дробная нямецкая манета ў 15—19 ст. Выраб яе з серабра пачаўся ў Аўстрыі ў 1458—60. З 16 ст. К. — білонная манета, з 18 ст. — медная. На працягу 16 ст. чаканка К. пашырылася на Пд і часткова на Пн Германіі. У абарачэнні да канца 19 ст. У Рэчы Паспалітай ў 1615—18 для гандлю з Сілезіяй выпускалі трайны К., т. зв. «бём» (ад ням. Böhm грош).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯЧА́Й Даніла (? — 2.3.1651),
дзеяч нац.-вызв. руху на Украіне, герой вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Брацлаўскі палкоўнік (з 1648). Вызначыўся ў бітвах казацка-сял. войска супраць войск Рэчы Паспалітай пад Піляўцамі (1648), Меджыбожам, Зборавам (1649). Адмовіўся прызнаць Збораўскі дагавор 1649 і ў канцы 1649 — пач. 1650 узначаліў нар. паўстанне на Брацлаўшчыне, Валыні і ў Падоліі. Загінуў у баі. Пра яго гераічныя подзвігі ўкр. народ склаў песні і думы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́РНАЕ АБКЛАДА́ННЕ,
сістэма прамога падаткаабкладання ў Рас. дзяржаве ў 17—18 ст., у аснову якой пакладзены двор або асобная сямейная гаспадарка. Уведзена ў 1679 замест пасошнага пасля перапісу насельніцтва 1676—78. П.а. павялічыла кантынгент падаткаплацельшчыкаў за кошт новых катэгорый насельніцтва. У 1724 заменена падушным падаткам. На Беларусі і Украіне П.а. пад назвай падымнае было ўведзена ўрадам Рэчы Паспалітай у 1649, пасля іх далучэння да Расіі таксама заменена падушным падаткам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЛЯ́ШСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,
адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ і Польшчы ў 16—18 ст. з цэнтрам у г. Драгічын-Надбужскі. Утворана ў 1520. Складалася з Бельскага, Берасцейскага, Драгічынскага, Камянецкага, Кобрынскага, Мельніцкага пав. Паводле адм.-тэр. рэформы 1565—66 Берасцейскі, Камянецкі і Кобрынскі пав. ўвайшлі ў Брэсцкае ваяв. Напярэдадні Люблінскай уніі 1569 П.в. адышло да Польшчы. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) увайшло ў склад Прусіі. Гл. таксама Падляшша.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУХМІ́СТАР,
пасада ў Польскім каралеўстве і ВКЛ (з канца 15 ст.). Першапачаткова К. загадваў прыдворнай кухняй і кухарамі. Ва ўрачыстых выпадках (элекцыя, прыём паслоў і інш.) асісціраваў за сталом каралю, вял. князю, распавядаючы пра стравы, што падаваліся. Намінальна кіраваў стольнікам, падстолім, крайчым, чашнікам, падчашым і піўнічым. Да 17 ст. пасада К. ператварылася ў дыгнітарскую, намінальную. У Рэчы Паспалітай да 1795 існавалі асобныя К. ВКЛ і Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІСА́РСКІ СУД,
часовы суд у ВКЛ і Рэчы Паспалітай для разгляду зямельных прэтэнзій прыватных землеўласнікаў, манастыроў, гарадоў да трымальнікаў каралеўскіх маёнткаў. Суддзямі выступалі камісары, якіх прызначаў кароль. Судовая справа разглядалася на месцы з выклікам бакоў і сведкаў, аглядам межаў маёнтка. К.с. вызначаў межы зямельных уладанняў і пазначаў іх на мясцовасці капцамі, пра што складаўся акт. Апеляцыі на выракі К.с. падаваліся ў звычайным парадку, з 1774 — у задворны асэсарскі суд (каралеўскі трыбунал).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСАКО́ЎСКІ Юзаф (16.3.1738, в. Шылы Ковенскага пав., Літва — 9.5.1794),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Брат Ш.М.Касакоўскага. Біскуп інфлянцкі з 1781. На Чатырохгадовым сейме 1788—92 узначальваў Канстытуцыйную дэпутацыю, выступаў за абмежаванне рэформ і супраць Канстытуцыі 3 мая 1791. Разам з братам быў фактычным кіраўніком Таргавіцкай канфедэрацыі. Адзін з аўтараў Акта Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ 1792. Карыстаўся падтрымкай рас. паслоў у Рэчы Паспалітай. Аўтар аповесцей, камедый, мемуараў. У час паўстання 1794 павешаны паўстаўшымі ў Варшаве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́ПА (ад швед. klippe рэзаць нажніцамі),
назва манет квадратнай формы. Выраблялі з мэтай паменшыць затраты працы. Вядомы з пач. 16 ст. ў Даніі, Швецыі. Арыгінальную кампаноўку мелі талеры караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II (1697—1709, 1709—33). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ў форме К. выпускалі манеты прыватныя асобы ці прадпрыемствы з-за недахопу дзярж. плацежных сродкаў. Часам К. называюць манеты на 6- або 8-гранных пласцінках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНА́ТАР (лац. senator),
1) у Старажытным Рыме член сената, а з канца 1 ст. да н.э. таксама прадстаўнік вышэйшага саслоўя. Званне С. было пажыццёвым, у імператарскі час перадавалася ў спадчыну ці магло быць падаравана імператарам.
2) У Рэчы Паспалітай член дзярж. рады манарха і вышэйшай палаты сойма.
3) У Рас. імперыі і некат. сучасных дзяржавах член сената. Маюць тыя ж правы, што і дэпутаты ніжніх палат (гл.Парламент).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ СТАРЫ́ ЗА́МАК,
комплекс абарончых збудаванняў, культавых і свецкіх будынкаў 11—19 ст. Узнік як умацаваны дзядзінец на высокім берагавым мысе каля ўпадзення р. Гараднічанка ў Нёман, на месцы паселішча 11 ст. У пач. 12 ст. стаў княжацкай рэзідэнцыяй Гродзенскага княства. Тут былі ўзведзены Гродзенскі княжацкі церам, Гродзенская Ніжняя царква, Гродзенская Верхняя царква, інш. жылыя і гасп. пабудовы. У выніку шматлікіх аблог крыжакамі (1284, 1296, 1306, 1311, 1312, 1328, 1361, 1363, 1373, 1375, 1377, 1390, 1393 і 1402) Гродзенскі Стары замак часткова разбураўся, але быў адноўлены. У 1580 княжацкі церам перабудаваны для караля Рэчы Паспалітай Стафана Баторыя. Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замкавыя ўмацаванні прыйшлі ў заняпад. У замку размяшчаецца Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей. Да нашага часу зберагліся рэшткі муроў абарончых умацаванняў. Традыцыйна комплекс збудаванняў на Замкавай гары захаваў назву Стары замак. Уваходзіць у склад Гродзенскага гісторыка-археалагічнага запаведніка.
Літ.:
Трусаў А.А., Собаль В.Е., Здановіч Н.І. Стары замак у Гродне XI—XVIII стст.: Гіст.-археал. нарыс. Мн., 1993.
Гродзенскі Стары замак у 14—16 ст. Рэканструкцыя.Гродзенскі Стары замак у 16—18 ст. Рэканструкцыя.Гродзенскі Стары замак. Сучасны выгляд.