд (SO3), фосфарны (P2O5), вугальны (CO2) і інш.] можна атрымліваць таксама акісленнем простых рэчываў; ангідрыды арган. кіслот [напр., воцатны ангідрыд (CH3CO)2O, малеінавы (C2H2CO2)2O] — кандэнсацыяй іх вытворных. Ангідрыды гідралізуюцца да адпаведных кіслот. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці палімераў, фарбавальнікаў, таксама як асушальнікі, ацыліруючыя сродкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАБІ́СТЫЯ НЕМАЁМАСНЫЯ ПРАВЫ́,
суб’ектыўныя правы грамадзян, якія не маюць матэрыяльнага зместу і неаддзельныя ад асобы чалавека. Адрозніваюць 2 іх разнавіднасці: звязаныя з маёмаснымі правамі (напр., прадукцыя інтэлектуальнай творчасці, якая пры пэўных абставінах можа пераходзіць да іншых асоб па дагаворы з аўтарам, у парадку атрымання ў спадчыну; гл.Аўтарскае права, Спадчыннае права) і не звязаныя (іх адчужэнне ад асобы немагчымае, напрыклад, права на імя, гонар, годнасць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ЛЯСНА́Я ГАЗЕ́ТА».
Выходзіць са студз. 1995 у Мінску на бел. і рус. мовах. Інфармуе пра рэформы і сац. палітыку ў лясной галіне нар. гаспадаркі Беларусі, пра сучасны стан бел. лясоў, іх захоўванне і выкарыстанне. Знаёміць з распрацоўкамі вучоных, дасягненнямі перадавых лясгасаў, леспрамгасаў, прадпрыемстваў дрэваапр. прам-сці, іх лепшымі працаўнікамі. Друкуе матэрыялы на тэмы прыроды і экалогіі. Дае парады па будаўніцтве, агародніцтве, нар. медыцыне.