штучна створаныя гнёзды для пчаліных сем’яў. Папярэднікамі вулляў былі борці (вуллі ў выглядзе выдзеўбанай калоды або дупла ў дрэве, дзе жылі пчолы). Робяць вуллі з драўніны хвойных (елка, піхта, нясмольная хвоя) і мяккіх лісцевых парод (ліпа, таполя, вярба). Пашыраны разборны рамачны вулей, які сканструяваў рус. пчаляр П.І.Пракаповіч (1814).
Удасканалены рамачны вулей складаецца з аднаго або некалькіх карпусоў, у кожным з якіх размяшчаецца ад 10 да 24 гнездавых рамак (дзе пчолы гадуюць лічынак, складваюць мёд і пяргу). Корпус мае ляткі для праходу пчол, прылётную дошку, надстаўку, якая дазваляе пашырыць аб’ём пчалінага гнязда, дно, паддашнік (для верхняга ўцяплення), столь, дах, рамкі і паўрамкі. Вуллі бываюць вертыкальныя (стаякі) і гарызантальныя (лежакі). У вертыкальным рамкі размяшчаюцца ў некалькі ярусаў, у гарызантальным — у 1 ярус.
На Беларусі найб. пашыраны вулей 16-рамачны з магазіннай надстаўкай, вулей-ляжак на 20 рамак і шматкорпусны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПА́ЛКАВАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
галіна дрэваапрацоўчай прамысловасці, якая вырабляе запалкі. Адна з найб. механізаваных і аўтаматызаваных галін дрэваапр. прам-сці. Уключае апрацоўку драўніны (распілоўванне бярвення на цуркі і лушчэнне іх), выраб (са шпоны) і апрацоўку (парафінам) запалкавай саломкі, стварэнне запалкавай галоўкі, выраб запалкавых карабкоў (са шпоны або кардону), упакоўку запалак (па 50—60 шт. у 1 карабок), па 1000 карабкоў у скрынку. Вырабляецца паточным метадам.
Выраб запалак пачаўся ў многіх краінах у 1830-я г. Першая запалкавая ф-ка ў Расіі пабудавана ў Пецярбургу (1837). На Беларусі выраб запалак пачалі ў 2-й пал. 19 ст. У 1880 было 14 паўсаматужных ф-к. Выраблялі небяспечныя запалкі з прымессю белага фосфару (бяспечныя распрацаваны ў Швейцарыі ў 1855). У 2-й пал. 1920-х г. запалкі выраблялі ў гарадах Барысаў, Гомель, Рэчыца, Пінск. У Вял.Айч. вайну ф-кі разбураны. Пасля вайны працуюць Барысаўская і Пінская запалкавыя ф-кі, Гомельскі фанерна-запалкавы камбінат. Выпуск запалак складае 2029,1 тыс. умоўных скрынак (1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКАФА́РБАВЫЯ ПАКРЫ́ЦЦІ,
пакрыцці, якія ўтвараюцца пасля ацвярдзення (высыхання) лакафарбавых матэрыялаў, нанесеных на цвёрдую паверхню. Асн. прызначэнне Л.п. — ахова матэрыялаў ад разбурэння (напр., металаў ад карозіі, драўніны ад гніення) і дэкаратыўная апрацоўка паверхні.
Паводле эксплуатацыйных уласцівасцей Л.п. падзяляюць на атмасфера-, тэрма-, вода-, масла- і бензаўстойлівыя, хімічна ўстойлівыя, электраізаляцыйныя, кансервацыйныя і спец. прызначэння. Звычайна Л.п. атрымліваюць нанясеннем на паверхню некалькіх слаёў лакафарбавых матэрыялаў, якія адрозніваюцца саставам і хім. прыродай плёнкаўтваральных рэчываў. Адрозніваюць слаі: ніжнія (грунтовачныя, гл.Грунтоўкі), прамежкавыя (шпаклёвачныя, гл.Шпаклёўка), верхнія (покрыўныя), якія ўтвараюць фарбы і лакі. Агульная таўшчыня мнагаслойных Л.п. — 30—300 мкм. Асн.тэхнал. аперацыі атрымання Л.п.: падрыхтоўка паверхні для забеспячэння добрай адгезіі Л.п.; нанясенне лакафарбавых матэрыялаў распыленнем (пнеўматычным, гідраўлічным, аэразольным, у электрастатычным полі высокага напружання), акунаннем, абліваннем, уручную; сушка пры пакаёвай т-ры тэрмапластычных Л.п. ці пры павышаных т-рах (80—160 °C) тэрмарэактыўных; прамежкавая апрацоўка — шліфаванне ніжніх і паліраванне верхніх слаёў для надання Л.п. люстранога бляску. Выкарыстоўваюць ва ўсіх галінах нар гаспадаркі (найб. у машынабудаванні, буд. індустрыі) і ў быце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАМАТЭРЫЯ́ЛЫ,
матэрыялы з драўніны. Захоўваюць яе прыродную структуру і хім. састаў. Бываюць хвойныя (хвоя, елка, піхта, лістоўніца, кедр) і лісцевыя (бяроза, дуб, асіна, граб, бук, ясень і інш.); неапрацаваныя круглыя (бярвенне, жэрдзе, калы і інш.) і апрацаваныя (піламатэрыялы — дошкі, брусы, брускі, рэйкі, шпалы, а таксама колатыя Л., струганая і лушчаная шпона). Да Л. адносяць і пнёва-каранёвыя масы, сучча, кару, пілавінне, трэскі і інш. Перапрацоўваюцца на лесапільных з-дах, выкарыстоўваюцца пры вытв-сці мэблі, буд. дэталей і канструкцый, у цэлюлозна-папяровай і лесахім. вытв-сці.
Круглыя Л. атрымліваюць распілоўкай ствалоў (хлыстоў) на адрэзкі — сартыменты (кароткія да 2,5 м, доўгія 2,5—8 м, даўгамерныя больш за 8 м). Падтаварнік (дыяметр у верхнім водрубе 8—13 см, даўжыня 3—9 м), жэрдзе (адпаведна 3—7 см і 3—9 м), калы (6 см і да 2,85 м) выкарыстоўваюць для абрашоткі ў пакрыццях, агароджах, насцілах і інш.Гл. таксама Лесанарыхтоўчая прамысловасць, Лесанарыхтоўчыя работы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАБІЯЛАГІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна хімічнай прамысловасці, у якой вытв. працэсы звязаны з мікрабіял. сінтэзам нехарч. сыравіны. Выкарыстоўвае нафту і прыродны газ, гідралізаты драўніны, адходы прамысл. перапрацоўкі с.-г. прадукцыі (збожжавых культур, сланечніку, цукр. буракоў і інш.). Вырабляе бялкова-вітамінныя канцэнтраты, антыбіётыкі, амінакіслоты, бактэрыяльныя ўгнаенні, прэпараты для аховы раслін ад шкоднікаў і хвароб, а таксама прадукты комплекснай перапрацоўкі расліннай сыравіны — ксіліт, фурфурол і інш. Галіна развіта ў большасці краін свету, найбольш — у ЗША, Германіі, Японіі, Расіі, Італіі, Францыі. На Беларусі прадстаўлена кірункамі: вытв-сцю кармавых бялковых рэчываў, кармавых вітамінаў, кармавых дражджэй і антыбіётыкаў немедыцынскага прызначэння. Кармавы бялок выпускаюць Рэчыцкі доследна-прамысл. гідролізны і Бабруйскі гідролізны з-ды, кармавыя вітаміны — Пінскі з-д кармавых вітамінаў. Ветэрынарныя прэпараты выпускаюць з-ды ветэрынарных прэпаратаў у Віцебску і Магілёве. Буйнейшае прадпрыемства па вытв-сці бялкова-вітамінных канцэнтратаў — Наваполацкі бялкова-вітамінны з-д (у 1999 знаходзіцца ў стадыі рэарганізацыі ў сувязі з пераходам вытв-сці з вуглевадароднай сыравіны на с.-г. сыравіну).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЛІ́ННЫЯ РЭСУ́РСЫ,
кампаненты жывой прыроды расл. паходжання, якія з’яўляюцца крыніцамі сродкаў існавання чалавецтва. Выконваюць сыравінную, асяроддзеахоўную і сац. функцыі. Да Р.р. адносяць лясную, лугавую, балотную і інш.расліннасці. На Беларусі (2000) лясная расліннасць займае 9,2 млн.га (44% тэр.), з іх 67,6% хвойных лясоў (58,2% хваёвых, 9,4% яловых), 4,5% шыракалістых лясоў (4% дубовых, 0,5% грабавых), 27,9% драбналістых лясоў (16,2% бярозавых, 9,4% альховых, 2,3% асінавых). Агульны запас драўніны — 1,1 млрд.м³, гадавы сярэдні прырост — 25 млн.м³. На аднаго чалавека прыпадае 0,74 га спелых лясоў і 110 м³ растучага лесу. Лутавая расліннасць пашырана на 17,2% тэр., падзяляецца на поймавую (6% пл. лугоў; найб.прадукц.), сухадольную (80%; найменш прадукц.), нізінную (14%). Каля 36% нізінных лугоў выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, даюць да 50% кармоў. Агульны запас зялёнай масы 48 млн.т, сена 8 млн.т. Балотная расліннасць займае 12,4% тэр., з іх 80% расліннасць нізінных балот, 14% вярховых, 6% пераходных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАЎЛЕ́ННЕ ЛЕ́СУ,
адбываецца пад полагам дрэвастою, на высечках, гарах і інш. участках, якія раней былі пад лесам. Бывае прыроднае, штучнае і камбінаванае. Прыроднае аднаўленне лесу — біял. самааднаўленне лесу самасевам, пнёвымі і каранёвымі парасткамі. Працякае больш эфектыўна, калі на высечках пакідаюць пэўную колькасць насенных дрэў, лесасекі ачышчаюць ад рэшткаў драўніны, а глебу на іх пэўным чынам апрацоўваюць. Фіз.-геагр. асяроддзе для прыроднага насеннага аднаўлення лесу больш спрыяльнае ў лясной зоне, асабліва ў тайзе, дзе менш падлеску і травяністай расліннасці; горш працякае ў лесастэпавай, стэпавай, паўпустыннай зонах і прытундравай падзоне. Часта пры прыродным аднаўленні лесу адбываецца змена парод і ўтварэнне т.зв. вытворных лясоў: бярэзнікаў, алешнікаў, грабнякоў, асіннікаў і да т.п. Штучнае аднаўленне лесу — пасевы насення, пасадка сеянцаў, саджанцаў, сцябловых і каранёвых чаранкоў. Праводзяць на ўчастках, дзе прыроднае аднаўленне лесу не дае добрых вынікаў. На тэр. Беларусі яно арыентавана пераважна на вырошчванне хвоі, елкі, дубу, лістоўніцы і інш. (у лясах дзярж. фонду штогод праводзіцца на пл. каля 34 тыс.га). Камбінаванае (мяшанае), спалучае прыроднае і штучнае аднаўленне лесу на адной і той жа плошчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБІ́ЛЬНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ, дубільнікі,
рэчывы, якія выкарыстоўваюць для дублення скуры і футра. Паводле хім. прыроды адрозніваюць мінеральныя і арганічныя.
Мінеральныя Д.р. — солі хрому, алюмінію, цырконію, жалеза, тытану і інш. Выкарыстоўваюць пераважна злучэнні Cr(III) (хромавае дубленне), у асн. гідраксасолі (напр., гідраксід-сульфат CrOHSO4) ці камбінацыі іх з інш. дубільнікамі. Злучэнні цырконію (напр., сульфатацырканат натрыю Na4Zr(SO4)4) павышаюць вода- і зносаўстойлівасць скуры, робяць гладкім і шчыльным вонкавы бок. Арганічныя Д.р. падзяляюцца на простыя — альдэгіды (напр., фармальдэгід, глутаравы альдэгід), тлушчы рыб і марскіх жывёл (ворвань), і складаныя — раслінныя рэчывы (таніны), сінт. Д.р. і палімеры. Ворвані выкарыстоўваюць для вырабу натуральнай замшы (тлушчавае дубленне). Таніны атрымліваюць у выглядзе водных экстрактаў з кары, драўніны, лісця і пладоў некаторых раслін (дуба, вярбы, елкі, лістоўніцы, бадану і інш.). Чыста танінавае дубленне выкарыстоўваюць рэдка з-за працягласці працэсу. Замяняюць таніны і паскараюць працэс дублення сінт. Д.р. (напр., прадукты полікандэнсацыі рэзарцыну з фармальдэгідам). Палімерныя дубільнікі (напр., нізкамалекулярныя метылметакрылат і этылакрылат, карбаміда-, меламіна-, фенолфармальдэгідныя смолы і інш.). У камбінацыі з інш. Д.р. дазваляюць вырабляць скуры з паніжанай водапранікальнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯФРА́ГМА,
дэталь машын, прылад, апаратаў, збудаванняў у выглядзе сценкі або пласціны (з адтулінай ці суцэльная). У некаторых прыладах Д. наз.мембранай. 1) Д. вымяральная — дыск з адтулінай; адно са стандартных звужвальных прыстасаванняў. Выкарыстоўваецца пры вымярэнні расходу вадкасцей, газаў і пары, якія працякаюць па трубаправодзе.
2) Д. канструкцыі — суцэльны або рашотчаты элемент прасторавай канструкцыі для павелічэння яе жорсткасці. Выкарыстоўваецца ў танкасценных канструкцыях, каркасна- і буйнапанэльных збудаваннях і інш. 3) Д. плаціны — проціфільтрацыйная верт. сценка ўнутры цела земляной ці каменна-накідной плаціны. Вырабляецца з бетону, жалезабетону, металу, пластмас або драўніны.
4) Д. ў оптыцы — элемент аптычнай сістэмы ў выглядзе перагародкі, якая абмяжоўвае папярочнае сячэнне светлавых пучкоў. Вызначае апертуру, поле зроку, глыбіню рэзка адлюстраванай прасторы і інш., уплывае на аберацыі аптычных сістэм і раздзяляльную здольнасць сістэмы. Адрозніваюць Д. апертурную (вызначае памеры светлавых пучкоў, што праходзяць праз сістэму) і палявую (памеры прасторы прадметаў, што адлюстроўваюцца сістэмай). Д. перад аб’ектывам кіна- ці фотаапарата наз. святлоахоўнай блендай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ГАСНАЯ СЫРАВІ́НА,
адходы жыццезабеспячэння і жыццядзейнасці грамадства, якія пасля адпаведнай апрацоўкі могуць выкарыстоўвацца як вытв. або энергет. сыравіна. Уключае адходы прамысл. вытв-сці, буд-ва (рэшткі металаў, драўніны, шкла), прамысл. вырабаў (брак дэталей, зношаныя аўтапакрышкі), бытавыя (макулатура) і інш.
Неабходнасць выкарыстання Д.с. абумоўлена неўзнаўляльным памяншэннем карысных выкапняў і сыравінных энерганосьбітаў, абмежаванасцю самааднаўлення арган. матэрыялаў расліннага паходжання, таксама эфектыўнасцю. Напр., кошт выплаўкі сталі з металалому ў 10 разоў меншы, чым з руды, медзі — у 5, алюмінію — у 6, прычым затраты эл. энергіі ў 25 разоў; з 1 т косці атрымліваюць 160 кг клею, 110 кгтэхн. тлушчу і 420 кг касцявой мукі.
У Беларусі нарыхтоўкай Д.с. (гл.табл.) займаюцца канцэрн «Белдругрэсурсы» і «Белкаапсаюз», перапрацоўкай — розныя прадпрыемствы і з-ды, у т. л. Жлобінскі металургічны, Магілёўскія рэгенератарны і жэлацінавы, Слонімскі кардонна-папяровы «Альберцін», будматэрыялаў «Даманава» і інш.
А.А.Саламонаў, Я.П.Мініна.
Аб’ёмы нарыхтоўкі некаторых відаў другаснай сыравіны ў Беларусі