«О́ВЕРЛО́РД»

(англ. Overlord сюзерэн, валадар, вярх. ўладар),

кодавая назва гал. стратэг. аперацыі ўзбр. сіл краін антыгітлераўскай кааліцыі (пераважна ЗША і Вялікабрытаніі, а таксама Канады, Чэхаславакіі і Польшчы) па адкрыцці другога фронту ў Еўропе ў 2-ю сусв. вайну. Складаўся з Нармандскай дэсантнай аперацыі 1944 (кодавая назва «Нептун») і Фалезскай аперацыі (праведзена 10—25.8.1944). 15.8—3.9.1944 у раёне г. Марсель дадаткова праведзена Паўд.-франц. дэсантная аперацыя (кодавыя назвы «Энвіл», з 27 ліп. — «Драгун»), у выніку чаго ўтварыўся адзіны фронт саюзных войск у Францыі (злучыліся 11.9.1944 у раёне г. Дыжон) для разгортвання іх далейшага наступлення на Германію.

Літ.:

Гл. пры арт. Другі фронт.

т. 11, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́ЖСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1815,

мірны дагавор паміж удзельнікамі 7-й антыфранц. кааліцыі (Расіяй, Вялікабрытаніяй, Аўстрыяй і Прусіяй) і пераможанай Францыяй, падпісаны ў Парыжы 20 ліст. Завяршыў апошнюю з Напалеонаўскіх войнаў (крас.чэрв. 1815), у выніку якой у Францыі ў другі раз быў скінуты з прастола Напалеон I і адноўлена ўлада Бурбонаў (гл. «Сто дзён»), Умовы П.м.д. 1815 былі больш суровымі, чым умовы Парыжскага мірнага дагавора 1814. Францыя, зведзеная да межаў 1790, страчвала важныя стратэг. раёны (Філіпвіль, Саарлуі і інш.), павінна была выплаціць кантрыбуцыю (700 млн. франкаў), утрымліваць войскі саюзнікаў, якія заставаліся на яе тэр. на працягу 3—5 гадоў (фактычна акупацыя спынена ў 1818).

т. 12, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЫ́СЫ»,

«Карапет», «Дзевачка Надзя», «Муха», гарадскі бытавы танец. Муз. памер ​2/4, ​4/4; тэмп умерана хуткі. Паходзіць ад паўд.-амер. танца тустэп. Уключае абмежаваную колькасць стандартных рухаў, якія паўтараюцца некалькі разоў запар. На 1-е правядзенне мелодыі танцоры робяць 4 факстротныя крокі ў адзін, потым у другі бок, на 2-е — круцяцца ў пары рухам полька-вальс, потым дзяўчына некалькі разоў паварочваецца пад правай рукой партнёра. Пашыраны па ўсёй Беларусі, мае нязначныя рэгіянальныя адрозненні. Выконваецца пад каларытныя мясц. прыпеўкі: «А чаго ты лысы, без валос астаўся? // А таму, што з дзеўкамі многа мілаваўся... // А дзевачка Надзя, чаго табе нада? // Нічаго не нада, кроме чыкалада».

т. 9, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАМАРФО́З у раслін,

відазмяненне асн. органаў пры змене іх функцый або ўмоў функцыянавання. Выпрацоўваецца і замацоўваецца ў працэсе эвалюцыі. Напр., у многіх травяністых раслін парастак спачатку знаходзіцца на паверхні глебы і мае зялёнае асімілюючае лісце, потым траціць яго, утварае прыдаткавыя карані, заглыбляецца ў глебу і ператвараецца ў падземны орган — карэнішча. Так адбываецца сапраўдны М. аднаго органа ў другі са зменай формы і функцыі. У большасці выпадкаў змяняюцца зачаткі, а не дарослыя органы. М. парасткаў — карэнішча, клубні, цыбуліны, мясістыя сцёблы кактусаў, кладодыі ў спаржы, вусікі ў вінаграду, калючкі ў глогу; лісця — утварэнне лускавінак (пупышкавых, цыбульных, прыкветкавых); каранёў — паветраныя карані ў архідэй, клубні ў вяргіні і інш.

т. 10, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МІКІ́ТА»,

бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп жвавы. Найб. тыповы варыянт танца апісаў Е.​Раманаў: «Два хлопцы, узяўшыся за процілеглыя канцы палкі, пад музыку, у такт, то адну, то другую нагу спрытна перакідваюць над палкай, быццам бы пералазяць цераз яе. Гэты танец даволі ўтомны і патрабуе спрыту». У Брэсцкай вобл. танцор браў палку (ці качаргу) за адзін канец, а другі апускаў на падлогу і прыпяваючы скакаў цераз яе туды і назад, а потым выконваў вакол качаргі імправізаваны танец. Часам на падлогу клалі 3 палкі паралельна, часам 2 накрыж, і скакалі, танцавалі над імі, стараючыся не зачапіць іх. Выконваецца пад прыпеўкі. Пашыраны па ўсёй Беларусі.

т. 10, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСЕЎДАПО́ДЫІ [ад псеўда... + грэч. pus (podos) нага],

псеўданожкі, часовыя цытаплазматычныя вырасты ў аднаклетачных (караняножкі, некат. жгуцікавыя, спаравікі, слізевікі) і некат. клетак шматклетачных жывёл (лейкацыты, макрафагі, яйцы губак, кішачнаполасцевых, некат. раснічных чарвей), якія служаць для перамяшчэння арганізма ў прасторы, захопу корму або пабочных часцінак.

Утварэнне П. — праяўленне прасцейшай формы руху цытаплазмы: цыклозу або амёбападобнага руху. Яны ўзнікаюць і ўцягваюцца ў розных месцах клеткі, таму яе форма пры руху пастаянна мяняецца. Для тлумачэння ўтварэння П. і амёбападобнага руху існуе шэраг тэорый: змяненне паверхневага нацяжэння клеткі; наяўнасць абарачальнага працэсу пераходу асобных порцый цытаплазмы з аднаго стану ў другі і інш.

А.​С.​Леанцюк.

т. 13, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НСКІЯ АРБІТРА́ЖЫ 1938 і 1940,

трацейскія рашэнні міністраў замежных спраў Германіі І.​Рыбентропа і Італіі Г.​Чыяна аб задавальненні тэр. дамаганняў Венгрыі (вынесены ў Вене, адсюль назва). Паводле 1-га Венскага арбітражу (2.11.1938) пад націскам Германіі і Італіі Чэхаславакія ўступіла Венгрыі паўд. і паўд.-зах. раёны Славакіі і паўд. ч. Закарпацкай Украіны (11 927 км², больш за 1 млн. чал.). Паводле 2-га Венскага арбітражу (30.8.1940) ад Румыніі да Венгрыі адышлі паўн. і паўн.-ўсх. часткі Трансільваніі (43 тыс. км², 2577 тыс. чал., у т. л. больш за 1 млн. румынаў). Другі Венскі арбітраж выкарыстаны Гітлерам для ўмацавання ўласных пазіцый у Румыніі і Венгрыі. Рашэнні абодвух арбітражаў юрыдычна скасаваны паводле Парыжскіх мірных дагавораў 1947.

т. 4, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЬДЭ (Ірына) (сапр. Палатнюк Дар’я Дзмітрыеўна; 5.5.1907, г. Чарнаўцы, Украіна — 30.10.1982),

украінская пісьменніца. У 1928—33 вучылася ў Львоўскім ун-це. Друкавалася з 1930. Аўтар кніг аповесцей, апавяданняў і нарысаў «Гісторыя аднаго жыцця» (1946), «Яблыні зацвілі ў другі раз» (1949), «Ружы і церні» (1961), «Чалавечае цяпло» (1964), зб. «Мініяцюры» (1969) і інш. У рамане «Сёстры Рычынскія» (кн. 1—2, 1958—64; Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Р.​Шаўчэнкі 1965) намалявала шырокую панараму міжваеннага дваццацігоддзя ва Усх. Галіцыі. На бел. мову творы Вільдэ перакладалі Я.​Брыль, А.​Васілевіч, Л.​Салавей, Я.​Скрыган, А.​Шарахоўская.

Тв.:

Твори. Т. 1—5. Киів, 1967—68.

Літ.:

І.​Вільде: Бібліогр. покажчик. Львів, 1972.

т. 4, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЦІ́Н (Іван Мікітавіч) (12.1.1735, Арзамаскі пав. Ніжагародскай губ. — 17.10.1792),

расійскі гісторык, археограф. Атрымаў хатнюю адукацыю. Служыў у Коннагвардзейскім палку (1751—68), працаваў дырэктарам мытні ў г. Васількоў Кіеўскай губ. (1769—79). З 1779 у Пецярбургу: пракурор (з 1781), чл. Ваен. калегіі (з 1788), ген.-м. (1786). Аўтар прац «Заўвагі на гісторыю старажытную і цяперашнюю Расіі пана Леклерка» (т. 1—2, 1788), «Крытычныя заўвагі ... на першы і другі тамы гісторыі князя Шчарбатава» (т. 1—2, 1793—94). Падрыхтаваў да друку выданне падрабязнай рэдакцыі «Рускай праўды» і інш. гіст. помнікаў. Сфармуляваў задачы адбору, супастаўлення, крытычнага аналізу гіст. крыніц і інш.

Літ.:

Шанский Д.Н. Из истории русской исторической мысли: И.​Н.​Болтин. М., 1983.

т. 2, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́НАВІЧ ((Домановић) Радоэ) (4.2.1873, Оўсіштэ, каля г. Крагуевац, Сербія — 4.8.1908),

сербскі пісьменнік. Скончыў Белградскі ун-т (1894). За выступленне супраць абсалютызму дынастыі Абрэнавічаў зазнаў ганенні. Раннім аповесцям і апавяданням Д. ўласціва ўвага да побыту жыцця тагачасных горада і вёскі («Дзень нараджэння», «Сны і ява», «На раздарожжы» і інш.). З канца 1890-х г. — пачынальнік сербскай сатыры, стваральнік жанру алегарычна-сатыр. прозы: апавяданні «Не разумею!» (1898), «Кляймо» (1899), «Каралевіч Марка другі раз між сербаў» (1901), аповесць «Страдыя» (1902) і інш. Творы Д. на бел. мову перакладаў І.​Чарота.

Тв.:

Бел. пер. — Сны і ява. Сербская ініцыятыва. Бессардэчныя людзі // Далягляды. Мн., 1979;

Рус. пер. — Повести и рассказы. М., 1956.

І.​Л.​Чарота.

т. 6, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)