галіна экалогіі, якая вывучае ўзаемаадносіны прыродных з’яў і ўзаемадзеянне паміж з’явамі ў межах пэўнай экасістэмы. Тэрмін уведзены ням. географам К.Тролем (1939). Асновы Л.э. распрацаваны рас. вучонымі В.В.Дакучаевым, Г.Ф.Марозавым, Р.І.Аболіным у пач. 20 ст. Заканамерныя спалучэнні экасістэм у межах пэўнай тэр. ці акваторыі, характэрных у розных адносінах (напр., геамарфалагічных на сушы або гідралагічных у водным асяроддзі), утвараюць сістэму больш высокага ўзроўню — ландшафт. Экасістэмы, што ўтвараюць ландшафт, звязаны паміж сабой паверхневым і грунтавым сцёкамі, з якімі адбываецца асн. перанос рэчываў ад аўтаномных (водападзельных) да акумулятыўных (падначаленых) экасістэм праз пераходныя (транзітныя); пераносам рэчываў паветраным шляхам (ветрам), а таксама актыўнай міграцыяй жывёл. Кожная з экасістэм злучана з інш. экасістэмамі сувязямі, якія вызначаюцца яе ўнутр. ўласцівасцямі і становішчам у ландшафце. Экасістэмы кожнага ландшафту адчуваюць уздзеянне вонкавых па адносінах да іх фактараў: атм., літалагічных, гідрагеал. і антрапагенных. Задачы Л.э. вырашаюць таксама біягеацэналогія і ландшафтазнаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДША́ФТНЫ АНА́ЛІЗ,
вывучэнне структуры і ўласцівасцей прыродных тэрытарыяльных комплексаў; адзін з метадаў ландшафтазнаўства. Разглядае марфал. структуры і прасторавую дыферэнцыяцыю працэсаў, якія працякаюць у ландшафтах, гісторыю іх развіцця і сучаснай дынамікі, прыродныя і тэхнагенныя структуры, а таксама комплексныя ўласцівасці і функцыі ландшафту як адзінага цэлага, у т.л. яго сац.-эканам. функцыі. На аснове Л.а. робяць прагназіраванне кірункаў, шляхоў і вынікаў развіцця ландшафтаў з улікам ацэнкі колькаснага і якаснага бакоў уздзеяння на іх прыродных і антрапагенных фактараў. Прагназіраванне ўключае выпрацоўку рэкамендацый па аптымізацыі ландшафтаў і больш поўнай рэалізацыі іх сац.-эканам. функцый. Улічваецца пры распрацоўцы праектаў, звязаных з арх.-планіровачнымі, інж., аграпрамысл., меліярац., рэкрэацыйнымі і інш. кірункамі пераўтварэння прыродных ландшафтаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДША́ФТНЫ ДЫЗА́ЙН,
галіна творчай дзейнасці, накіраваная на фарміраванне прадметна-прасторавага асяроддзя; маст. канструяванне дэталей культ. ландшафту. Аб’екты Л.д. — пластыка рэльефу (ландшафтная скульптура), дрэва-куставыя і кветкавыя кампазіцыі, малыя формы ў архітэктуры з насаджэннямі (пергалы, трэльяжы, вазы, кашпо і інш.), дэкар. скульптура, фантаны, басейны, каскады, элементы візуальнай інфармацыі ў парку, садовая мэбля і інш.
Вылучыўся ў 1960-я г. Развіты ў-Францыі, Германіі, Фінляндыі, Японіі і інш. краінах Сярод прыкладаў на Беларусі: у Мінску — добраўпарадкаванне набярэжнай р. Свіслач, каскады на Сляпяискай воднай сістэме, бульвар па вул. Пуліхава; добраўпарадкаванне плошчы і вуліц у г. Ліда Гродзенскай вобл., гіст.ч. Віцебска; дэкар. вадаём, газоны, кветнікі на цэнтр. плошчах вёсак Домжарыцы Лепельскага р-на Віцебскай вобл. і Верцялішкі Гродзенскага р-на. Новым аб’ектам Л.д. сталі ўчасткі садова-дачнага і катэджавага буд-ва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДША́ФТНЫ ЗАКА́ЗНІК,
від заказніка, тэрыторыя якога з’яўляецца аб’ектам аховы і аднаўлення асабліва каштоўных, рэдкіх прыродных маляўнічых ландшафтаў і комплексаў. На тэр. Л.з. абмежавана гасп. дзейнасць, у т.л. забаронены суцэльная высечка лесу, пасьба жывёлы, гідрамеліярац. работы, узвядзенне будынкаў, скідванне сцёкавых вод і быт. адходаў і інш. На Беларусі 16 Л.з. рэсп. значэння (агульная пл. каля 231 тыс.га): Бабінавіцкі, Міжазёрны, Сялява, Сіньша, Чырвоны Бор у Віцебскай, Азёры, Навагрудскі, Сарачанскія азёры, Свіцязянскі ў Гродзенскай, Блакітныя азёры, Прылуцкі ў Мінскай, Мазырскія Яры ў Гомельскай, Альманскія балоты, Прастыр, Стронга ў Брэсцкай, Старыца ў Магілёўскай абласцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДША́ФТНЫЯ КА́РТЫ,
паменшанае адлюстраванне ландшафтаў геаграфічных рознага рангу, іх структуры і размяшчэння. Адрозніваюць Л.к. агульнанавуковыя (размяшчэнне відаў ландшафтаў і асобных прыродных комплексаў), ацэначныя (ацэнка ландшафтаў па відах дзейнасці чалавека), прагнозныя (будучы стан ландшафту). На буйнамаштабных картах паказваюць фацыі, на сярэднемаштабных — урочышчы і мясцовасці, на дробнамаштабных — тыпалагічныя комплексы ландшафтаў (тыпы, роды, віды). На прыкладных Л.к. ацэньваецца патэнцыял прыдатнасці прыродных комплексаў для гасп. выкарыстання, неабходнасць іх аховы (інж.-геагр., ландшафтна-меліярацыйныя, медыка-геагр. і інш.). На Беларусі складзена сярэднемаштабная Л.к. (1984).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́НДШТАЙНЕР (Landsteiner) Карл
(14.6.1868, Вена — 26.6.1943),
аўстрыйскі вучоны, адзін з заснавальнікаў імунагематалогіі. Чл.Нац.АН ЗША. Скончыў Венскі ун-т (1891). З 1922 праф. паталогіі і бактэрыялогіі Ракфелераўскага ін-та ў Нью-Йорку. Навук. працы па імуналогіі і імунахіміі. Разам з Я.Янскім адкрыў групы крыві чалавека (1900), з Э.Поперам даказаў інфекц. прыроду поліяміэліту (1909), з А.Вінерам выявіў рэзус-фактар (1940). Нобелеўская прэмія 1930.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДШТУ́РМ
(ад ням. Land зямля, краіна + Sturm атака),
катэгорыя ваеннаабавязаных запасу 3-й чаргі ў дапаможных вайск. фарміраваннях, якія ствараліся з іх у Прусіі, Германіі, Аўстра-Венгрыі і інш. дзяржавах у 19—1-й пал. 20 ст. Выкарыстоўваліся пераважна для аховы дзярж. граніц, камунікацый, складоў і інш. У фаш. Германіі ў 1944 Л. быў заменены фольксштурмам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́НДЫ
(франц. landes ад гальскага landa пустка),
ландшафт пустак у прыморскіх абласцях Зах. Еўропы з вільготным атл. кліматам. У складзе расліннасці пераважаюць вечназялёныя хмызнякі і травы. У вузкім разуменні — пясчаныя алювіяльныя нізіны на ПдЗ Францыі, уздоўж узбярэжжа Біскайскага заліва. Даўж. 230 км, аддзелены ад мора паласой дзюн шыр. 7—8 км.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДЫЧЭ́НКА Віктар Фёдаравіч
(12.2. 1922, в. Міхайлова Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. — 31.3.1980),
поўны кавалер ордэна Славы. Скончыў Ташкенцкае пях. вучылішча (1943). З 1943 на Варонежскім, Зах., Бранскім, 1-м Прыбалт. франтах. Удзельнік Курскай бітвы, вызвалення Віцебскай вобл. Вызначыўся ў баях на тэр. Літвы і Латвіі ў 1944: 11 жн. першы фарсіраваў р. Мемеле і знішчыў 2 агнявыя пункты ворага; 18 вер. з групай разведчыкаў разграміў апорны пункт гітлераўцаў; у кастр. вызначыўся ў час прарыву абароны праціўніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́НДЫШ
(Convallaria),
род кветкавых раслін сям. спаржавых. 1 від — Л. майскі, або звычайны (C. majalis), некалькі падвідаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі і Паўн. Амерыкі, на Беларусі — усюды. Нар. назвы краспак, камвалея лесавая. Трапляецца ў хваёвых і хвойна-шыракалістых лясах і хмызняках. Як дэкар. кветка культывуецца з сярэдзіны 16 ст. Садовыя формы Л. буйныя, шматкветкавыя, з ружаватымі і махровымі кветкамі, ёсць стракаталістыя.
Шматгадовыя травяністыя расліны з гарызантальным карэнішчам. Лісты (2—3) доўгачаранковыя, прыкаранёвыя, з дугападобным жылкаваннем. Кветанос выш. да 20 см. Кветкі белыя, духмяныя з шарападобна-званочкавым вяночкам, на павіслых кветаножках, па 6—12 у доўгай рыхлай аднабокай гронцы. Плод — чырв. ягада. Выкарыстоўваецца ў парфумерыі і медыцыне. Лек., дэкар. расліны. Ядавітыя.