МІКРАСЕ́ЙСМЫ (ад мікра... + грэч. seismos ваганне, землетрасенне),
пругкія ваганні зямной паверхні. М. першага роду (перыяд 2—10 с), асабліва інтэнсіўныя на астравах і марскіх берагах, узнікаюць ад дзеяння тайфунаў і цыклонаў; другога роду (перыяд 0,1—0,001 с) — ад змены атмасфернага ціску, уздзеяння ветру на зямную паверхню, дзейнасці прамысл. прадпрыемстваў, работы транспарту, марскога прыбою і інш. Амплітуда М. ад доляў мікрона да соцень мікронаў, звычайна некалькі мікронаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁМЕТРЫ́ЧНЫ ЭФЕ́КТ,
узнікненне сілы адштурхоўвання паміж 2 паверхнямі, якія размешчаны ў разрэджаным газе і вытрымліваюцца пры розных т-рах. Тлумачыцца тым, што малекулы газу адскокваюць ад гарачай паверхні з большай кінетычнай энергіяй, чым малекулы, якія ўзаемадзейнічаюць з халоднай паверхняй. У выніку паверхня халоднай пласціны, павернутая да гарачай, атрымлівае большы імпульс, чым процілеглая. На Р.э. заснаваны прынцып работы радыяметра Крукса (вяртушкі Крукса) і радыёметрычнага манометра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦО́ЎНЫ ДАГАВО́Р,
пагадненне паміж работнікам і наймальнікам. Паводле П.д. работнік абавязваецца выконваць работу па адной або некалькіх прафесіях, спецыяльнасцях або пасадах адпаведнай кваліфікацыі і выконваць унутраны прац. распарадак; наймальнік абавязваецца прадастаўляць работніку абумоўленую П.д. работу, забяспечваць умовы працы, прадугледжаныя заканадаўствам аб працы, лакальнымі нарматыўнымі актамі і пагадненнямі бакоў, своечасова выплачваць работніку заработную плату. Дагаворнымі бакамі з’яўляюцца наймальнік і работнік, якія знаходзяцца паміж сабой у прац. адносінах на аснове П.д. Па агульным для наймальнікаў правіле не дапускаецца заключэнне П.д. з асобамі да 16 гадоў. П.д. можа быць заключаны з асобай, што дасягнула 14 гадоў, з пісьмовай згоды аднаго з бацькоў (усынавіцеля, папячыцеля) для выканання лёгкай працы, якая не прычыніць шкоды здароўю і не парушыць працэс навучання.
Умовы П.Д., што вызначаюць сукупнасць правоў і абавязкаў дагаворных бакоў, складаюць яго змест. У П.д. павінны быць: звесткі пра работніка і наймальніка; месца работы з указаннем структурнага падраздзялення, куды работнік уладкоўваецца; працоўныя функцыі работніка; асн. правы і абавязкі работніка і наймальніка; тэрмін П.д. (для тэрміновага дагавора); рэжым працы і адпачынку (у выпадку адрознення ад агульнаўстаноўленага); умовы аплаты працы. Паводле пагаднення бакоў у П.д. могуць быць уключаны і інш. (дадатковыя) умовы, абавязковыя для абодвух бакоў. Пасля заключэння П.д. яго бакі набываюць правы і нясуць абавязкі, замацаваныя ў заканадаўстве аб працы, калект. дагаворы і ў лакальных актах наймальніка.
П.д. можа быць заключаны на няпэўны ці пэўны тэрмін, але не больш як на 5 гадоў; на час выканання пэўнай работы; на час выканання абавязкаў часова адсутнага работніка, за якім захоўваецца месца работы; на час выканання сезонных работ. П.д. заключаецца ў пісьмовай форме і падпісваецца бакамі. Пасля заключэння П.д. прыём на работу афармляецца загадам (распараджэннем). Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае таксама такі від П.д., як кантракт, які заключаецца на пэўны тэрмін, і мае асаблівасці ў параўнанні з агульнымі нормамі заканадаўства аб працы і прадугледжвае кампенсацыю за пагаршэнне прававога становішча работніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОКС (ад англ. вох скрынка),
1) герметычная камера ці скрынка для захоўвання шкодных, у т. л. радыеактыўных, рэчываў, мікраарганізмаў і для работы з імі. Аснашчаецца акном, доўгімі пальчаткамі або маніпулятарамі, шлюзам для загрузкі і выгрузкі рэчываў, прыстасаваннем для падачы асушаных газаў (сухі бокс).
2) Адасобленыя месцы ў гаражах, прамысл. памяшканнях для размяшчэння аўтамабіляў, выпрабавальных і інш. установак.
3) Адгароджаная частка палаты або ізаляванае памяшканне ў інфекцыйных бальніцах (клініках).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АГРАБУ́Д»,
вытворча-праектна-тэхналагічны інстытут «Аграбуд» Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1992 у Мінску на базе Бел. філіяла Усесаюзнага дзярж. праектна-тэхнал. ін-та «Аграбуд», арэнднае прадпрыемства.
Асн. кірункі дзейнасці: канструктарскія, тэхн., пусканаладачныя і н.-д.работы; укараненне і аказанне дапамогі ва ўкараненні навук.-тэхн. дасягненняў; вытв-сць абсталявання, аснасткі, буд. вырабаў і матэрыялаў; утылізацыя і перапрацоўка прамысл. адходаў і другаснай сыравіны і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЭ́ ((Allais) Марыс) (н. 1911),
французскі вучоны-эканаміст. Скончыў Парыжскую вышэйшую нац. горную школу (1936). Праф. (1944). З 1946 дырэктар Нац. цэнтра навук. даследаванняў, з 1948 праф. Парыжскай вышэйшай нац. горнай школы. Навук. даследаванні па эканам. кіраванні, рэгуляванні даходаў і падаткаабкладанні, грашовай палітыцы, эканоміцы энергетыкі, транспарту і здабыўных галін, тэорыі выбару ва ўмовах рызыкі. Нобелеўская прэмія па эканоміцы 1988 за ўклад у тэорыю рынку і за работы па эфектыўным выкарыстанні рэсурсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУКЕ́ЕВА (Хадзіша) (н. 21.2.1917, г. Казталаўка, Казахстан),
казахская актрыса. Нар.арт.СССР (1964). Скончыла Ленінградскі тэатр.ін-т (1938). Працавала ў Чымкенцкім т-ры, у Т-ры драмы імя М.Аўэзава (Алматы). Лепшыя работы адметныя драматызмам і сцэнічнай выразнасцю: Саўм («Сяброўства і каханне» А.Абішава), Карлыга («Кобланды» Аўэзава), Мехмэнэ Бану («Легенда пра каханне» Назіма Хікмета), Кацярына («Навальніца» А.Астроўскага), Катарына («Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭ́РЫ, Бары (Barry) Чарлз (23.5.1795, Лондан — 12.5.1860), англійскі архітэктар, прадстаўнік неакласікі і неаготыкі. У 1817—20 вандраваў па Італіі, Грэцыі, Б. Усходзе. Работы: Маст. галерэя ў Манчэстэры (1824—35), будынкі клубаў Падарожнікаў (1829—31) і Рэформаў (1837—41), ансамбль Парламента (1840—68, з О.П’юджын, Э.Бэры) у Лондане, ратуша ў Галіфаксе (Йоркшыр, 1859—62, скончана Э.Бэры).
Ч.Бэры, О.П’юджын, Э.Бэры. Будынак парламента ў Лондане. 1840—68.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІКАЛІТО́ЎСКІ (БЕЛАРУ́СКІ) ФОНД ІМЯ́ ЛЬВА САПЕ́ГІ,
прыватны дабрачынны фонд. Засн. ў 1975 у Нью-Йорку Янкам і Марыяй Станкевічамі. Асн. мэты: апрацоўка і публікацыя прац Я.Станкевіча, фін. падтрымка работы даследчыкаў бел. гісторыі, л-ры, мовы, культуры і мастацтва, выданне навук. прац, падручнікаў, слоўнікаў. Фонд устанавіў стыпендыі для бел. студэнтаў, якія паспяхова вучацца ў амер.ВНУ. Выдаў «Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік» Я.Станкевіча (1990).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБІНО́ЎСКІ (Лазар Ісаакавіч) (1.5.1910, г. Фалешты, Малдова — 29.11.1982),
малдаўскі скульптар. Нар.маст. Малдовы (1963). Чл.-кар.АМСССР (з 1954). Вучыўся ў АМ у Бухарэсце (1925—30). Яго работы вызначаюцца дынамікай, эмацыянальнасцю. Аўтар партрэтаў рум. мастака К.Бабы, Хо Шы Міна (Дзярж. прэмія Малдавіі 1970), помнікаў Р.Катоўскаму, «Гераічнаму камсамолу» ў Кішынёве, станковых кампазіцый (трылогія «Бацькі і дзеці», 1957, «Ціраспальскія швачкі», 1962) і інш.