род кветкавых раслін сям. асфадэлавых. Больш за 100 відаў, шмат разнавіднасцей і гібрыдных формаў. У дзікарослым стане пашыраны ў Паўд. Афрыцы, пераважна ў Капскай вобласці. Растуць у кустовых саваннах на сухіх камяністых глебах. На Беларусі ў аранжарэях, цяпліцах і пакоях вырошчваюцца гаворцыя гладкая (Howorthia glabrata), жамчужная (Howorthia margaritifera), паласатая (Howorthia fasciata), Рэйнварта (Howorthia reinwardtii), шахматная (Howorthia tesselata) і інш.
Шматгадовыя сукулентныя травяністыя расліны з пакарочаным сцяблом выш. да 20 см і разеткай невял. светла- або цёмна-зялёных з бародаўкамі сядзячых мясістых лістоў, што размешчаны шчыльнымі радамі і налягаюць адзін на адзін. Кветанос выходзіць з сярэдзіны разеткі. Кветкі дробныя, белавата-зялёныя, у рэдкай мяцёлцы. Плод — каробачка. Каштоўныя дэкар. расліны. Цвітуць некалькі разоў за год. Пладаносяць у пакаёвай культуры рэдка, толькі пры штучным апыленні. Размнажаюцца парасткамі, зрэдку насеннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЦКІЯ,
старажытны княжацкі род герба «Друцк». Паходзяць, верагодна, ад кн.Рагвалода Рагвалодавіча, які пасля паражэння ў 1161 у барацьбе за полацкі трон замацаваў за сабой Друцкае княства (адсюль прозвішча яго нашчадкаў). У 1-й пал. 14 ст. Д. падзяліліся на 2 лініі: старэйшую (ад кн. Васіля Міхайлавіча), прадстаўнікі якой пасля ўдзелу ў Глінскіх мяцяжы 1508 выехалі ў Маскву, і малодшую (ад кн. Сямёна Міхайлавіча), прадстаўнікі якой засталіся ў ВКЛ і падзяліліся на некалькі галін, атрымаўшы другія прозвішчы ад сваіх маёнткаў (Д.-Азярэцкія, Друцкія-Горскія, Друцкія-Любецкія, Друцкія-Сакалінскія і інш.) і ад мянушак заснавальнікаў асобных галін роду (Д.-Адзінцэвічы, Д.-Бабічавы, Д.-Каноплі, Д.-Пуцяцічы і інш.).
Літ.:
Насевіч В.Л. Род князёў Друцкіх у гісторыі Вялікага княства Літоўскага (XIV—XVI стст.) // Старонкі гісторыі Беларусі. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫСВЯ́ТЫ (літ.Друкшай, Drũkšiai),
возера на мяжы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. і Літвы, у бас.р. Дрысвята, за 22 км на З ад г. Браслаў. Пл. 44,5 км², даўж. 13 км, найб.шыр. 5,8 км, найб.глыб. 31 м, даўж. берагавой лініі больш за 60 км. Пл. вадазбору 604 км². Схілы катлавіны — узгоркі і грады выш. да 15 м, месцамі спадзістыя, забалочаныя, усх. і паўд.-ўсх. разараныя, астатнія аблесеныя. Звілістая берагавая лінія ўтварае мноства заліваў, асабліва ў паўд. частцы. На берагах шмат валуноў. Рэльеф дна ўзгорысты; да глыб. 5 м пясчаныя грунты, цэнтр.ч. выслана глеямі, 8 астравоў, найб. з іх Замак (пл. 0,26 км²). Зарастае каля 10% пл. возера. Упадаюць рэкі Апівардка, Рычанка, выцягае р. Прорва. На беразе возера Дрысвяцкі парк. Выкарыстоўваецца як вадаём — ахаладжальнік Ігналінскай АЭС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́СТЭРВЕГ ((Diesterweg) Фрыдрых Адольф Вільгельм) (29.10.1790, г. Зіген, Германія — 7.7.1866),
ням. педагог-практык. Паслядоўнік І.Г.Песталоці. Вучыўся ва ун-тах у Гайдэльбергу, Гербарне, Цюбінгене ў 1811—20. Выкладаў у гімназіях, узорных школах, наст. семінарыях. У 1827—66 выдаваў пед.час. «Рэйнскія лісткі...». Быў супраць саслоўных і нац. абмежаванняў у галіне адукацыі, канфесійнага навучання і апекі школы царквой. Імкнуўся да аб’яднання ням. настаўніцтва, выступаў за мірнае пераўтварэнне грамадскіх адносін, у якім асн. ролю адводзіў асвеце, падзяляў ідэі агульначалавечага выхавання. Асн. прынцыпамі выхавання лічыў прыродаадпаведнасць, культураадпаведнасць, саманадзейнасць. Распрацаваў дыдактыку развіваючага навучання. Аўтар больш як 20 падручнікаў і дапаможнікаў па матэматыцы, ням. мове, прыродазнаўстве, геаграфіі, астраноміі, у т. л. вядомай працы «Дапаможнік да адукацыі нямецкіх настаўнікаў» (т. 1—2, 1835). Пед. ідэі Д. зрабілі ўплыў на развіццё адукацыі ў Германіі і пашырыліся за яе межамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛА́НДСКАЯ ПАРО́ДАбуйной рагатай жывёлы.
Малочнага кірунку. Выведзена ў Нідэрландах у выніку працяглага паляпшэння мясц. жывёлы шляхам інбрыдзінгу і селекцыйнага адбору. Атрымала сусв. прызнанне за высокія паказчыкі малочнай і мясной прадукцыйнасці, прыстасаванасці да розных прыродна-клімат. і тэхнал. умоў. Гадуюць у многіх краінах Еўропы, дзе створаны роднасныя ёй пароды (найлепшая — галштына-фрызская жывёла ў ЗША; сярэднегадавы надой да 10 т малака). На Беларусі быкоў-вытворнікаў галандскай пароды выкарыстоўваюць у скрыжаваннях для паляпшэння гасп. якасцей і экстэр’еру чорна-пярэстай пароды.
Жывёла з моцнай канстытуцыяй, прапарцыянальным тулавам, добра развітой мускулатурай і вымем. Масць чорна-пярэстая. Жывая маса нованароджаных цялят 33—45 кг, дарослых кароў 550—600 і быкоў 800—1000 кг. Надой кароў за лактацыю складае 5700—6000 кг малака (4—4,2% тлушчу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛІЧ (сапр.Гінзбург) Аляксандр Аркадзевіч
(19.10.1918, г. Днепрапятроўск, Украіна — 15.12.1977),
рускі драматург, паэт. Аўтар п’ес «Вуліца хлопчыкаў» (1946), «Вас выклікае Таймыр» (1948, з. К.Ісаевым), «Шляхі, якія мы выбіраем» (1954), «Паходны марш» (1957), «Параход называюць «Арляня» (1958) і інш.; сцэнарыяў да кінафільмаў «Верныя сябры» (1954, з К.Ісаевым), «На сямі вятрах» (1962) і інш., для якіх характэрны рамант. прыўзнятасць, лірызм, гумар. З 1960-х г. вядомы як аўтар і выканаўца песень-навел, у большасці трагікамічнага і драм. зместу. Асн. іх тэмы — памяць і адказнасць за мінулае, тэма чалавечай годнасці, супрацьстаянне самавольству, канфармізму. Першыя зб-кі выдадзены за мяжой («Пакаленне асуджаных», 1972; «Калі я вярнуся», 1977). Аўтабіягр. аповесць «Генеральная рэпетыцыя» (1974). З 1974 у эміграцыі.
Тв.:
Возвращение. Л., 1989;
Генеральная репетиция. М., 1991;
«...Я вернусь...»: Киноповести, пьесы, автобиогр. повесть. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ (франц. halo ад грэч. halōs круг, дыск),
адна з аптычных з’яў у атмасферы. Узнікаюць гало ў перыстых, перыста-слаістых і перыста-кучавых воблаках (знаходзяцца на вышыні больш за 6 км) у выніку пераламлення святла ў ледзяных крышталях або адбіцця святла ад іх граней. Назіраюцца вакол Сонца і Месяца, маюць вуглавы радыус 22° і 46° і форму каляровых (як слабая вясёлка) ці белых кругоў, дугаў, слупоў, крыжоў, плям. Гало адрозніваюцца ад вянцоў, што ўтвараюцца пры дыфракцыі святла на дробных кроплях празрыстых, пераважна высокакучавых воблакаў і маюць меншы дыяметр. Ва ўмовах Беларусі (Мінск) гало назіраюцца каля 30 разоў за год.
Асноўныя формы гало: 1 — кругі з вуглавым радыусам 22° і 46°; 2 — слупы вышэй і ніжэй свяціла; 3 — несапраўдныя Сонцы ці Месяцы на гарызантальным крузе; 4 — датычныя дугі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЖЫ́НКІ,
старадаўняе нар. свята ў беларусаў, звязанае з заканчэннем жніва. Дажынкавыя абрады былі скіраваны на тое, каб аддзякаваць «духам нівы» за хлеб, захаваць яе плён на наступны год. Дажаўшы жыта, жнеі ўпрыгожвалі апошні сноп кветкамі і стужкамі, плялі вянкі з каласоў і кветак і з песнямі ішлі ў вёску. Зайшоўшы ў двор, яны перадавалі апошні сноп гаспадару, які запрашаў іх за гасцінны стол з абавязковымі абрадавымі стравамі — блінамі з маслам і сытой, крупяной кашай. Усе абрады суправаджаліся дажынкавымі песням: іх спявалі ў канцы жніва, у час абраду «завівання барады», па дарозе жней дахаты, у двары гаспадара і на святочным застоллі. На Пн Беларусі Д. спраўлялі двойчы: малыя пасля заканчэння жытняга жніва, вялікія пасля таго, як зжыналі і яравыя. У наш час Д. адзначаюць як свята ўраджаю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІЛЕ́ЎСКІ (Мікалай Якаўлевіч) (10.12.1822, Арлоўская губ. — 19.11.1885),
расійскі прыродазнавец, адзін з тэарэтыкаў і ідэолагаў славянафільства і панславізму. Член Рус.геагр.т-ва. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1847). За ўдзел у руху петрашэўцаў у 1849—52 праследаваўся ўладамі. Удзельнік (1853—57) і кіраўнік (1858—71) шэрагу навук. экспедыцый па даследаванні стану рыбалоўства ў Расіі. Распрацаваў канцэпцыю культ.-гіст. тыпаў (цывілізацый), у якой абгрунтаваў курс Расіі на барацьбу супраць Захаду за ўплыў на слав. і інш. народы Еўропы, з пазіцый тэлеалогіі крытыкаваў эвалюц. тэорыю Ч.Дарвіна. Аўтар паліт. і эканам. артыкулаў.
Тв.:
Россия и Европа. М., 1991.
Літ.:
Захарова АА Россия в философско-исторической концепции Н.Я.Данилевского. Томск, 1986;
Авдеева Л.Р. Русские мыслители: Ап.Л.Григорьев, Н.Я.Данилевский, Н.Н.Страхов: Филос. культурология второй половины XIX в.М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЗЯРЫ́ШЧА,
возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Обаль, за 42 км на Пн ад г. Гарадок. Уваходзіць у арніталагічны заказнік Езярышчанскі. Пл. 15,39 км², даўж. каля 8,9 км, найб.шыр. 3,2 км, найб.глыб. 11,5 м, даўж. берагавой лініі 32,8 км. Пл. вадазбору 264 км². Схілы катлавіны выш. да 5 м; месцамі да 25 м, пераважна разараныя, часткова пад пашай і сенажаццю. Берагі пясчаныя, паўн. і паўн.-зах. месцамі абразійныя. Дно няроўнае (шмат упадзін і меляў), да глыб. 4—6 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. 20 астравоў агульнай пл. 0,67 км². Шыр. паласы надводнай расліннасці да 120 м. Падводная расліннасць пашырана да глыб. 2—2,5 м. Упадаюць 8 ручаёў, рэкі Агнеш і Дубоўка, выцякае р. Обаль. Гняздуецца больш за 60 відаў птушак.