ВЫСО́КІЯ ПЛАТО́,

міжгорныя плато і раўніны ў сістэме Атласа, у Алжыры і Марока. Выш. ад 700 м на У да 1200 м на З. Герцынская складкавая аснова высокіх плато перакрыта чахлом асадкавых мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў. На паверхні шмат катлавін з салёнымі азёрамі (шотамі), да якіх накіраваны даліны уэдаў. Клімат субтрапічны паўпустынны. Ападкаў 200—400 мм за год. Расліннасць — разрэджаныя хмызнякі і дзярнінныя злакі (у т. л. альфа) на шэра-карычневых глебах; вакол шотаў — галафіты і палын. Жывёлагадоўля. Арашальнае земляробства.

т. 4, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДРУ́РЫ-ЛЕЙН»

(Drury Lane),

англійскі драматычны тэатр. Створаны ў 17 ст. У 18—19 ст. меў манаполію на пастаноўку сур’ёзнай драмы. Гэта абумовіла высокі маст. ўзровень рэпертуару («Д.-Л.» называюць «Домам англ. драмы») і прывабіла шмат таленавітых англ. акцёраў. Тут выступалі: Д.Гарык, С.Сіданс, Дж.Кембл, Э.Кін, У.Макрэдзі. У рэпертуары разам з лепшымі творамі нац. драматургіі ставіліся таксама пантамімы і меладрамы.

Будынак узведзены ў 1663. Пацярпеў ад пажараў (1672, 1809) і ад бамбёжкі (1940). Адноўлены. Цяпер пастаяннай трупы не мае, выкарыстоўваецца для гастрольных спектакляў.

т. 6, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ЗЕ ((Duse) Элеанора) (3.10.1858, г. Віджэвана, Італія — 21.4.1924),

італьянская актрыса. З акцёрскай сям’і. Выступала ў італьян. вандроўных трупах, у 1887 арганізавала ўласную. Шмат гастраліравала па краінах Еўропы і Амерыкі. Актрыса трагічнага плана. Лепшыя ролі: Тэрэза Ракэн («Тэрэза Ракэн» Э.​Заля), Маргарыта Гацье («Дама з камеліямі» А.​Дзюма-сына), Сантуца («Сельскі гонар» Дж.​Вергі), Клеапатра («Антоній і Клеапатра» У.​Шэкспіра), Нора («Нора» Г.​Ібсена), Мірандаліна («Карчмарка» К.​Гальдоні), Ганна («Мёртвы горад» Г.​Д’Анунцыо). Дэмакр. і гуманіст. мастацтва Д. вызначалася праўдзівасцю, філігранным майстэрствам.

т. 6, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ТГЕНШТЭЙН, Вітгенштайн (Wittgenstein) Паўль (5.11.1887, Вена — 3.3.1961), аўстрыйскі піяніст. Дэбютаваў у Вене ў 1913. У 1914 страціў на вайне правую руку, дасягнуў віртуознай тэхнікі левай рукі і працягваў канцэртную дзейнасць. Для Вітгенштайна напісаны фп. канцэрт для левай рукі М.​Равеля, 4-ы фп. канцэрт С.​Пракоф’ева, творы Р.​Штрауса, П.​Хіндэміта, Б.​Брытэна. У 1931—38 праф. Новай кансерваторыі ў Вене. З 1938 жыў у ЗША, выкладаў. Стварыў шмат апрацовак фп. твораў для левай рукі. Аўтар кн. «Школа для левай рукі» (Лондан, 1957).

т. 4, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖУТ (Corchorus),

род кветкавых раслін сям. ліпавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў трапічных раёнах Азіі, Афрыкі, Амерыкі і Аўстраліі.

Кусты, паўкусты, шмат- і аднагадовыя травяністыя расліны. Лісце чаргаванае, цэласнае. Кветкі дробныя, двухполыя. Плод — рабрыстая каробачка. Аднагадовыя віды — Дж. караткаплодны (C. capsularis) і даўгаплодны (C. olitorius) — валакністыя расліны выш. да 3 м; вырошчваюцца ў Індыі, Пакістане, Сярэдняй Азіі. Даюць трывалае валакно, якое ідзе на выраб тэхн. і інш. тканін, дываноў, вяровак і інш. Лісце і маладыя парасткі спажываюцца як агародніна.

Джут.

т. 6, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́СНІК (Уладзімір Рыгоравіч) (28.6.1911, г. Асцёр Казялецкага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 25.11.1943),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Ленінградскія бранятанк. курсы (1942). На фронце са жн. 1942. Вызначыўся ў Палескай вобл.: экіпаж танка на чале з К. у 12-гадзінным баі знішчыў 4 гарматы, 7 кулямётных кропак, 2 мінамётныя батарэі, шмат жывой сілы ворага. Загінуў у гэтым баі. На месцы гібелі экіпажа каля в. Загальская Слабодка Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. пастаўлены абеліск.

У.А.Калеснік.

т. 7, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПІГО́ЛЬД (англ. copyhold трыманне па копіі ад сору копія + hold трыманне),

асноўная форма феадальна-залежнага дробнага сял. землеўладання ў Англіі 15—17 ст. На права валодання зямельным надзелам селяніну выдавалі копію (адсюль назва) — выпіску з пратакола суда манара. Сяляне-капігольдэры не мелі прававой абароны ў судах, неслі шмат павіннасцей на карысць лорда. У большасці выпадкаў К. быў пажыццёвым, а не спадчынным. У пач. 16 ст. адбылося масавае абеззямельванне капігольдэраў. У выніку парламенцкіх агароджванняў К. фактычна ліквідаваны (юрыдычна адменены толькі ў 1925).

т. 8, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭАДО́НТЫ (Creodonta),

атрад (падатрад) вымерлых млекакормячых. 4—5 сямействаў. Існавалі ад палеацэну да ранняга пліяцэну. Былі пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Паўн. Афрыцы.

Памеры розныя, у адпаведнасці з сучаснымі жывёламі — ад куніцы да мядзведзя. Мелі шмат прымітыўных рыс: доўгі і нізкі чэрап з маленькай мазгавой поласцю, бугрыста-рэжучыя карэнныя зубы, пяціпальцыя канечнасці з тупымі капытападобнымі кіпцюрамі. Былі пераважна ўсёеднымі, некаторыя насякомаеднымі, некрафагамі (падлаедамі), драпежнікамі. Дробныя эацэнавыя К. з адносна вял. галаўным мозгам далі пачатак наземным драпежнікам і ластаногім.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 8, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕПАЧАЛО́ВІЧ (Іван Барысавіч) (15.1.1922, в. Арэхаўка Старадарожскага р-на Мінскай вобл. — 1.2.1990),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Мінскі аэраклуб (1941). Тамбоўскае авіявучылішча (1943), Ваен.-паветр. акадэмію (1955). У Чырв. Арміі з 1941. У Вял. Айч. вайну з 1943 на 3-м Укр. фронце. Удзельнік вызвалення Украіны, Малдовы, Румыніі, Балгарыі, Югаславіі, Венгрыі: лётчык-штурмавік зрабіў 179 баявых вылетаў, удзельнічаў у 17 паветр. баях, збіў самалёт, знішчыў 12 танкаў, 7 бронетранспарцёраў, 37 аўтамашын і шмат інш. тэхнікі праціўніка. Да 1965 у Сав. Арміі.

т. 11, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ЦЫНСКІ МО́ГІЛБНІК,

могілкі латгалаў 9—10 ст. каля г. Лудза (ранейшая назва Люцын) у Латвіі. Адкрыты Е.​Р.​Раманавым у 1890. Пахавальны абрад — трупапалажэнне, трупаспаленне і пахаванне адных рэчаў. У жаночых пахаваннях знойдзена шмат бронзавых упрыгожанняў (нагрудныя ланцужкі, вітыя і пласціністыя грыўні, бранзалеты са змяінымі галоўкамі на канцах, пярсцёнкі, трапецападобныя падвескі і інш.); у мужчынскіх — жал. наканечнікі дзідаў, сякеры, масіўныя бранзалеты, якія выконвалі ролю кастэтаў. Багатых пахаванняў няшмат, але яны выразна адрозніваліся ад звычайных пахаванняў, што сведчыць пра значную сац. дыферэнцыяцыю.

т. 9, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)