БРЫКЕТАВА́ННЕ,

ператварэнне здробненых і парашкападобных матэрыялаў (вугаль, руда, шлакі, кокс, торф, метал. стружка і інш.) у кавалкі правільнай формы (брыкеты). Паляпшае спажывецкія якасці матэрыялаў, павышае эфектыўнасць спальвання паліва, забяспечвае ўвядзенне руднай драбязы і метал. стружкі ў плавільную печ, дае магчымасць утылізаваць адходы вытв-сці, зменшыць выдаткі на захоўванне і транспартаванне.

Працэс брыкетавання складаецца з аперацый драбнення, падзелу на фракцыі, дазіравання і перамешвання кампанентаў сумесі, сушкі і прасавання. Выконваецца прасаванне ў стужачных, вальцовых, штэмпельных, кальцавых і імпульсных прэсах. Для паляпшэння брыкетаўтварэння ўжываюцца вяжучыя дабаўкі (пек, бітум, вадкае шкло, цэмент і інш.). Брыкетаванне шырока выкарыстоўваецца таксама ў харч. Прам-сці для вытв-сці канцэнтратаў і ў сельскай гаспадарцы для вырабу канцэнтраваных кармоў і подсцілу ў выглядзе плітак. На Беларусі вырабляюцца тарфяныя, тарфяна-вугальныя і тарфяна-вугальналігнінавыя паліўныя брыкеты (каля 2 млн. т за год) цеплатворнай здольнасцю да 17 МДж/кг.

Б.​А.​Багатаў.

т. 3, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРАКАЎБО́РАЧНАЯ МАШЫ́НА.

Бываюць паўнавясныя, навясныя, самаходныя, шасцірадковыя (замежныя — 1—6-радковыя). На Беларусі ў асн. выкарыстоўваюцца самаходныя буракаўборачныя машыны для цукр. буракоў КС-6Б(В) (г. Цярнопаль, Украіна), прычапныя для цукровых і кармавых буракоў МКП-6 («Лідсельмаш») і ўборачны комплекс для цукр. буракоў у складзе буракаўборачнай машыны КСН-6 і падборшчыка-пагрузчыка ППК-6 («Гомсельмаш»).

Машына МКП-6 падкопвае карані буракоў з папярэдне абрэзаным бацвіннем (яно падаецца ў трактарны прычэп або раскідваецца па полі), выбірае іх з глебы, загружае ў трансп. сродак, які ідзе побач. Буракаўборачная машына КСН-6 зразае бацвінне, выкопвае карані і ўкладвае іх у валок. Буракі з валка падбіраюцца тэхнал. пагрузчыкам ППК-6. Прадукцыйнасць МКП-6 да 1 га/гадз, уборачнага комплексу да 1,3 га/гадз.

Г.​Г.​Маркевіч.

Схема буракаўборачнай машыны МКП-6: 1 — трактар; 2 — выкопвальнае прыстасаванне; 3 — турбінны ачышчальнік; 4 — падоўжны элеватар; 5 — сепаравальная горка; 6 — выгрузны транспарцёр; 7 — транспартны сродак.

т. 3, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ПНАВАННЕ ГЛЕ́БЫ,

унясенне ў глебу вапнавых угнаенняў; спосаб хім. меліярацыі кіслых глеб. Шырока выкарыстоўваецца для пазбаўлення ад залішняй кіслотнасці на падзолістых, балотных, шэрых лясных глебах, чырваназёмах і ападзоленых чарназёмах. Звычайна іх вапнуюць праз 5—6 гадоў, 1 раз у ратацыю севазвароту летам або восенню. Нормы ўнясення вапнавых угнаенняў залежаць ад кіслотнасці глебы, яе грануламетрычнага саставу, асаблівасцей культуры (напр., лубін дрэнна пераносіць вапнаванне глебы). На тарфяных глебах дозы ўнясення вапны павялічваюцца ў 1,5 раза. На Беларусі каля 85% ворных зямель патрабуюць вапнавання. Дозы вапнавых угнаенняў устанаўліваюцца па спец. картаграмах кіслотнасці глеб.

Пры аднолькавай ступені кіслотнасці на пясчаных глебах на 1 га ўносіцца 2 т, на гліністых — да 9 т вапнавых матэрыялаў. З агароднінных культур вапнаванне эфектыўнае для буракоў, капусты, часнаку, салаты, шпінату і сельдэрэю, морквы, агуркоў, фасолі, рэпы, цвятной капусты і бручкі; менш эфектыўнае вапнаванне для радыскі, рэдзькі, кабачкоў і памідораў.

т. 3, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРТАВЫ́ КАРАБЕ́ЛЬ,

надводны баявы карабель, прызначаны для нясення дазорнай службы, аховы буйных караблёў і транспартаў ад раптоўных атак падводных лодак, самалётаў і катэраў на пераходзе морам і пры стаянках на адкрытых рэйдах. Выкарыстоўваецца таксама для нясення дазорнай службы на падыходах да сваіх ваенна-марскіх баз і партоў, аховы марской граніцы (пагранічны вартавы карабель). З’явіліся ў 1-ю сусв. вайну для барацьбы з падводнымі лодкамі. Шырока выкарыстоўваліся ў 2-ю сусв. вайну, захаваліся ў большасці ваен. флатоў. Сучасныя вартавыя караблі (у некаторых флатах да іх адносяць таксама карветы і фрэгаты) маюць водазмяшчэнне 600—4000 т, скорасць да 35 вузлоў (65 км/гадз), узброены 1—4 універсальнымі 76—127-мм гарматамі, 20—40-мм зенітнымі аўтаматамі (да 10), тарпеднымі апаратамі, рэактыўнымі процілодачнымі бамбамётамі, процілодачнымі ракетамі (могуць несці таксама ракетныя комплексы і процілодачныя верталёты), аснашчаны радыёлакацыйнай і гідраакустычнай апаратурай, сродкамі радыёэлектроннай барацьбы, сувязі і інш.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 4, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ШНЕЎСКІ МЕТАЛУРГІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў у 1780—1870 у мяст. Вішнева Ашмянскага пав. (цяпер вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл.). Засн. Храптовічам як мануфактура. Працаваў на мясц. балотнай рудзе і драўняным вугалі. У першыя гады выраблялася за год 352—368 т жалеза (з-д працаваў па 40 тыдняў у год). У 1794 каваў зброю для паўстанцаў А.​Т.​Касцюшкі. У 1828 дзейнічалі плюшчыльная (пракатная) машына, ліцейня для плаўкі чыгуну, вадзяныя машыны, 2 вадзяныя молаты, 5 чыгунных кавадлаў і інш. Вырабляў сашнікі (5 тыс. штук у 1823), паласавое жалеза, адліўкі для с.-г. інвентару і пліт. У 1860 працавалі 2 домны, 3 вагранкі, 8 кавальскіх горнаў і інш., выраблена 160 т чыгуну; агульная колькасць апрацаванага металу каля 1 тыс. т. Працавалі ад 20 (канец 18 ст.) да больш за 200 (1853) рабочых. У сувязі з вычарпаннем радовішчаў мясц. руды і канкурэнцыяй у 1870 закрыты.

т. 4, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОЛЬФ ((Wolf) Хуга) (13.3.1860, г. Славенградзец, Славенія — 22.2.1903),

аўстрыйскі кампазітар, муз. крытык; прадстаўнік позняга рамантызму, адзін з буйнейшых майстроў камерна-вак. жанру 19 ст. Вучыўся ў Венскай кансерваторыі (1875—77), займаўся самастойна. Выступаў з артыкуламі ў абарону новай музыкі, у прыватнасці Р.Вагнера. Стварыў новы тып песні (усяго каля 300), вызначаў яго як «вершы для голасу і фартэпіяна». Звяртаўся да ням., ісп. і італьян. паэзіі. У некаторых песнях відавочная цікавасць да муз. т-ра. Сярод яго твораў: опера «Карэхідор» (1896), муз. драма «Мануэль Венегас» (1897, незак.), сімф. паэма «Пентэсілея» (1885), «Італьянская серэнада» для сімф. арк. (1892); для голасу з фп.: «Вершы Э.​Мёрыке» (1888), «Вершы І.​В.​Гётэ» (1889), «Іспанская кніга песень» (1890), «Старадаўнія напевы. 6 вершаў Г.​Келера» (1890), «Італьянская кніга песень» (1896), «3 вершы Мікеланджэла» (1897).

Літ.:

Вульфиус П. Гуго Вольф и его «Стихотворения Эйхендорфа». М., 1970;

Коннов В. Песни Гуго Вольфа. М., 1988.

т. 4, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЧА́ЛЬНАЯ ПЕЧ, трубчастая печ,

прамысловая гарызантальная або крыху нахіленая печ цыліндрычнай формы, якая верціцца вакол падоўжнай восі. Прызначана для награвання матэрыялаў з мэтай іх фіз.-хім. апрацоўкі. Бывае на пылаватым, кавалкавым, вадкім ці газавым паліве, з эл. нагрэвам. Даўж. да 230 м, дыяметр да 7,5 м, прадукцыйнасць да 150 т/гадз гатовай прадукцыі.

Сыравіна або вырабы награюцца ў печы (прамым нагрэвам, праз сценку муфеля або камбінаваным спосабам), перамяшчаюцца пры вярчэнні яе корпуса і выгружаюцца. У награвальных вярчальных печах метал. загатоўкі падрыхтоўваюць да коўкі і штампавання; у тэрмічных праходзяць тэрмічную апрацоўку; у абпальных абпальваюць клінкер, руды, нярудныя матэрыялы, жалезарудныя акатышы і інш. Вярчальныя печы выкарыстоўваюць ў металургіі (напр., вельц-печы), цэментнай і хім. прам-сці і інш.

Схема вярчальнай печы: 1 — сістэма ачысткі газаў; 2 — фарсункі для падачы шыхты (пульпы); 3 — цеплаабменныя прыстасаванні; 4 — зубчастая перадача; 5 — металічны барабан, 6 — фарсункі для паліва.

т. 4, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭ́ЛКА ГА́ЗАВАЯ,

прыстасаванне для спальвання газавага паліва ў быт. і прамысл. прыладах і ўстаноўках. Мае змешвальнае прыстасаванне (дзе газ змешваецца з паветрам), галоўку (забяспечвае выхад газапаветр. патоку ў топку) і агнявую частку (дзе адбываецца працэс гарэння).

Гарэлкі газавыя бываюць: факельныя (частковае і незавершанае змешванне газу з паветрам) і бесфакельныя (поўнае папярэдняе змешванне); невыдзімальныя (паветра паступае ў топку ў выніку разрэджвання), інжэкцыйныя (паветра засмоктваецца газавым струменем) і выдзімальныя, або змешвальныя (паветра падаецца ў топку вентылятарам); нізкага (да 5 кПа), сярэдняга (5—300 кПа) і высокага (больш за 300 кПа) ціску. Выдзімальныя часта робяць камбінаваныя (газамазутныя і пылагазавыя), што дазваляе пераходзіць з аднаго віду паліва на іншы. Вадкасныя гарэлкі наз. фарсункамі.

В.​В.​Арціховіч, В.​М.​Капко.

Гарэлка газавая: a — для ацяпляльных прылад (1 — блок гарэлак, 2 — блок кіравання); б — камбінаваная газава-мазутная для прамысловых установак (1 — рэгулятар падачы мазуту, 2 — камера змешвання, 3 — корпус гарэлкі).

т. 5, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЙ-ЛЮСА́КА ЗАКО́НЫ,

два законы, адкрытыя Ж.Л.Гей-Люсакам (1802, 1808). Закон цеплавога расшырэння газаў: аб’ём дадзенай масы ідэальнага газу пры пастаянным ціску мяняецца паводле формулы VT = V0(1 + αvΔT), дзе V0 і VT — аб’ём газу пачатковы і пры т-ры T; ΔT = T − T0 — рознасць гэтых т-р; αv — каэф. цеплавога расшырэння газу пры пастаянным ціску (~1/273,15 К​−1 для ўсіх газаў). Для рэальных газаў выконваецца набліжана і тым лепш, чым далей ад крытычнага стану знаходзіцца газ. Разам з Бойля—Марыёта законам і Авагадра законам паслужыў асновай для вываду ўраўнення стану ідэальнага газу (гл. Клапейрона—Мендзялеева ўраўненне). Закон аб’ёмных адносін: аб’ёмы газаў, якія ўступаюць у хім. рэакцыю, адносяцца адзін да аднаго і да аб’ёмаў газападобных прадуктаў рэакцыі як простыя цэлыя лікі. Напр., пры ўзаемадзеянні вадароду і хлору з утварэннем газападобнага хлорыстага вадароду H2 + Cl2 = 2HCl аб’ёмы газаў адносяцца як 1:1:2.

т. 5, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГІЕ́НА АСАБІ́СТАЯ,

раздзел гігіены, які вывучае ўплыў умоў і ладу жыцця на здароўе чалавека і распрацоўвае рэкамендацыі па захоўванні і ўмацаванні здароўя, прадухіленні заўчаснага старэння. Як стэрэатып паводзін чалавека, накіраваны на захоўванне здароўя, зарадзілася ў старажытнасці, калі людзі на вопыце пераканаліся ў неабходнасці ўдасканальвання свайго розуму і цела. Асн. элементы гігіены асабістай: догляд цела, рацыянальныя праца і харчаванне, правільна арганізаваны адпачынак, адэкватнае фізіял. і сац. патрэбнасцям размяшчэнне, наяўнасць сац.-псіхал. сумяшчальнасці з навакольнай рэчаіснасцю, выключэннем шкодных для здароўя звычак (выкарыстання наркотыкаў, таксічных рэчываў, алкаголю, нікаціну). Асаблівае значэнне ў гігіене асабістай маюць рацыянальнае харчаванне (правільнае размеркаванне спажывання ежы на працягу сутак і ее паўнацэннасць па наборы пажыўных рэчываў), прытрымліванне гігіены палавога жыцця і інш. У барацьбе са шкоднымі звычкамі найб. эфектыўнае павышэнне агульнай культуры насельніцтва і ўнутр. культуры кожнага чалавека.

Літ.:

Задачи по достижению здоровья для всех // Здоровье для всех. 1993. Вып. 4.

Х.​Х.​Лавінскі.

т. 5, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)