МІ́РСКІ БОЙ 1812.
Адбыўся 9—10 ліп. каля мяст. Мір (цяпер г.п. Мір Гродзенскай вобл.) паміж рас. казацкім корпусам ген. М.І.Платава і дывізіяй польскіх уланаў ген. А.Ражнецкага са складу напалеонаўскіх войск у час вайны 1812. Адступаючы з Ваўкавыска на Нясвіж, камандуючы 2-й Зах. арміі ген. П.І.Баграціён загадаў Платаву затрымаць ворага на 2 дні каля Міра. У склад рас. корпуса ўваходзілі 3 казацкія брыгады (5 тыс. чал.). Дывізія ген. Ражнецкага налічвала 6 палкоў. За 3 вярсты ад Міра па дарозе на Карэлічы была падрыхтавана засада, з Міра іх павінен быў падтрымаць полк Сысоева. 9 ліп. 3 палкі польскай дывізіі пад камандаваннем ген. К.Турно пачалі атаку на Мір, але былі контратакаваны казакамі з засады, якіх падтрымалі інш. палкі корпуса Платава. У ноч на 10 ліп. да Платава падышоў атрад І.В.Васільчыкава (16 эскадронаў). Платаў пакінуў у Міры 3 казацкія палкі, а з астатнімі пачаў адступленне на Нясвіж. Раніцай 10 ліп. дывізія Ражнецкага размясцілася каля Міра і пачала дзеянні супраць часцей Васільчыкава. Спачатку праціўнік пацясніў рускіх, але з падыходам брыгады Д.Е.Куцейнікава палякі адступілі да Міра, дзе іх чакала дапамога ў складзе коннай брыгады ген. Т.Тышкевіча і артыл. брыгады. Пасля бою корпус ген. Платава адышоў да Нясвіжа і 12 ліп. далучыўся да гал. сіл 2-й Зах. арміі. М.б. даў магчымасць 2-й Зах. арміі адарвацца ад праследавання і праз Слуцк і Бабруйск рушыць на злучэнне з 1-й Зах. арміяй.
Ш.І.Бекцінееў.
т. 10, с. 469
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БУ́РА»
(«Burza»),
кодавая назва плана і баявой аперацыі польскай Арміі Краёвай (АК) у студз. 1944 — студз. 1945 у 2-ю сусв. вайну. План, распрацаваны гал. камандаваннем АК у ліст. 1943, прадугледжваў мабілізацыю атрадаў АК, ажыццяўленне дыверсій, праследаванне і напад на ням.-фаш. часці пры іх адступленні (сфарміраваны 14 партыз. пяхотных дывізій, 3 батальённыя групоўкі, 2 кав. брыгады, некалькі самаст. палкоў; усяго каля 150 тыс. чал. у Беластоцкай, Палескай, Люблінскай і інш. акругах). Гал. мэта — узяць пад кантроль найб. важныя ваен.-стратэг., прамысл., адм. і культ. цэнтры да ўступлення ў іх сав. войск. Камандзірам АК і прадстаўнікам польск. эмігранцкага ўрада прадпісвалася пераймаць ваен. і цывільную ўладу ў вызваленых раёнах. Аперацыя распачата ў Валынскай акрузе 27-й Валынскай пях. дывізіяй АК. Атрады Віленскай і Навагрудскай акруг АК (каля 5 тыс. чал.) у ліп. 1944 няўдала штурмавалі Вільню (акцыя «Вострая брама») і страцілі больш за 500 чал. 27.8.1944 камандаванне АК вырашыла пашырыць аперацыю «Бура» на Варшаву (гл. Варшаўскае паўстанне 1944). Падраздзяленні АК самастойна вызвалілі гарады Коцк, Хэлм, Мінск-Мазавецкі, Радзымін, разам з сав. войскамі — Ковель, Вільню, Львоў, Люблін, Пулавы, Замосце, Жэшаў, Седльцы. Восенню 1944 на тэрыторыі, акупіраванай ням.-фаш. войскамі, атрады АК былі расфарміраваны і рэалізацыя плана «Бура» спынена. У вызваленых раёнах часці АК, якія адмовіліся скласці зброю і ўступіць у 1-ю Польскую армію ў складзе сав. войск, былі раззброены і інтэрніраваны.
Літ.:
Сямашка Я.І. Армія Краёва на Беларусі. Мн., 1994. С. 110—119, 178—187;
Zabiełło S. Ksztabtowanie siękoncepcji «Burzy» // Wojskowy przegląd historyczny. 1968. № 1.
Н.К.Мазоўка.
т. 3, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МААНЗУ́НДСКІЯ АПЕРА́ЦЫІ ў 1-ю сусветную вайну,
1) аперацыя герм. флоту Балт. мора пад камандаваннем віцэ-адм. Э.Шміта (больш за 70 караблёў) з мэтай прарыву праз Ірбенскі праліў (адсюль другая назва — Ірбенская) у Рыжскі заліў, знішчэння рас. марскіх сіл у Рыжскім заліве (каля 50 караблёў, камандуючы контр-адм. М.К.Бахіраў), загароды выхаду з праліва Маанзунд 8—21.8.1915. 8 жн. рас. караблі адбілі спробу прарыву герм. флоту, у ходзе баёў 16—17 жн. патоплены і пашкоджаны 9 ням. караблёў, страчаны 2 рас. кананерскія лодкі. 19 жн. герм. эскадра ўвайшла ў Рыжскі заліў, але з-за магчымага падрыву на мінах, атак падводных лодак праціўніка і адсутнасці месцаў базіравання 21 жн. пакінула заліў.
2) Аперацыя «Альбіён» герм. флоту (больш за 300 баявых і дапаможных караблёў, каля 100 самалётаў, 25 тыс. чал. дэсанта) па знішчэнні рас. марскіх сіл у Рыжскім заліве (больш за 50 караблёў), захопу Маанзундскага архіпелага (яго абараняў 12-тыс. рас. гарнізон) і падрыхтоўкі ўдару па Петраградзе. 12 кастр. герм. караблі спынілі агонь 16 рас. берагавых батарэй, высадзілі дэсант у бухце Талагахт і на в-ве Эзель (Саарэмаа), які 16 кастр. заняў востраў, а герм. караблі адначасова ўвайшлі ў Рыжскі заліў. 18 кастр. немцы захапілі в-аў Маон (Муху), 19 кастр. — в-аў Даго (Хійумаа). З-за ўпартага супраціўлення рас. маракоў (знішчылі і пашкодзілі 32 ням. караблі) герм. камандаванне мусіла адмовіцца ад прарыву ў Фінскі заліў і 20 кастр. адвяло свае марскія сілы з Рыжскага заліва.
Літ.:
Матвеев А.И. В боях за Моонзунд. М., 1957.
т. 9, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-АФРЫКА́НСКІЯ АПЕРА́ЦЫІ 1940—43,
баявыя дзеянні паміж англа-амер. і італа-ням. войскамі ў паўн. Афрыцы ў 2-ю сусв. вайну 1939—45. Фаш. Італія і Германія імкнуліся захапіць паўн. часткі Алжыра, Егіпта і інш. тэр., а таксама Суэцкі канал і англ. ваен.-марскую базу Адэн. Вялікабрытанія вяла барацьбу за захаванне сваіх уладанняў і ўмацаванне стратэг. становішча на Б. Усходзе. У той час тут знаходзіліся войскі У.Андэрса, у складзе якіх у баявых дзеяннях на баку саюзнікаў удзельнічалі беларусы і ўраджэнцы Беларусі. Аперацыя пачалася 13.9.1940 і да восені 1942 вялася абмежаванымі сіламі з пераменным поспехам. 23.10.1942 8-я брыт. армія Б.Мантгомеры перайшла ў наступленне (гл. Эль-Аламейнская аперацыя 1942), а 8 ліст. саюзныя войскі пад камандаваннем Д.Эйзенхаўэра пачалі высадку дэсанта на тэр. Франц. Марока і Алжыра. Аднак наступленне было спынена італа-ням. войскамі на тэр. Туніса (ням. экспедыцыйнымі сіламі камандаваў ген.-фельдмаршал Э.Ромель). У сак. і крас. 1943 англа-амер. войскі пачалі новае наступленне адначасова з У і З і 13.5.1943 вымусілі капітуляваць італа-ням. войскі (250 тыс. чал.) на мысе Бон (на падставе гэтага і інш. фактараў некат. гісторыкі Захаду лічаць гэтую аперацыю другім фронтам 2-й сусв. вайны). Перамога саюзнікаў рэзка пагоршыла стратэг. становішча краін фаш. блока ў Міжземнамор’і і стварыла спрыяльныя ўмовы для Вялікабрытаніі і ЗША, каб пачаць вызваленне Еўропы.
Літ.:
История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 3—6. М., 1974—76;
Роскилл С. Флот и война: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1967—70;
Вторая мировая война: Два взгляда. М., 1995.
т. 12, с. 212
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛЬГРЫМО́ЎСКІ Гальяш (сярэдзіна 16 ст. — пасля 17.8.1604),
грамадскі дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік. Вучыўся ў кальвінісцкай школе. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83. У 1581 пад камандаваннем К.Радзівіла прымаў удзел разам з Ф.К.Чарнабыльскім і А.Рымшай у паходзе ў Расію. Сакратар польск. караля Стафана Баторыя, у 1583 па яго даручэнні ездзіў у Маскву да Івана IV Грознага. З 1586 пісар ВКЛ, з 1600 сакратар пасольства Рэчы Паспалітай у Маскве на чале з Л.Сапегам, з 1602 выконваў абавязкі маршалка Літоўскага трыбунала. Літ. дзейнасць пачаў у 1583. Пісаў на бел., лац. і польск. мовах. Аўтар паэт. і празаічных панегірыкаў на лац. мове, празаічнага дыярыуша на польскай мове «Пасольства Льва Сапегі ў 1600 годзе ў Маскву паводле дыярыуша Гальяша Пельгрымоўскага, сакратара пасольства, з рукапісу, выпадкова знойдзенага, Уладзіславам Трэмбіцкім апісанае» (надрук. ў 1846, Гродна). У дыярыушы былі тэксты і на бел. мове: праект дагавора паміж Польшчай і Маскоўскай Руссю, пералік падарункаў рус. цару і яго сыну, выступленні Л.Сапегі і П. ў прысутнасці цара. Гэтаму падарожжу П. прысвяціў і вершаваны твор на польскай мове. Ля вытокаў бел. паэзіі знаходзіцца яго паэма на бел. і польскай мовах «Гутарка аднаго Паляка з Маскалём на маскоўскім замку ў годзе 1601», у якой аўтар раскрывае сістэму поглядаў на міжнар. адносіны і становішча, справы рэлігіі, свабоды сумлення і інш. На сучасную бел. мову паэму П. пераклаў М.Танк.
Тв.:
Бел. пер. — Гутарка аднаго Паляка з Маскалём на маскоўскім замку ў годзе 1601 // Полымя. 1994. № 7.
Літ.:
Казбярук У. Мастацкі дакумент сярэднявечча // Спадчына. 1992. №4;
Кавалёў С. У пошуках вечнага міру // Там жа.
У.М.Казбярук.
т. 12, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКАЯ ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ А́РМІЯ (РВА),
агульная назва рус. антысав. («усходніх») фарміраванняў у складзе ўзбр. сіл нацысцкай Германіі, якія фарміраваліся ў 2-ю сусв. вайну з эмігрантаў, сав. перабежчыкаў, ваеннапалонных і насельніцтва акупіраваных раёнаў СССР. Назва ўжывалася з канца 1942, пасля апублікавання Смаленскага звароту Рускага к-та (старшыня — палонны сав. ген.-лейт. А.А.Уласаў) ад 27.12.1942. Да 1945 РВА — прапагандысцкая акцыя вермахта па вярбоўцы рус. «добраахвотнікаў» для ням. войск і асобных антысав. фарміраванняў. З лют. 1943 гэту работу праводзіў усх. батальён прапаганды асобага прызначэння, створаны ў прыгарадзе Берліна Дабендорф, дзе засн. курсы прапагандыстаў РВА, рэдакцыі яе газ. «Заря» і «Доброволец». У адпаведнасці з загадам нач. Ген. штаба сухап. войск ген.-палк. К.Цэйтцлера ад 29.4.1943 усе «добраахвотнікі» рус. нацыянальнасці пры ням. часцях і ў складзе асобных фарміраванняў утваралі (фармальна) РВА, аб чым фактычна сведчылі толькі іх нарукаўны знак з касым андрэеўскім крыжам і сіня-чырв. кукарда. З мая 1943 існавала сістэма воінскіх званняў РВА ад «добраахвотніка» да генерала. З 28.1.1945 РВА — асобныя ад вермахта ўзбр. сілы К-та вызвалення народаў Расіі (засн. 14.11.1944 у Празе) пад камандаваннем ген. Уласава. У крас. 1945 РВА (3 дывізіі, асобныя часці, каля 70 тыс. чал.) мела статус арміі саюзнай дзяржавы. Часткова была выкарыстана на фронце. У час Пражскага паўстання 1945 яе асобныя падраздзяленні 6—7 мая перайшлі на бок паўстанцаў. Пазней б.ч. вайскоўцаў РВА («уласаўцаў») узята ў палон сав. войскамі і іх саюзнікамі.
Літ.:
Солженицын А.И. Архипелаг ГУЛАГ, 1918—1956. Мн., 1990. Т. 1. С. 242—258;
Окороков А.В. Антисоветские воинские формирования в годы второй мировой войны. М., 2000.
А.М.Літвін.
т. 13, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦУСІ́МСКІ БОЙ 1905, Цусімская бітва,
вырашальная марская бітва ў Карэйскім праліве каля а-воў Цусіма 27—28.5.1905 у руска-японскую вайну 1904—05. Адбылася пасля Порт-Артура абароны 1904—05 і гібелі 1-й Ціхаакіянскай эскадры, калі на Д. Усход прыбылі з Балт. мора 2-я і 3-я Ціхаакіянскія эскадры. Напярэдадні Ц.б. яны злучыліся пад агульным камандаваннем віцэ-адм. З.П.Ражэственскага (30 баявых караблёў, 228 гармат) і падышлі да Карэйскага праліва (накіроўваліся ва Уладзівасток). У ходзе Ц.б. яп. флот (121 баявы карабель, 910 гармат; каманд. адм. Х.Тога), які меў перавагу ў колькасці і хуткасці караблёў, артыл. узбраенні, разбіў лінейны баявы парадак рас. эскадры. 20 рас. караблёў, з іх 8 эскадраных браняносцаў, патоплены, 5 здаліся ў палон, у т. л. 2 эскадраныя браняносцы; 5 тыс. матросаў і афіцэраў загінулі і патанулі. Некалькі караблёў, у т. л. крэйсер «Аўрора», здолелі прарвацца ў Манілу і Шанхай. Ва Уладзівасток прабіліся 3 караблі. У яп. флоце патоплены 3 мінаносцы і больш за 10 мінаносцаў пашкоджаны; 116 чал. былі забітыя і 538 параненыя. Сярод рас. маракоў — удзельнікаў Ц.б. былі і ўраджэнцы Беларусі: А.Р.Арлоў, А.К.Грыб, В.Ф.Кот, С.В.Хруцкі і інш. Разгром сіл рас. флоту ў Ц.б. азначаў канчатковае паражэнне Расіі ў вайне.
Літ.:
Золотарев В.А., Козлов И.А. Русско-японская война 1904—1905 гг.: Борьба на море. М., 1990;
Доценко В.Д. Морские битвы России, XVIII—XX вв. СПб., 1999;
Озеров К., Озеров Г. Правда о броненосце «Сисой Великий» (Цусима). 2 изд. Вильнюс, 2003;
Адамянц-Подъяков В. Герои Цусимы — наши земляки // Заря. 2002. 10 окт.
У.Я.Калаткоў.
т. 17, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ РУ́СКАГА ФЛО́ТУ Ў ПАЎНО́ЧНУЮ АМЕ́РЫКУ 1863—64, Амерыканская экспедыцыя рускага флоту,
ваенна-палітычная акцыя ў выглядзе візіту 2 эскадраў рас. баявых караблёў у гарады Нью-Йорк і Сан-Францыска (ЗША) і іх прысутнасць каля ўзбярэжжа Паўн.-Амер. кантынента ў часы грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65 і паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. Арганізавана, каб стварыць пагрозу гандл. суднаходству імаверных праціўнікаў Рас. імперыі (Вялікабрытаніі і Францыі) і гэтым паўплываць на дыпламат. перагаворы з імі ў сувязі з паўстаннем 1863—64 (т.зв. польскае пытанне), а таксама прадэманстраваць падтрымку амер. федэральнага ўрада А.Лінкальна ў яго барацьбе з мяцежнымі паўд. штатамі і ў выпадку пачатку ваен. дзеянняў нанесці ўдар па марскіх камунікацыях Вялікабрытаніі.
Атл. эскадра на чале з контр-адм. С.С.Лясоўскім рушыла з Кранштата 18.7.1863 (каб не сустрэцца з англа-франц. сіламі, выйшла ў акіян, абагнуўшы Англію з Пн) і прыбыла ў Нью-Йорк у вер. 1863. Ціхаакіянская эскадра пад камандаваннем контр-адм. А.А.Папова з партоў Д.Усходу прыбыла ў Сан-Францыска да 1.10.1863. Эскадры знаходзіліся ў партах Паўн. Амерыкі і крэйсіравалі ўздоўж яе зах. і ўсх. ўзбярэжжаў да 4.6 (Атл.) — 1.8.1864 (Ціхаакіянская), потым вярнуліся ў Расію. Іх раптоўнае з’яўленне каля берагоў ЗША і перспектыва заключэння амер.-рас. ваен. саюза падштурхнулі Вялікабрытанію і Францыю адмовіцца ад умяшання ў адносіны ЗША і Расіі. Экспедыцыя была прыкладам выкарыстання сіл ВМФ як дыпламат. сродку (гл. «Палітыка кананерак», Палітыка з пазіцыі сілы). Сярод удзельнікаў экспедыцыі быў і будучы рас. кампазітар М.А.Рымскі-Корсакаў.
Літ.:
Коршунов Ю.Л. Когда океан соединяет: Из истории дружеств. отношений флотов России и США. СПб., 1996. С. 35—46.
У.Я.Калаткоў.
т. 18, кн. 1, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯЎГЕ́Н САВО́ЙСКІ (Eugen von Savoyen; 18.10.1663, Парыж — 21.4.1736),
аўстрыйскі палкаводзец і дзярж. дзеяч. Фельдмаршал (1693), генералісімус (1697). Прынц, з Савойскай дынастыі. Сын прынца Яўгена Морыца Савойскага і Карыньянскага і Алімпіі Манчыні, пляменніцы кардынала Дж.Мазарыні. У 1683 уцёк у Вену і ўступіў валанцёрам у аўстр. імператарскую армію. У аўстра-тур. вайну 1683—99 (гл. Аўстра-турэцкія войны 16—18 ст.) служыў у 70-тысячнай арміі хрысціян-еўрапейцаў пад камандаваннем караля Рэчы Паспалітай Яна III Сабескага, з 1683 камандаваў драгунскім палком. З 1689 камандаваў аўстр. войскамі ў Італіі, нанёс шэраг паражэнняў франц. войскам. З 1697 галоўнакаманд. аўстр. войскамі ў Венгрыі, дасягнуў вырашальнай перамогі над туркамі каля Зенты (11.9.1697). З 1703 старшыня Ваеннага, потым Тайнага савета пры аўстр. імператару. Уплываў на знешнюю палітыку дзяржавы, выступаў за ваен. саюз Аўстрыі з Прусіяй і Расіяй супраць Францыі. У вайну за Іспанскую спадчыну разам з англ. герцагам Дж.Чэрчылам Мальбарам разбіў франц. і франка-баварскія войскі каля Гохштэта (13.8.1704), Турына (7.9.1706), Аўдэнардэ (11.7.1708), Мальплака (11.9.1709). У 1714 па даручэнні аўстр. імператара правёў мірныя перагаворы ў Раштаце і Бадэне (гл. Раштацкі мір 1714). У аўстра-тур. вайну 1716—18 перамог тур. войскі каля Петэрвардэйна (5.8.1716), Тэмешвара (1716) і заняў крэпасць Бялград (16.8.1717). У 1716—24 штатгальтэр Аўстр. Нідэрландаў. У 1733—34 галоўнакаманд. аўстр. войскамі ў вайне за Польскую спадчыну. Лічыўся найб. здольным палкаводцам свайго часу; спрыяў пераўтварэнню Аўстрыі ў магутную еўрап. дзяржаву. Аўтар мемуараў на франц. мове (выд. ў 1811).
Літ.:
Великие битвы человечества: Пер. с франц. Мн., 2000;
Шишов А.В. Сто великих военачальников. М., 2003. С. 267—272;
Лубченков Ю. Сто великих аристократов. М., 2003. С. 230—236.
У.Я.Калаткоў.
т. 18, кн. 1, с. 314
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ ВАЙНА́ 1655—60,
вайна Швецыі і яе саюзнікаў (Брандэнбург і Трансільванія) супраць Рэчы Паспалітай, пазней таксама супраць Аўстрыі, Даніі, Брандэнбурга і Галандыі. Імкнучыся авалодаць пруска-літ. узбярэжжам Прыбалтыкі, якое належала Рэчы Паспалітай, шведскі кароль Карл X Густаў (гл. ў арт. Карл, імя каралёў Швецыі) у ліп. 1655 напаў на Польшчу. Вайна пачалася ва ўмовах вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. За паўгода шведы захапілі большую частку тэр. Польшчы і Жамойць (гэты перыяд вайны ў гістарыяграфіі Польшчы вядомы пад наз. «Патоп»). Кароль Ян II Казімір выехаў з краіны. Паражэнні Рэчы Паспалітай у войнах са Швецыяй і Расіяй падштурхнулі «сепаратысцкую» партыю ВКЛ на чале з Я.Радзівілам падпісаць Кейданскі дагавор 1655, паводле якога ВКЛ парывала дзярж. унію з Польшчай і заключала яе са Швецыяй. У студз. 1656 саюз са Швецыяй заключыў брандэнбургскі курфюрст і прускі герцаг Фрыдрых Вільгельм. Акупацыя Польшчы шведамі выклікала шырокае нар. супраціўленне і партыз. барацьбу, да якой далучылася і шляхта. Аднавіла ваен. дзеянні польская армія. Каронныя гетманы С.Патоцкі і С.Лянцкаронскі адступілі ад прысягі шведскаму каралю і арганізавалі канфедэрацыю ў Тышкоўцах, якая пасля вяртання Яна II Казіміра ператварылася ў генеральную канфедэрацыю. Нягледзячы на паражэнне польскіх войск пад камандаваннем С.Чарнецкага пад Голамбам 17—18.2.1656, хутка настаў пералом. Гал. сілы Карла X Густава трапілі ў акружэнне ў сутоках рэк Сан і Вісла, а войска, што ішло яму на дапамогу, 7.4.1656 разбіта пад Варкай. 1 ліп. вызвалена Варшава. Пасля паражэння 8 кастр. арміі Фрыдрыха Вільгельма пад Просткамі шведскі кароль выступіў з праектам падзелу Рэчы Паспалітай паміж Швецыяй, Брандэнбургам, Трансільваніяй, укр. казакамі і Б.Радзівілам. Аднак пачынаючы з 1-й пал. 1657 шведаў сталі паступова выцясняць з Польшчы. На бок Рэчы Паспалітай стаў імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Леапольд I (май 1657) і перайшоў Фрыдрых Вільгельм (Вяляўска-Быдгашчцкія трактаты вер.—ліст. 1657). 11.6.1657 вайну Швецыі аб’явіў дацкі кароль Фрэдэрык III, які, аднак, пацярпеў паражэнні: шведы занялі Ютландыю і высадзіліся на дацкія астравы. Данія і Швецыя падпісалі мір (8.3.1658 у Раскіле), паводле якога Швецыя атрымала паўвостраў Сконе і інш. дацкія ўладанні ў Скандынавіі. У жн. 1658 Карл X Густаў парушыў мір і аблажыў Капенгаген. На дапамогу датчанам прыйшлі аўстрыйскія, брандэнбургскія, польскія (на чале з Чарнецкім) войскі і галандскі флот. Правал шведскага штурму Капенгагена ў лют. 1659 і канчатковае выгнанне шведаў з Польшчы вырашылі зыход вайны. Смерць Карла X Густава аблегчыла мірныя перагаворы, якія завяршыліся падпісаннем Аліўскага міру 1660 паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай і Капенгагенскага міру 1660 паміж Швецыяй і Даніяй. Швецыя захавала тэрытарыяльныя набыткі, прадугледжаныя Раскільскім дагаворам (за выключэннем некаторых пунктаў). Кароль польскі і вял. кн. літ. Ян II Казімір адмовіўся ад прэтэнзій на шведскі трон. Рэч Паспалітая прызнала шведскія заваяванні ў Інфлянтах на Пн ад Дзвіны; Курляндскае і Земгальскае княства і Інфлянцкае ваяв. засталіся ў Рэчы Паспалітай як сумеснае ўладанне Польшчы і ВКЛ.
Літ.:
Szełągowski A. Sprawa północna w wiekach XVI i XVII. Cz. 3. Warszawa, 1905;
Яго ж. Walka o Bałtyk. 2 wyd. Lwów, 1921;
Konopczyński W. Polska a Szwecja od pokoju oliwskiego do upadku Rzeczypospolitej 1660—1795. Warszawa, 1924;
Polska w okresie drugiej wojny północnej 1655—1660: Mapy i szkice. Warszawa, 1957;
Wojna polsko-szwedzka 1655—1660. Warszawa, 1973.
т. 12, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)