прылада для вымярэння сілы току. Уключаецца ў эл. ланцуг паслядоўна, для павелічэння межаў вымярэнняў — з шунтом (пры пастаянным току) або праз трансфарматар (пры пераменным току). Характарызуецца значэннем намінальнага току, класам дакладнасці, колькасцю фазаў (для пераменнага току) і сістэмай прыстасаванняў. Паводле прынцыпу дзеяння бываюць магнітаэл., электрадынамічныя, электрамагн., цеплавыя і інш.
Схемы ўключэння амперметра (А) у электрычны ланцуг а — з шунтам; б — праз трансфарматар току; 1 — шунт; 2 і 4 — нагрузка; 3 — трансфарматар току.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІТАЦЫ́ЙНЫ КАРАТА́Ж,
метад геафіз. даследаванняў у буравых свідравінах, заснаваны на вымярэнні паскарэння сілы цяжару. Выкарыстоўваецца для вывучэння саставу горных парод і карысных выкапняў, вызначэння размяшчэння рудных цел і шчыльнасці горных парод, ціску і інш. Выконваецца з дапамогай спец.гравіметраў, якія апускаюць у свідравіны. Неабходныя звесткі аўтаматычна перадаюцца ў наземны пункт кіравання і рэгістрацыі праз інтэрвалы 50—70 м. Па выніках вымярэння будуюцца графікі змены паскарэння сілы цяжару, верт. градыента сілы цяжару і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПАРА́ЛЬНІК,
гідралагічная прылада ці ўстаноўка для вымярэннявыпарэння з розных натуральных паверхняў. Дзейнічае на прынцыпах вызначэння выпарэння па вазе або аб’ёме выпаранай з сасуда вады, змяненні канцэнтрацыі солі ў сасудзе, змяненні вагі маналіту глебы і інш. З паверхні вады выпарэнне вымяраецца воднымі выпаральнікамі (плывучыя выпаральнікі, выпаральныя басейны і інш.), з паверхні сушы — глебавымі выпаральнікамі (вагавыя, гідраўлічныя і інш.) і іх разнавіднасцю балотнымі выпаральнікамі. Для вызначэння колькасці ападкаў да выпаральнікаў звычайна дадаецца дажджамер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУБАВЫМЯРА́ЛЬНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
сродкі вымярэння, прызначаныя для ацэнкі дакладнасці зубчастых колаў і перадач па нормах кінематычнай дакладнасці, плаўнасці, кантакту і бакавога зазору. Падзяляюцца на станковыя (пры вымярэнні зубчастае кола ўстанаўліваюць на прыладу) і накладныя (прыладу накладваюць на зубчастае кола). З дапамогай З.п. вымяраюць міжцэнтравыя адлегласці (гл.Міжцэнтрамер), даўжыні агульных нармалей (гл.Нармалемер), шагі зачаплення (гл.Шагамер), хвалістасць паверхні, таўшчыню зубоў і г.д. Імі карыстаюцца пры вырабе зубчастых колаў і перадач.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТЭАРАЛАГІ́ЧНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
прылады, якія служаць для рэгістрацыі і вымярэння разнастайных метэаралагічных элементаў. Існуюць М.п. з візуальным адлікам і з аўтам. рэгістрацыяй адпаведных метэаралагічных элементаў (самапісцы), таксама дыстанцыйныя М.п., у т. л. размешчаныя на метэаралагічных спадарожніках. Для даследавання свабоднай атмасферы (за межамі прыземнага слоя паветра) выкарыстоўваюцца дыстанцыйныя аэралагічныя прылады — радыёзонды, метэарографы і інш. М.п. выкарыстоўваюць таксама для вызначэння клімату памяшканняў, напр., у музеях, дзе істотнае значэнне мае т-ра і вільготнасць паветра. Т-ру паветра і глебы вымяраюць метэаралагічнымі тэрмометрамі розных тыпаў і тэрмографамі. Вільготнасць паветра вызначаюць псіхрометрамі, гігрометрамі, гігрографамі. Колькасць і інтэнсіўнасць атм. ападкаў вымяраюць дажджамерамі, або ападкамерамі, і плювіёграфамі. Вышыню снегавога покрыва звычайна вымяраюць з дапамогай пастаянных і пераносных снегамерных рэек, запасы вады ў ім — аб’ёмнымі і вагавымі снегамерамі. Для вызначэння атм. ціску выкарыстоўваюць рознага тыпу барометры і барографы. Самае простае прыстасаванне для вызначэння напрамку і скорасці ветру — флюгер. Больш дасканалыя вынікі даюць анемометры, анемарумбамеры, анемарумбографы. Шэраг прылад прызначаны для вымярэння прамой і рассеянай сонечнай радыяцыі, выпрамянення зямной паверхні і атмасферы (актынометры, альбедаметры, балансамеры, піранометры, піргеліёметры і інш.), працягласць сонечнага ззяння рэгіструецца геліёграфамі. Існуюць М.п., якія вызначаюць выпарэнне (выпаральнікі), колькасць расы (расографы) і інш. характарыстыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́МЕТР (ад грэч. bolē прамень + ...метр),
прылада для вымярэння энергіі эл.-магн. выпрамянення. Асн. частка — тэрмаадчувальны элемент, эл. супраціўленне якога мяняецца пад уздзеяннем выпрамянення.
Бываюць балометры металічныя (тонкія чэрненыя метал. плёнкі), паўправадніковыя (гл.Тэрмарэзістар) і дыэлектрычныя (слаі сегнетаэлектрыкаў або аксідаў тытану ці крэмнію). Створаны звышправодныя балометры. Памеры і формы адчувальнага элемента вызначаюцца прыродай крыніцы выпрамянення; для спектральных вымярэнняў вырабляецца з 2 аднолькавых палосак (выпрамяненне накіроўваецца толькі на адну). Выкарыстоўваюцца балометры ў інфрачырв. спектраметрыі, радыё- і піраметрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕРО́ІД (ад а... + грэч. nēros вільготны + eidos від),
прылада для вымярэнняатм. ціску. Асн. дэталь — метал. скрыначка, унутры якой вакуум. Пры павышэнні ціску яна сціскаецца, што праз злучаную з ёю спружыну выклікае зрушэнне стрэлкі на шкале. Адчувальнасць да 10 Па. Для атрымання сапраўднага значэння ціску ў паказанні анероіда ўводзяць папраўкі, якія вызначаюцца пры параўнанні з данымі ртутнага барометра. Выкарыстоўваецца таксама як вышынямер (напр., у авіяцыі; шкалу анероіда градуіруюць у метрах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМАВА́Я АДЗІ́НКА,
адзінка вымярэння і параўнання агульнай (энергет.) пажыўнасці кармоў. На Беларусі за К.а. прынята пажыўнасць 1 кг зерня аўса сярэдняй якасці. Агульную пажыўнасць кармоў разлічваюць па колькасці ў іх сырога пратэіну, тлушчу і клятчаткі, безазоцістых экстрактыўных рэчываў, страўнасці гэтых рэчываў, велічыні зніжэння пажыўнасці кармоў у залежнасці ад колькасці ў іх сырой клятчаткі. Паказчыкам энергет. пажыўнасці кармоў можа служыць таксама велічыня насычанасці іх абменнай энергіяй. На аснове К.а. разлічваюць нормы кармлення для с.г. жывёл (гл.Кармавая норма).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЁМНІКІ ГУ́КУ,
акустычныя прылады для ўспрымання гукавых сігналаў і пераўтварэння іх з мэтай вымярэння, перадачы, узнаўлення, запісу ці аналізу.
Найб. пашыраны П.г., што пераўтвараюць акустычны сігнал у эл. (гл.Электраакустычныя пераўтваральнікі). Да іх адносяцца мікрафоны, якія выкарыстоўваюцца ў паветры, гідрафоны (у вадзе), геафоны (у грунце). Асноўныя характарыстыкі П.г.: адчувальнасць, частотная характарыстыка, уласнае эл. супраціўленне, накіраванасць. У якасці П.г. можна разглядаць і органы слыху жывёл і чалавека, якія пераўтвараюць акустычныя сігналы ў нервовыя імпульсы, што перадаюцца ў цэнтры галаўнога мозга.