АЛА́Х (ад араб. ілах бажаство),

адзіны бог у ісламе. Паводле мусульманскага веравучэння Алах — творца ўсяго існага: неба, зямлі і чалавека, усемагутны валадар свету, гаспадар суднага дня; чалавек павінен яму пакарацца. Алаху прыпісваюць найлепшыя якасці, якія выказаны ў 99 эпітэтах (міласцівы, міласэрны, вялікі, мудры і інш.).

т. 1, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛАС АМЕ́РЫКІ»

(«The Voice of America»),

радыёвяшчальная служба ўрада ЗША на замежныя краіны (з 1942). У складзе Інфарм. агенцтва ЗША. Рэтрансляцыйныя службы размешчаны таксама ў краінах Еўропы, Азіі і Афрыкі. Праграмы складаюцца з аператыўных навін з розных краін свету, міжнар. каментарыяў, муз. і літ. праграм.

т. 5, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУГА́НІС ((Luganis) Грэгары) (н. ў студз. 1960, г. Сан-Дыега, ЗША),

амерыканскі спартсмен (скачкі ў ваду). Скончыў Каліфарнійскі ун-т (1983). Чэмпіён XXI (1976, г. Манрэаль, Канада) і XXIV (1988, Сеул), сярэбраны прызёр XXIII (1984, г. Лос-Анджэлес, ЗША) Алімп. гульняў. Шасціразовы чэмпіён свету.

т. 9, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТРО́С (ад галанд. matroos),

1) малодшае воінскае званне ў ВМФ (ВМС) многіх дзяржаў свету; адпавядае званню радавы (салдат) у інш. відах узбр. сіл. Ёсць таксама званне старшы матрос; адпавядае званню яфрэйтар.

2) На суднах гандлёвага і інш. цывільнага флоту М. — пасада члена экіпажа (каманды).

т. 10, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЧ (англ. match),

спаборніцтва паміж дзвюма або некалькімі камандамі, спартсменамі. Тэрмін узнік у 2-й пал. 19 ст. Праводзяцца ў розных відах спорту паміж камандамі (напр., спарт. гульні, лёгкаатлетычныя М.) і асобнымі спартсменамі, у т. л. за званне чэмпіёна свету (напр., па шахматах) і інш.

т. 10, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДНАЛЫ́ЖНЫ СПОРТ,

від спорту, у аснове якога хуткае перамяшчэнне спартсмена па паверхні вады на спец. лыжах пры дапамозе буксіровачнага троса (за катэрамі ці на электрацязе). Т. зв. вадналыжнае трохбор’е ўключае слалам, фігурнае катанне і скачкі на лыжах з трампліна. У слаламе (на 2 ці 1 лыжы) спаборнічаюць у хуткім і правільным праходжанні трасы; у фігурным катанні спартсмены за пэўны час павінны выканаць як мага больш складаных фігур, якія ацэньваюцца ў ачках; у скачках з трампліна (драўлянага насцілу выш. 150 см для жанчын і 180 см для мужчын) ацэньваецца далёкасць і тэхніка палёту. Як від спорту аформіўся ў 1930-я г. ў ЗША. У 1947 створаны Сусв. вадналыжны саюз; чэмпіянаты свету з 1949.

На Беларусі актыўна развіваецца з сярэдзіны 1960-х г. З 1964 праводзяцца чэмпіянаты Беларусі. Бел. майстры воднага спорту былі (з 1973) шматразовымі пераможцамі і прызёрамі чэмпіянатаў СССР (заваявана 167 медалёў), уладальнікамі кубка СССР; на чэмпіянатах свету і Еўропы, спаборніцтвах на Кубак свету і Кубак Еўропы заваявана (на 1995) больш як 150 медалёў, з іх больш за 60 залатых. Найб. поспеху дасягалі І.​Потэс, А.​Мінянок, Дз.​Яскевіч, М.​Амяльянчык, Ю.​Грамыка, А.​Паўлава, А.​Надзін і інш. Нац. зборная Беларусі — чэмпіён Еўропы ў спаборніцтвах на электрацязе (1990) і на класічных лыжах (1992).

М.​А.​Дубіцкі.

т. 3, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́КЕР ((Becker) Барыс) (н. 22.11.1967, г. Ляймен, Германія),

нямецкі спартсмен (тэніс). Пераможца ў адзіночным разрадзе турніраў ва Уімблдане (1985, 1986, 1989), адкрытых чэмпіянатаў ЗША (1989), Аўстраліі (1991, 1995), турніру «Мастэрс» (1988, 1992). У 2-й пал. 1980 — пач. 1990-х г. быў лідэрам сярод лепшых тэнісістаў свету.

т. 2, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛКІН (Генадзь Сяргеевіч) (н. 13.8.1949, г.п. Галіцына Маскоўскай вобл., Расія),

бел. спартсмен (стэндавая стральба). З 1974 выступаў за спарт. клуб Бел. ваен. акругі. Чэмпіён свету (1973), Еўропы (1979), чэмпіён СССР у асабістым (1978) і камандным (1974, 1976, 1978) першынствах. Пераможца і прызёр міжнар. спаборніцтваў. Рэкардсмен СССР (1978).

т. 4, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАПРЫНДАШВІ́ЛІ (Нона Цярэнцьеўна) (н. 3.5.1941, г. Зугдыды, Грузія),

грузінская спартсменка (шахматы). Засл. майстар спорту (1964). Міжнар. гросмайстар (1976), першая жанчына, якой прысвоена званне міжнар. гросмайстра сярод мужчын (1978). Пяціразовая чэмпіёнка свету (1962—78). Пяціразовая чэмпіёнка СССР (1963, 1973/74, 1981, 1983, 1985). Лаўрэат шахматнага прыза «Оскар» (1982).

т. 5, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВА́ШЕ ЗДОРО́ВЬЕ»,

штомесячная незалежная газета. Выходзіць з 1994 у Мінску на рус. мове. Друкуе парады нар. медыцыны больш як 80 краін свету, дамашнія рэцэпты. Асвятляе пытанні аздараўлення насельніцтва рэспублікі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, рацыянальнага харчавання, маральна-этычныя праблемы сям’і, праблемы здаровага ладу жыцця і інш.

т. 4, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)