ВАСІЛЕ́ЎСКАЯ Галіна Ануфрыеўна (н. 15.1.1927, г.п. Клічаў Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1950). Працавала на Бел. радыё, у час. «Сельская гаспадарка Беларусі», «Работніца і сялянка», «Полымя». У 1982—88 дырэктар Бюро прапаганды маст. л-ры СП Беларусі. Друкуецца з 1953. Аўтар твораў для дзяцей і юнацтва: дакумент. аповесцей пра юную партызанку Рыму Кунько («Маланка ўначы», 1963) і юнага партыз. разведчыка Ціхана Барана («Малюнак на снезе», 1969), аповесці-хронікі «Бывай, Грушаўка» (1978) пра барацьбу падлеткаў у акупіраваным Мінску, аповесці «Я еду на вярблюдзе» (1970).
Тв.:
Выбранае. Мн., 1986;
Юныя назаўсёды. Мн., 1983;
Крылы, альбо Адзін год з жыцця Віталя Пятроўскага: Аповесць. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКА-РА́ДАМСКАЯ У́НІЯ 1401,
дзяржаўны і паліт. саюз ВКЛ і Польшчы. Дакумент пра заключэнне уніі быў падпісаны князямі і панамі ВКЛ 18.1.1401 у Вільні, у Польшчы — 11 сак. ў Радаме. Паводле пагаднення абедзве дзяржавы павінны былі дзейнічаць разам супраць знешніх ворагаў, польскія феадалы абавязваліся ў выпадку смерці Ягайлы не выбіраць караля без згоды феадалаў ВКЛ, пацвярджаліся правы вял. князя ВКЛВітаўта на самаст. кіраванне, але таксама прызнаваліся спадчынныя правы Ягайлы, які ў акце уніі названы найвышэйшым князем літоўскім. Уніяй быў юрыдычна замацаваны саюз дзяржаў у барацьбе з ням. агрэсіяй. Адным з вынікаў уніі стала перамога ў Грунвальдскай бітве 1410.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РЧЫК Міхаіл Навумавіч (Майсей Беньямінавіч; н. 7.6.1932, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1958). Працаваў у газ. «Зорька» (з 1954), выд-вах «Беларусь» (з 1964), «Мастацкая літаратура» (1972 — 92). Друкуецца з 1949. Піша на рус. і бел. мовах. Асн. тэматыка твораў для дзяцей — фарміраванне і станаўленне характару падлетка (кн. аповесцей і апавяданняў «Вецер ірве павуціну», 1963; «Зямное прыцягненне», 1965; «Сонечны круг», 1970; «Галінка зялёнага дрэва», 1977; «Дзе жывуць чараўнікі», 1980; «Самае сіняе неба», 1982). Аўтар раманаў «...Аддаеш назаўсёды» (1970), «Здабыццё надзеі» (1976), «Вяртанне да сябе» (1989), дакумент.-публіцыст. аповесці «Час гаспадароў» (1983).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДЗІ́НАС Яўген Дамінікавіч (н. 18.2.1944, Масква),
рускі пісьменнік, публіцыст. Скончыў Мінскі радыётэхнічны ін-т (1972). Працаваў у газ. «Знамя юности», уласным карэспандэнтам АДН па Беларусі, спец. карэспандэнтам па Беларусі і Прыбалтыцы час. «Дружба народов». З 1990 — старшыня праўлення выд-ва «Паліфакт» (Мінск). У кнігах нарысаў і публіцыстыкі «Адзін практычны крок» (1983), «Дом у сельскай мясцовасці» (1985), «Дзеючыя асобы» (1986) разглядае агр. і сац. праблемы, перспектывы сучаснай вёскі. У рамане-даследаванні «Прамежкавы чалавек» (1990) — крытычны погляд на сутнасць улады ў сацыяліст. перыяд жыцця. Аўтар сцэнарыяў маст. («З юбілеем пачакаем», «Ліфт для прамежкавага чалавека») і дакумент. фільмаў. Выдавец шматтомнай серыі «Вынікі стагоддзя».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУНЬЮЭ́ЛЬ, Бюнюэль (Buñuel) Луіс (22.2.1900, Каланда, прав. Тэруэль, Іспанія — 29.7.1983), іспанскі кінарэжысёр. Працаваў у Іспаніі, Францыі, ЗША, Мексіцы. Прадстаўнік сюррэаліст. кірунку ў зах.-еўрап. кінематографе 2-й пал. 1920-х г. («Андалузскі пёс», «Залаты век»). У больш позніх фільмах выкрываў рэліг. і грамадскія міфы, існаванне якіх абмяжоўвала свабоду чалавека: «Назарын» (1958), «Вірыдыяна» (1961), «Трыстана» (1970), «Сціплае абаянне буржуазіі» (1972), «Гэты невыразны аб’ект жадання» (1977; за 2 апошнія прэмія «Оскар»). З інш. фільмаў: «Лас Урдэс. Зямля без хлеба» (1932, дакумент.), «Вялікае казіно» (1945), «Лесвіца на неба» (1951).
Тв.:
Рус.пер. — Бунюэль о Бунюэле: Мой последний вздох: (воспоминания);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́ЕЎ Уладзімір Паўлавіч (21.3.1907, г. Камянец-Падольскі, Украіна — 20.2.1990),
рускі пісьменнік. Пісаў на рус. і ўкр. мовах. Першы твор — аповесць «Падлеткі» (1936). Найб. значны — трылогія «Старая крэпасць» (ч. 1—2, 1937—51; Дзярж. прэмія СССР 1952; фільм «Трывожная маладосць», 1955) пра лёс, прыгоды-выпрабаванні дзяцей у грамадз. вайну, дзейнасць першых камсамольцаў. Аўтар кніг апавяданняў, нарысаў, прысвечаных Вял.Айч. вайне («Граніца ў агні», 1948; «На ваенных дарогах», 1956; «Хто табе здрадзіў?», 1969; «Вішнёвая алея», 1985), дакумент. аповесці «Рэха чорнага лесу» (1963, з І.В.Падаляніным) і інш.Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Р.Шаўчэнкі 1975.
Літ.:
Разумневич В. Владимир Беляев: Очерк творчества. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАШУ́К Віктар Нічыпаравіч (н. 16.9.1938, в. Валокі Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. кінарэжысёр і сцэнарыст. Нар.арт. Беларусі (1989). Засл. дз. маст. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1960), Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве (1967). З 1960 на кінастудыі «Беларусьфільм», працуе ў галіне дакумент. кіно. Для творчасці Д. характэрны арганічны сплаў лірыкі і публіцыстыкі. Стварыў цыклы публіцыстычных фільмаў (Дзярж. прэмія СССР 1985): «Хатынскі цыкл» (1975—78, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976); «У вайны не жаночы твар» (1980—84, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Лейпцыгу 1983). З інш. фільмаў: «Дом» (1970), «А зязюля кукавала...» (1972, біяграфічны пра Я.Купалу), «Развітанне» (1980), «Віцебская справа» (1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСІЕ́ВІЧ Святлана Аляксандраўна (н. 31.5.1948, г. Івана-Франкоўск),
бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1972). З 1966 на пед. рабоце, пасля журналістка. Літ. дзейнасць пачала ў 1975 як празаік-дакументаліст. У кн. «У вайны — не жаночы твар...» (1985) расказала пра подзвіг жанчын-франтавічак, партызанак, падпольшчыц. Дзецям, што перажылі ням.-фаш. акупацыю, прысвяціла кн. «Апошнія сведкі» (1985). Амаральнасць і злачыннасць вайны ў Афганістане паказала ў кн. «Цынкавыя хлопчыкі» (1991). Па сцэнарыях Алексіевіч пастаўлены спектаклі і дакумент. фільм «У вайны — не жаночы твар...» (1980, 1983; Дзярж. прэмія СССР 1985). Аўтар п’есы «Марутка» (1987). Прэмія Ленінскага камсамола 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВУ́САЎ Алег Паўлавіч (н. 16.11.1945, г. Слуцк),
бел. мастацтвазнавец, дзеяч кінамастацтва. Скончыў БДУ (1966). Заснавальнік і мастацкі кіраўнік майстэрні мультфільмаў кінастудыі «Беларусьфільм» (1975—89), анімацыйных студый (1989—95), віцэ-прэзідэнт кінавідэастудыі «Кадр-2» (з 1995). З 1963 выступае ў друку па праблемах бел.выяўл. мастацтва. Аўтар сцэнарыяў хранікальна-дакумент. і публіцыстычных фільмаў «Прафесар прыгажосці» (1972, з У.Бойкам), «Загадка Ф.Скарыны» (1973), «Развітальны вальс» (1977), «Задума» (1979), «Нераскрыты» (1992) і інш. Стваральнік анімацыйных фільмаў: «Казка пра вясёлага клоуна» (1980, рэжысёр), «Несцерка» (1978, аўтар сцэнарыя з В.Вольскім), аўтар сцэнарыяў і рэжысёр стужак «Песня пра зубра» (1983), «Вельмі стары чалавек» (1989), «Дэкамерон» (1994, і прадзюсер).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕРА-АБСКУ́РА (ад лац. camera obscura літар. цёмны пакой),
найпрасцейшае аптычнае прыстасаванне для атрымання на экране відарыса прадмета. Дае відарыс, свабодны ад дысторсіі, і дазваляе фатаграфаваць аб’екты ў такіх прамянях (напр., рэнтгенаўскіх), для якіх нельга падабраць лінзы.
К.-а. ўяўляе сабой цёмную скрыню, у адной са сценак якой зроблена маленькая адтуліна. Прамяні святла ад розных пунктаў аб’екта праходзяць праз адтуліну і ствараюць яго відарыс на процілеглай сценцы скрыні. Такая ўласцівасць К.-а. была вядома Арыстоцелю; прынцып яе работы апісаны ў працах Леанарда да Вінчы. З 17 ст. выкарыстоўвалася для назірання сонечных зацьменняў, атрымання дакумент. рысункаў («фатаграфія да фатаграфіі») і інш. Заменена лінзавай камерай. Гл. таксама Фатаграфічны апарат.