ТЭРЦЫ́НА (італьян. terzina ад terza трэцяя),
від верша, напісанага трохрадкоўямі з ланцуговай кампазіцыяй: сярэдні радок кожнай папярэдняй страфы рыфмуецца з двума крайнімі наступнай (аба бвб вгв...). Заканчваецца радком, што рыфмуецца з сярэднім радком апошняга трохрадкоўя. Памер — пяцістопны ямб. Т. ўвёў у паэзію Дантэ. Звярталіся да яе А.Пушкін, А.Блок, І.Франко У бел. паэзію ўвёў М.Багдановіч:
Ёсць чары у забытым, старадаўным;
Прыемна нам сталеццяў пыл страхнуць
І жыць мінулым —
гэткім мудрым, слаўным, —
Мы любім час далёкі ўспамянуць,
Мы сквапна цягнемся к старым паэтам,
Каб хоць душой у прошлым патануць.
Таму вярнуўся я к рандо, санетам,
І бліснуў ярка верш пануры мой:
Як месяц зіхаціць адбітым светам, —
Так вершы ззяюць даўняю красой!
(«Тэрцыны»)
У сучаснай бел. паэзіі сустракаецца ў Я.Сіпакова, А.Грачанікава і інш.
В.П.Рагойша.
т. 16, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭ́ФІ (сапр. Лохвіцкая) Надзея Аляксандраўна
(21.5.1872, маёнтак у Валынскай губ. —6.10.1952),
руская пісьменніца. Сястра М.А.Лохвіцкай. З 1920 у эміграцыі ў Парыжы. Друкавалася з 1902. Першы паэт. зб. — «Сем агнёў» (1910). Кнігі апавяданняў і фельетонаў «Гумарыстычныя апавяданні» (т. 1—2, 1910—11), «І стала так...» (1912), «Дым без агню» (1914), «Нежывы звер» (1916), «Вечаровы дзень» (1924), «Танга смерці» (1927), «Кніга Чэрвень» (1931), «Усё пра каханне» (1946), «Зімовая вясёлка» (1952) і інш. вылучаюцца мяккасцю побытавых і псіхал. назіранняў, разнастайнасцю сюжэтных сітуацый, жывым гумарам. Аўтар «Успамінаў» (1931), кн. п’ес «Мініяцюры і маналогі» (1915), «Авантурнага рамана» (1931), літ.-крытычных артыкулаў.
Тв.:
У кн.: Аверченко А.Т., Тэффи Н.А. Юмористические рассказы. Мн., 1990;
Все о любви: Рассказы. Повесть. Роман. М., 1991;
Житье-бытье: Рассказы, воспоминания. М., 1991;
Демоническая женщина: Рассказы. М., 1995.
т. 16, с. 147
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯЎСЕ́ЕЎ Рыгор (Ягор Мінавіч; н. 10.9.1942, в. Барок Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. паэт. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1969), Мінскую вышэйшую партшколу (1973). У 1964—71 працаваў у бялыніцкай раённай газеце, з 1973 у час. «Полымя», Дзяржкамвыдзе Беларусі, у 1977—95 у выд-ве «Мастацкая літаратура», у 1996—2003 у час. «Вожык». Друкуецца з 1960. Піша сатыр. і гумарыст. вершы, байкі, вершаваныя фельетоны. Аўтар зб-каў «Верабей пад воблакам» (1976), «Вялікая лыжка» (1977), «Мох на бярвенні» (1979), «Шаравая бліскавіца» (1986), «Цырк на дроце» (1992) і інш. Выдаў дыялектны слоўнік з гаворак жыхароў Бялыніцкага р-на «Маці казала так...» (1978). Піша для дзяцей: кн. «Нашы хлопцы-рыбакі» (1976), «Дзядзькавы памочнікі» (1981), «Кіт Мікіта» (1998). Перакладае на бел. мову з рус., укр. і інш. моў.
т. 18, кн. 1, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ХАНТАЎ Уладзімір Мікалаевіч (28.11.1899, г. Седльцы Мазавецкага ваяв., Польшча — 16.7.1945),
расійскі артыст эстрады; стваральнік жанру літ. кампазіцыі. Вучыўся ў 2-й Студыі Маскоўскага маст. т-ра, студыі Я.Вахтангава. На эстрадзе з 1922. У 1924—26 акцёр Т-ра імя У.Меерхольда. У 1927 удзельнічаў у стварэнні эстр. т-ра аднаго акцёра «Сучаснік» (існаваў да 1935). Аўтар і выканаўца літ. кампазіцый «Пушкін» (1926), «Так, вадэвіль ёсць рэч!» (1929), «Вечары Маякоўскага» (1931), «Гора ад розуму» А.Грыбаедава (1932), «Настасся Піліпаўна» паводле Ф.Дастаеўскага (1933), «Расія грозная» (1942) і інш., якія адметныя спалучэннем слова з пантамімай, арганічным зліццём драматург. і муз. матэрыялу, інтэлектуальнасцю і творчай культурай. 1-я прэмія Усесаюзнага конкурсу майстроў маст. слова (1937).
Тв.:
Театр одного актера. М., 1958.
Літ.:
Крымова Н. Владимир Яхонтов. М., 1978.
т. 18, кн. 1, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НДРЫЧЫК (Andričik) Юрай (н. 22.4.1937, в. Бежаўцы Міхалаўскага р-на, Чэхія),
славацкі паэт і перакладчык. Скончыў Ін-т рус. мовы і л-ры ў Празе (1960). Аўтар зб-каў паэзіі «Узыходжанне на зямлю» (1970), «Глухія зычныя» (1973), кн. апавяданняў для дзяцей «Павой» (1976). Асн. тэматыка творчасці — хараство і багацце роднай зямлі, духоўнае жыццё сучасніка. Перакладае з рус., бел., укр., польск., чэшскай моў на славацкую. У яго перакладзе з бел. мовы выйшлі кн. паэзіі «Глыток вады» М.Танка (1975), «Так лёгка крочыш» П.Макаля (1982), аповесць «Лонва» І.Пташнікава (1980), зб-кі бел. паэзіі «Моваю сэрца» (1977, разам з Г.Крыжанавай-Брынзавай) і бел. нар. казак «Чароўная дудка» (1982). Асобныя вершы бел. паэтаў у перакладзе Андрычыка ўвайшлі ў анталогію «Жыццё супраць смерці» (1980), «Анталогію савецкай паэзіі XX стагоддзя» (Т. 1—2, 1981).
А.К.Гардзіцкі.
т. 1, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯХРАНІ́Я (ад дыя... + грэч. chronos час),
1) змены, што адбываюцца на працягу часу ў моўнай сістэме, на асобных узроўнях мовы, а таксама ў іх падсістэмах і адзінках.
2) Лінгвістычнае вывучэнне працэсаў такіх змен, а таксама гіст. развіцця моўнай сістэмы ў цэлым. Дыяхранічнае мовазнаўства даследуе законы існавання і функцыянавання мовы ў часе і прасторы, што істотна для разумення як агульнай прыроды мовы, так і прычын, што абумовілі яе стан на пэўным гіст. этапе. Паслядоўнае размежаванне Д. і сінхраніі (а таксама самі тэрміны) прапанаваны Ф. дэ Сасюрам. Асн. раздзелы дыяхранічнага мовазнаўства: параўнальна-гістарычнае мовазнаўства, гіст. граматыка і лексікалогія, этымалогія, гісторыя літ. мовы, дыяхранічная тыпалогія моў.
Літ.:
Соссюр Ф. де. Курс общей лингвистики // Соссюр Ф. де. Тр. по языкознанию: Пер. с фр. М., 1977;
Пауль Г. Принципы истории языка: Пер. с нем. М., 1960.
Н.Б.Мячкоўская.
т. 6, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́РАЎ Міхаіл Іванавіч (27.10.1899, Масква — 15.12.1981),
рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1949). Герой Сац. Працы (1974). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1919. Працаваў у т-рах вандроўным франтавым, імя У.Меерхольда, Камерным т-рах. З 1938 у Малым т-ры. Стварыў яркахарактарныя, камедыйна-сатыр. і драм. вобразы: Аляксей («Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага), Прохар («Васа Жалязнова» М.Горкага), Мітрыч («Улада цемры» Л.Талстога), Варанцоў («Так і будзе» К.Сіманава) -і інш. З 1924 здымаўся ў кіно. Як і ў тэатры, камедыйная лёгкасць спалучалася ў яго выкананні з псіхал. глыбінёй; пры стварэнні адмоўных персанажаў найб. ярка праяўлялася сатыр. завостранасць: «Пуцёўка ў жыццё», «Пётр I», «Абарона Царыцына», «У імя Радзімы», «Выбаргская старана», «Вяртанне Максіма», «Вясковы дэтэктыў». Здымаўся ў бел. фільмах: «Мядзведзь», «Чалавек у футарале», «Чырвонае лісце». Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1947. Аўтар успамінаў «Жыццё, тэатр, кіно» (1967).
т. 6, с. 425
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗЬМІЧО́Ў Анатоль Пятровіч (н. 20.5.1923, г. Вузлавая Тульскай вобл., Расія),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Літ. ін-це імя М.Горкага (1949—52). З 1943 працаваў у ваен. перыяд. друку, час. «Литературная Грузия». З 1967 жыве на Беларусі. Піша на рус. мове. Друкуецца з 1940: вершы, п’есы [«У нашым палку», паст. 1951; «Вяртанне (Бацька)», паст. 1954; «Арліны перавал», паст. 1958, і інш.]. Аўтар аповесцей «Па свежаму следу» (1955), раманаў «Так наступае вясна» (1958), «Паўднёвы Захад» (1962), «Трывога» (1964), «Поле бою» (1979), «Падпольная мянушка — Янаш» (1987), дакумент. аповесцей «Першыя савецкія гвардзейцы» (1971), «Час пераклічкі» (1981), «Год нараджэння — сорак першы» (1989), ваен.-гіст. нарысаў. Асн. тэма твораў — армейская служба ў мірны час, гераізм у гады вайны. Перакладае з груз. і арм. моў на рускую.
Тв.:
Одиннадцатый класс. М., 1967;
Тревога. Мн., 1984;
Южный бастион. Кн. 1—3. Мн., 1991—95.
т. 8, с. 565
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКС (Lukss) Валдзіс (Вальдэмар Крыстапавіч; 21.6.1905, с. Смардэ Тукумскага р-на, Латвія — 24.7.1985),
латышскі паэт. Засл. дз. культ. Латвіі (1955). Скончыў Латв. ун-т (1937). Першая кніга вершаў «Суровасць» (1941) тэматычна звязана з падзеямі Вял. Айч. вайны. Гістарычна канкрэтнае бачанне вайны, рэаліст.раскрыццё пачуццяў і перажыванняў воінаў — у зб-ках вершаў «Ішоў снег» (1943), «Салдацкі кубак» (1945). Зб-кі паэзіі «Сакавік» (1962), «Жураўлі» (1964), «Проба крыві» (1970), «Баразна» (1973), «Сляды» (1980) і інш. адметныя спалучэннем сучаснай і гіст. тэматыкі і праблематыкі. Аўтар кніг вершаў для дзяцей «Першакласнікі» (1956), «Вясёлка Тынцы» (1957), паэмы «Слава» (1958; за ўсе Дзярж. прэмія Латвіі 1958). На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі Э.Агняцвет, В.Вітка, П.Панчанка, М.Танк, У.Шахавец.
Тв.:
Бел. пер. — у кн. Ветрык, вей! Мн., 1959;
Рус. пер. — Майский пульс. М., 1961;
Так приходит утро. Рига, 1978.
т. 9, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДА́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. modus мера, спосаб),
функцыянальна-семантычная катэгорыя мовы, якая паказвае на спосаб перадачы адносін гаворачай асобы да выказвання і самога выказвання да рэчаіснасці. Той, хто гаворыць, ацэньвае факты і падзеі, пра якія ён гаворыць, рэальныя яны або нерэальныя, пажаданыя ці непажаданыя, магчымыя ці немагчымыя і г.д. Адрозніваюць М. аб’ектыўную (выражае адносіны выказвання да рэчаіснасці) і суб’ектыўную (выражае адносіны гаворачай асобы да зместу выказвання). У бел. мове выражаецца формамі дзеяслоўнага ладу (абвеснага, умоўнага, загаднага), асобнымі словамі («відаць», «магчыма», «напэўна» і інш.), інтанацыяй («Што за ноч!»), парадкам слоў у сказе («Так ён цябе і паслухае!» — са значэннем «наўрад ці паслухае») і інш. моўнымі сродкамі.
Літ.:
Виноградов В.В. О категории модальности и модальных словах в русском языке // Тр. Ин-та рус. яз. АН СССР. М.; Л., 1950. Т. 2;
Беларуская граматыка. Ч. 1—2. Мн., 1985—86.
П.П.Шуба.
т. 9, с. 489
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)