ЗАПАВЕ́ДНА-ПАЛЯЎНІ́ЧАЯ ГАСПАДА́РКА,
катэгорыя запаведных тэрыторый, у межах якіх актыўна праводзіцца работа па акліматызацыі, зберажэнні і аднаўленні запасаў дзічыны. У іх строга рэгулюецца паляванне (з навук. і спарт. мэтамі), абмежавана лясная гаспадарка, практыкуюцца біятэхн. мерапрыемствы (напр., клетачнае расплоджванне, прыручэнне жывёл). З.-п.г. — форма ахоўных тэр., характэрная толькі для б. СССР, дзе існавалі З.-п.г.: Завідаўская, Каўказская (Расія), Крымская, Азова-Сівашская (Украіна), Кургальджынская (Казахстан), Энгурэс (Латвія), Белавежская пушча з 1983 з філіялам Целяханская (Беларусь).
Э.Р.Самусенка.
т. 6, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУБРЫ́ЛІН (Павел Якаўлевіч) (н. 4.6.1927, с. Крупец Пензенскай вобл., Расія),
бел. трэнер па цяжкай атлетыцы. Майстар спорту СССР (1964), засл. трэнер Беларусі (1969), засл. трэнер СССР (1975), засл. дз. фіз. культуры Беларусі (1976). З 1964 старшы трэнер спартклуба БВА, з 1979 трэнер Рэсп. школы вышэйшага спарт. майстэрства. Дзярж. трэнер па цяжкай атлетыцы ДСТ «Чырвоны сцяг». У 1969—79 ст. трэнер зборнай каманды Беларусі па цяжкай атлетыцы. Сярод выхаванцаў З. — В.Шарый, чэмпіён СССР В.Вяргун, рэкардсмен свету А.Галубовіч.
т. 7, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЭНЭ́Ч ((Comāneci) Надзя) (н. 12.11.1961),
румынская спартсменка (спарт. гімнастыка). Чэмпіёнка XXI Алімп. гульняў (асабістае першынство, практыкаванні на паралельных брусах, бервяне), сярэбраны і бронз. прызёр (1976, г. Манрэаль, Канада). Чэмпіёнка свету (1978, 1979); чэмпіёнка Еўропы ў асабістым першынстве, апорным скачку, практыкаваннях на паралельных брусах і бервяне, сярэбраны прызёр у вольных практыкаваннях (1975), у асабістым першынстве, практыкаваннях на паралельных брусах, сярэбраны прызёр у апорным скачку (1977), у асабістым першынстве (1979). З 1989 пастаянна жыве ў ЗША.
В.Л.Працкайла.
т. 7, с. 553
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ТРЫКАТА́ЖНАЯ ФА́БРЫКА.
Створана ў 1962 у Мінску на базе камбіната мясц. прам-сці. У 1967—71 пабудавана нанава. З 1974 галаўное прадпрыемства Мінскага вытв. трыкат. аб’яднання «Прагрэс». У 1986—91 Рэсп. Дом мадэлей. З 1991 Мінская прамысл.-гандл. трыкат. фірма «Алеся». Асн. прадукцыя (1999): верхні трыкатаж з паўшарсцяной, сінт. і штучнай пражы (жаночыя, спарт., дзіцячыя касцюмы, жаночыя і мужчынскія жакеты, джэмперы, світэры і інш.). У складзе прадпрыемства фірменныя магазін «Мара», салон-магазін «Талісман», гандл. дом «Кросны».
т. 10, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІШЭ́НЬ (ад тур. nişan знак),
штучная цэль, якая імітуе адну, некалькі або ўсе найб. характэрныя прыкметы рэальнай цэлі (памеры, форму, колер, спосаб і хуткасць перамяшчэння, манеўр і інш.) і выкарыстоўваецца для трэніровак у стральбе. Ужываюцца таксама макеты ваен. тэхнікі і яе сапраўдныя ўзоры. Паводле прызначэння адрозніваюць М. вучэбныя, выпрабавальныя, спарт. і інш., па форме — плоскія і аб’ёмныя, паводле характару імітацыі — рухомыя, нерухомыя і якія паяўляюцца і знікаюць. М. падраздзяляюцца на балістычныя, паветраныя, марскія, наземныя і інш.
У.І.Ірынюк.
т. 10, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХО́МАВА (Людміла Аляксееўна) (31.12.1946, Масква — 16.5.1986),
расійская спартсменка і трэнер (фігурнае катанне на каньках, спарт. танцы на лёдзе). Засл. майстар спорту СССР (1970). Засл. трэнер РСФСР (1984). Скончыла Ін-т тэатр. мастацтва (1970, Масква). Чэмпіёнка XXI Алімп. гульняў (1976, г. Манрэаль, Канада). Чэмпіёнка свету (1970, 1971, 1972, 1973, 1974, 1976). Чэмпіёнка Еўропы (1970, 1971, 1973, 1974, 1975, 1976). Чэмпіёнка СССР (1964, 1965, 1966, 1969, 1970, 1971, 1973, 1974, 1975). Выступала з А.Гаршковым, у 1964—66 з В.Рыжкіным.
т. 12, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРЕССБО́Л. ТАКОВА́ СПОРТИ́ВНАЯ ЖИЗНЬ»,
бел. спартыўная газета. Выходзіць з 1991 у Мінску на рус. мове 4 разы на тыдзень. Заснавальнік і выдавец — калектыў рэдакцыі. Тэматыка выдання: спарт., агляды, аналіз спаборніцтваў і асобных гульняў, пераважна ў гульнявых відах спорту (футбол, гандбол, баскетбол і інш.); інфармацыя пра найб. значныя спаборніцтвы ў свеце і на Беларусі; нарысы і інтэрв’ю са спартсменамі і інш. Асн. пастаянныя рубрыкі: «Футбол», «Баскетбол» і інш; «Палеміка»; «Партрэт»; «Навіны»; «Біг-макбол»; «Пратакол»; гумарыстычная «Прыплылі» і інш.
т. 13, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДНІНА́ (Ірына Канстанцінаўна) (н. 12.9.1949, Масква),
расійская спартсменка (фігурнае катанне на каньках). Засл. майстар спорту (1969). Скончыла Цэнтр. ін-т фіз. культуры (1974, Масква). Трэнер-выкладчык. Чэмпіёнка XI, XII і XIII зімовых Алімп. гульняў (1972, г. Сапара, Японія; 1976, г. Інсбрук, Аўстрыя; 1980, г. Лейк-Плэсід, ЗША) у спаборніцтвах спарт. пар. Чэмпіёнка свету і Еўропы (1969—78), СССР (1970, 1971, 1973, 1974, 1975, 1977). У 1968—72 выступала з А.Уланавым, з 1973 — з А.Зайцавым.
т. 13, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ВАННЕ спартыўнае,
від воднага спорту. Аб’ядноўвае П. на спарт. дыстанцыі, падводнае (гл. Падводны спорт), сінхроннае (гл. Плаванне сінхроннае), гульнявое, прыкладное. Састаўная ч. пяцібор’я сучаснага і інш. мнагабор’яў. П. на спарт. дыстанцыі ўключае спаборніцтвы на дыстанцыі ад 50 да 1500 м спосабамі кроль, кроль на спіне, брас, батэрфляй (дэльфін). Гульнявое П. — розныя рухомыя гульні (воднае пола і інш.). Прыкладное П. — ныранне ў даўжыню і на глыбіню, ратаванне тапельца, пераадоленне водных перашкод.
Вядома са стараж. часоў як практычнае і ваенна-практычнае умельства. Як від спорту ўзнікла на мяжы 15—16 ст., сфарміравалася да канца 19 ст. 1-ы чэмпіянат Еўропы адбыўся ў 1890. З 1896 у праграме Алімп. гульняў. Міжнар. аматарская федэрацыя П. арганізавана ў 1908, Еўрап. ліга П. — у 1924. 1-ы чэмпіянат свету праведзены ў 1973 (Бялград).
На Беларусі афіц. спаборніцтвы па П. праводзяцца з 1924. У 1936 у Мінску пабудаваны першы плавальны басейн. 1-ы чэмпіянат Беларусі адбыўся ў 1927 (г. Гомель). У рэспубліцы працуюць каля 70 крытых плавальных басейнаў, у т. л. воднаспартыўны камбінат. Сярод бел. спартсменаў найб. поспехаў дасягнулі А.Гукаў, С.Каплякоў, А.Рудкоўская, Э.Васількова — сярэбраны і бронз. прызёр XXII Алімп. гульняў (1980), Н.Бараноўская — бронз. прызёр чэмпіянату Еўропы (1999), І.Ларычава — чэмпіёнка СССР (1981) і інш.
А.М.Петрыкаў.
т. 12, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАЧКІ́ НА БАТУ́ЦЕ,
высокія падскокі на спарт. батуце з пераваротамі і вярчэннем; від спорту з элементамі акрабатыкі. Батут — плеценая сетка даўж. 3,6—4,3 м; шыр. 1,8—2,15 м, замацаваная на раме, выш. 0,95—1,05 м. Віды спаборніцтваў: індывід., па сінхронных скачках (2 спартсмены) і камандныя Кожны від складаецца з абавязковай і адвольнай праграм, якія ўключаюць па 10 элементаў.
Да 1940-х г. выкарыстоўваліся як сродак трэніроўкі спартсменаў, пілотаў і парашутыстаў, уваходзілі ў цыркавыя праграмы. Спарт. спаборніцтвы праводзяцца з 1947 (ЗША). Міжнар. федэрацыя батута створана і праведзены 1-ы чэмпіянат свету ў 1964. Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1970. Найб. пашыраны ў Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Швейцарыі.
Зборная каманда Беларусі — чэмпіён свету (1994). Мужчынская каманда — чэмпіён (1995) і сярэбраны прызёр (1996, 1998) чэмпіянатаў свету, чэмпіён Еўропы (1993). Жаночая каманда — сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1996), бронз. прызёр чэмпіянату Еўропы (1993). Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся: у мужчын — чэмпіёны і прызёры чэмпіянатаў свету Я.Бяляеў, М.Казак, Дз.Паляруш, У.Какорка (у сінхронных выступленнях з Казаком); у жанчын — сярэбраныя прызёры чэмпіянату свету Т.Граеўская, Н.Карпянкова, Г.Лебедзева, Т.Чуміна (бронз. прызёр чэмпіянату свету, 1978) і Т.Мамай — чэмпіёнкі Еўропы ў індывід. (адпаведна 1974 і 1976) і сінхронных (1977) скачках, і інш.
А.М.Петрыкаў.
т. 14, с. 451
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)