АЛЕКСІЕ́ВІЧ (Святлана Аляксандраўна) (н. 31.5.1948, г. Івана-Франкоўск),
бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1972). З 1966 на пед. рабоце, пасля журналістка. Літ. дзейнасць пачала ў 1975 як празаік-дакументаліст. У кн. «У вайны — не жаночы твар...» (1985) расказала пра подзвіг жанчын-франтавічак, партызанак, падпольшчыц. Дзецям, што перажылі ням.-фаш. акупацыю, прысвяціла кн. «Апошнія сведкі» (1985). Амаральнасць і злачыннасць вайны ў Афганістане паказала ў кн. «Цынкавыя хлопчыкі» (1991). Па сцэнарыях Алексіевіч пастаўлены спектаклі і дакумент. фільм «У вайны — не жаночы твар...» (1980, 1983; Дзярж. прэмія СССР 1985). Аўтар п’есы «Марутка» (1987). Прэмія Ленінскага камсамола 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСЮТО́ВІЧ (Ларыса Канстанцінаўна) (н. 20.1.1913, Мінск),
бел. танцоўшчыца, балетмайстар. Засл. дз. маст. Беларусі (1995). Дачка К.А.Алексютовіча. Вучылася ў балетнай студыі пры БДТ-1 (1921—28), адначасова працавала ў балетнай трупе т-ра. З 1928 артыстка Бел. аб’яднання муз., эстрадных і цыркавых работнікаў, у 1937—41 — Ансамбля бел.нар. песні і танца Бел. філармоніі. У 1950—73 балетмайстар ансамбля танца БДУ, выкладчык Бел. харэагр. вучылішча. Ставіла танцы ў драм. спектаклях. Стварыла шэраг сцэнічных танцаў на традыц. аснове («Ручнікі», «Вязанка», «Кола» і інш.). Аўтар вучэбнага дапаможніка «Беларускія народныя танцы, карагоды, гульні» (1978), кнігі пра бацьку «Балетмайстар Канстанцін Алексютовіч. Жыццё і творчы шлях» (1984).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГЕ́Р (Маргарыта Іосіфаўна) (7.10.1915, г. Адэса — 1.8.1992),
рус. паэтэса. Вучылася ў Літ. ін-це імя Горкага (1934—37). Першы зб. «Год нараджэння» (1938). Вершы і паэмы часоў Вял.Айч. вайны склалі кнігі «Памяці храбрых» (1942), «Лірыка» (1943), «Вершы і паэмы» (1944); за паэму «Зоя» Дзярж. прэмія СССР 1943. Аўтар зб-каў «Ленінскія горы» (1953), «Сіні час» (1970), «Чвэрць стагоддзя» (1981), кніг нарысаў «Вяртанне ў Чылі» (1966); успамінаў «Сцяжынка ў жыце. Пра паэзію і паэтаў» (1980). Асаблівасці паэзіі Алігер: строгасць верша і думкі, увага да духоўнага свету чалавека, жывыя размоўныя інтанацыі. Выдала кн. перакладаў «Вялізны свет» (1968).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРО́НЫ (ад грэч. adros вялікі, значны),
элементарныя часціцы, якім уласцівыя моцныя ўзаемадзеянні. Складаныя аб’екта, што нагадваюць ядры атамаў, дзе ролю пратонаў і нейтронаў адыгрываюць кваркі. Да адронаў належаць барыёны, мезоны і ўсе рэзанансы. Існаванне вял. колькасці адронаў (каля 200) робіць вельмі важнай праблему іх класіфікацыі, якая праводзіцца на аснове мадэлі кваркаў. Пры сутыкненнях адронаў і анігіляцыі электрона і пазітрона з ператварэннем у адроны ўзнікаюць т.зв. адронныя струмені, якія сведчаць пра паходжанне ад кваркаў. На Беларусі даследаванні ўласцівасцяў адронаў вядуцца ў Ін-це фізікі АН (з 1950-х г.), БДУ і Гомельскім ун-це. Гл. таксама Узаемадзеянні элементарных часціц, Ядзерныя сілы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙНІ́ (сапр.Садрыдзін Саід-Мурадзада; 27.4.1878, кішлак Сактарэ, каля г. Гіждуван, Узбекістан — 15.7.1954),
таджыкскі пісьменнік, вучоны. Ганаровы акад.АН Узбекістана (1943), 1-ы прэзідэнт АН Таджыкістана (з 1951). Вучыўся ў бухарскіх медрэсе. Пісаў на тадж. і узб. мовах. Прапагандаваў асв. ідэі. Аўтар зб. вершаў «Іскры рэвалюцыі» (1923). Талент Айні-бытапісца выявіўся ў аповесці «Адзіна» (1924), раманах «Дахунда» (1930), «Рабы» (1935). Аўтар кн. «Успаміны» (кн. 1—4, 1949—54), прац па гісторыі і л-ры народаў Сярэдняй Азіі, пра творчасць Рудакі, Ібн Сіна, Фірдаўсі, Саадзі, Наваі і інш.Дзярж. прэмія СССР 1950.
Літ.:
Айни Х. Жизнь Садриддина Айни: (краткий хронол. очерк). Душанбе, 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙУ́НСКІ (сапр.Сляпцоў) Платон Аляксеевіч [11.11.1893, Аляксееўскі р-н, Рэспубліка Саха (Якуція) — 31.10.1939], якуцкі пісьменнік і грамадскі дзеяч. У 1928—31 нарком асветы і аховы здароўя Якуціі, з 1935 дырэктар НДІ мовы і культуры. Адзін з пачынальнікаў якуцкай л-ры; прадстаўнік рамант. кірунку. Аўтар драм. паэмы «Чырвоны шаман» (1918), п’ес «Бальшавік» (паст. 1926), «Туйаарыма-Куо» (паст. 1928), аповесці «Выхад з твані» (1936), вершаў, апавяданняў; навук. прац «Якуцкая казка (аланхо), яе сюжэт і змест» (1927), «Пра тэорыю якуцкага вершаскладання» (1928), «Якуцкая мова і шляхі яе развіцця» (1935) і інш. Рэпрэсіраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРЭ́ЙЦ (Станіслаў Станіслававіч) (літ. псеўданім Арліцкі; 25.8.1836, г. Арол ?, Расія — пасля 1918),
бел. і рус. журналіст, мемуарыст, белетрыст. Скончыў Віцебскую гімназію (1856), быў вольным слухачом Горы-Горацкага земляробчага ін-та. Служыў у Магілёве ў палаце дзярж. маёмасцяў, уваходзіў у гурток перадавой моладзі. Дасылаў заметкі ў пецярб.час. «Искра» і «Экономический указатель». Рэдакцыя «Современника» ўхваліла яго праект выдання ў Магілёве час. «Белорусский вестник» (не выходзіў). Удзельнік паўстання 1863—64. З 1868 у Пецярбургу. Выдаваў час. «Дешевая библиотека», «Всемирный труд», «Луч» і інш. У рамане «Апошнія язычнікі» (1871—72), кн. «Старасвецкія памешчыкі. Нарысы Заходняга краю» (1885), мемуарах расказвае пра Беларусь 1850—60-х г., паўстанне 1863—64.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБА́Й КУНАНБА́ЕЎ (10.8.1845, в. Караул Абайскага р-на, Казахстан — 6.7.1904),
казахскі паэт-асветнік, заснавальнік новай пісьмовай казахскай літаратуры. Вывучаў араб., перс. і інш. мовы. Светапогляд Абая Кунанбаева фарміраваўся пад уплывам гуманіст. ідэй паэтаў і вучоных Усходу, рус. класічнай л-ры і стараж.-грэч. філосафаў. У лірычных і сатыр. вершах выступаў супраць сац. зла, невуцтва, старых звычаяў. У паэмах «Масгуд» (1887), «Іскандэр», «Сказанне пра Азіма» выкарыстаў усх. сюжэты. У кн. прозы «Павучанні» выклаў этычныя і філас. погляды. Увёў новыя формы верша (6- і 8-радкоўе). Жыццю Абая Кунанбаева прысвечаны раман-эпапея М.Аўэзава «Шлях Абая».
Літ.:
Ауэзов М.О. Абай Кунанбаев: Статьи и исследования. Алма-Ата, 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́БРЫС (ад ням. Abriß чарцёж, план),
контур прадмета, нанесены на паперу э дапамогай ліній. 1) У геадэзіі — схематычны план участка мясцовасці з указаннем прамераў і тлумачальнымі надпісамі. Робіцца ад рукі ў полі пры некат. метадах наземнай тапагр. здымкі. Выкарыстоўваецца пры складанні дакладных тапагр. планаў, апазнаванні на аэраздымках пунктаў геадэзічнай сеткі, у турысцкіх паходах.
2) У архітэктуры 17 — 1-й пал. 18 ст. — схематычная лінейная выява плана будынка без паказу яго канструкцый, таўшчыні сцен і г.д. У 2-й пал. 18 ст. заменены арх.праектам, з выкарыстаннем планаў, фасадаў, разрэзаў і інш., якія давалі нагляднае ўяўленне пра архітэктуру будынка.
3) У выяўленчым мастацтве — контурная выява прадмета, гл.Контур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́БЭ КО́БА (сапр.Кіміфуса; н. 7.3.1924, Токіо),
японскі пісьменнік. Вядомасць Абэ Коба прынеслі раманы-прытчы «Жанчына ў пяску» (1962), «Чужы твар» (1964), «Спаленая карта» (1967), «Чалавек-скрынка» (1973), «Тайнае спатканне» (1977), «Каўчэг «Сакура» (1984) і інш., гратэскава-фантаст. п’есы «Паляванне на рабоў» (1955), «Прывіды сярод нас» (1958), «Сказанне пра веліканаў» (1960), «Крэпасць» (1962), «Мужчына, які ператварыўся ў дубінку» (1969) і інш. У цэнтры твораў Абэ Коба маральна-філас. праблемы, трагедыя адзіноцтва ў сучасным свеце, працэс адчужэння асобы, матывы безвыходнасці. Аўтар аповесці «Сцяна. Злачынства S. Карума» (1951; літ. прэмія Акутагавы).