КЕНАТА́Ф (ад грэч. kenotaphos пустая магіла),
магіла без пахавання. К. рабілі многія народы свету (Стараж. Грэцыі, Рыма, Егіпта, Сярэдняй Азіі і інш.) у тым выпадку, калі нябожчыка (напр., памерлага на чужыне) нельга было пахаваць. Гэты звычай быў звязаны з уяўленнем, што душы памерлых, якія не маюць магіл, не знаходзяць супакаення. К. трапляюцца пры раскопках стараж. могільнікаў, у т. л. курганаў на тэр. Беларусі.
т. 8, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЧАТО́ВІЙ (лац. Kurchatovium),
Ku, штучны радыеактыўны элемент IV групы перыяд. сістэмы, ат. н. 104. Стабільных ізатопаў не мае. Вядомы 10 ізатопаў з масавымі лікамі 253—262; найб. устойлівы — 261Ku (перыяд паўраспаду 70 с). Атрыманы ў 1964 Г.М.Флёравым з супрацоўнікамі. Назва «К.» (у гонар І.В.Курчатава) прапанавана ў СССР, у ЗША гэты элемент наз. рэзерфордзій (сімвал Rf); назва 104-га элемента канчаткова не прынята.
т. 9, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРЭ́НСІЙ (лац. Lawrencium),
Lr, штучны радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 103, адносіцца да актыноідаў. Стабільных ізатопаў не мае. Вядомы ізатопы з масавымі лікамі 253—260; найб. устойлівы — 260Lr (перыяд паўраспаду 180 с). Першыя надзейныя звесткі пра элемент 103 атрыманы ў СССР Г.М.Флёравым з супрацоўнікамі (1965—67). Назва элемента ў гонар амер. фізіка Э.А.Лоўрэнса канчаткова не прынята.
т. 9, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ТНАЯ СВАБО́ДНАЯ ЗО́НА,
тэрыторыя, якая з пункту гледжання мытнага і валютнага права лічыцца за мяжой. Грузы, што пастаўляюцца на гэту тэрыторыю, не абкладаюцца мытнай пошлінай і інш. выдаткамі. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь да замежных тавараў таксама не ўжываюцца меры эканам. палітыкі, а айчынныя тавары размяшчаюцца і выкарыстоўваюцца ў адпаведнасці з мытным рэжымам экспарту. М.с.з. ствараецца па рашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
т. 11, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІСА́, Яблынька,
рака ў Талачынскім р-не Віцебскай вобл. і Крупскім р-не Мінскай вобл., левы прыток р. Бобр (бас. р. Дняпро). Даўж. 24 км. Вадазбор дробнаўзгорысты, пл. 179 км². Пачынаецца на паўн. ускраіне в. Раманаўка Талачынскага р-на, вусце ў межах в. Пліса Крупскага р-на. У верхнім цячэнні ад вытоку на працягу 6—7 км у малаводныя гады перасыхае.
т. 12, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЮСЫ СВЕ́ТУ паўночны і Паўднёвы,
пункты перасячэння восі свету з нябеснай сферай. Паблізу Паўн. П.с. знаходзіцца Палярная зорка. Не ўдзельнічаюць у сутачным вярчэнні нябеснай сферы, але з прычыны прэцэсіі павольна перамяшчаюцца адносна зорак па эліпсе, які не замыкаецца, з вуглавым памерам вял. паўвосі 26°27′ і робяць поўны абарот за 26 тыс. гадоў. Пры гэтым з-за нутацыі маюць месца невялікія ваганні П.с.
т. 12, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЛУ́ПНІКІ,
беззямельныя і малазямельныя сяляне на Беларусі ў 16—19 ст. Іх маёмасць найчасцей складалася з хаты (халупы) і невял. колькасці жывёлы. У ВКЛ Х. не адраблялі паншчыны і не плацілі аброку, але штогод плацілі феадалу, на зямлі якога жылі, т.зв. паседзінкі (2—4 злотых). Малазямельныя Х. ў 17 ст. зліліся з цяглымі сялянамі. У 19 ст. плацілі падушны падатак.
т. 16, с. 533
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНІ́ЦА,
рака ў Іўеўскім р-не Гродзенскай вобл. і Валожынскім р-не Мінскай вобл., правы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Нёман). Даўж. 22 км. Пл. вадазбору 207 км². Пачынаецца за 2 км на У ад в. Вайганы Валожынскага р-на, цячэ ў межах Лідскай раўніны, упадае ў Бярэзіну за 1,5 км на Пд ад хутара Будзішча. Рэчышча на працягу 19,2 км капалізаванае.
т. 17, с. 235
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р АБ КО́СМАСЕ 1967,
міжнароднае пагадненне аб прынцыпах дзейнасці дзяржаў па даследаванні і выкарыстанні касм. прасторы, у т. л. Месяца і інш. нябесных цел. Шматбаковы дагавор, у ім удзельнічае больш за 100 дзяржаў, у т. л. Рэспубліка Беларусь. Адкрыты для падпісання ў Маскве, Вашынгтоне і Лондане 27.1.1967. БССР падпісала дагавор 10.2.1967, ратыфікавала яго 23.6.1967. Паводле дагавора, даследаванне і выкарыстанне касм. прасторы павінна ажыццяўляцца ў інтарэсах усіх краін. Касм. прастора не падлягае нац. прысваенню: ёй могуць карыстацца ўсе дзяржавы. Дзяржавы-ўдзельніцы дагавора абавязваюцца не выводзіць на арбіту вакол Зямлі аб’екты з ядз. зброяй, не размяшчаць такую зброю на нябесных целах і ў касм. прасторы. Месяц і інш. нябесныя целы павінны выкарыстоўвацца выключна ў мірных мэтах.
Ю.П.Броўка.
т. 5, с. 570
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗІМО́ВАЕ ЧАРАЎНІ́ЦТВА»
(«Winterzauber»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан Расонска-Асвейскай партыз. зоны ў трохвугольніку Себеж—Асвея—Полацк Віцебскай вобл. 14.2—20.3.1943 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася карнай групоўкай «Берта» (10 паліцэйскіх батальёнаў, падраздзяленні 3-й танк. арміі, 201, 281-й ахоўных і 391-й вучэбна-палявой дывізій). Знішчыць партызан і ліквідаваць партыз. зону гітлераўцам не ўдалося. У ходзе аперацыі яны загубілі 3,5 тыс. мясц. жыхароў, 2 тыс. вывезлі ў Германію, больш за 1 тыс. дзяцей — у Сапаспілскі лагер смерці (Латвія), разрабавалі і спалілі 158 нас. пунктаў, у т. л. ў Верхнядзвінскім р-не спалілі разам з жыхарамі вёскі Абразеева, Аніськава, Жарнасекі, Калюты, Канстанцінава, Папартнае, Сокалава (пасля вайны не аднавіліся) і інш.
У.С.Пасэ.
т. 7, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)