АЭРАЗО́ЛІ (ад аэра... + золі),

дысперсныя сістэмы з цвёрдымі ці вадкімі часцінкамі, завіслымі ў газавым асяроддзі (пераважна ў паветры). Да аэразоляў адносяцца туман, воблакі, дым (памер часцінак 0,1—5 мкм), пыл (10—100 мкм) і інш. Аэразолі ўтвараюцца ў прыродных працэсах (воблачнасць, вывяржэнні вулканаў, лясныя пажары, пылавыя буры, метэарытны і касм. пыл і інш.) або ў выніку дзейнасці чалавека (прамысл. і трансп. выкіды, пэўныя тэхналогіі, гарэнне паліва, пораху, арган. рэчываў, тытуню, радыяц. забруджванне). Аэразолі з прыроднага туману і выкідаў прам-сці наз. смогам.

Аэазолі ўплываюць на эл. і хім. характарыстыкі атмасферы, рассейванне і паглынанне ў ёй сонечнай радыяцыі, бачнасць, фарміраванне воблакаў і ападкаў. Штучныя аэразолі выкарыстоўваюцца ў аэразольтэрапіі (інгаляцыя, дэзінфекцыя), прам-сці (нанясенне металічных і лакафарбавых пакрыццяў, распыленне паліва), сельскай гаспадарцы (распыленне пестыцыдаў, інсектыцыдаў). Узнікненне аэразоляў часта непажаданае з-за страт каштоўных рэчываў, забруджвання паветра, шкоднага ўздзеяння на людзей і навакольнае асяроддзе, тэхн. канструкцыі і інш. (гл. таксама Аэразольная катастрофа).

т. 2, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАКАВЯ́К (польск. krakowiak),

польскі нар. танец. Узнік у Кракаўскім ваяв. (адсюль назва). Адметны дакладным рытмам, засн. на хуткім руху восьмых з частымі сінкопамі (звычайна ў цотных тактах); памер2/4, тэмп хуткі. Як і паланэз, наз. «вялікім танцам», меў урачысты характар вайск. шэсця. У канцы 18 — пач. 19 ст. спрыяў працэсу ўсталявання самабытнасці польск. прафес. муз. культуры. З пач. 19 ст. папулярны ў Еўропе як бальны танец. У 19—1-й пал. 20 ст. адзін з найб. пашыраных на Беларусі нар. танцаў. Выконваўся парамі, часам і тройкамі (хлопец і 2 дзяўчыны) у суправаджэнні прыпевак. У яго аснове хуткі бег па крузе з моцнымі прытупамі папераменна правай і левай нагой на сінкопах (8 тактаў) і вярчэнне на месцы (8 тактаў). Вядомы лакальныя варыянты ў Лунінецкім, Пінскім і інш. р-нах. На вёсцы нярэдка аб’ядноўваецца з полькай. Бытуе і цяпер. Рытмы К. выкарыстоўвалі кампазітары Ф.​Шапэн, К.​Шыманоўскі, К.​Пендарэцкі (Польшча), М.​Глінка, Б.​Асаф’еў (Расія), Г.​Вагнер (Беларусь).

Л.​К.​Алексютовіч, І.​Дз.​Назіна.

т. 8, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЯВО́НІХА»,

бел. нар. танец. Мясц. назвы: «Крутуха», «Круцёлка», «Падарожная», «Бычок», «Мяцеліца», «Лявоніха» па-даўнейшаму». Існуе ў адзінстве трох кампанентаў: харэаграфічнага ў 2 разнавіднасцях — імправізацыйнай (танцуюць па аднаму або ў крузе з выхадам асобных выканаўцаў) і рэгламентаванай, з устаноўленым парадкам фігур (выконваюць парамі або тройкамі); песенна-паэтычнага з мноствам тэкстаў жартоўнага зместу; муз.-інструментальнага з рознай меладычнай асновай. Рытмаформула ♪ ♪ ♪ ♪ 𝄀 ♪ ♪ ♪ ♪ 𝄀 ♪ ♪ ♪ 𝄾. Муз. памер2/4. Тэмп жвавы. У нар. практыцы бытуе як абрадавы (калядная гульня «Жаніцьба Цярэшкі», вяселле на Паазер’і) і пазаабрадавы танец. Упершыню выведзена на сцэну ў паказах трупы І.​Буйніцкага, 1-я сцэн. рэдакцыя створана ў 1920-я г. К.​Алексютовічам; выкарыстана ў балетах «Салавей» М.​Крошнера і «Князь-возера» В.​Залатарова. Танец папулярны на Беларусі і за яе межамі, уваходзіць у рэпертуар прафес. і самадз. танц. калектываў, служыць своеасаблівай візітнай карткай бел. мастацтва за мяжой.

І.​Дз.Назіна.

т. 9, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬС (франц. valse, ням. Walzer ад walzen кружыцца),

парны танец, засн. на плаўным кружэнні ў спалучэнні з паступальным рухам. Муз. памер 34, радзей ​3/8, ​6/8. Тэмп вар’іруецца ад павольнага да ўмерана хуткага. Паходзіць ад ням., аўстр., чэшскіх нар. танцаў тыпу лендлера. Узнік у 2-й пал. 18 ст., на пач. 19 ст. пашырыўся па ўсёй Еўропе, стаў адным з самых папулярных танцаў. Найб. вядомы т.зв. венскі вальс (І.​Ланер, І.​Штраус-бацька, І.​Штраус-сын). Разнавіднасць вальса — павольны вальс-бастон. Як сцэн. форма выкарыстоўваецца ў оперы, балеце, аперэце, музыцы да драм. спектакляў, стаў самаст. формай арк., фп. музыкі, асновай песень, рамансаў, цыклічных твораў (сюіты, сімфоніі). На Беларусі вядомы з 2-й пал. 19 ст. ў гарадскім і сял. побыце. У наш час — неад’емная частка нар. танц. і муз.-інстр. рэпертуару. У жанр вальса значны ўклад зрабілі бел. кампазітары М.​Аладаў, А.​Багатыроў, Р.​Бутвілоўскі, Я.​Глебаў, В.​Залатароў, І.​Лучанок, С.​Картэс, Р.​Пукст, Дз.​Смольскі, Э.​Ханок і інш.

І.​Дз.​Назіна.

т. 3, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДПУСК ПА ЦЯЖА́РНАСЦІ І РО́ДАХ,

водпуск, які даецца жанчынам — работніцам, служачым, калгасніцам, студэнткам — у сувязі з цяжарнасцю і родамі. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь водпуск па цяжарнасці і родах даецца на 70 каляндарных дзён да родаў і 56 (у выпадках ускладненых родаў або нараджэння двух і больш дзяцей — 70) каляндарных дзён пасля родаў, з выплатай за гэты перыяд дапамогі па дзярж. сац. страхаванні. Водпуск вылічваецца сумарна і даецца жанчыне поўнасцю, незалежна ад колькасці дзён, фактычна выкарыстаных да родаў. Перад водпускам па цяжарнасці і родах або пасля яго жанчыне, па яе заяве, даецца штогадовы водпуск незалежна ад стажу работы ў дадзенага наймальніка, а таксама водпуск па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім 3-гадовага ўзросту з выплатай за гэты перыяд штомесячнай дзярж. дапамогі, памер і ўмовы выплаты якой устанаўліваюцца заканадаўствам. У выпадку неабходнасці наймальнік можа выдаваць цяжарным жанчынам пуцёўкі ў санаторыі і дамы адпачынку бясплатна або на льготных умовах, а таксама аказваць ім матэрыяльную дапамогу. Для жанчын названых катэгорый заканадаўствам прадугледжаны і іншыя перавагі і прававыя гарантыі.

т. 4, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́НТЫІ І КАМПЕНСА́ЦЫІ працоўныя, парадак і меры забеспячэння аховы працоўных правоў і інтарэсаў работнікаў, прадугледжаныя заканадаўствам. Паводле КЗаП Рэспублікі Беларусь устаноўлены: парадак замацавання месца работы (пасада) для работнікаў, выбраных на выбарныя пасады ў дзярж. органах, а таксама на час выканання дзярж., грамадскіх або воінскіх абавязкаў (з захаваннем сярэдняга заработку), пры накіраванні для павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі, пры часовай непрацаздольнасці, пры накіраванні на абследаванне ў мед. ўстановы, пры рабоце па ўкараненні вынаходстваў і рацыяналізатарскіх прапаноў і ў інш. выпадках; гарантыйныя выплаты пры накіраванні ў службовыя камандзіроўкі і пераездзе на работу ў інш. мясцовасці; кампенсацыя за амартызацыю трансп. сродкаў, абсталявання, інструментаў і прыстасаванняў, якія належаць работніку. Закон прадугледжвае таксама выпадкі абмежаванай матэрыяльнай адказнасці работніка за страты, прычыненыя па яго віне наймальніку, а таксама абмяжоўвае магчымасці і памеры ўтрыманняў з заработнай платы. Пры кожнай выплаце зарплаты агульны памер усіх утрыманняў не можа перавышаць 20%, а ў выпадках, спецыяльна прадугледжаных заканадаўствам, — 50% зарплаты. Не дапускаюцца ўтрыманні з выхадной дапамогі, кампенсацыйных і інш. выплат, на якія паводле заканадаўства не накіроўваецца спагнанне.

Г.​А.​Маслыка.

т. 5, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАДРЫ́ЛЯ (франц. quadrille ад ісп. cuadrilla літар. група з чатырох чалавек),

танец, пашыраны ў многіх еўрап. народаў. Муз. памер як правіла 74. Цотная колькасць пар становіцца па вуглах квадрата або ў 2 рады адзін супраць аднаго. У К. некалькі частак — кален, кожная мае сваю назву (якую звычайна аб’яўляе адзін з танцораў), мелодыю, пэўны парадак рухаў. У канцы 17—19 ст. К. — папулярны салонны танец. На Беларусі пашырана з сярэдзіны 19 ст. Зазнала моцны ўплыў нац. традыцый і стала часткай нар. харэаграфіі. Захаваўшы асн. кампазіцыйныя моманты (размяшчэнне пар па квадраце або радамі, абмен і пераходы партнёраў, пэўная паслядоўнасць фігур), бел. К. па сваім харэаграфічным змесце, колькасці і назвах фігур арыгінальныя і самабытныя. У некат. рэгіёнах ператварыліся ў сюіты з раней вядомых традыц. і новых танцаў.

Існуе шмат мясц. варыянтаў К., у назвах якіх адлюстраваны асаблівасці структуры («Прамая», «Касая», «Крутавая», «З пятага»), колькасць удзельнікаў («Тонкая», «Тоўстая»), мясцовасць бытавання («Лядкаўская», «Ланская», «Турэйская», «Смаргонская», «Воранаўская», «Сянкевіцкая»), сувязь з інш. танцамі («Лянсей», «Урубель»). Паводле нар. К. створана шмат яркіх сцэн. пастановак. Пашырана па ўсёй Беларусі.

Ю.​М.​Чурко.

т. 7, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОРБ у чалавека,

вынік паталаг. змены крывізны пазваночніка, выкліканай разбурэннем цел пазванкоў туберкулёзным працэсам, іх спаданнем, парушэннем суадносін паміж пазванкамі, зрушэннем назад асцістых адросткаў і дужак разбураных цел. Перыяд ад занесенай у пазванкі інфекцыі да з’яўлення гарба ў хворых, якія не лечацца, залежыць ад узросту (ва ўзросце 3 гадоў горб з’яўляецца праз 3—6 месяцаў, пасля 5 гадоў — праз 8—12 месяцаў), стану здароўя, месца лакалізацыі пашкоджання (у шыйным і паяснічным аддзелах горб выяўляецца пазней і пры значных разбурэннях, у грудным — раней і хутка павялічваецца). У дарослых пераважна краявое пашкоджанне цел пазванкоў і горб не ўтвараецца нават пры пашкоджанні значнай іх колькасці. У дзяцей пры туберкулёзным пандыліце частка пазванкоў, што знаходзяцца вышэй над разбуранымі, нахіляецца ўперад, заднія часткі разбураных цел выгінаюцца назад і ўтвараюць горб. Яго форма і памер залежаць ад ступені пашкоджання пазваночніка (пры частковым разбурэнні цел пазванкоў горб мае дугападобную форму), лакалізацыі пашкоджання (верхнегрудны аддзел — месца самых вял. дэфармацый, у сярэднегрудным аддзеле форма гарба найчасцей востравугольная, у паяснічным не бывае вял. гарба). Лячэнне туберкулёзнага спандыліту антыбактэрыяльнае і артапедычнае.

І.​У.​Руцкі.

т. 5, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАГА́НЫ РАЗВІЦЦЯ́, анамаліі развіцця,

парушэнні ўнутрывантробнага развіцця, што прыводзяць да адхілення ў будове ці функцыях асобнага органа, сістэмы органаў або ўсяго арганізма. Вынік гаметапатыі (паталогія жан. яйцаклетак і сперматазоідаў), эмбрыяпатыі (паталогія эмбрыёна — перыяд развіцця ва ўлонні маці да 10—12 тыдняў) і фетапатыі (паталогія плода ва ўлонні маці ад 10—12 тыдняў да нараджэння). Могуць быць звязаны з ускладненай спадчыннасцю і шкоднымі фактарамі знешняга асяроддзя (хваробы ці шкодныя прывычкі маці ў перыяд развіцця плода, фіз., хім., радыяцыйныя і інш. фактары, няправільнае харчаванне і інш.). Могуць быць вынікам камбінаванага ўздзеяння спадчынных і шкодных фактараў знешняга асяроддзя (мультыфактаральныя З.р.). Да З.р. адносяць прыроджаную адсутнасць якога-н. органа (аплазія, агенезія), яго зменшаны (гіпаплазія) ці павялічаны (макрасамія) памер, эктапію (размяшчэнне органа ў незвычайным месцы, напр., ныркі ў малым тазе), наяўнасць дабавачных органаў, зліццё паміж сабой органаў ці іх частак. Найчасцей бываюць З.р. апорна-рухальнага апарату (вывіхі, касалапасць і інш.), твару (расколіна верхняй губы), цвёрдага паднябення, унутр. органаў (парок сэрца, страўнікава-кішачнага тракту і мочапалавой сістэмы). Назіраюцца таксама і ў жывёл.

І.​У.​Дуда.

т. 6, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫ́ЯД у музыцы,

найбольш простая кампазіцыйная форма, якая ўвасабляе завершаную ці адносна завершаную муз. думку; мае самаст. значэнне ці ўваходзіць у больш буйныя формы музычныя. Нарматыўным лічыцца П. з 2 падобных па структуры частак — сказаў, якія заканчваюцца рознымі кадэнцыямі: 1-ы сказ звычайна палавіннай, 2-і — поўнай (гл. Сказ у музыцы). Метрычная аснова П. — квадратнасць, заснаваная на аднолькавай колькасці тактаў (2, 4, 8, 16, 32) у кожным сказе. Іншыя тыпы П. абумоўлены жанрам, стылем музыкі, прынцыпамі будовы формы, пэўнай маст. мэтай (змяняюцца колькасць і памер сказаў, тыпы кадансавання, метрычная будова і інш.).

П. вядомы з 16—17 ст. у еўрап. прафес. музыцы. Вял. значэнне ў яго фарміраванні мелі нар. і быт. танц. і песенна-танц. жанры. Адсюль тэндэнцыя да квадратнасці — асновы танц. музыкі. Для працяжнай бел., рус. і ўкр. песні квадратнасць не характэрна. У прафес. творчасці П. звычайна ўваходзяць у больш буйныя формы. Як самаст. форма сустракаецца пераважна ў песні, у вакальнай ці інстр. мініяцюры.

Літ.:

Гл. да арт. Форма музычная.

Т.​А.​Дубкова.

т. 12, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)