навука, якая вывучае зносіны, паводзіны і дзейнасць асобы, уключанай у сац. супольнасці, а таксама псіхалагічныя характарыстыкі гэтых супольнасцей. Гал. паняцці П.с. — асоба і зносіны. Адрозніваюць данавук. перыяд развіцця П.с., звязаны з кіраваннем і ўздзеяннем на людзей (правадыры плямён, прамоўцы, дзярж. дзеячы і інш.). Абагульненні гэтага эмпірычнага вопыту ажыццёўлены ў працах філосафаў і паліт. дзеячаў (у эпоху антычнасці Платон, Арыстоцель, у наступныя эпохі Т.Гобс, П.Гасендзі, Б.Спіноза, Дж.Лок, Ж.Ж.Русо, К.Гельвецый, у філасофіі 19 ст. Л.Феербах, Г.Гегель і інш.). Сучасны этап развіцця П.с. пачаўся ў 2-й пал. 19 ст. (М.Лацарус, Г.Штайнталь). Вылучаны 3 асн. кірункі П.с.: псіхалогія народаў(В.Вунт), псіхалогія мас (Г.Тард, Г.Лебон), псіхалогія інстынктаў. Пасля 1-й сусв. вайны цэнтр развіцця П.с. перамясціўся ў ЗША, дзе яна развівалася ў рамках эксперым. традыцыі. Найб. значныя вынікі атрыманы ў галіне вывучэння структуры і дынамікі малых груп, уздзеяння групы на асобу, фарміравання сац. установак і іх уздзеяння на паводзіны людзей, псіхалогіі кіравання, рэкламы, гандлю і інш. У шэрагу навук. дысцыплін П.с. найб. распрацавана групавая псіхалогія (даследаванні малых груп людзей, якія разглядаюцца як цэласныя структурна-дынамічныя ўтварэнні). Адрозніваюць нефармальныя групы, што стыхійна ўзнікаюць на аснове асабістых адносін, і фармальныя групы, якія ствараюцца для выканання пэўных грамадскіх функцый; даследуюцца розныя аспекты міжасобасных узаемаадносін унутры групы, праблема лідэрства. Вывучэнне зместу, дынамікі і структуры міжасобасных адносін і зносін у групах дзіцячага сада, школьных класах, групах ПТВ, студэнцкіх групах і вытв. калектывах, а таксама даследаванні ўплыву дарослых і кіраўнікоў на гэтыя працэсы прывялі да стварэння адносна самастойных галін П.с. — узроставай (генетычнай) і педагагічнай П.с. Асн. праблемы ўзроставай П.с. — вывучэнне ўзроставых заканамернасцей развіцця зносін асобы; кантактных (малых) груп і калектываў; паэтапнае развіццё кантактнай групы як універсальнай сістэмы непасрэдных зносін у працэсе сумеснай дзейнасці; узроставыя заканамернасці ўзаемадзеяння асобы з шырокім сац. асяроддзем. Пед. П.с. вывучае ўплыў педагогаў на гэтыя працэсы.
На Беларусі развіваюцца практычна ўсе асн. галіны П.с. Яе станаўленне ажыццяўлялася пад уплывам адраджэння гэтай галіны псіхалогіі ў СССР у канцы 1950 — пач. 1960-х г. Першыя публікацыі бел. псіхолагаў у галіне П.с. з’явіліся ў 1962. Псіхолагі Беларусі першымі пачалі эксперым. вывучэнне міжасобасных адносін у дзіцячых і вучэбных групах, калектывах; разам з псіхолагамі Ленінграда яны ўпершыню выкарысталі мадыфікаваныя і сацыяметрычныя метады. Актуальныя і фундаментальныя праблемы П.с. распрацоўваюцца ў Ін-це сацыялогіі Нац.АН Беларусі (Я.М.Бабосаў, В.А.Секун), Бел.пед. ун-це (Я.Л.Каламінскі, Н.А.Цыркун, Л.А.Панько), Нац. ін-це адукацыі (І.А.Фурманаў, В.Я.Каламінская, М.А.Крэмень, Л.А.Пергаменшчык), БДУ (Г.М.Кучынскі, У.А.Палікарпаў), Гродзенскім дзярж. ун-це (С.В.Кандрацьева), Акадэміі паслядыпломнай адукацыі (У.А.Янчук).
Літ.:
Генетические проблемы социальной психологии: Сб. ст.Мн., 1985;
Петровский А.В. Личность. Деятельность. Коллектив. Мн., 1982;
Западная социальная психология в поисках новой парадигмы. М., 1993;
Одайник В. Психология политики: Полит. и социал. идеи К.Г.Юнга: Пер. с англ. СПб., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРА́РНЫЯ АДНО́СІНЫ,
вытворчыя адносіны ў сельскай гаспадарцы, абумоўленыя характарам уласнасці на зямлю. Гэта адносіны паміж класамі і сац. групамі на аснове пэўных формаў землеўладання і землекарыстання, а таксама паміж дзяржавай і землекарыстальнікамі (с.-г. прадпрыемствамі, фермерамі і інш.) у сувязі з умовамі арганізацыі вытв-сці, рэалізацыі прадукцыі і размеркавання атрыманага даходу.
Сутнасць аграрных адносін пры феадалізме вызначала поўная ўласнасць феадала на зямлю і няпоўная на прыгонных сялян, з якіх спаганялася высокая адработачная, натуральная ці грашовая зямельная рэнта. Пры гэтым сяляне заставаліся ў надзвычай цяжкіх умовах. Такія адносіны спараджалі антаганізм, сял. паўстанні, якія часам перарасталі ў сял. войны з мэтай пераўтварэння сістэмы землеўладання на больш справядлівай аснове. Пры капіталізме характар аграрных адносін абумоўлены захаваннем прыватнай уласнасці на зямлю. Селянін, атрымаўшы свабоду ад прыгону, фактычна заставаўся залежны ад землеўладальніка. Таму выкарыстанне наёмнай працы ў сельскай гаспадарцы спалучалася з феад. рэнтавымі адносінамі.
Пасля 2-й сусв. вайны аграрныя адносіны ў развітых капіталіст. краінах характарызуюцца дзярж. рэгуляваннем у агр. сектары. На аснове т.зв.«зялёных планаў» дзяржава аказвае цвёрдую матэр.-фін. падтрымку буйному землеўладанню, што вядзе да масавага разарэння дробных гаспадарак. Адначасова з узнікненнем буйных фермерскіх гаспадарак з’явіліся вял. землеўладанні карпарацый, якія каля 40% сваіх зямель здаюць у арэнду фермерам і прысвойваюць частку дзярж. субсідый. Тым не менш у гэтых краінах створаны спрыяльныя ўмовы для выкарыстання дасягненняў навук.-тэхн. прагрэсу ў сельскай гаспадарцы, забеспячэння яе высокай эфектыўнасці і вырашэння харч. праблемы ў краіне.
На Беларусі, як і ва ўсёй Расійскай імперыі, асноўнай супярэчнасцю ў аграрных адносінах была наяўнасць буйнога землеўладання, з аднаго боку, і мноства малазямельных сялян і парабкаў — з другога. Сялянскі рух разгортваўся фактычна за ўсталяванне «амерыканскага» шляху развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы — ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і феад. перажыткаў, у той час як царскія ўлады падтрымлівалі «прускі» шлях, ажыццяўляючы сталыпінскую аграрную рэформу.
Агр. праграма бальшавікоў прадугледжвала ліквідацыю прыватнай уласнасці на зямлю, перадачу зямлі сялянству і знішчэнне на гэтай аснове антаганізму ў аграрных адносінах. У перыяд грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі Сав. дзяржава, падтрымліваючы бядняцкія і серадняцкія слаі сялянства, вымушана праводзіла палітыку харчразвёрсткі, замененай у 1921 на харчпадатак. Пасля нацыяналізацыі зямлі, у выніку ліквідацыі памешчыцкага і абмежавання кулацкага землеўладання, зямельныя надзелы бядняцкіх і серадняцкіх гаспадарак былі істотна павялічаны. На гэтым этапе характар аграрных адносін вызначаўся фарміраваннем і развіццём сял. дробнатаварнай вытв-сці. Аднак з ажыццяўленнем калектывізацыі аграрныя адносіны прынцыпова змяніліся: заможныя гаспадары былі раскулачаны і сасланы, зямля перададзена калгасам і саўгасам. Сяляне, адчужаныя ад сродкаў вытв-сці і вынікаў сваёй працы, фактычна ператварыліся ў наёмных рабочых. Калектыўнымі гаспадаркамі кіравала дзяржава, якая хоць і дапамагала ім у матэрыяльна-тэхн. забеспячэнні, але пры гэтым значную частку іх даходаў накіроўвала на вырашэнне інш.сац.-эканам. праблем грамадства.
З пач. 1990-х г. у Рэспубліцы Беларусь заканадаўча дазволена арэнда зямлі, стварэнне фермерскіх гаспадарак, рэарганізацыя калгасаў, саўгасаў і інш. Сутнасць гэтых змен у тым, каб ператварыць сялян у паўнаўладных гаспадароў зямлі, стварыць у агр. сектары самастойных суб’ектаў рыначнай эканомікі. Для фарміравання стабільных, жыццядзейных аграрных адносін вырашаюцца таксама праблемы парытэту цэн на с.-г. і прамысл. прадукцыю, залучэнне замежных інвестыцый у агр. сектар, падатковых ільгот, субсідый і інш. формаў падтрымкі сельскай гаспадаркі, асабліва развіцця яе сац. сферы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЭ́ЙШАЯ НЕРВО́ВАЯ ДЗЕ́ЙНАСЦЬ,
сукупнасць складаных фізіял. працэсаў у вышэйшых аддзелах кары вял. паўшар’яў і падкоркавых утварэннях галаўнога мозга, што забяспечваюць аптымальнае індывід. прыстасаванне чалавека і жывёл да зменлівых умоў знешняга і ўнутр. асяроддзя. Падпарадкоўваецца прынцыпам дэтэрмінізму, узаемаабумоўленасці, узаемасувязі, структураванасці і адбываецца праз аналіз усёй інфармацыі, вычляненне асобных кампанентаў і аб’яднанне іх у камбінацыі, якія ўзгадняюцца з акцэнтнай матывацыяй паводзін. Тэрмін уведзены І.П.Паўлавым як эквівалент паняцця «псіхічная дзейнасць», каб падкрэсліць адрозненні вышэйшай нервовай дзейнасці ад «ніжэйшай нерв. дзейнасці», што аперыруе наборам спадчынных, пастаянных, уласцівых усім прадстаўнікам дадзенага віду безумоўных рэфлексаў на прамую актывацыю спецыялізаваных рэцэптараў, яны каардынуюць узаемаадносіны паміж рознымі функцыян. сістэмамі, падтрымліваюць стабільны ўнутраны стан арганізма (гамеастаз): узровень крывянога і асматычнага ціску, анкатычнага ціску, т-ры цела, колькасць глюкозы ў крыві і інш. Больш складаныя формы рэфлексаў — інстынкты — таксама з’яўляюцца выражэннем генетычна зафіксаванага вопыту папярэдніх пакаленняў.
Вышэйшая нервовая дзейнасць узнікае ў ходзе эвалюцыі на аснове «ніжэйшай нерв. дзейнасці», кантралюе яе і будуецца на аснове ўмоўных рэфлексаў, якія выпрацоўваюцца на працягу жыцця асобіны. З яе развіццём набываецца здольнасць адказваць на непасрэдныя дзеянні стымулаў (болевых, харчовых, палавых і інш.), на аддаленыя іх прадвеснікі, выдзяляць фармальную суадноснасць паміж патрэбнасцю і абставінамі, якія заканамерна папярэднічаюць яе рэалізацыі. Раздражняльнікі становяцца ўмоўнымі або сігналамі, якія ўключаюць адаптыўныя паводзіны праз сувязь паміж нейронамі, што ўспрымаюць умоўны раздражняльнік і ўваходзяць у дугу безумоўнага рэфлексу. У процілегласць безумоўным умоўныя рэфлексы зменлівыя, часовыя, утвараюцца і знікаюць з дапамогай розных відаў прыроджанага і набытага тармажэння. Яны пастаянна ўскладняюцца і ўдасканальваюцца, што пашырае адаптыўныя магчымасці індывіда да падзей знешняга асяроддзя.
Матэрыяліст. ідэя аб рэфлекторнай прыродзе псіхічных працэсаў выказана І.М.Сечанавым у кн. «Рэфлексы галаўнога мозга» (1863). Далейшая яе распрацоўка належыць Паўлаву, які стварыў метад вывучэння вышэйшай нервовай дзейнасці ў хранічным эксперыменце і выявіў прынцыповыя яе заканамернасці. Значнасць прыроджаных і набытых формаў паводзін у працэсе анта- і філагенезу зменьваецца на карысць перавагі ўмоўных рэфлексаў. У чалавека ў дадатак да першай сігнальнай сістэмы ўзнікае другая сігнальная сістэма ў выглядзе мовы. Па суадносінах гэтых сістэм адрозніваюць 3 тыпы людзей: мысліцельны, мастацкі і сярэдні. Слова надзяляе вышэйшую нервовую дзейнасць здольнасцю да абстрагавання, абагульнення, мыслення, творчасці. Сіла, ураўнаважанасць і рухомасць працэсаў узбуджэння і тармажэння ляжаць у аснове асаблівасцей вышэйшай нервовай дзейнасці. Паўлаў вылучыў 4 варыянты яе: моцны, ураўнаважаны, рухомы (сангвінік); моцны, неўраўнаважаны, узбудлівы (халерык); моцны, ураўнаважаны, інертны (флегматык); слабы (меланхолік). Адно са складаных праяўленняў — дынамічны стэрэатып.
Вучэнне аб вышэйшай нервовай дзейнасці мае тэарэт. і шырокае прыкладное значэнне ў медыцыне, псіхалогіі, педагогіцы, кібернетыцы, арганізацыі працы і інш. сферах чалавечай дзейнасці. Сав. вучонымі распрацаваны тэорыі функцыян. сістэм (П.К.Анохін), паглыблены ўяўленні пра механізмы памяці і цэнтр. тармажэння (І.С.Берыташвілі), самарэгуляцыі мозга праз сімпатычную сістэму (Л.А.Арбелі), пра ўзаемаадносіны кары і ўнутр. органаў (К.М.Быкаў), кампенсацыі парушаных яе функцый (Э.А.Асрацян), выяўлены асаблівасці вышэйшай нервовай дзейнасці ў дзяцей у норме і паталогіі (А.Г.Іваноў-Смаленскі, М.І.Краснагорскі) і інш.
Літ.:
Орбели Л.А. Вопросы высшей нервной деятельности. М.; Л., 1949;
Павлов И.П. Полн. собр. соч.Т. 1—6. 2 изд. М., 1951—52;
Сеченов И.М. Рефлексы головного мозга. М., 1961;
Беленков Н.Ю. Условный рефлекс и подкорковые образования. М., 1965;
Физиология высшей нервной деятельности. Ч. 1—2. М., 1970—71;
Анохин П.К. Очерки по физиологии функциональных систем. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́Л (ад лац. canalis труба, жолаб) у гідратэхніцы, штучнае рэчышча (вадавод) правільнай формы ў грунтавой выемцы або насыпе з безнапорным рухам вады; від гідратэхнічных збудаванняў. У папярочным сячэнні маюць трапецаідальную і паліганальную (у мяккіх грунтах), прамавугольную (у скальных пародах) і інш. формы. Памеры сячэння вызначаюць гідраўл. разлікам па прапускной здольнасці, дапушчальных скарасцях (якія не размываюць і не заглейваюць рэчышча) і г.д. Адкосы і дно ўмацоўваюць бетоннымі і гравійнымі пакрыццямі, каменным машчэннем (накідам), фашынна-галлёвым і плятнёвым мацаваннем, грунтавымі і плёначнымі экранамі, дзернаваннем і інш. На К. будуюць шлюзы, на К. з мех. пад’ёмам вады — помпавыя станцыі, у месцах перасячэння з вадатокамі — акведукі, дзюкеры, трубы, з шляхамі зносін — масты, віядукі, тунэлі, у месцах рэзкіх пераломаў рэльефу — спалучальныя збудаванні (перапады, быстратокі, пераходы), а таксама рэгуляцыйныя збудаванні.
К. бываюць: суднаходныя (злучальныя — злучаюць паміж сабой суднаходныя рэкі і азёры, моры; абводныя — для абыходу неспрыяльных участкаў воднага шляху; спрамляльныя — для скарачэння даўжыні звілістага шляху; падыходныя — для падыходу суднаў да партоў, гарадоў; энергетычныя (дэрывацыйныя — падводзяць ваду да гідраэлектрычных станцый, адводныя — адводзяць яе ад турбін); арашальныя, або ірыгацыйныя (сістэма магістральных, размеркавальных, уласна арашальных і вадаскідных К. для падачы вады на арашальныя землі); асушальныя (сістэма магістральных, падвадных, адводных, нагорна-лоўчых, скідных К., збіральнікаў, асушальнікаў для збору і адводу вады з забалочаных і залішне ўвільготненых тэрыторый); водаправодныя (для падачы вады ад крыніцы водазабеспячэння да прамысл. раёна, горада); абвадняльныя (забяспечваюць патрэбы с.-г. спажыўцоў, у асн. жывёлагадоўлі, у бязводных і засушлівых раёнах); лесасплаўныя, рыбаводныя і інш. Большасць К. комплекснага прызначэння. Буд-ва арашальных К. пачалося за 4400 г. да н.э. ў Егіпце, суднаходных — з 6 ст. да н.э. (К. ад Ніла да Чырвонага мора). Распачата да н.э. і ў 7 ст. закончана буд-ва часткі Вялікага канала ў Кітаі. У 8—6 ст. да н.э. арашальныя К. будавалі ў Харэзме, Урарту, у 12—13 ст. у Грузіі. У сярэдневякоўі суднаходныя К. будавалі пераважна ў Галандыі, Францыі, Англіі. Найб. значныя каналы міжнародныя — Суэцкі канал, Панамскі канал; пабудаваныя ў СССР — Беламорска-Балтыйскі канал. Волга-Данскі суднаходны канал, канал імя Масквы, Каракумскі канал.
На Беларусі адзін са старэйшых Агінскі канал; суднаходныя Дняпроўска-Бугскі канал і Мікашэвіцкі канал. З К. і вадасховішчаў складаюцца Вілейска-Мінская водная сістэма і Сляпянская водная сістэма. На вял.ЦЭС (Лукомскай, Бярозаўскай) па К. падводзіцца або скідваецца вада для ахаладжэння энергет. установак. Аўгустоўскі і Бярэзінскі (у складзе Бярэзінскай воднай сістэмы) К. страцілі гасп. значэнне. У раёнах масавага асушэння зямель вял. колькасць меліярац. К., сярод якіх вылучаюць самацёчныя (для скіду лішняй вады з с.-г. плошчаў) і падвадныя (для падачы вады ў наліўныя вадасховішчы, на арашэнне, абвадненне). Агульная даўжыня К. адкрытай асушальнай сеткі на Беларусі (1997) каля 160 тыс.км, больш за 16 тыс.км рэчышчаў (ці іх участкаў) малых і сярэдніх рэк каналізавана.
Г.Г.Круглоў, А.А.Макарэвіч.
Да арт.Канал. Найбольш пашыраныя формы папярочнага сячэння: а — трапецаідальная; б — поліганальная; в — прамавугольная; г — парабалічная. Мацаванне адкосаў і дна меліярацыйных каналаў; д — каменнай адмосткай (1 — адмостка, 2 — дзёран); е — жалезабетоннымі плітамі (1 — пліты і П-падобныя распоркі, 2 — засыпка грунтавая, 3 — дзёран); ж — камянямі ў клетках з жалезабетонных бэлек (1 — бэлькі, 2 — каменнае машчэнне, 3 — гравій, 4 — пясок).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІЯ ПЕ́СНІ,
спецыфічная сфера песеннага фальклору, якая склалася ў партыз. фарміраваннях у перыяд Вял.Айч. вайны. Беларускія П.п. складаюць найб. багаты пласт сучаснага фальклору. Падзяляюцца на безыменныя нар. песні («Ой, на лузе, пры дубочку»), творы самадз. складальнікаў («Песня пра Лаўскі бой» П.Ліпілы), фалькларызаваныя ўзоры сав. масавай песні («На кані вараным» У.Захарава); вылучаюць таксама т.зв. песні-пераробкі, заснаваныя на абнаўленні паэт. зместу папулярных нар. і сав. масавых песень пры захаванні інтанац. асновы напеваў, рытмікі і паэт.сістэмы першапачатковага тэксту (цыклы песень на мелодыі «Па далінах і па ўзгор’ях», «Кацюша»), У адпаведнасці з пашыранасцю адрозніваюць П.п. асобных злучэнняў і агульнапрызнаныя, што трывала ўвайшлі ў сучасны народнапесенны фонд. П.п. выконваліся сола ці хорам, часта з акампанементам гармоніка, баяна, акардэона, гітары, радзей скрыпкі ці інстр. ансамбля. Аўтарская дзейнасць партыз. песеннікаў дакументальна зафіксавана неаднолькава; вядома больш за 60 аўтараў слоў (каля 200 песенных тэкстаў на бел. і рус. мовах) і больш за 20 аўтараў мелодый. Змест П.п. адлюстроўвае любоў да Радзімы, гатоўнасць аддаць жыццё за яе свабоду, глыбокае пачуццё чалавечай годнасці, гнеў і нянавісць да фаш. захопнікаў. Іх жанравая разнастайнасць абумоўлена спецыфічнай эстэт. функцыяй (гераічны заклік, сатыр. памфлет-пародыя, гумарыстычны партрэт, прыпеўка да танцаў) і множнасцю генетычных вытокаў (ад бел., рус. і ўкр. сялянскай песеннасці да сав. масавай і эстр. песні). Асн. жанры: гімн-марш (тыпу канта), песня-хроніка, гераічная балада, лірычная песня-раманс (маналог, зварот да сябра, ліст да каханай і інш.). Вылучаюцца цыкл развітальных песень, па муз. стылістыцы набліжаных да сял. «зацягучых», і частушка-памфлет. У змесце, паэт. вобразнасці, інтанац. складзе яскрава выяўляюцца рысы наватарства.
Меласу песень героіка-патрыят. зместу ўласцівы заклікальнасць, фанфарнасць, лозунгавая афарыстычнасць. Канкрэтныя праявы наватарскіх рыс стылістыкі залежаць ад жанру: маршавасць выяўляецца ў гімнах, дэкламацыйнасць — у баладах, мелодыка павольнага вальса — у песнях рамансавага складу і г.д. Для паэт. тэкстаў характэрна перавага 4-радковай страфы (у прыпеўках і 2-радковай). Верш П.п. найчасцей сілаба-танічны з чаргаваннем мужчынскай і жан. рыфмаў. Муз. рытміка вызначаецца акцэнтнасцю; часта сустракаюцца (а пры запазычанні напеву дадаткова ўносяцца) пункцірныя рытмічныя фігуры, раптоўныя паўзы, сінкопы. Дыяпазон напеваў найчасцей шырокі (актаўны 1 большы за актаву). У напевах без суправаджэння мінор выступае ў натуральным варыянце, у мелодыях з акампанементам гармоніка, баяна і інш. інструментаў з наборам гатовых акордаў ёсць фарбы гарманічнага мінору. Нярэдка выяўляецца натуральна-ладавая мажора-мінорная пераемнасць (тэрцавая, секундавая, тэрцава-секундавая). Харавы склад значнай часткі П.п. 2- ці 3-галосы з контрапунктычнай падводкай, якая высока лунае над асн. напевам ніжняга голасу. Шматграннасць жыццёвага зместу і спосабаў яго маст. пераўтварэння, масавасць партыз. творчасці, пастаяннае сутыкненне і ўзаемадзеянне розных яе адгалінаванняў прывялі да фарміравання ў П.п. «сем’яў» роднасных сюжэтаў і напеваў. Эстэт. вытокі гэтай з’явы ў песнях найстараж. пласта ў традыцыі групавога прымацавання аднажанравых паэт. тэкстаў да адпаведных поўнаму жанру напеваў-стрыжняў. Форма выяўлення гэтай традыцыі ў П.п. істотна змянілася, бо ў аснове фарміравання меладычна роднасных цыклаў ляжыць новая песня, сучасная паводле зместу і сродкаў маст. выразнасці.
Літ.:
Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны. Мн., 1961;
Мухаринская Л.С.Белорусская народная партизанская песня, 1941—1945. Мн., 1968;
Яе ж. Партизанские песни Белоруссии и их слагатели. Мн., 1964;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й (ад грэч. museion храм муз),
навукова-даследчая і культурна-асветная ўстанова, якая ажыццяўляе камплектаванне, улік, захоўванне, вывучэнне і папулярызацыю помнікаў гісторыі і культуры, прыродных аб’ектаў. Паводле формы ўласнасці падзяляюцца на дзярж., грамадскія і прыватныя, паводле профілю — на гістарычныя (археал., этнагр., ваенна-гіст., нар. славы і інш.), прыродазнаўчыя, мастацкія, літаратурныя, тэхнічныя, музычныя і інш. Прыкладам комплекснага профілю з’яўляюцца краязнаўчыя М.
Перадмузейныя зборы вядомы з глыбокай старажытнасці ў Афінах, Трэзене, Пергаме, Антыёхіі. Найб. вядомы стараж.Александрыйскі мусеян. У сучасным разуменні М. узнік у Фларэнцыі (Італія) у эпоху Адраджэння. У 16—17 ст.маст. і гіст. каштоўнасці зберагаліся ў Капіталійскім М. (Рым), «Антыкварыуме» (Мюнхен), Збраёўні герояў (замак Амбрас, Аўстрыя), Кунсткамеры (Дрэздэн) і інш. У 18 ст. вядомы Брытанскі музей (Лондан), Луўр (Парыж), Уфіцы (Фларэнцыя), Эрмітаж (С.-Пецярбург). Хуткае павелічэнне колькасці М. у 19 ст. абумоўлена развіццём навук і спецыялізацыі ведаў, культам нац. старажытнасцей. Адбываецца сістэматызацыя музейных збораў, утвараюцца новыя тыпы М (скансэн, музей-панарама і інш), іх профілі (навукі і тэхнікі, літ., мемарыяльныя і інш.). У 20 ст. павялічваецца ўрадавая фін. падтрымка, узмацняецца роля ўлад у каардынацыі дзейнасці М., адбываецца прафесіяналізацыя музейнай дзейнасці. З 1946 каардынацыяй М займаецца Міжнар. савет музеяў (ІСОМ). На мяжы 3-га тыс. ў свеце больш за 40 тыс. М. Найб. развітую сетку М. маюць Вялікабрытанія, Германія, ЗША, Італія і Францыя.
На Беларусі ў 14—15 ст. існаваў перадмузейны збор пры канцылярыі вял. кн ВКЛ, дзе нешматлікім наведвальнікам дэманстраваліся вайск. трафеі, творы выяўл. мастацтва, габелены, дываны, медалі, манеты. Музейныя зборы мелі Радзівілы, Сапегі, Тышкевічы, Алелькавічы, Войны, Слушкі, Хадкевічы, некат. заможныя шляхціцы, мяшчане, навуч. ўстановы. Да 1-й сусв. вайны існавала больш за 50 М., якія ствараліся стат. к-тамі, навук. т-вамі, земствамі, царк.-археал. к-тамі і навуч. ўстановамі (гл.арт. пра віцебскі, магілёўскі, мінскі, мсціслаўскі царк.-археал.М., Мінскі гарадскі музей, Магілёўскі музей). У 1921 у БССР утворана музейная камісія (Галоўмузей), якая ўпершыню паставіла задачу стварэння дзярж. музейнай сеткі з цэнтр. кіраўніцтвам. Да пач.Вял.Айч. вайны працавала каля 60 М., дзейнасць якіх была звязана з краязн. рухам. З уз’яднаннем Зах. Беларусі з БССР музейны фонд БССР папоўніўся каштоўнымі калекцыямі, лепшая з якіх належала Беларускаму музею ў Вільні. Важнымі падзеямі ў гісторыі музейнага будаўніцтва былі Першы з’езд даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі (1926) і Усебел. нарада музейных работнікаў (Мінск, 1932). У Вял.Айч. вайну музейны фонд панёс вял. страты. У пасляваенны час да 1950 працавала 20 М., асаблівая ўвага ў дзейнасці якіх аддавалася ваенна-паліт. тэматыцы. Пастановай ЦККПСС «Пра павышэнне ролі музеяў у камуніст. выхаванні працоўных» (1964) былі замацаваны ўжо сфарміраваныя да таго часу асн. кірункі музейнай палітыкі: канцэнтрацыя ўвагі на стварэнні аддзелаў гісторыі сав. перыяду, адлюстраванне перамог камуніст. будаўніцтва ў СССР, пашырэнне прапагандысцкай работы і інш. На канец 1999 на Беларусі 130 дзярж. М. сістэмыМін-ва культуры (каля 3 млн. адзінак фонду). Дзейнічаюць таксама М. інш. мін-ваў і ведамстваў, грамадскія (у школах, навук. і навуч. установах), колькасць якіх перавышае колькасць дзярж. М. Мін-ва культуры. З 1997 існуе Бел. асацыяцыя М., якая накіроўвае дзейнасць М. усіх форм уласнасці і ведамаснай прыналежнасці. Гл. таксама Музеязнаўства, Музеі гістарычныя, Музеі літаратурныя, Музеі мастацкія, Музеі музычныя, Музеі прыроды, Музеі тэатральныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛО́ГІЯ (ад бія... + ...логія),
сістэма навук пра жывую прыроду. Даследуе ўсе праяўленні жыцця: будову і функцыю жывых істот і іх прыродных згуртаванняў, пашырэнне, паходжанне і развіццё, сувязі паміж імі і з нежывой прыродай. Тэрмін «біялогія» прапанаваны франц. прыродазнаўцам Ж.Б.Ламаркам і ням. вучоным Г.Р.Трэвіранусам (1802). Адны з першых у біялогіі склаліся комплексныя навукі па аб’ектах даследавання: пра жывёл — заалогія, расліны — батаніка, бактэрый — мікрабіялогія, вірусы — вірусалогія, прасцейшых — пратысталогія. Будову арганізмаў вывучаюць цыталогія, гісталогія, анатомія, функцыі жывых сістэм — фізіялогія жывёл, раслін, чалавека, узаемаадносіны жывых істот паміж сабой і з умовамі навакольнага асяроддзя — экалогія, заканамернасці спадчыннасці і зменлівасці — генетыка, індывід. развіццё — біялогія развіцця, гіст. развіццё жывога — эвалюцыйнае вучэнне. На стыку біялогіі з іншымі навукамі ў 20 ст. ўзніклі і развіваюцца біяхімія, біяфізіка, біёніка, біягеаграфія, радыебіялогія і інш.
Першыя працы па сістэматыцы жывёл вядомы з 4 ст. да н.э. (Арыстоцель), раслін — з 4—3 ст. да н.э. (Тэафраст), пра ўнутр. будову жывёл і чалавека — з 5—2 ст. да н.э. (Гіпакрат, Гален). У сярэднія вякі ішло паступовае назапашванне біял. ведаў. У эпоху Адраджэння праведзена анатаміраванне чалавечага цела (А.Везалій, 1543), у 17 ст. апісаны кругі кровазвароту чалавека (У.Гарвей, 1628), шырока разгарнуліся мікраскапічныя даследаванні раслін (Р.Гук, 1665, М.Мальпігі, 1675—79) і жывёл (А.Левенгук, 1673). У 1735 упершыню ўведзена бінарная наменклатура і найб. поўная штучная класіфікацыя жывёл і раслін (К.Ліней). Пазней былі адкрыты цытаплазма (Я.Пуркіне, 1825) і ядро (Р.Броўн, 1837) клетак, а ў 1839 сфармулявана клетачная тэорыя (Т.Шван), якая мела вял. значэнне ў развіцці тэорыі эвалюцыі арган. свету. Эвалюцыйная тэорыя распрацавана Ламаркам («Філасофія заалогіі», 1809) і Ч.Дарвінам («Паходжанне відаў...», 1859). Сфармуляваныя ў 1865 Г.Мендэлемасн.генет. заканамернасці наследавання атрымалі пацвярджэнне і тлумачэнне на аснове храмасомнай тэорыі спадчыннасці (Т.Морган, 1911). Вызначэнне структуры малекулы ДНК (Дж.Уотсан, Ф.Крык, 1953) прывяло да развіцця малекулярнай біялогіі. У галіне фізіялогіі жывёл І.П.Паўлавым (1903) распрацавана вучэнне аб умоўных рэфлексах і вышэйшай нерв. дзейнасці. У 1920—30-я г. створана эвалюцыі сінтэтычная тэорыя (С.С.Чацверыкоў, Дж.Холдэйн, Р.Фішэр, С.Райт, Ф.Г.Дабржанскі). Вял. дасягненне біялогіі — стварэнне вучэння пра біясферу (У. І.Вярнадскі, 1926) і біягеацэнозы (У.М.Сукачоў, 1942). Значныя заслугі ў развіцці біялогіі належаць рус. вучоным К.А.Ціміразеву, У.А.Кавалеўскаму, А.А.Кавалеўскаму, І.І.Мечнікаву, І.М.Сечанаву, А.М.Северцаву, І.І.Шмальгаўзену і інш.
Развіццё біял. навукі на Беларусі пачалося пасля 1917. Тэарэт. і практычныя праблемы біялогіі распрацоўваюць навук. ўстановы Аддз.біял. навук АН Беларусі, ВНУ, НДІ Мін-ваў аховы здароўя, сельскай гаспадаркі і харчавання, лясной і рыбнай гаспадаркі Беларусі. Даследаваліся ферменты глебы і іх уплыў на рост раслін (В.Ф.Купрэвіч), працэс фотасінтэзу і роля інш. пігментаў у раслін (Ц.М.Годнеў, М.М.Ганчарык). Распрацаваны навук. асновы гетэрозісу і вынікі ўздзеяння іанізавальнымі выпрамяненнямі (М.В.Турбін), колькасныя заканамернасці спадчыннасці і механізм хім. мутагенезу (П.Ф.Ракіцкі). Вывучалася будова перыферычнай нерв.сістэмы і знойдзены шляхі аднаўлення функцыі ўнутр. органаў пры яе пашкоджаннях (Д.М.Голуб), даказана існаванне асобнага тыпу адчувальных нерв. праваднікоў, якія з’яўляюцца асновай вегетатыўных рэфлексаў (І.А.Булыгін). Праведзены даследаванні ў галіне аграхіміі (А.К.Кедраў-Зіхман, С.Н.Іваноў, Т.Н.Кулакоўская), зялёных угнаенняў (Я.К.Аляксееў), меліярацыі (С.Г.Скарапанаў), селекцыі раслін (П.І.Альсмік, А.І.Лапо) і жывёл (М.М.Замяцін). Распрацоўваюцца спосабы аховы насельніцтва ад уздзеяння выпрамяненняў радыенуклідаў на тэрыторыях, забруджаных пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС (Я.Ф.Канапля).
Літ.:
Лункевич В.В. От Гераклита до Дарвина: Очерки по истории биологии. Т. 1—2. 2 изд. М., 1960;
Навука БССР за 50 год. Мн., 1968;
История биологии с начала XX века до наших дней. М., 1975;
Кемп П., Армс К. Введение в биологию: Пер. с англ.М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРЭ́ЗІНСКІ БІЯСФЕ́РНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у паўночнай частцы Беларусі, на тэр. Докшыцкага і Лепельскага р-наў Віцебскай і Барысаўскага р-на Мінскай абласцей. Засн. ў 1925 для аховы і развядзення каштоўных, рэдкіх і тых, што знікаюць, птушак і звяроў, асабліва баброў (на час стварэння тут была адзіная на З Беларусі калонія). З 1979 запаведнік набыў статус біясфернага паводле Праграмы ЮНЕСКА «Чалавек і біясфера». У 1993 уключаны Саветам Еўропы ў сетку біягенетычных запаведнікаў. Пл. 90,6 тыс.га, у т. л. абсалютна запаведнай зоны 81 тыс.га, ахоўная зона вакол запаведніка 33 тыс.га. Займае ч. Верхнебярэзінскай ніз. ўздоўж верхняга цячэння р. Бярэзіна (бас. Дняпра) з 30 прытокамі. Адм.-гасп. цэнтр у в. Домжарыцы Лепельскага р-на.
Рэльеф пераважна раўнінны, з невял. ўзвышшамі і ўзгоркамі ў паўн.-ўсх. і зах. частках і нізінамі на Пд. Клімат умерана цёплы, вільготны. У межах запаведніка больш за 50 невял. забалочаных рэк і ручаёў, перагароджаных бабровымі плацінамі. Р. Сергуч (Бузянка) — найб. левы прыток р. Бярэзіна — ч. пабудаванай з дапамогай ням. інжынераў у канцы 18 — пач. 19 ст.Бярэзінскай воднай сістэмы, якая дазволіла звязаць рэкі бас. Балтыйскага і Чорнага м. і аднавіць т.зв.гіст. шлях «з варагаў у грэкі». Яе рэчышча ў розных месцах расшырана, выраўнавана і канчаецца Сергуцкім каналам, працягласць якога 9 км. З канца 19 ст.гасп. значэння гэта сістэма не мае. Шмат азёр, найб. Палік, Вольшыца, Плаўна, Домжарыцкае, Манец. Рэкі і азёры займаюць 2,3% тэр. запаведніка, адкрытыя балоты — 10,3%. Есць вял. балотныя масівы (Домжарыцкае каля 10 тыс.га, Каралінскае 7 тыс.га, Жары 4,8 тыс.га і інш.). Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя пясчаныя і супясчаныя, ва ўпадзінах і катлавінах тарфянабалотныя. Забалочаных і балотных глеб каля 60% глебавага покрыва Частыя выхады на паверхню марэнных адкладаў з валунамі і пясчана-галечных утварэнняў. Расліннасць разнастайная, пераважна лясная, лугавая і балотная, спалучае рысы цемнахвойных паўд.-таежных і шыракалістых лясоў. Пад лесам 83,3% тэр., пераважаюць хваёвыя (45,4% лесаўкрытай пл.) і бярозавыя (24,4%) лясы, трапляюцца чорнаальховыя (16,4%), яловыя (10,8%), асінавыя (1,1%), дубовыя (0,5%). У паўд.ч. запаведніка зберагліся унікальныя ясянёвыя і чорнаальхова-ясянёвыя дрэвастоі (0,4%), некаторыя маюць узрост да 160—170 гадоў. Пад лугамі 1,4% тэр. У флоры 780 відаў сасудзістых раслін, больш за 200 відаў мохападобных, шмат відаў грыбоў, лішайнікаў і водарасцяў. У фауне каля 52 відаў млекакормячых, 217 птушак, 8 земнаводных, 5 паўзуноў, 34 віды рыб. Больш за 200 паселішчаў баброў. Каля 1 тыс. баброў вывезена з запаведніка для рассялення ў інш. рэгіёны. Водзяцца лось, воўк, высакародны алень, казуля, дзік, буры мядзведзь, рысь, ліс, барсук, выдра, лясная куніца, тхор, еўрап. і амер. норкі, гарнастай, ласка і інш., з Белавежскай пушчы завезены зубры. Гняздуюцца рэдкія драпежныя птушкі (арол-беркут, малы падворлік, скапа, барадатая няясыць, філін і інш.), а таксама чорны бусел і шэры журавель. Трапляюцца чорны каршун і белая курапатка. Шмат баравой дзічыны.
Бярэзінскі біясферны запаведнік — адзінае месца ў паўн. і цэнтр.ч. Беларусі, дзе прыродныя раслінныя комплексы захаваліся амаль у некранутым стане, каля 30 відаў раслін і 10 відаў жывёл занесены ў Чырв. кнігу. Дзейнічае ў сістэме глабальнага маніторынгу, мае станцыю па назіранні і кантролі за станам навакольнага асяроддзя. З’яўляецца н.-д. і прыродаахоўнай установай, базай для стажыроўкі спецыялістаў у галіне аховы прыроды і запаведнай справы. Працуе музей прыроды, школа экалагічнага выхавання, станцыя фонавага маніторынгу.
Літ.:
Заповедники Прибалтики и Белоруссии. М., 1989;
Биосферный заповедник на Березине. Мн., 1993.
Г.У.Вынаеў.
Да арт.Бярэзінскі біясферны запаведнік. 1. Цэнтральная сядзіба. 2. Адмірал. 3. Бусел чорны. 4. Кажан двухкаляровы. 5. Бабёр. 6. Алень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАРО́ДНЫ ФРОНТ «АДРАДЖЭ́ННЕ», БНФ «Адраджэньне»,
грамадска-палітычны рух. Засн. ў 1988 на базе нефармальных аб’яднанняў, што дзейнічалі на Беларусі ў 2-й пал. 1980-х г. Ініцыятар стварэння БНФ — гісторыка-асв. т-ва«Мартыралог Беларусі». 19.10.1988 створаны Арганізац.к-тБНФ (старшыня З.Пазняк). Ядро фронту склалі прадстаўнікі інтэлігенцыі, актывісты нац.-адраджэнскай і незалежніцкай арыентацыі (А.Адамовіч, В.Быкаў, М.Дубянецкі, Пазняк, М.Ткачоў, Ю.Хадыка, М.Чарняўскі і інш.). Устаноўчы з’езд БНФ (24—25.6.1989, Вільнюс) выбраў кіруючы орган фронту — сойм, прыняў статут, праграму, рэзалюцыі, якія вызначалі асн. кірункі і формы яго дзейнасці: «Аб палітычным плюралізме», «Аб міжнацыянальных адносінах у Беларусі», «Аб беларускай нацыянальнай сімволіцы», «Аб дзяржаўнасці беларускай мовы», «Аб пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы», «Аб праекце Канстытуцыі БССР». Многія пытанні, пастаўленыя фронтам на парадак дня, аказаліся сугучнымі з настроямі і сац. надзеямі пэўных пластоў насельніцтва. Пацвярджэнне гэтаму — поспех БНФ на выбарах у Вярх. Савет (1990), калі было выбрана 60 дэпутатаў, якіх падтрымліваў фронт. У складзе Вярх. Савета сфарміравалася фракцыя БНФ (больш за 30 дэпутатаў), якая актыўна праводзіла палітыку фронту. Першыя крокі на паліт. арэне БНФ рабіў пад лозунгамі перабудовы, абвешчанымі вышэйшым кіраўніцтвам КПСС. Заяўлялася пра неабходнасць пабудовы сацыялізму з чалавечым тварам. Пазней гэтыя лозунгі былі адкінуты. У праграмнай заяве «Свабода — Незалежнасць — Адраджэнне», прынятай на II з’ездзе БНФ (23—24.3.1991, Мінск), выкладзены задачы фронту: дэкамунізацыя, канстытуцыйны працэс, рэформа сістэмы ўлады, стварэнне грамадз. супольнасці, пераход да рыначных адносін, сац. палітыка, адраджэнне культуры і нац. свядомасці. Праграма БНФ, прынятая на III з’ездзе (29—30.5.1993, Мінск), вызначыла канцэпцыю фарміравання і механізм дзеяння рыначнай гаспадаркі, канстытуцыйныя прынцыпы, структуру ўлады, прынцыпы знешняй палітыкі, геапаліт. прыярытэты Рэспублікі Беларусь і інш. На з’ездзе створана Партыя Беларускага народнага фронту. Паліт. сітуацыю ў краіне, актуальныя пытанні ўнутрыпарт. жыцця разгледзеў IV з’езд БНФ (8.7.1995, Мінск). На з’ездзе абмяркоўвалася прапанова пра падзел функцый паміж фронтам як нар. рухам, скіраваным на асв.-адраджэнскую дзейнасць, і Партыяй БНФ, скіраванай на барацьбу за паліт. ўплыў і паліт. ўладу. Але з’езд гэту пазіцыю не падтрымаў. БНФ вылучаў свайго лідэра Пазняка кандыдатам на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1994), актыўна ўдзельнічаў у выбарах у Вярх. Савет і мясц. органы ўлады (1995), але беспаспяхова. На думку асобных лідэраў фронту, асн. прычынамі паражэння БНФ на выбарах з’явілася ізаляцыя фронту ў грамадскай свядомасці, а таксама адарванасць парламенцкай апазіцыі ад самога БНФ, што прывяло да звужэння ўспрыняцця БНФ як грамадскага руху. Асобныя праявы элементаў нац. і паліт. экстрэмізму прывялі да змяншэння ўплыву БНФ у грамадстве. БНФ арганізоўваў чарнобыльскія і экалаг. акцыі: Гадзіна смутку і маўчання 1989, Асамблея народаў «Чарнобыльскі шлях», мітынгі і шэсці, жалобныя набажэнствы ў Мінску і інш. гарадах, экспедыцыі ў Чэрыкаўскі, Слаўгарадскі і інш. раёны. БНФ арганізуе штогадовыя ўшанаванні Дня незалежнасці Беларусі 25 сакавіка, Дня памяці продкаў Дзяды, угодкі перамогі пад Грунвальдам і інш. Праводзіць навукова-практычныя канферэнцыі. Фронт падтрымлівае кантакты і каардынуе дзейнасць з асн. асяродкамі бел. эміграцыі на Захадзе і з бел. згуртаваннямі ў Польшчы, найперш з Беларускім дэмакратычным аб’яднаннем. БНФ удзельнічаў у рабоце Грамадзянскага форуму Беларусі, у інш. сумесных акцыях і мерапрыемствах з бел.паліт. і грамадска-паліт. арг-цыямі дэмакр. кірунку; падтрымлівае кантакты з паліт. рухамі і партыямі інш. краін. Рады і суполкі БНФ дзейнічаюць і па-за межамі Беларусі (у Вільнюсе, Рызе, Маскве).
Л.Ф.Яўменаў, А.А.Дзмітрук.
Да арт.Беларускі народны фронт «Адраджэньне». Мітынг у Курапатах на Дзяды. 29.10.1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАБІ́ЛЬ (франц. automobile ад грэч. autos сам + лац. mobilis рухомы),
самаходная бязрэйкавая машына, якая прыводзіцца ў рух уласным рухавіком. Бываюць аўтамабілі: пасажырскія (легкавыя аўтамабілі, аўтобусы); грузавыя аўтамабілі (у т. л.аўтапаязды), грузапасажырскія (для адначасовай перавозкі пасажыраў і грузаў); спецыяльныя (аўтакраны, пажарныя машыны, санітарныя аўтамабілі, аўтамабілі для ачысткі і палівання вуліц, перасоўныя рамонтныя майстэрні і інш.); спецыялізаваныя (самазвалы, седлавыя цягачы, бензавозы, бетанавозы, аўтапагрузчыкі, кантэйнеравозы, рэфрыжэратары, аўтамабілі-цыстэрны, фургоны, леса-, панэля- і фермавозы і інш.); спартыўныя аўтамабілі (у т. л. гоначныя аўтамабілі). Усе віды аўтамабіляў аснашчаюцца бензінавымі ці дызельнымі аўтамабільнымі рухавікамі. Пэўны час выкарыстоўваліся газагенератарныя аўтамабілі, набываюць пашырэнне газабалонныя аўтамабілі, распрацоўваюцца розныя варыянты электрамабіляў. Для цяжкіх дарожных умоў існуюць усюдыходы, «амфібіі», для перавозкі асабліва каштоўных грузаў, вайсковых патрэб — бронеаўтамабілі. Тэндэнцыяй у легкавым аўтамабілебудаванні з’яўляецца пераход на выпуск тэхнічна і экалагічна бяспечных аўтамабіляў.
Асн. элементы аўтамабіля — рухавік, шасі і кузаў. Шасі ўключае хадавую частку (рама, масты, падвескі, колы), трансмісію (счапленне, каробка перадач, карданная перадача, галоўная перадача, дыферэнцыял, паўвосі) і сістэмы кіравання (рулявое кіраванне, тармазная сістэма). Кузаў грузавога аўтамабіля складаецца з кабіны, капота і платформы для размяшчэння грузу; у легкавых да кузава мацуюцца агрэгаты аўтамабіля. Усе аўтамабілі па агульнай колькасці колаў і колькасці вядучых колаў маюць адну з колавых формул: 4×2, 4×4, 6×2, 6×4, 6×6, 8×8.
Першы аўтамабіль з паравым рухавіком пабудаваны Н.Ж.Кюньё (1769—70, Францыя). Датай нараджэння аўтамабіля лічыцца 1886, калі К.Бенц (Германія) запатэнтаваў трохколавы аўтамабіль з рухавіком унутранага згарання. У Расіі аўтамабілебудаванне пачалося перад 1-й сусв. вайной на Руска-Балтыйскім з-дзе ў Рызе, у СССР — у 1924, калі на з-дзе АМО (Масква) выпусцілі першыя грузавікі АМО-Ф15.
Вытворчасць аўтамабіляў на Беларусі пачалася ў 1947 на Мінскім аўтазаводзе (самазвал МАЗ-205 грузападымальнасцю 6 т). У 1995 МАЗ выпускаў аўтамабілі 5-га пакалення: велікагрузныя аўтамабілі і аўтапаязды поўнай масай да 40 т (МАЗ-54323), да 44 т (МАЗ-54321, -54326, -64229), да 50 т (МАЗ-64221, -64226, -63031), грузавыя аўтамабілі высокай праходнасці (МАЗ-6317, -63171), самазвалы (МАЗ-5551), лесавозы (МАЗ-5434), аўтобусы гарадскія (МАЗ-101) і турысцкія (МАЗ-151). Беларускі аўтазавод (г. Жодзіна) працуе з 1958, у 1995 асн. прадукцыю яго складалі кар’ерныя самазвалы грузападымальнасцю 30, 42, 80, 120, 180 і 200 т (адпаведна БелАЗ-7540, -7548, -7549, -7512, -75215 і -7530), шлакавозы (БелАЗ-7920) і аэрадромныя цягачы (БелАЗ-74211). Магілёўскі аўтазавод у 1959 пачаў выпускаць аднавосевыя цягачы, у 1995 вырабляў самазвалы грузападымальнасцю 23 т (МаАЗ-75051), самазвальныя аўтапаязды (МаАЗ-7405-9586) для работ у шахтах і тунэлях, аўтабетоназмяшальнікі (СМБ-49). У 1992 на базе вытв-сці спец. колавых цягачоў МАЗа абсталяваны Мінскі з-д колавых цягачоў, які ў 1995 выпускаў сям’ю пазадарожных аўтамабіляў «Волат» (7909) з колавай формулай 8×8, што працуюць у складзе аўтапаяздоў для перавозкі розных грузаў, лесавозы, трубавозы (для трубаў да 36 м, агульнай масай да 40 т), цягачы грузападымальнасцю да 50 і 65 т, чатырохвосевыя шасі (69232) пад кранавае абсталяванне з вылетам стралы да 50 м і шасцівосевыя (79191) пад абсталяванне для бурэння нафтагазавых свідравін. У 1994 пачаты выпуск аўтобусаў «Амкадор-Ікарус-28033» акц. т-вам «Амкадор-Пінск», аўтобусаў ЛіАЗ-5256 на доследным з-дзе «Нёман» у г. Ліда і зборка мікралітражных аўтамабіляў ВАЗ-1111 «Ака» на Гродзенскім з-дзе карданных валоў. Гл. таксама Аўтамабільная прамысловасць, Аўтамабільны транспарт, Аўтамабільны спорт.
Літ.:
Автомобиль: Основы конструкции. 2 изд. М., 1986;
Боровских Ю.И., Буралев Ю.В., Морозов К.А. Устройство автомобилей: [Практ. пособие]. М., 1988;
Анохин В.И. Отечественные автомобили. 4 изд. М., 1977.
А.С.Рукцешэль.
Першыя аўтамабілі: а — «Форд» (ЗША); б — «Руса-Балт» (Расія); в — «Сітраэн» (Францыя).