ФРА́НКСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА, Франкскае каралеўства (лац. Regnum Francorum),
раннефеадальная дзяржава ў Зах. Еўропе ў 5—9 ст.Засн. ў 486 у Паўн. Галіі плямёнамі салічаскіх франкаў, якія заваявалі дзяржаву б.рым. намесніка Сіягрыя. Іх кароль (з 481) і першы кароль Ф.дз. [486—511), Хлодвіг I з дынастыі Меравінгаў у 496 прыняў хрысціянства і заключыў саюз з рымскай царквой, што спрыяла ўмацаванню дзяржавы і забяспечыла падтрымку ўплывовых вярхоў гала-рым. насельніцтва ў барацьбе з суседнімі варварскімі каралямі-арыянамі (гл.Арыянства). У 507 ён заваяваў Аквітанію, яго сыны і ўнукі — амаль усе астатнія землі Галіі, Алеманію (гл.Алеманы), Цюрынгію і Баварыю. Франкскія каралі сканцэнтравалі у сваіх руках усе ўладныя функцыі, паступова замест стараж.плем. інстытутаў улады ствараліся органы дзярж. кіравання. Пры стварэнні Ф.дз. асн. масу яе насельніцтва складалі вольныя франкі і гала-рымляне, напаўсвабодныя літы, калоны, вольнаадпушчанікі і рабы; родавай знаці ў салічаскіх франкаў у часы Меравінгаў не было, аднак у хуткім часе з ліку каралеўскіх дружыннікаў і давераных слуг пачала вылучацца служылая знаць. Пасля смерці Дагаберта I [629—639] паміж яе прадстаўнікамі пачаліся міжусобныя войны. У выніку Ф.дз. падзялілася на 3 часткі: Аўстразію (у бас. рэк Маас, Мозель і на У ад р. Рэйн), Бургундыю і Нейстрыю (паміж рэкамі Шэльда і Луара), ад яе часова аддзяліўся шэраг зямель. Каралеўская ўлада аслабела і ў кіраванні гал. ролю адыгрывалі маярдомы (кіраўнікі каралеўскіх палацаў і маёнткаў). Пасля працяглай барацьбы адзіным маярдомам усіх 3 частак Ф.дз. ў 687 стаў маярдом Аўстразіі Піпін Герыстальскі, які прывёў да пакорнасці знаць. Яго сын Карл Мартэл (маярдом у 715—741) шляхам раздачы бенефіцыяў за ваен. службу стварыў моцную армію, пакарыў фрызаў, абклаў данінай саксаў, у бітве пры Пуацье (732) разбіў арабаў і спыніў іх прасоўванне ў Еўропу, зноў падпарадкаваў Аквітанію. Сын Мартэла Піпін Кароткі (маярдом у 741—751) выцесніў арабаў з Галіі і канчаткова заваяваў Цюрынгію. Пры падтрымцы рым. папы ён скінуў апошняга караля з дынастыі Меравінгаў Хільдэрыка III [743—751] і сам стаў каралём [751—768), заснаваўшы дынастыю Каралінгаў. Найвыш. росквіту Ф.дз. дасягнула пры яго сыне Карле Вялікім [768—814], які ў выніку амаль няспынных войнаў стварыў вялізную імперыю, што ахоплівала амаль увесь тагачасны зах.-хрысц. свет — тэр. сучасных Францыі, Бельгіі, Нідэрландаў, Люксембурга, Аўстрыі, Швейцарыі, б.ч. Германіі і Італіі, ч. Іспаніі да р. Эбра; у 800 афіцыйна абвешчаны імператарам. Ён спрыяў развіццю асветы і мастацтва (гл.«Каралінгскае адраджэнне»), Пасля смерці Карла Вялікага пачаўся распад Ф.дз., якая паводле Вердэнскага дагавора 843 канчаткова падзелена на 3 дзяржавы: Зах.-франкскую (Францыя), Усх.-франкскую (Германія) і Сярэднефранкскую (Італія, Бургундыя, землі ўздоўж Рэйна).
Кр.:
Видукинд Корвейский. Деяния саксов. М., 1975;
Григорий Турский. История франков: Пер. с лат.М., 1987.
Літ.:
Лебек С. Происхождение франков, V—IX вв.: Пер. с фр.М., 1993;
Левандовский А.П. Карл Великий: Через империю к Европе. М., 1995;
Франкскае грамадства ў VI ст.: Зб. дак. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭСТЭ́ТЫКА (ад грэч. aisthētikos які адчувае, успрымае; пачуццёвы),
філасофская навука пра законы стварэння і засваення эстэт. і маст. каштоўнасцей, якія найперш характарызуюцца катэгорыяй прыгожага. Развіваючыся ў нетрах філасофіі, Э. вырашала праблемы прыгажосці звычайна ў анталагічнай сферы і была звязана з касмалогіяй, апісаннем гармоніі, парадку, рытму, пераймання ў мастацтве. Першапачаткова яна выяўлялася ў эстэт. сферы каштоўнасных адносін чалавека да свету і ў сферы маст. дзейнасці людзей. На працягу гісторыі змест Э. змяняўся ад разумення яе як філасофіі «прыгожага» да «філасофіі мастацтва».
Э. ў Платона — вучэнне пра паняцце прыгожага як выяўленне вобраза прыгажосці ў матэрыяльным свеце (анталогія). Далучэнне да прыгожага ў яго непадзельна звязана са спасціжэннем ісціны (гнасеалогія) і дасягненнем найвышэйшага дабра (этыка). Арыстоцель у сваёй «Паэтыцы» падаваў Э. як навуку пра маст. творчасць. Ням. філосаф А.Баўмгартэн вылучаў Э. ў самаст. навуку (1733), увёў тэрмін «Э.» для вызначэння філас. вучэння пра пачуццёвыя пазнанні і меркаванні, якія выяўляюцца і ўдасканальваюцца ў мастацтве. І.Кант разглядаў Э. як завяршальную частку агульнафілас. сістэмы; цесна звязваў эстэт. сферу з суб’ектам і яго ўспрыманнем аб’екта, г.зн. з суб’ектна-аб’ектнымі адносінамі. Гал. катэгорыямі Э. ён лічыў мэтазгоднасць, густ эстэтычны, прыгожае, узнёслае, якія звязаны ў яго з неўтылітарным сузіраннем, што надае пачуццё прыемнасці, асалоды. Г.Гегель у «Лекцыях па эстэтыцы» (выд. ў 1832—45) вызначыў яе прадмет як «вялікае царства прыгожага», або як галіну мастацтва і маст. творчасці, і лічыў, што гэту навуку належыць назваць «філасофіяй мастацтва»; у яго вучэнні абсалютны дух самараскрываецца ў акце маст. дзейнасці. Гегель узбагаціў тэарэт. Э. гіст. разуменнем законаў развіцця эстэт. свядомасці і мастацтва. Гіст. метады мастацтва даследавалі рус. філосафы В.Р.Бялінскі, М.Г.Чарнышэўскі, Г.В.Пляханаў, С.М.Булгакаў, М.А.Бярдзяеў і інш. Прадстаўнікі марксісцкай Э. (М.Ліфшыц, Д.Лукач, М.С.Каган і інш.) распрацоўвалі цэласную эстэт. сістэму, у якой сцвярджалася грамадска-прыродная сутнасць прыгажосці, разглядаліся асаблівасці праяўлення эстэт. адносін чалавека да рэчаіснасці, заканамернасці дыферэнцыяцыі эстэт. каштоўнасцей, што выступаюць у канкрэтных мадыфікацыях (прыгожае і агіднае, узнёслае і нізкае, трагічнае і камічнае і інш.). Імі распрацаваны суб’ектыўны бок Э. адносін — успрыманне эстэтычнае, эстэт. сузіранне, перажыванне, эстэт. густ і ідэал эстэтычны. Іх аналіз маст. дзейнасці даў магчымасць вывучыць узнікненне Э., яе структурную і функцыянальную своеасаблівасць, месца ў культуры, законы і гіст. формы развіцця мастацтва. Аднак на мастацтва яны пераносілі ідэалаг. прынцыпы класавасці і партыйнасці, адзіным прагрэс. метадам у мастацтве лічылі рэалізм. З 1960-х г.сав. эстэтыкі распрацоўвалі аксіялагічныя, псіхал., семіятычныя і інш. канцэпцыі тэорыі; атрымала развіццё тэхн. Э., канструяванне — дызайн.
Э. абапіраецца, з аднаго боку, на філас. пазнанне, з другога — на практыку маст. творчасці і яе выяўленне ў розных відах мастацтва, асн. мэтай якога з’яўляецца стварэнне эстэт. каштоўнасцей. У адпаведнасці з гэтым у Э. вылучаюць філас. кірункі (Э. пазітывізму, інтуітывізму, структуралізму) і плыні (Э. класіцызму, рамантызму, рэалізму, сімвалізму, канструктывізму і інш.). Важная метадалаг. праблема Э. — яе адносіны да мастацтвазнаўства, музыказнаўства, тэатразнаўства, кіназнаўства і інш.маст.навук. Гэтыя навукі засяроджваюць увагу на асобых заканамернасцях, уласцівых канкрэтнаму віду маст. творчасці, а Э. імкнецца спасцігнуць сутнасць і агульныя заканамернасці маст. творчасці ў цэлым. Аб’ектам такога даследавання твораў мастацтва выступае ўласцівы ўсім яго відам мастацкі вобраз, змест і форма. Эстэт. пабудовы могуць вызначацца і імкненнем па-філасофску абгрунтаваць тэарэт. асновы маст. метаду і кірунку (Э. барока, класіцызму, натуралізму, сімвалізму і г.д.). Узровень эстэт. культуры грамадства вызначаецца ступенню пранікнення эстэт. асноў у розныя сферы жыццядзейнасці (у працу, быт, тэхніку, паводзіны, спорт, рэлігію, грамадскае жыццё). Узаемадзеянне з інш. галінамі ведаў, у якіх так ці інакш праяўляюцца эстэт. адносіны, узнікаюць такія галіны ведаў, як матэм. Э., тэарэт.-інфарм. Э., псіхал. Э., семіятычная Э., сацыялагічная Э. і да т.п.
У эстэтычнай думцы Беларусі 10—15 ст. дамінавалі рэліг.-хрысц. Э. і катэгорыя ўзнёслага, характэрныя для рэлігіі, паэзіі, музыкі, выяўл. мастацтва, архітэктуры, і маст. культура пераходнага перыяду ад сярэдневякоўя да новага часу мела прыкметы рэнесансу (гл.Адраджэнне), арыентаванага на катэгорыю прыгожага, гармонію прыроды і чалавека, асобы і грамадства, рэлігіі і навукі, духоўнай універсальнай і нац. самабытнасці (асветніцкая дзейнасць Ф.Скарыны, В.Цяпінскага, вальнадумства С.Буднага, творчасць Міколы Гусоўскага, М.Сарбеўскага, Сімяона Полацкага). У гэты час узнікла тэорыя красамоўства і паэзіі (граматыкі Л.Зізанія, М.Сматрыцкага, курсы паэтыкі і рыторыкі Сарбеўскага). Познарэнесансавыя плыні культуры (канец 16—17 ст.) трансфарміраваліся трансфармаваліся* ў барочны тып Э., які сінтэзаваў сярэдневяковы спірытуалізм і рэнесансавы культ прыгожага, арыентаваўся на катэгорыі маст. дасціпнасці і вытанчанасці. Катэгорыя камічнага раскрывалася ў фальклоры і інш. формах нар. культуры. Асн. кірункам Э. і маст. культуры 18—1-й пал. 19 ст. быў класіцызм, які суіснаваў з інш. плынямі (барока, асветніцкі рэалізм, сентыменталізм). У пач. 19 ст. асветніцкая Э. дэмакратызавала класіцызм, арыентавала яго на грамадска-выхаваўчую функцыянальнасць, развіццё густу (курсы паэтыкі, рыторыкі, эстэтыкі і літаратуразнаўства Ф.Галянскага, Э.Славацкага, Л.Бароўскага, тэарэт. і практычная логіка А.Доўгірда). У 1-й пал. 19 ст. пачынальнікі бел. л-ры Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, В.Дунін-Марцінкевіч і інш. звярталіся да фалькл. вытокаў нац. культуры. Нац. самабытнасць бел. Э. сфарміравалася ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на аснове народніцкага дэмакратызму і крытычнага рэалізму (К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, К.Каганец, Цётка, Я.Купала, Я.Колас, браты А. і І.Луцкевічы, А.Гарун, М.Багдановіч, публіцыстыка газ. «Наша ніва» і інш.). У 1920-я г. поруч з бел. Э. адраджэнскага кірунку (Я.Купала, Я.Колас, М.Гарэцкі, А.Луцкевіч і інш.) узніклі марксісцкая плынь у эстэт. думцы і нацыянал-камуніст. Э. (літ.-маст. аб’яднанні «Маладняк», «Полымя»). Спецыфічна бел.авангардызм (аквітызм) зарадзіўся ў літ. згуртаванні «Узвышша» (1926—31). У 1930—40-я г. пануючым кірункам у афіц. Э. стаў вульгарны сацыялагізм. Традыцыі нац. Э. развіваліся ў Зах. Беларусі (І.Канчэўскі, У.Самойла, А.Луцкевіч і інш.). З сярэдзіны 1950-х г. пачалося адраджэннеэстэт. думкі. Даследаванні гісторыі і тэорыі Э. вяліся ў АН Беларусі, БДУ, Бел. ун-це культуры, Бел. акадэміі музыкі (А.Б.Ладыгіна, У.М.Конан, М.І.Крукоўскі, В.А.Салееў і інш.). У 1980-я — 1-й пал. 1990-х г.бел. Э. выйшла на тэорыю мастацтва і нац. культуры. Узніклі яе новыя кірункі — гісторыя і тэорыя маст. культуры, сацыялогія мастацтва, тэарэт. і гіст. культуралогія, Э. нар. творчасці, тэатр. Э., муз. культура.
Літ.:
Крюковский Н.И. Логика красоты. Мн., 1965;
Лосев А.Ф., Шестаков В.П. История эстетических категорий. М., 1965;
Кант И. Критика способности суждения // Соч.: Пер. с нем. М., 1966. Т. 5;
Гегель Г. Эстетика: Пер. с нем. Т 1—4. М., 1968—73;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Яго ж. Демократическая эстетика Белоруссии (1905—1917 гг.). Мн., 1971;
Каган М.С. Лекции по марксистско-ленинской эстетике. 2 изд. Л., 1971;
Бахтин М. Вопросы литературы и эстетики. М., 1975;
Идеи эстетического воспитания. Т. 1—2. М., 1981;
Шеллинг Ф. Философия искусства: Пер. с нем. М., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІУДАІ́ЗМ,
рэлігійны, нацыянальны і этычны светапогляд, які традыцыйна вызначаў вераванні і жыццёвы ўклад яўрэяў У больш вузкім сэнсе — нац. рэлігія яўрэяў, дзярж. рэлігія Ізраіля. Узнік у 2-м тысячагоддзі да н.э. Адыграў гал. ролю ў станаўленні стараж. дзяржавы — Ізраільска-Іудзейскага царства (10 ст. да н.э.). Прыхільнікі І. веруюць у Яхве — адзінага Бога, стваральніка і ўладара Сусвету, у бессмяроцце душы, замагільнае жыццё, будучы прыход Месіі, богавыбранасць яўр. народа. Тэрмін «І.» паходзіць ад назвы яўр. племяннога аб’яднання Іуды, якое было самым шматлікім сярод усіх 12 яўр. плямён («дванаццаці кален ізраілевых»), а ў канцы 11 ст. да н.э. стала пануючым. Гал. крыніцай веравучэння І. з’яўляецца Біблія (прызнаецца толькі Стары Запавет), асн. догмы выкладзены ў першых яе 5 кнігах, аб’яднаных у Тору (Пяцікніжжа Майсеева). Цэнтрам І. ў 1-м тыс. да н.э. быў Іерусалімскі храм (у 586 да н.э. зруйнаваны вавіланянамі, адбудаваны; у 70 н.э. зруйнаваны канчаткова рымлянамі). У перыяд 2-га Храма найб. поўным выражэннем І. стала Галаха — сукупнасць законаў, якія вызначаюць рэліг. жыццё яўрэяў. Ва ўмовах рым. прыгнёту (1 ст. да н.э. — 1 ст.н.э.) сфарміравалася вучэнне аб будучым прыходзе Месіі — збавіцеля з роду Давіда, які павінен адрадзіць Ізраільска-Іудзейскае царства. Пасля зруйнавання 2-га Храма рэліг. жыццё І. засяродзілася вакол сінагог, рэліг. кіраўнікамі сталі законавучыцелі — рабіны, якія не маюць такой складанай іерархіі, як хрысціянскія свяшчэннаслужыцелі. Да 5 ст.н.э. склалася другая па значэнні крыніца І. — Талмуд, дзе сабраны ўсе дагматычныя, рэліг.-этычныя і прававыя палажэнні, рэгламентуюцца складаная абраднасць і нормы паводзін кожнага верніка. З пашырэннем хрысціянства (з 4 ст.дзярж. рэлігія Рым. імперыі) і ісламу (I ст.), якія бяруць пачатак у І., узнік іх канфлікт з І.: яўрэйства адмовілася прызнаць прэтэнзіі гэтых рэлігій на новыя ісціны і разглядала іх як скажэнне І.; тыя, са свайго боку, ставіліся да І. як да нейкага гіст. рудымента і богаадступніцтва. Доўгі час нормы Галахі садзейнічалі ізаляванасці яўрэяў сярод іншаэтнічнага і іншаканфесійнага насельніцтва ў дыяспары. У 19 ст. ў сувязі з эмансіпацыяй яўрэяў (ураўнаванне ў правах з астатнім насельніцтвам) у шэрагу зах.-еўрап. краін узнікла супярэчнасць паміж неабходнасцю захавання вернасці І. і інтэграцыяй у навакольнае культ. асяроддзе. Вынікам гэтага стала з’яўленне новых кірункаў у І., адрозненні паміж якімі вызначаюцца адносінамі да Галахі: выкананне ўсіх яе патрабаванняў абвяшчае артадаксальны І.; за сінтэз традыцый з паступовымі рэформамі выступае кансерватыўны І.; адмаўленне ад прызнання бясспрэчнасці законаў Галахі і выкананне толькі яе асобных палажэнняў характарызуе рэфармісцкі (прагрэсісцкі) І.
У Беларусі першыя звесткі пра яўрэяў, прыхільнікаў І., вядомы з канца 14 ст. Гэта акты аб прывілеях 1388—89 вял. князя Вітаўта, дадзеныя 5 яўр. абшчынам ВКЛ: у Троках, Брэсце, Гродне, Луцку і Уладзіміры-Валынскім. У цэнтр. і ўсх. Беларусі І. пашырыўся з 16 ст. Побач з артадаксальным І. у 18 ст. на Украіне ўзнікла яго новая містычная плынь — хасідызм, які меў пэўнае пашырэнне і на Беларусі, але не адыграў тут значнай ролі. І. вызначаў духоўнае жыццё яўр. мас Беларусі да рэв. пераўтварэнняў 1920-х г. (у Зах. Беларусі да 1939). У 1980-я г. пачалося адраджэнне І. На 1.1.1998 у Рэспубліцы Беларусь 18 іудзейскіх абшчын (у т. л. 8 прагрэсісцкіх).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
асноўны закон дзяржавы. Прынята 15.3.1994 на 13-й сесіі Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. 24.11.1996 па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў праведзены рэферэндум, на падставе якога ў Канстытуцыю ўнесены істотныя змяненні і дапаўненні. Абноўлены тэкст Канстытуцыі набыў сілу 27.11.1996. Канстытуцыя складаецца з прэамбулы, 9 раздзелаў, у якіх 8 глаў і 146 артыкулаў. Адлюстроўвае новы сац.-эканам. і паліт. этап развіцця грамадства і дзяржавы: замацаванне поўнага дзярж. суверэнітэту, далейшае адраджэннебел. нацыі і культуры, прызнанне роўнай абароны і роўных магчымасцей усіх форм уласнасці. Зменена назва дзяржавы, яна стала наз. Рэспубліка Беларусь. Артыкул I падкрэслівае, што Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакр.сац.-прававая дзяржава, якая валодае ўсёй паўнатой улады на сваёй тэрыторыі і самастойна ажыццяўляе ўнутр. і знешнюю палітыку. Чалавек з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю грамадства і дзяржавы. Вызначаны новы прававы статус грамадзян, прызнаны натуральныя правы чалавека, пашырана кола правоў і свабод (гл.Канстытуцыйныя правы, свабоды і абавязкі грамадзян Рэспублікі Беларусь), замацаваны іх гарантыі і формы абароны. Вызначаны асновы канстытуцыйнага ладу краіны. Адзінай крыніцай дзярж. улады ў краіне з’яўляецца народ, які ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна і праз прадстаўнічыя органы. Дэмакратыя ажыццяўляецца на падставе разнастайнасці паліт. ін-таў, ідэалогіі і поглядаў, плюралізму думак. Ідэалогія паліт. партый, рэліг. або інш. грамадскіх аб’яднанняў, сац. груп не можа ўстанаўлівацца як абавязковая для грамадзян. Забараняецца стварэнне і дзейнасць паліт. партый і інш. грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўную змену канстытуцыйнага ладу ці вядуць прапаганду вайны, сац., нац., рэліг. і расавай варожасці. Дзяржава грунтуецца на прынцыпе падзелу ўлад: заканад., выканаўчай і судовай. Дзярж. органы ў межах сваіх паўнамоцтваў самастойныя: яны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, стрымліваюць і ўраўнаважваюць адзін аднаго. Прызнаецца прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнар. права, не дапускаецца заключэнне міжнар. дагавораў, што супярэчаць Канстытуцыі. Дзяржава рэгулюе адносіны паміж сац., нац. і інш. супольнасцямі на падставе іх роўнасці перад законам, адказвае за захаванне гісторыка-культ. спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх супольнасцей, што пражываюць у краіне. Забяспечваецца роўнасць перад законам усіх рэлігій і веравызнанняў. Замацоўваюцца гуманныя прынцыпы знешняй палітыкі дзяржавы, ставіцца за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву нейтральнай. Дзярж. мовамі ў краіне з’яўляюцца бел. і руская. Вызначаны сімвалы дзяржавы — герб, сцяг і гімн. Сталіца — г. Мінск. Паўнапраўным кіраўніком дзяржавы з’яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Вызначана працэдура яго выбрання, пасля рэферэндуму 1996 значна пашырана кола яго паўнамоцтваў і абавязкаў. Вышэйшым прадстаўнічым заканад. органам дзярж. улады з’яўляецца Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, які складаецца з 2 палат — Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў. Захавана пераемнасць у назве мясц. прадстаўнічых органаў — Саветаў (у Канстытуцыі яны называюцца Саветамі дэпутатаў). Мясц. кіраванне і самакіраванне ў адм.-тэр. адзінках ажыццяўляюць мясц. Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, органы тэр. грамадскага самакіравання, сходы і інш. Пасля рэферэндуму 1996 зменены назва і статус урада, які атрымаў назву Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. На чале яго стаіць Прэм’ер-міністр. Створаны Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь, Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь. Асобная глава Канстытуцыі прысвечана выбарчай сістэме: акрэслены абавязкі і паўнамоцтвы суда і пракуратуры. Асобны раздзел прысвечаны фін.-крэдытнай сістэме дзяржавы. Канстытуцыя мае вышэйшую юрыд. сілу: законы і інш. акты дзярж. органаў выдаюцца на падставе і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй. Апошні раздзел Канстытуцыі рэгламентуе парадак яе дзеяння і ўнясення змен у яе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКІЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ, грамадскія аб’яднанні,
недзяржаўныя формы грамадз. самавыяўлення, самакіравання і самадзейнасці. У залежнасці ад мэт і маштабаў дзейнасці аб’ядноўваюць грамадзян на добраахвотнай аснове для сумеснай абароны і развіцця разнастайных інтарэсаў і патрэб (сац., эканам., паліт., культ., навук., рэлігійных і інш.). Масавыя грамадскія арганізацыі і рухі фарміруюцца і дзейнічаюць пераважна на аснове прынцыпаў агульнаграмадскай карысці і сац. справядлівасці, нац.-патрыятычных, дэмакр., прававых ідэй, што дазваляе ім укараніцца ў грамадскім жыцці, уплываць на грамадскую свядомасць, а ў пэўных выпадках мабілізаваць грамадства на сумеснае пераадоленне перашкод і пагроз яго існаванню. Прататыпы грамадскіх арганізацый вядомы з глыбокай старажытнасці, напр. Акадэмія Платона ў Стараж. Грэцыі, пахавальныя калегіі ў Стараж. Рыме, раннехрысціянскія брацтвы. Паступовыя змены ў грамадстве абумовілі яго больш складаны характар, што выявілася ў росце колькасці грамадскіх арганізацый і актывізацыі іх дзейнасці ў перыяд бурж. рэвалюцый у Зах. Еўропе. Неабходную прастору для ўзнікнення шматлікіх грамадскіх арганізацый адкрыла абвяшчэнне і прававое замацаванне ў дэкларацыях, хартыях, канстытуцыях асн. правоў і свабод чалавека і грамадзяніна: свабоды і недатыкальнасці асобы; роўнасці перад законам; свабоды слова, друку, сходаў, аб’яднанняў; права на сац. пратэст супраць прыгнёту і інш. Сфарміраваліся і сталі традыцыйнымі для зах. грамадства асн. ідэйна-паліт. плыні — сацыялістычная (камуністычная), сацыял-дэмакр., ліберальная і кансерватыўная. Яны з’явіліся падставай для ўзнікнення і дзейнасці шматлікіх грамадскіх арганізацый, найперш паліт. партый і саюзаў, эканам. аб’яднанняў і інш. Пастаяннае месца ў грамадскім жыцці займаюць прафсаюзы, якія ў 2-й пал. 20 ст. значна пашырылі свой уплыў на заканадаўства і сац. палітыку дзяржаў. У апошнія дзесяцігоддзі 20 ст. ўзмацняецца паліт. значэнне і ўплыў экалаг. партый і арг-цый («зялёных»), а таксама аб’яднанняў і арг-цый, якія сваёй гал. мэтай лічаць садзейнічанне развіццю грамадскай самадзейнасці на рэгіянальным узроўні. Значна павялічваецца ў грамадскім жыцці роля навук., культ., асв. і інш. арг-цый, якія імкнуцца актыўна ўплываць на дзярж. палітыку ў сваіх галінах. Развіваюцца і пашыраюцца міжнар. кантакты і супрацоўніцтва грамадскіх арганізацый асобных краін. Пэўнаму развіццю ў гэтым кірунку спрыяла прыняцце ААН Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (1948) і міжнар. Пактаў аб правах (1966), ратыфікаваных шматлікімі краінамі свету, у т. л. Беларуссю. Асн. палажэнні гэтых дакументаў знайшлі сваё замацаванне ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994.
У БССР існавалі такія масавыя грамадскія арганізацыі, як КПБ, ЛКСМБ, прафсаюзы, аб’яднанні пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў, архітэктараў, т-ва «Веды» і інш. У Зах. Беларусі дзейнічалі грамадскія арганізацыі рэв.-дэмакратычныя (Беларуская сялянска-работніцкая грамада, «Змаганне»), культ.-асветныя (Таварыства беларускай школы), навуковыя (Беларускае навуковае таварыства ў Вільні), дабрачынныя (Чырвоная дапамога), рэлігійныя і інш. Змены ў паліт. і грамадскім жыцці з пач. 1990-х г. знайшлі адлюстраванне ў шырокім плюралізме грамадскіх арганізацый рознага характару і накіраванасці. Арганізацыйна аформіліся Беларускі народны фронт «Адраджэнне», паліт. партыі, аб’яднанні і саюзы, якія прадстаўляюць практычна ўсе спектры грамадскага жыцця. Сярод іх Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі, Бел.к-т абароны міру, Бел. асацыяцыя садзейнічання ААН, Беларускі фонд культуры, Бел.патрыят. саюз моладзі, Беларускае таварыства аховы прыроды, т-ва «Экалагічная культура», жаночыя аб’яднанні і інш. Пашыраецца актыўнасць рэліг. арг-цый, у т. л. традыцыйных і нетрадыцыйных сектаў. Неабходнасць дапамогі дзяржаве ў пераадоленні вынікаў Чарнобыльскай катастрофы 1986 прывяла да ўзнікнення шэрагу грамадскіх арганізацый («Ахвяры Чарнобыля», «Дзеці Чарнобыля», «Дзецям Чарнобыля» і інш.), якія садзейнічаюць станоўчаму вырашэнню гэтай балючай для бел. народа праблемы. На 1.10.1997 зарэгістравана 2002 грамадскія арганіхацыі, з іх 855 рэспубліканскіх, 119 міжнародных, 952 мясцовыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ВА,
асноўны інстытут сістэмы грамадства, які з’яўляецца гал. сродкам паліт. улады, арганізоўвае, накіроўвае і кантралюе сумесную дзейнасць і ўзаемаадносіны людзей, сац. суполак, слаёў, класаў і асацыяцый. Першапачаткова азначала супольнасць людзей, якія жывуць на пэўнай тэрыторыі, аб’ядноўваюцца і кіруюцца органамі ўлады, утворанымі з мэтай абароны жыцця, свабоды і маёмасці грамадзян, забеспячэння дзярж. суверэнітэту краіны. У такім сэнсе Дз. трактавалася да 17 ст., калі Н.Макіявелі, Т.Гобс, Дж.Лок, Ж.Ж.Русо абгрунтавалі дакладную размежаванасць Дз. і грамадства.
Асн. адзнакі Дз.: адасабленне публічнай улады ад грамадства, яе несупадзенне з арганізацыяй усяго насельніцтва, з’яўленне слоя прафес. кіраўнікоў; наяўнасць пэўнай тэрыторыі, суверэнітэту, г. зн. вярхоўнай улады над пэўнай тэрыторыяй, якая мае права выдаваць законы і ўтвараць нормы, абавязковыя для ўсяго насельніцтва; функцыянаванне асобай сістэмы органаў і ўстаноў, што складаюць механізм Дз., спецыфічнае месца ў якім займаюць праваахоўныя ін-ты (суд, пракуратура, а таксама армія, міліцыя і інш.); наяўнасць права, г. зн. абавязковых правіл паводзін, якія ўстанаўліваюцца і санкцыянуюцца, кантралююцца Дз.; існаванне падаткаў, якія неабходны для матэрыяльнага забеспячэння дзярж. палітыкі: эканам., сац., абароннай і інш.; абавязковасць членства ў Дз., грамадзянства. якое чалавек атрымлівае з моманту нараджэння ці па адпаведнай просьбе (у выніку эміграцыі і інш.).
Істотнае значэнне мае тыпалогія Дз. з пункту гледжання класавай прыроды дзярж. улады (якому сац. класу яна служыць). Існуе падзел (гал. чынам у марксісцка-ленінскай тэорыі) на рабаўладальніцкую, феад., бурж., пралетарскую Дз. Паводле формы праўлення адрозніваюць Дз. манархічную (абсалютную ў Саудаўскай Аравіі, Амане ці канстытуцыйную ў Англіі, Швецыі, Іспаніі) і рэспубліканскую (прэзідэнцкую ў ЗША, Расіі, Беларусі, Францыі і інш. ці парламенцкую ў Германіі, Ізраілі, Турцыі і інш.); паводле формы дзярж. ўладкавання — унітарную (Беларусь), канфедэратыўную (Швейцарыя), федэратыўную (Расія, ЗША, Мексіка); паводле паліт. рэжыму — дэмакратычную, аўтарытарную, таталітарную.
У сучасным грамадстве шырока абмяркоўваюцца праблемы станаўлення і развіцця прававой і сацыяльнай Дз. Для прававой Дз. характэрны: наяўнасць грамадз. супольнасці; абарона правоў і свабод асобы, грамадз. парадку, стварэнне прававых умоў для гасп. дзейнасці ўсім яе суб’ектам; прававая роўнасць усіх грамадзян, прыярытэт правоў чалавека над законамі Дз.; усеагульнасць права, яго распаўсюджанне на ўсіх грамадзян, усе арганізацыі і ўстановы, у т. л. і органы дзярж. улады; раздзяленне заканадаўчай, выканаўчай і судовай улад; суверэнітэт народа як канчатковага вытоку ўлады, падначаленасць яму дзярж. суверэнітэту. Сацыяльная Дз. — гэта такі сац.-паліт.ін-т, які забяспечвае кожнаму грамадзяніну дастойныя ўмовы існавання, сац. абароненасці, аднолькавыя магчымасці для самарэалізацыі кожнага чалавека ў грамадстве, саўдзельніцтва ў кіраванні вытв-сцю і інш. сферамі грамадскага жыцця, у т. л. палітычнага.
На тэр. Беларусі першыя дзярж. ўтварэнні існавалі ў 9—13 ст. у выглядзе буйных княстваў — Полацкага, Тураўскага, Мінскага (Менскага), Гродзенскага (Гарадзенскага), Навагрудскага (гл. адпаведныя арг.). Далейшае развіццё дзяржаўнасць набыла ў Вялікім княстве Літоўскім. У 1569 ВКЛ уступіла ў канфедэратыўны саюз з Польшчай і стварыла разам з ёй адзіную Дз. Рэч Паспалітую. У выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай землі Беларусі былі далучаны да Расійскай імперыі. Адраджэннебел. дзяржаўнасці адбылося ў пач. 20 ст. з абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі (25.3.1918) і ўтварэннем Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (1.1.1919). 27.7.1990 прынята Дэкларацыя аб дзярж. суверэнітэце БССР. На сесіі Вярхоўнага Савета БССР 19.9.1991 зацверджана назва Дз. — Рэспубліка Беларусь. Паводле новай рэдакцыі Канстытуцыі 1994, зацверджанай рэферэндумам 1996, Рэспубліка Беларусь з’яўляецца унітарнай дэмакр. сацыяльна-прававой Дз.
Літ.:
Доўнар-Запольскі М.В. Асновы Дзяржаўнасьці Беларусі. Мн., 1994;
Пугачев В.П., Соловьев А.И. Введение в политологию. 3 изд. М., 1997;
Матусевич А.В. Политическая система: Состояние и развитие. Кн. 1. Мн., 1992;
Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШЧАКАЦІ́ХІН Мікалай Мікалаевіч (13.10.1896, Масква — 5.4.1940),
бел. мастацтвазнавец, педагог; адзін з заснавальнікаў бел. мастацтвазнаўства. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1914—18). З 1918 інструктар аддзела Наркамасветы па справах музеяў і аховы помнікаў мастацтва і даўніны ў Маскве, з 1919 лектар пры палітаддзеле Арлоўскай ваен. акругі. З 1920 у Харкаве, навук. супрацоўнік музея, заг. перакладчыцкай камісіі пры навук.-тэарэт.аддз. Наркамасветы Украіны, чл. праўлення Усеўкр. саюза пісьменнікаў. З 1921 у Мінску. З 1922 асістэнт кафедры гісторыі мастацтваў БДУ, з 1923 выкладаў у ім курс па гісторыі бел. мастацтва. Адначасова з 1925 у Інбелкульце: навук. сакратар секцыі бел. мастацтва, з 1926 чл.-супрацоўнік камісіі па гісторыі мастацтваў і стыль-рэдактар выдавецкага аддзела, з 1927 навук. сакратар па вывучэнні мастацтва Беларусі, старшыня камісіі гісторыі мастацтваў (у 1929—30 у БелАН). 18.7.1930 арыштаваны, сасланы ў г. Белебей (Башкортастан). Рэабілітаваны ў 1956. Даследаваў бел. архітэктуру 11—19 ст., манум. жывапіс полацкіх храмаў, іканапіс 17—18 ст., стараж.-бел. гравюры, мастацтва кніг Ф.Скарыны і інш. Вывучаў творчасць мастакоў І.Ахрэмчыка, В.Волкава, А.Грубэ, У.Кудрэвіча, М.Філіповіча і інш. Выпрацаваў навук. канцэпцыю гісторыі бел. мастацтва, асн. кірункі яго развіцця і перыядызацыі. Увёў ва ўжытак паняцці «беларускае адраджэнне», «беларускае барока» і «беларуская готыка». Адзін з арганізатараў 1-й Усебел. маст. выстаўкі (1926) і стваральнікаў музейных збораў на Беларусі. У канцы 1920-х г. даследаваў вадзяныя знакі Метрыкі ВКЛ, манеты ВКЛ 16—17 ст. Аўтар прац «Фелікс Валатон» (1918?), «Васіль Вашчанка — магілёўскі гравёр канца XVII — пачатку XVIII ст.» (1925), «Гравюры і кніжныя аздобы ў выданнях Францішка Скарыны» (1926), «Беларуская архітэктура ў XI—XII ст.» (1927), «Да пытання аб храналогіі «Малой падарожнай кніжыцы» Скарыны» (1928), «Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва» (т. 1, 1928), «Тапаграфія кладаў з літоўскімі манетамі на тэрыторыі старажытнай Літоўскай дзяржавы», «Некаторыя варыянты літоўскіх манет», «Нарыс гісторыі літоўскай манеты XVI—XVII стагоддзяў» (усе 1930-я г.; у рукапісе). Разам з В.Ластоўскім апрацаваў паказальнік «Сучаснае беларускае мастацтва: Праваднік па аддзеле сучаснага беларускага малярства і разьбярства» (1929). Аўтар артыкула «Беларускае мастацтва» для 1-га выд.Вял.Сав. Энцыклапедыі (т. 5, 1927).
Тв.:
Иллюстрации Даниеля Ходовецкого к «Буре» Шекспира // Працы БДУ. 1923. №4—5;
1926. №12;
Фрэскі Полацкага Барысаглебскага манастыра // Наш край. 1925. №1;
Матывы краязнаўства ў нашым сучасным мастацтве: (3 вынікаў Усебел. выстаўкі) // Там жа. 1926. №2—3;
Замак у Рагачове // Там жа. №10—11;
Матэрыялы да гісторыі беларускага малярства XVIII сталецця // Віцебшчына. Віцебск, 1925—28. Т. 1—2;
Калі радзіўся Францішак Скарына // Полымя. 1925. №5;
Сучаснае мастацтва Беларусі // Там жа. 1926. №6;
Кнігапіс // Там жа. №7;
На шляхах да новага беларускага мастацтва: (Нарыс творчасці Міхася Філіповіча) // Там жа. 1927. №2;
Беларускае мастацтва ў гістарычнай і археалагічнай літаратуры // Там жа. №6, 8;
Помнікі старадаўняй архітэктуры XVII—XVIII сталеццяў у Мінску // Зап.Аддз.гуманіт.навук.Мн., 1928. Кн. 6. Працы камісіі гісторыі мастацтва, т. 1;
Рыгор Мядзведзкі — невядомы беларускі маляр канца XVIII сталецця // Там жа.
Літ.:
Ліс А. Мікола Шчакаціхін: Хараство няпазнанай зямлі. Мн., 1968;
Яго ж. Мікола Шчакаціхін // Ліс А. Цяжкая дарога свабоды. Мн., 1994;
Матэрыялы: Да 100-годдзя з дня нараджэння Міколы Шчакаціхіна, 1896—1940. Мн., 1996;
Чэбан І. Уплыў даследаванняў М.Шчакаціхіна на развіццё сучаснага мастацтвазнаўства // Беларускае сучаснае мастацтвазнаўства і крытыка. Мн., 1998;
Яе ж. Праблемы скарыназнаўства ў мастацтвазнаўчай спадчыне М.Шчакаціхіна // На шляху да сталасці: Стан і перспектывы развіцця бел. мастац. крытыкі. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ША НІ́ВА»,
штотыднёвая, грамадска-паліт., навук.-асв. і літ.-маст. газета. Выдавалася з 10(23).11.1906 да 7(20).8.1915 у Вільні на бел. мове кірыліцай, да 18(31).10.1912 і лацінкай. Засн. лідэрамі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) братамі І. і А.Луцкевічамі, В.Іваноўскім, А.Уласавым, А.Пашкевіч (Цётка) і інш. Рэдактары-выдаўцы С.Вольскі, Уласаў (з 8.12.1906), Я.Купала (з 7.3.1914 рэдактар, з 16.5.1914 рэдактар-выдавец). Рэдактарамі аддзелаў у розны час былі Я.Купала, Я.Колас, З.Бядуля, Х.Імшэнік (заг. канторы і сакратар рэдакцыі да 1909), В.Ластоўскі (з 1909 сакратар рэдакцыі), Ядвігін Ш., С.Палуян (С.Ясяновіч), А.Бульба (В.Чыж) і інш. Друкавала вершы, нарысы, маст. прозу, навук.-папулярныя артыкулы, мела рубрыкі «У Думе і каля Думы», «Паштовая скрынка» і інш. Да выхаду ў свет. газ.«Беларус» гуртавала аўтараў усіх веравызнанняў і кірункаў, якія выступалі за культ.-нац.адраджэнне Беларусі. Мела больш за 3 тыс. сталых і часовых карэспандэнтаў у пав. і губ. гарадах, мястэчках і вёсках Беларусі, Маскве, Пецярбургу, Сібіры, за мяжой. Нязменнымі ў «Н.н.» заставаліся ідэя сац.-паліт., эканам. і культ. адраджэння Беларусі, яе супрацоўніцтва з інш. народамі, апазіцыя да самадзяржаўя. Тэматыка, змест і характар падачы матэрыялаў мяняліся ў залежнасці ад паліт. сітуацыі і складу рэдакцыі. У праграмным артыкуле 1-га нумара падкрэслена агульнанац. пазіцыя газеты: «Наша ніва» — газета не рэдакцыі, але ўсіх беларусаў і ўсіх тых, хто ім спагадае...». У 1906—07 шмат месца займалі матэрыялы агітац. і крытычнага зместу. Паводле ацэнкі Віленскага ахоўнага аддзела ў 1908 «Н.н.» напачатку была больш памяркоўная, чым «Наша доля», але пасля «стала змяшчаць артыкулы ўзбуджальнага характару, за што падвяргалася некалькі разоў канфіскацыі». Віленская суд. палата ў чэрв. 1907 пачала суд. праследаванне рэдактара Уласава за матэрыялы, апубл. ў 8-м нумары (арт. «Дума і народ», «Зямельная справа ў Новай Зеландыі», верш Я.Коласа «Расійскія абразы»), 9-м (арт. «Работа Думы») і 12-м («Дзяржаўная Дума»), а таксама за аператыўна-інфармац. рубрыкі «З усіх старон», «З Беларусі і Літвы», «Аб усім патроху». Паводле ацэнкі цэнзуры, артыкулы «напамінаюць падпольныя пракламацыі». Рэдактар абвінавачваўся за тое, што апублікаваў артыкулы, якія пабуджаюць да бунту і звяржэння існуючага ў дзяржаве грамадскага ладу. Рэдакцыя «Н.н.» плаціла штрафы, а Уласаў у 1910 быў зняволены. У 1915 такім самым абвінавачаннем пачалося суд. праследаванне рэдактара Я.Купалы за арт. А.Язмена «Думкі» (16.1.1915). Адкрытая крытыка царызму і агітацыя на барацьбу за дэмакр. рэформы (цыкл артыкулаў 1907 Я.Коласа пад псеўд. Марцін «Дума і народ», «Партыі ў Думе» і інш.) пасля разгону 2-й Дзярж. думы (чэрв. 1907) не знікала са старонак газеты, але набыла больш памяркоўны асветніцкі характар. «Н.н.» пераарыентавалася на абарону адраджэнскіх ідэалаў Беларусі, мірнага і паступовага прагрэсу праз дэмакратызацыю цэнтр. і мясц. органаў улады, выступала за стварэнне ўрада, адказнага перад парламентам, выбранага шляхам усеагульнага, роўнага і прамога галасавання, за ліквідацыю рэшткаў феад. прыгонніцтва, рэарганізацыю сельскай гаспадаркі (развіццё сял. землеўладання, фермерскай гаспадаркі), культ.-нац. аўтаномію, развіццё адукацыі, друку і кнігавыдання на роднай мове. Пад уплывам сац.-эканам. праграмы БСГ «Н.н.» заставалася выданнем, арыентаваным на абарону правоў і свабод бел. працоўнага народа — сялян, рабочых, рамеснікаў, нар. інтэлігенцыі. «Н.н.» крытыкавала палітыку П.Сталыпіна, асуджала рэпрэсіі супраць удзельнікаў вызв. руху, выкрывала дзярж. эксплуатацыю сялянства, прапаганду і правакацыі чарнасоценных паліт. груповак. У шэрагу артыкулаў і нататкаў абгрунтоўвала неабходнасць супрацоўніцтва беларусаў з нац. меншасцямі на аснове раўнапраўя і асветы на роднай мове. «Н.н.» выступала супраць шавінізму польск. абшарніцка-клерыкальных колаў, асвятляла сац. бяспраўе сялян-беднякоў, рабочых, эмігрантаў у Еўропе і ЗША Калі рэдактарам стаў Я.Купала, газета адмовілася ад прапаганды хутароў, даказвала бесперспектыўнасць для малазямельнага сялянства сталыпінскай агр. палітыкі, акцэнтавала ўвагу на спецыфічных умовах Беларусі, дзе з нац. праблемай звязана «справа сялянская і справа работніцкая». Выкрывала імперыяліст. сутнасць 1-й сусв. вайны.
Найважнейшай задачай «Н.н.» лічыла ўсебаковае развіццё эканомікі, грамадскай духоўнай культуры народа, стварэнне нац. стылю культуры і нац. школ у бел. л-ры, тэатр., муз. і выяўл. мастацтвах шляхам засваення айч. этнакульт. традыцый і творчых здабыткаў сусв., найперш рус., укр. і польскай маст. культур. Падтрымлівала ўсе формы нар.эканам. і культ.-асв. самадзейнасці, памагала прафесіяналізацыі ў галіне л-ры, інш. відаў мастацтва. На яе старонках упершыню апубл. многія творы Я.Купалы (паэмы «Курган», «Бандароўна», 170 вершаў і каля 30 артыкулаў), Я.Коласа (каля 125 вершаў, больш за 40 апавяданняў, нарысаў і артыкулаў, урыўкі з паэмы «Новая зямля»), М.Багдановіча, Цёткі, А.Гаруна лепшыя дарэв. вершы і артыкулы З.Бядулі, М.Гарэцкага, Ц.Гартнага, К.Каганца, У.Галубка, К.Буйло, А.Гурло, Я.Журбы, Г.Леўчыка, К.Лейкі, А.Паўловіча, Ядвігіна Ш., А.Петрашкевіча, Ф.Чарнушэвіча, Э.Будзькі, Старога Уласа, Л.Лобіка, І.Піліпава і інш. На старонках газеты адбывалася станаўленне бел.літ.-маст. крытыкі, публіцыстыкі, культуралогіі, фалькларыстыкі (артыкулы, нарысы, даследаванні Я.Купалы, Я.Коласа, Багдановіча, Л.Гмырака, А.Бульбы, Гарэцкага, Ластоўскага, братоў Луцкевічаў, У.Самойлы, Р.Зямкевіча і інш.). Пісьменнікі і крытыкі «Н.н.» арыентаваліся на літ.-эстэт. традыцыі крытычнага рэалізму і прагрэс. рамантызму, выкарыстоўвалі творчыя здабыткі імпрэсіянізму, экспрэсіянізму і інш. авангардысцкіх кірункаў. Яе супрацоўнікі даследавалі нар. побыт і фальклор, хатнія рамёствы, праводзілі арганізац. і навук. працу па даследаванні гісторыі бел. культуры і яе тагачаснага стану, стваралі муз.-тэатр. гурткі, дапамагалі станаўленню Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, заснавалі Беларускі музей у Вільні. На старонках газеты складваліся лексічныя і граматычныя нормы новай бел.літ. мовы. У палемічных артыкулах, памфлетах і вершах выкрывалася антыбел. палітыка польскіх і рас. шавіністаў, антыбел. кірунак рэакц. друку (газ. «Минское слово», «Северо-Западная жизнь», «Виленский вестник» і інш.). Газета прапагандавала здабыткі іншанац. культур, змяшчала ў перакладзе на бел. мову творы Э.Ажэшкі, А.Міцкевіча, У.Сыракомлі, М.Канапніцкай, Ю.Славацкага, С.Жаромскага, Т.Шаўчэнкі, В.Стафаніка, Л.Талстога, А.Чэхава, М.Горкага, У.Караленкі, В.Брусава, урыўкі з артыкулаў В.Бялінскага; адзначала юбілеі Талстога, М.Гогаля, Шаўчэнкі, Славацкага, Ф.Шапэна, Ч.Дарвіна.
«Н.н.» была свайго роду грамадскім ін-там бел. культуры, выконвала ролю каардынацыйнага выдавецкага цэнтра. У 1907—13 яе намаганнямі апубл.зб-кі «Песні-жальбы» і «Апавяданні» Я.Коласа, «Вянок» Багдановіча, «Бярозка» Ядвігіна Ш., «Чыжык беларускі» Леўчыка, літ.-знаўчыя брашуры Зямкевіча, перакладныя творы. Выпускала штогадовы «Каляндар «Нашай нівы», альманахі «Зборнік «Нашай нівы», «Калядную пісанку. 1913 год» і інш. Важнае месца на яе старонках займалі праблемы вясковага самакіравання, нар. адукацыі, этычнай культуры, экалогіі [арт. Мацея Крапіўкі (Цёткі) «Як нам вучыцца», Гмырака «Жыла, жыве і будзе жыць!», «Мова ці гутарка», «Якой нам трэба школы?», «Аб вясковай інтэлігенцыі», «Земства і воласць» і інш.]. Шмат увагі аддавала папулярызацыі прыродазнаўчых, эканам., с.-г. і прававых ведаў. Друкавала практычныя рэкамендацыі па земляробстве, жывёлагадоўлі, агародніцтве, выхаванні дзяцей. Апублікаваныя ў ёй даследаванні — аўтарытэтныя крыніцы па агульнай гісторыі, гісторыі л-ры, этнаграфіі, мастацтве, гісторыі нац.-вызв. руху, рэлігіязнаўстве. Сярод іх — ананімны арт. «Сымон Канарскі», нарысы А.Пагодзіна «Уладыслаў Сыракомля», Д.Дарашэнкі «Беларусы і іх нацыянальнае адраджэнне», Зямкевіча «Адам Ганоры Кіркор», Власта (Ластоўскага) «Аб беларускім местачковым і вясковым хатнім рамясле», «З мінуўшчыны гораду Быхава», «10-летні юбілей літоўскага друку», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага». У «Н.н.» ўпершыню апубл. манаграфія Ластоўскага «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910). Важнай крыніцай па гісторыі бел. л-ры, мовы, журналістыкі, мастацтва з’яўляецца архіў «Н.н.» Бел. музея ў Вільні, рукапісная спадчына Я.Купалы, Я.Коласа, Багдановіча, Гаруна, Гарэцкага і інш. (захоўваецца ў архівах Літвы і ў Бел.дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва).
Літ.:
Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;
Яго ж. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гт.). Мн., 1968;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Пуцявінамі Янкі Купалы: Дак. і матэрыялы. Мв., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УКРАІ́НЦЫ (саманазва українці),
народ усходнеславянскай моўнай групы, асн. насельніцтва Украіны (35,7 млн.чал., 2002). Жывуць таксама ў краінах СНД, у т. л. на Беларусі 237 тыс.чал. (перапіс 1999), Балтыі, Канадзе, ЗША, Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Румыніі, Венгрыі і інш. Агульная колькасць 46 млн.чал. (1992). Гавораць на ўкраінскай мове. Вернікі праваслаўныя, католікі, уніяты.
Традыц. сялянскае жыллё — хата, пераважна з 2-, радзей 3-камернай планіроўкай, глінабітнай падлогаю, 4- ці 2-схільнай (Палессе) саламянай страхою. Як правіла, хата звонку і ўнутры пабеленая. Двор уключаў адну ці некалькі гасп. пабудоў. Жаночы касцюм складаўся з вышытай кашулі, да якой у прахалоду дадавалі безрукаўкі, паяснога адзення — запаскі, плахты, з 19 ст. спадніцы. Жанчыны насілі чапцы, пакрывалі іх наміткаю або хусткаю. Дзяўчаты ўпрыгожвалі галовы кветкамі, вянкамі з папяровых кветак, рознакаляровымі стужкамі. Мужчыны насілі кашулі і штаны (на Палессі і ў Карпатах вузкія, на астатніх тэрыторыях тыпу шаравараў), іх галаўныя ўборы — брылі, войлачныя лямцавыя* ці барановыя шапкі. У халодную пару мужчыны і жанчыны апраналі світку з даматканага сукна, зімою — кажухі. Цяпер традыц. адзенне набліжана да агульнаеўрап. касцюма.
У. ўзыходзяць да паўд. групы старадаўняга ўсх.-слав. моўнага адзінства, нашчадкамі якога з’яўляюцца таксама рускія і беларусы. Іх агульнай дзяржавай была Кіеўская Русь. Канчатковы этап фарміравання ўкр. (як і бел., і рус.) народнасці адносіцца да 14—15 ст. Са стараж. часоў у шырокіх кантактных зонах бел.-ўкр. памежжа адбываліся своеасаблівы абмен насельніцтвам, інтэнсіўныя культурна-быт. ўзаемаўплывы. З 14 ст.б.ч.ўкр. зямель уваходзіла ў Вялікае княства Літоўскае, У. разам з беларусамі і літоўцамі ўтваралі дзярж. этнас княства. Шэраг буйных магнацкіх родаў ВКЛ выводзілі свой радавод з Украіны ці мелі там гал. родавыя маёнткі: Астрожскія, Вішнявецкія, Тышкевічы, Хадкевічы, Чартарыйскія і інш. Мова стараўкр. актаў 15 ст. з Валыні і Галіцыі практычна мала адрознівалася ад тагачаснай бел. мовы. Пісьменства і кніжнасць У. і беларусаў развівалася разам. Агульным здабыткам укр. і бел. народаў 16—17 ст. з’яўляюцца кнігадрукаванне і літ. дзейнасць брацтваў, палемічная літаратура, патрыстыка і інш. Шэраг выдатных дзеячаў культуры таго перыяду (Л. і С. Зізаніі, М.Сматрыцкі, С.Косаў, І.Казлоўскі, Хрыстафор Філалет і інш.) былі адначасова ўкр. і бел. пісьменнікамі. У. і беларусы разам удзельнічалі ў казацка-сял. паўстаннях канца 16—17 ст. У 1569 укр. землі ВКЛ адышлі ў склад Польскага каралеўства (гл.Люблінская унія 1569). З сярэдзіны 18 ст. Украіна далучана да Рас. імперыі. З 1922 саюзная рэспубліка ў складзе СССР. У 1991 абвешчана незалежная Украіна.
На Беларусі вылучаюць 2 групы У.: выхадцы з Украіны і аўтахтонныя жыхары Бел. Палесся.
Этн. межы рассялення У. і беларусаў былі заўсёды невыразныя, што з развіццём этнагр. навукі з 19 ст. выклікала ў даследчыкаў цяжкасці ў гэтым пытанні. Асабліва складана правесці мяжу ў Зах. Палессі, якое з’яўляецца стараж. зонай слав. засялення і доўгі час захоўвала архаічныя рысы ў культуры і нац. побыце, вызначалася этн. неразмежаванасцю. Этн. самасвядомасць палешукоў характарызавалася прыналежнасцю як да ўсх. славянства, так і да пэўнай усх.-слав.этнагр. групы. Адна з найб. значных такіх груп — брэсцка-пінская (загародская) этнагр. група, у якой у параўнанні з інш. палескімі групамі на тэр. Беларусі ў гаворцы і самасвядомасці праяўляюцца рысы «ўкраінскасці». Саманазвай для палешукоў доўгі час з’яўляўся агульны для ўсх. славян этнонім рускія (руськы). Перапісы 19 ст., якія праводзілі чыноўнікі па губернях, даюць супярэчлівыя і недакладныя звесткі пра колькасць У. на Палессі. У 1850—70-я г.афіц.рас. ўлады адносілі да У. (маларосаў, маларасіян) карэннае ўсх.-слав. насельніцтва Бельскага, Брэст-Літоўскага, Кобрынскага, Пінскага, Пружанскага і значнай ч. Мазырскага паветаў. Паводле дзярж. перапісаў у канцы 19 і пач. 20 ст. таксама цяжка меркаваць пра дакладны склад ўсх.-слав. насельніцтва гэтага рэгіёна: перапісчыкі пераважна ігнаравалі пытанне аб нац. прыналежнасці і роднай мове і запаўнялі анкеты найчасцей згодна з інструкцыяй афіц. улад. Так, паводле перапісу 1897 у паўд. паветах Гродзенскай і Мінскай губ. «маларосаў» (У.) было: у Бельскім 64 256 (39,1%), у Брэст-Літоўскім 140 561 чал. (64,4%), у Кобрынскім 146 789 (79,6%), у Пружанскім — 9278 (6,7%), у Пінскім — 1423 (0,6%), у Мазырскім — 264 (0,2%). Паводле польскага перапісу 1921 «русіны» (назва У. паводле тагачаснай афіц. Польскай тэрміналогіі) складалі ў Драгічынскім пав. 3693 (5,8%), Брэсцкім — 2744 (2,4%), Кобрынскім — 2224 (3,5%), Лунінецкім — 1602 (1,8%), Пінскім — 339 (0,2%), Пружанскім — 112 (0,2%), Столінскім — 112 (0,2%). Паводле перапісу 1931 У. было: у Кобрынскім пав. 21 934 (19,3%), Брэсцкім 17 926 (8,3%), Столінскім — 2663 (2,1%), Драгічынскім 1493 (1,5%), Пінскім 1063 (0,6%), Пружанскім — 301 (0,3%), Лунінецкім — 264 (0,2%). У 1921—39 у Зах. Украіне і Зах. Беларусі развіццём укр. нац.-культ. руху кіравала грамадская арг-цыя «Просвіта». Сваёй дзейнасцю Зах. Палессе ахоплівала ўкр.паліт. арг-цыі «Сельраб», «Сельсаюз», Кампартыя Зах. Украіны і інш. На выбарах у польскі сейм 1922 укр. кандыдаты ў дэпутаты з Брэстчыны ўваходзілі разам з бел., яўр. і інш. кандыдатамі ў Блок нацыянальных меншасцей. У Сав. Беларусі паводле перапісу 1926 было 34 681 У. Да У. тады была аднесена частка карэннага насельніцтва некат. мясцовасцей Тураўска-Мазырскага Палесся: у Камарынскім р-не (цяпер у складзе Брагінскага р-на) — 4178 чал. (16,2% ад колькасці насельніцтва раёна), Нараўлянскім — 4256 (13,1%), Каралінскім (цяпер у складзе Ельскага і Лельчыцкага р-наў) — 1159 (4,3%). Туг існавалі 6 нац.укр. сельсаветаў: у Камарынскім р-не — Верхняжарскі (1933—37), Гдзенскі (1927—37), Лукаедаўскі (1927—37), Ніжняжарскі (1933—37), у Нараўлянскім р-не — Акопскі (1929—37) і Хаткаўскі (1931—37; укр.-ням.). Да 1950-х г. у вёсках і гар. пасёлках Зах. Палесся развівалася ўкр.маст. самадзейнасць. Паводле пасляваен. перапісаў дынаміка колькасці У. і іх доля сярод насельніцтва Беларусі была наступная: у 1959—133 061 чал. (1,7%), у 1970—190 839 (2,1%), у 1979—230 985 (2,4%), у 1989—291 008 (2,9%). Павелічэнне колькасці У. адбывалася пераважна за кошт перасяленцаў з Украіны і іх нашчадкаў, абсалютная ж большасць карэнных жыхароў Зах. Палесся была пазначана ў перапісах як беларусы. З канца 1980-х г. у сувязі з дэмакратызацыяй грамадскага жыцця пачалося і нац.-культ.адраджэнне У. Беларусі. Сталі стварацца ўкр. грамадскія арг-цыі, якія ставілі задачай адраджэнне і захаванне ўкр. культуры, мовы, гісторыі, традыцый. Найб. актыўна гэта адбывалася на Пд Брэстчыны, дзе паводле перапісу 1989 У. было больш за 60 тыс.чал. У 1990—99 дзейнічала Укр. грамадска-культ. аб’яднанне Брэсцкай вобл. «Берасцейшчына» (у 1991—97 выдавала газ. «Голос Берестейщини»), у 1995—99 грамадскае аб’яднанне «Просвіта Берасцейшчыны» імя Т.Шаўчэнкі (у 1996—99 выдавала газ. «Берестейський край»). У 1990-я г. дзейнічалі таксама ўкр. арг-цыі «Кабзар» (Мінск), «Верховина» (Гомель) і інш. На 2002 зарэгістраваны: Украінскі навукова-пед. саюз «Берегиня» (Брэсцкая вобл., з 1997); Грамадскае аб’яднанне «Культурна-асветнае адзінства ўкраінцаў «Палесся» (Брэсцкая вобл., з 2000); Беларуская асацыяцыя У. «Ватра» (з 1991), якая аб’яднала арг-цыі «Краяні» (г. Маладзечна), «Саюз украінок» і «Обрій» (Калодзішчы Мінскага р-на), «Заповіт» (Мінск); грамадскае аб’яднанне «Цэнтр украінскай культуры «Січ» (з 1994); Гродзенскае культ.-асв. грамадскае аб’яднанне У. «Барвінок» (з 1997; 3 апошнія арг-цыі аб’ядноўваюць пераважна выхадцаў з Украіны).
Літ.:
Украинцы. М., 2000;
Черная Н.В. Украинское население России и СССР за пределами Украины (XVIII—XX вв.): Динамика численности и размещения // Расы и народы. М., 1991. Вып. 21;
Винниченко І. Українці Берестейщини, Підляшшя й Холмщини в першій половині XX ст.: Хроніка подій. Київ, 1997;
Шелюбская Т.Н. Украинская диаспора в Беларуси // Беларусачка. 1998. № 4—5;
Вабищевич А.Н. Из культурно-просветительской жизни украинцев в Западной Беларуси (1920—30-е гг.) // Этнічныя супольнасці ў Беларусі: гісторыя і сучаснасць. Мн., 2001;
Українське зарубіжжя: Бібліогр. покажчик літ. (1900 — грудень 1999 р.). Київ, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНА́РДА ДА ВІ́НЧЫ (Leonardo da Vinci; 15.4.1452, г. Вінчы, Італія — 2.5.1519),
італьянскі жывапісец, скульптар, архітэктар, тэарэтык мастацтва, вучоны, інжынер. Адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў Высокага Адраджэння.
Імкнуўся да спалучэння навук. і маст. мыслення, разглядаў жывапіс як універсальную мову, якая пры дапамозе прапорцый і перспектывы ўвасабляе ўсю разнастайнасць праяўлення разумнага пачатку ў прыродзе. У творчасці спалучаў натуралістычнасць выявы з ідэалістычнасцю задумы, увасобіў новы эстэт. ідэал, стварыў вобраз гарманічнага, духоўнага і фізічна дасканалага чалавека.
Вучыўся жывапісу ў майстэрні А.Верок’ё (1467—72). Яе метады працы, у якіх маст. практыка спалучалася з тэхн. эксперыментамі, збліжэнне з астраномам П.Тасканелі, паўплывалі на развіццё яго навук. інтарэсаў. У ранні фларэнційскі перыяд (1452—81) развіваў традыцыі кватрачэнта. Творам уласціва плаўная аб’ёмнасць форм, падкрэсленая мяккай святлаценню мяккім святлаценем («Мадонна Роскін», анёл у карціне Верок’ё «Хрышчэнне Хрыста», пасля 1470; «Дабравешчанне», каля 1474; т.зв. «Мадонна Бенуа», каля 1478). Карціна «Пакланенне вешчуноў» (1481—82, не скончана) вызначаецца пошукамі драм. экспрэсіі, заснаванай на міміцы і руху. У 1482—1500 працаваў у Мілане пры двары герцага Л.Сфорцы, празванага Мора, які даручыў Леанарда заснаваць Акадэмію мастацтва. Для выкладання ў ёй склаў трактаты пра жывапіс, святло, цень, рух, прапорцыі цела чалавека і інш. Быў ваен. інжынерам, гідратэхнікам, арганізатарам прыдворных феерый. Як архітэктар распрацаваў варыянты «ідэальнага» горада, канструкцыі цэнтральна-купальнага храма. У 1490—1500 працаваў над вял. (7,2 м) конным манументам Ф.Сфорцы (мадэль яго ў натуральны памер была зруйнавана французамі пры ўзяцці Мілана). У 1490—91 выканаў жывапісны твор «Мадонна з дзіцем» («Мадонна Літа»). У карціне «Мадонна ў скалах» (1483—94; 2-і варыянт каля 1497—1511) найб. дасканала распрацаваў уласцівую большасці яго твораў кампазіцыю, пабудаваную на дакладных разліках. Яна ўяўляла сабой замкнёную ідэальную прастору, т.зв. прасторавую піраміду (трохвугольнік), у якую ўпісваюцца фігуры; найтанчэйшая святлацень (сфумата) мае ролю духоўна-сувязнага пачатку. У трапезнай кляштара Санта-Марыя дэле Грацые стварыў размалёўку «Тайная вячэра» (1495—97), якая стала адной з вяршынь усяго еўрап. мастацтва. У гэтым творы Леанарда адкрыў для жывапісу новую галіну — псіхал. канфлікт. Высокі этычны змест перададзены праз строгія матэм. заканамернасці кампазіцыі, што падпарадкоўвае сабе рэальную арх. прастору, праз ясную расстаноўку персанажаў, сістэму іх жэстаў і мімікі. Пасля 1500 працаваў у Фларэнцыі, Мантуі, Венецыі, Мілане, Рыме; у 1516 па запрашэнні караля Францыска I прыехаў у Францыю. У Фларэнцыі працаваў над размалёўкай у Палацца Век’ё («Бітва пры Анг’яры», 1503—06, не скончана, вядома па копіях з кардону), якая стаіць ля вытокаў батальнага жанру. У партрэце Моны Лізы (т. зв. «Джаконда», каля 1503) увасобіў узнёслы ідэал жаноцкасці і прыгажосці. У позніх творах развіваў пошукі ў галіне святлопаветранай перспектывы і гарманічнай пірамідальнай кампазіцыі («Св. Ганна з Марыяй і немаўляткам Хрыстом», каля 1500—07). Эксперыменты з маст. матэрыяламі, разнастайнасць інтарэсаў абумовілі невял. колькасць завершаных яго маст. і навук. работ, іх дрэнную захаванасць. Як вучоны ўзбагаціў амаль усе галіны ведаў свайго часу. У галіне механікі вывучаў пытанні трэння, раўнавагі, супраціўлення матэрыялаў і інш. Распрацоўваў канструкцыі машын і механізмаў, шмат з якіх значна апярэдзілі свой час (праекты металургічных печаў і пракатных станаў, ткацкіх станкоў, друкарскіх, дрэваапрацоўчых, землекапальных і інш. машын, падводнай лодкі, танка, лятальных апаратаў і парашута), праекты фартыфікацыйных і гідратэхн. збудаванняў. Шмат эксперыментаваў у галіне оптыкі, выказваў правільныя здагадкі аб прыродзе бінакулярнага зроку. Блізка стаяў да стварэння геліяцэнтрычнай сістэмы светабудовы. Займаўся анатамічнымі даследаваннямі, імкнуўся ўвесці ў біялогію эксперым. метад. Упершыню стаў разглядаць батаніку як самаст.біял. дысцыпліну. Яго анат. малюнкі сталі асновай сучаснай навук. ілюстрацыі. Да нашага часу захавалася каля 7 тыс. аркушаў яго рукапісаў і запісных кніжак, частка з якіх увайшла ў «Трактат пра жывапіс», што склаў пасля смерці мастака яго вучань Ф.Мельцы. Іл.гл. таксама да арт.Адраджэнне.
Тв.:
Рус.пер. — Книга о живописи. М., 1934;
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1935;
Избр. естественнонаучные произв. М., 1955;
Анатомия Записки и рисунки. М., 1965.
Літ.:
Дживелегов А.К. Леонардо да Винчи. М., 1974;
Нардини Б. Жизнь Леонардо: Пер. с итал. М., 1978;
Гастев А. Леонардо да Винчи. М., 1982.
Л.Ф.Салавей.
Леанарда да Вінчы. Мадонна з дзіцем (Мадонна Літа). Каля 1490—91.Леанарда да Вінчы. Аўтапартрэт. Каля 1510—13.