БЕЛАРУ́СКА РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ВЕТЭРА́НАЎ, Беларуская рэспубліканская арганізацыя ветэранаў вайны, працы, Узброеных Сіл і праваахоўных органаў,
добраахвотная грамадская арганізацыя. Створана ў 1987. У 1991—95 наз.Арг-цыя ветэранаў Рэспублікі Беларусь. Асн. задачы — абарона канстытуцыйных правоў і свабод старэйшага пакалення, далучэнне ветэранаў да ўдзелу ў грамадскім жыцці, пасільнай прац. дзейнасці. Аб’ядноўвае 6 абл., Мінскую гар. на правах абласной, 165 гар. і раённых арг-цый ветэранаў, усяго больш за 2,5 млн.чал. (1996). Усе структурныя падраздзяленні ўзначальваюць саветы ветэранаў. У складзе арг-цыі дзейнічаюць клубы і аб’яднанні ветэранаў па інтарэсах і праблемах ветэранскага руху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРНО́ВА-КАРБАНА́ТНЫЯ ЗАБАЛО́ЧАНЫЯ І ГЛЕ́БЫ тып глеб, што фарміруюцца пад лугавой расліннасцю ў месцах з неглыбокім ад паверхні заляганнем карбанатных парод у выніку ўзаемадзеяння дзярновага і балотнага глебаўтваральных працэсаў. У залежнасці ад ступені забалочанасці вылучаюць слабаглеяватыя, глеяватыя і глеевыя падтыпы. Глебы характарызуюцца вял. колькасцю гумусу і наяўнасцю дробнакамякаватай структуры, аднак у іх мала фосфару і калію. На Беларусі найб. пашыраны ў Брэсцкай і Віцебскай абл., дзе трапляюцца ў комплексе з дзярнова-глеевымі. Выкарыстоўваюцца пераважна пад лугавыя ўгоддзі. Пры выкарыстанні пад ворыва патрабуюць асушальнай меліярацыі, якая павышае іх урадлівасць у 2 разы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОЎСК,
вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на скрыжаванні аўтадарог Рагачоў—Слаўгарад і Гомель—Магілёў. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Доўск». За 31 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Рагачоў, 90 км ад Гомеля. 1893 ж., 769 двароў (1997). Гомельская абл.с.-г. доследная станцыя. Асфальтавы, цагельны, малочны з-ды, хлебазавод, філіял Рагачоўскага камбіната буд. матэрыялаў, аўтазаправачная станцыя. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, 2 аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — царква (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́БАЎ (Георгій Савельевіч) (9.12.1933, г. Чыта, Расія — 9.8.1995),
беларускі акцёр. Нар.арт. Беларусі (1990). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1958). З 1959 у Гродзенскім абл.драм. т-ры, з 1964 у Бел. т-ры імя Я.Коласа. Мастацтву Д. былі ўласцівы яркая характарнасць, камед. майстэрства, імправізацыйнасць. Акцёр дэталі, штрыха; імклівы, лёгкі, гарэзлівы і адначасова востры, удумлівы. Сярод лепшых роляў: Цярэшка Калабок («Трыбунал» А.Макаёнка), Жывата Цвіёвіч («Доктар філасофіі» Б.Нушыча), Стары («Шчаслівае здарэнне» С.Мрожака), жонка Журдэна («Здурнелы Журдэн» М.Булгакава), Дон Хуан («Многа шуму з нічога» У.Шэкспіра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РЫЧ (Соф’я Якаўлеўна) (н. 29.12.1919, Мінск),
бел. актрыса, рэжысёр т-ра і радыё. Засл. работнік культуры Беларусі (1985). Скончыла Бел. студыю пры Цэнтр.тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). Працавала ў Т-ры юнага гледача БССР (1937—41). Дыктар на радыёстанцыі «Савецкая Беларусь», у Брэсцкім і Гомельскім абл.драм. т-рах. У 1967—86 гал. рэжысёр літ.-драм. вяшчання Бел.рэсп. радыё. Ажыццявіла больш за 200 радыёпастановак, пераважна твораў бел. пісьменнікаў (у большасці была і аўтарам інсцэніровак). Дзярж. прэмія Беларусі 1984 за радыёпастаноўкі «Хамуціус» паводле А.Куляшова і «Рыбакова хата» паводле Я.Коласа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СЕЎ (Валянцін Іванавіч) (6.5.1911, с. Александрыя Стаўрапольскага краю, Расія — 17.7.1983),
бел. архітэктар, педагог. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Скончыў Маскоўскі арх.ін-т (1936). З 1936 выкладчык БПІ, у 1959—78 у Бел.тэатр.-маст. ін-це. У творах выкарыстоўваў кампазіцыйныя прыёмы і формы класічнай архітэктуры. Асн. работы: Дом афіцэраў у Бабруйску, ф-ка піяніна ў Барысаве (абодва 1937), пасёлкі пры торфапрадпрыемствах у Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай абл. (1937—39); праекты аднаўлення і рэканструкцыі разбураных у Айч. вайну акруговага Дома афіцэраў, жылых дамоў і адм. будынкаў у Мінску (1945—46), забудова праспекта Кірава ў Віцебску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІ́ЛАВА (Ірына Мікалаеўна) (н. 10.9.1951, г. Гомель),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1976). Працуе ў тэхніцы габелену. Асн. работы (усе з мужам А.Двараніным). трыпціх «Раніца», «Поўдзень», «Вечар» (1986—87), дыптых «Мой горад», «Маё Палессе» (1988—90) для аэрапорта, «Музыка» (1990—91), «Песня» (1991—93), «Музыка і тэатр» (1994) для муз. і маст.-навук. установы, «Песня пра зубра» (1995) для абл.драм.т-ра — усе ў Гомелі, «Кветкавая кампазіцыя» (1996) і інш. Творчая манера адметная вытанчанасцю кампазіцыі, эмацыянальнай выразнасцю, паэт. светаўспрыманнем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРАНІ́Н (Арсень Міхайлавіч) (н. 13.3.1949, в. Малыя Краглі Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1977). Працуе ў тэхніцы габелену. Асн. работы (усе з жонкай І.Данілавай). трыпціх «Раніца», «Поўдзень», «Вечар» (1986—87), дыпціх «Мой горад», «Маё Палессе» (1988—90) для аэрапорта, «Музыка» (1990—91), «Песня» (1991—93), «Музыка і тэатр» (1994) для муз. і маст.навуч. устаноў, «Песня пра зубра» (1995), для абл.драм.т-ра — усе ў Гомелі, «Лес» (1996) і інш. Творчасць адметная тонкім колераспалучэннем, кампазіцыйнай завершанасцю, эмацыянальнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛГА-БАЛТЫ́ЙСКІ ВО́ДНЫ ШЛЯХімя У.І.Леніна
(б. Марыінская водная сістэма),
штучны водны шлях на тэр. Валагодскай і Ленінградскай абл. Расіі, які злучае Волгу з Балтыйскім м., а цераз Беламорска-Балтыйскі канал з Белым м. Створаны ў пач. 19 ст.; у 1964 закончана карэнная рэканструкцыя. Праходзіць цераз Рыбінскае вадасх., р. Шэксна, воз. Белае, р. Коўжа, Волга-Балтыйскі канал, р. Выцегра, Анежскі канал, р. Свір, Ладажскі канал і р. Нява. Даўж. каля 1100 км. Глыб. не менш як 4 м. Мае 9 шлюзаў, 6 гідравузлоў, 7 вадасховішчаў. Па Волга-Балтыйскім водным шляху праходзяць грузапасажырскія лініі і турысцкія маршруты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБУНО́ВА (Людміла Васілеўна) (н. 13.8.1939, г. Новасібірск, Расія),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыла студыю пры Астраханскім драм. т-ры (1961), у якім і працавала. З 1968 у Гомельскім абл.драм. т-ры. Актрыса шырокага творчага дыяпазону. Сярод лепшых роляў: Паланея, Альжбета («Прымакі», «Паўлінка» Я.Купалы), Марыля («Легенда пра песню няспетую» М.Пало і І.Папова), Ігнаціха («Подых навальніцы» паводле І.Мележа), Марфа («Дагарэла свечачка да палічкі» А.Петрашкевіча), Насцёна («Жыві і помні» паводле В.Распуціна), Юлечка, Ларыса («Даходнае месца», «Беспасажніца» А.Астроўскага), Фінея («Дурнічка» Лопэ дэ Вэгі), Інеса («Каханне не жарты» П.Кальдэрона).