РАГАЧО́ЎСКІ МАЛОЧНАКАНСЕ́РВАВЫ КАМБІНА́Т.

Засн. ў г. Рагачоў у 1936 як малочнакансервавы з. Прадукцыю дае з 1938. У Вял. Айч. вайну абсталяванне завода эвакуіравана на Усход. Адноўлены ў 1944—47. З 1962 — сучасная назва. Асн. прадукцыя (2001): цэльнамалочныя вырабы, згушчаныя з цукрам малако і смятанка, натуральная кава са згушчаным малаком і цукрам, кансервы малочныя, масла сметанковае, малочныя прадукты дзіцячага харчавання.

т. 13, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЎЛАНД ((Rowland) Шэрвуд) (н. 28.6.1927, г. Дэлавэр, штат Агайо, ЗША),

амерыканскі хімік. Скончыў Весліянскі ун-т (1948). З 1956 у Канзаскім ун-це, з 1964 праф. Каліфарнійскага ун-та (г. Ірвін). Навук. працы па радыяхіміі, хіміі атмасферы. Устанавіў, што атм. азон раскладаецца фрэонамі, якія шырока выкарыстоўваюцца як холадагенты (разам з М.​Маліна; 1974). Нобелеўская прэмія 1995 (разам з П.​Крутцэнам, Маліна).

т. 13, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБЕРО́ЙД (ад лац. ruber чырвоны + грэч. eidos выгляд),

рулонны дахавы і гідраізаляцыйны матэрыял. Робіцца з дахавага кардону, які насычаецца мяккімі нафтавымі бітумамі і пакрываецца цяжкаплаўкімі бітумамі з напаўняльнікамі. З аднаго боку Р. пакрываюць дробнай ці пылападобнай мінер. пасыпкай, з другога — буйназярністай ці лускаватай. Мае высокую эластычнасць, трываласць, воданепранікальнасць. Мацуецца на даху гарачымі ці халоднымі масцікамі. На Беларусі Р. вырабляе Асіповіцкі кардонна-руберойдавы завод.

т. 13, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЙН ((Vane) Джон Роберт) (н. 29.3.1927, Тардэбіг, графства Херэфард-энд-Вустэр. Вялікабрытанія),

англійскі фармаколаг. Чл. Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Д-р філасофіі (1953). Скончыў ун-т у Бірмінгеме (1946). З 1946 у Оксфардзе, з 1953 у Іельскім ун-це, з 1955 у Ін-це фундаментальных мед. даследаванняў пры Каралеўскім каледжы хірургаў, з 1973 дырэктар аддзела даследаванняў і развіцця Фонду Уілкама ў Лондане. Навук. працы па вылучэнні простагландзінаў і вывучэнні іх хіміі і біяхіміі. Нобелеўская прэмія 1982 (разам з С.Бергстрамам і Б.​Самуэльсанам).

Дж.Вейн.

т. 4, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

В’ЁТА́Н ((Vieuxtemps) Анры) (17.2.1820, г. Верв’е, Бельгія — 6.6.1881),

бельгійскі скрыпач, кампазітар. Адзін з буйнейшых скрыпачоў рамант. кірунку. Вучань Ш.Берыо. Выступаў з 7-гадовага ўзросту. Гастраліраваў у краінах Еўропы і Амерыкі. У 1838—40 і 1845—52 працаваў у Расіі. На яго творчасць паўплывала знаёмства з М.​Глінкам, А.​Даргамыжскім і інш. Аўтар 7 віртуозных канцэртаў для скрыпкі з аркестрам (найб. значны 4-ы), п’ес на тэмы рус. кампазітараў і інш. У 1871—73 праф. Брусельскай кансерваторыі. Сярод яго вучняў Э.Ізаі. З 1879 жыў у Алжыры.

т. 4, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́НЗЕН ((Bunsen) Роберт Вільгельм) (30.3.1811, г. Гётынген, Германія — 16.8.1899),

нямецкі хімік, адзін з заснавальнікаў фотахіміі. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1862). Скончыў Гётынгенскі ун-т (1830), З 1838 праф. ун-та ў Марбургу, з 1852 — у Гайдэльбергу. Асн. навук. працы па агульнай хіміі і метадах даследавання хім. рэчываў. Упершыню атрымаў метал. магній, літый, кальцый, стронцый і барый (1852—55). Разам з Г.Р.Кірхгофам распрацаваў (1859) метад спектральнага аналізу, з дапамогай якога адкрыў цэзій і рубідый (1861).

Літ.:

Биографии великих химиков: Пер. с нем. М., 1981. С. 231.

Р.В.Бунзен.

т. 3, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙЦАХО́ВІЧ (Сяргей Рыгоравіч) (20.3.1903, в. Сярагі Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 3.9.1977),

адзін з кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на тэр. Пінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Камуніст. ун-т Беларусі (1932). З 1921 на сав. і парт. рабоце ў Слуцку, з 1938 інструктар ЦК КП(б)Б, з крас. 1941 сакратар Пінскага абкома КП(б)Б. У Вял. Айч. вайну з 23.4.1943 да ліп. 1944 2-і сакратар Пінскага падп. абкома КП(б)Б. У 1944—47 сакратар Пінскага абкома КП(б)Б.

т. 3, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГА́Ч,

1) старадаўняе земляробчае свята беларусаў, што спраўлялася пасля заканчэння жніва. З пашырэннем хрысціянства багач быў прымеркаваны да свята нараджэння Божай Маці (8 верасня с. ст.), якая лічылася заступніцай ураджаю.

2) Сімвал свята багач — сявенька з жытам ці пшаніцай і васковай свечкай (збожжа вымалочвалі з 1-га зажыначнага снапа і зносілі па жменьцы з кожнага двара). З багачом абходзілі ўсе двары ў вёсцы, а потым ставілі ў хаце пэўнага гаспадара і пакідалі да наступнага жніва. Паводле нар. павер’яў, багач забяспечваў дому багацце і шчасце.

М.​Ф.​Піпіпенка.

т. 2, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНА́НАВЫ,

позназімовы сорт яблыні селекцыі Бел. НДІ пладаводства. Выведзены скрыжаваннем сартоў Бабушкіна і Банан зімовы. Раянаваны з 1967 па ўсіх садовых зонах рэспублікі.

Дрэва моцнарослае з прыўзнята-круглаватай кронай. Плоданашэнне пачынае на 5—6-ы год пасля пасадкі. Сорт зімаўстойлівы, сярэднеўстойлівы да паршы, сярэднеўрадлівы. Плады сярэдняй велічыні (100—120 г), пляската-круглаватыя, саламяна-жоўтага колеру з лёгкім загарам з сонечнага боку. Мякаць шчыльная, сакаўная, прыемнага кісла-салодкага смаку. Дэсертны, спажываецца ў свежым выглядзе, захоўваецца больш за 200 сутак.

З.​А.​Казлоўская.

Яблыкі сорту Бананавы.

т. 2, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫРЭ́ЧЫВА,

рэчыва, якое складаецца з антычасціц. Ядры атамаў антырэчыва складаюцца з антыпратонаў і антынейтронаў, абалонкі атамаў — з пазітронаў. Сутыкненне аб’ектаў з рэчыва і антырэчыва павінна прыводзіць да анігіляцыі, у выніку якой утвараецца жорсткае γ-выпрамяненне з энергіяй ≥ 70 МэВ. У 1965 амер. вучоныя пад кіраўніцтвам Л.​Ледэрмана зарэгістравалі ўтварэнне ядраў антыдэйтэрыю, у 1970 сав. вучоныя пад кіраўніцтвам Ю.​Д.​Пракошкіна — ядры антыгелію-3. Значных назапашванняў антырэчыва ў Сусвеце пакуль не выяўлена, але касмалагічныя мадэлі Сусвету і яго ўтварэння не здымаюць пытання аб існаванні антырэчыва.

т. 1, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)