БУДЗІЛО́ВІЧ (Антон Сямёнавіч) (24.5.1846, в. Коматава Гродзенскага р-на — 25.12.1908),
гісторык, філолаг і публіцыст. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1882). З сям’і уніяцкага святара. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, Літоўскай духоўнай семінарыі, скончыў Пецярбургскі ун-т (1867). З 1875 праф. Нежынскага гіст.-філал. ін-та, з 1892 рэктар Тартускага ун-та, з 1901 чл. савета мін-ванар. асветы. З 1907 рэдактар «Московских ведомостей». Выступаў за аб’яднанне славян пад эгідай Расіі, за ўмацаванне асноў самадзяржаўя і праваслаўя. Даследаваў стараж.слав. пісьменства, гісторыю, л-ру і мовы слав. народаў. Аўтар гіст. прац «Чэхія і Маравія» (1871, разам з А.П.Нарановічам), «Нарысы з сербскай гісторыі» (1877). Гісторыю правасл. царквы на Беларусі разглядаў у даследаваннях «Гістарычная нататка пра царкоўна-маёмасныя запісы ў Заходняй Расіі» (1871), «Парадак утварэння нерухомай уласнасці царкоўнай у Заходняй Расіі» (1882).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІРТ ((Wirth) Карл Іозеф) (6.9.1879, г. Фрайбург, Германія — 3.1.1956),
палітычны і дзярж. дзеяч Германіі. Скончыў Фрайбургскі ун-т. Дэпутат рэйхстага ў 1914—18 і 1920—33. Пасля Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 міністр фінансаў у Бадэне, чл.Нац. сходу. Адзін з лідэраў партыі Цэнтра (да 1933). Міністр фінансаў (1920—21). Рэйхсканцлер Веймарскай рэспублікі ў маі 1921 — ліст. 1922. Урад Вірта імкнуўся да выканання Версальскага мірнага дагавора 1919, падпісаў 16.4.1922 рас.-герм. Рапальскі дагавор. Міністр акупіраваных (паводле Версальскага дагавора) абласцей (1929—30). Міністр унутр. спраў (1930—31). У 1933—48 у эміграцыі. Заснавальнік партый «Саюз цэнтра» (1948) і Саюз немцаў (за адзінства, мір і свабоду). Выступаў за ўзаемаразуменне з СССР (пры нейтральнасці Германіі), супраць эканам. і ваен. інтэграцыі ФРГ у Зах. Еўропу. Чл.Сусв. Савета Міру з 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДПУСКчарговы,
штогадовы адпачынак з захаваннем месца работы (пасады) і сярэдняга заработку для ўсіх рабочых і служачых (акрамя часовых і сезонных работнікаў). Працягласць асн. водпуску паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь складае не менш як 15 рабочых дзён; для непаўналетніх і інвалідаў не менш як 1 каляндарны месяц. Парадак вылічэння працягласці штогадовага водпуску вызначаецца заканадаўствам. Водпуск за першы год работы даецца па сканчэнні 11 месяцаў бесперапыннай работы ў дадзенага наймальніка, за другі і наступныя гады работы — у любы час рабочага года ў адпаведнасці з чарговасцю. Штогадовыя дадатковыя водпускі даюцца: работнікам, занятым на работах са шкоднымі ўмовамі працы; тым, хто заняты ў асобных галінах нар. гаспадаркі і мае працяглы стаж работы на адным прадпрыемстве (арг-цыі); работнікам з ненармаваным рабочым днём; у інш. выпадках, прадугледжаных заканадаўствам або калектыўным дагаворам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СТРАЎ, выспа,
участак сушы, з усіх бакоў абкружаны водамі акіяна, мора, возера або ракі. Ад мацерыка адрозніваецца адносна невял. памерамі. Есць адзіночныя астравы і іх групы — архіпелагі. Займаюць каля 9,9 млн.км² (6,6%) сушы. У акіянах і морах падзяляюцца на мацерыковыя, якія аддзяліліся ад кантынентаў, але генетычна з імі звязаны (Грэнландыя, Новая Гвінея, Калімантан, Мадагаскар і інш.), пераходнай зоны ад мацерыка да акіяна (вулканічныя, гразевулканічныя, каралавыя) і акіянскія, пераважна вулканічныя астравы (Гавайскія, Ісландыя) або каралавыя (Маршалавы гл.Атол). Найбольшыя а-вы (пл. больш за 400 тыс.км²); Грэнландыя, Новая Гвінея, Мадагаскар, Калімантан, Бафінава Зямля, Суматра. Сярод астравоў рэк і азёр адрозніваюць акумулятыўныя (наносныя) і эразійныя. На Беларусі агульная плошча астравоў 53 км². Рачных больш за 300, азёрных каля 200, самы вялікі Манастырскі (каля 5 км²) на Асвейскім воз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛДА́Н,
рака ў Рэспубліцы Саха (Якуція), правы прыток Лены. Даўж. 2273 км, пл.бас. 729 тыс.км². Пачынаецца на паўн. схіле Станавога хрыбта, цячэ па Алданскім нагор’і, уздоўж паўд. падножжа Верхаянскага хрыбта, упадае за 160 км ніжэй Якуцка. Даліна ў межах Алданскага нагор’я складаецца з шырокіх і вузкіх каньёнападобных участкаў з перакатамі і шыверамі; у сярэднім цячэнні шырокая, з тэрасаванымі схіламі. Асн. прытокі: Тымптон, Учур, Мая, Алах-Юнь (справа), Амга (злева). Разводдзе з мая да ліп., у жн.—вер. паводкі. Ледастаў з кастр. да мая. Сярэдні гадавы расход вады ў ніжнім цячэнні 5150 м³/с. У бас. Алдана больш за 51 тыс. азёр. Рыбалоўства (асетр, сцерлядзь, харыус). Суднаходны на 1753 км ад вусця. Гал. прыстані: Тамот, Усць-Мая, Хандыга. У бас. Алдана радовішчы жал. руды, каменнага вугалю, золата, слюды-флагапіту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛДА́НСКІ ШЧЫТ,
выступ дакембрыйскага крышт. фундамента на ПдУСібірскай платформы. У асноўным супадае з Алданскім нагор’ем і Станавым хрыбтом. Прадстаўлены шэрагам буйных блокаў, размежаваных мерыдыяльнымі разломамі. На Пд і З шчыта глыбінныя разломы, на Пн — сістэма флексур. Дакембрыйскія ўтварэнні фундамента складаюць некалькі структурных паверхаў ранніх стадый развіцця зямной кары. Самы стараж. паверх (больш за 3,5 млрд.г.) мае гранулітавую гнейса-гранітную, мармуровую, сланцавую, кварцытавую аснову. Сярэдні (3,5—2,7 млрд.г.) складзены з метамарфізаваных асадкава-вулканагенных адкладаў. Верхні паверх (2,7—1,5 млрд.г.) — абломкавыя вулканагенныя ўтварэнні і буйныя інтрузіі. На З Алданскага шчыта перакрыты магутным (больш за 10 км) платформавым чахлом. У крышт. структурах Алданскага шчыта радовішчы рудаў жалеза, медзі, слюдаў, рэдкіх металаў, золата, п’езакварцу; ва ўпадзінах, запоўненых кантынентальнымі асадкамі, радовішчы каменнага вугалю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРО́ТНЫЯ СРО́ДКІ,
грашовыя сродкі, прызначаныя на ўтварэнне абаротных вытв. фондаў і фондаў абарачэння. Адна іх частка дзейнічае ў вытв. сферы і набывае форму вытв. запасаў, незавершанай вытворчасці і наступных затрат, другая абслугоўвае сферу абарачэння і набывае форму гатовых вырабаў, грашовых сродкаў і сродкаў у разліках. Асн. крыніца фарміравання першых — даход (прыбытак), другіх — кароткатэрміновы крэдыт. Эфектыўнасць выкарыстання абаротных сродкаў характарызуецца колькасцю абаротаў (каэфіцыентам абарачэння) і працягласцю аднаго абароту (хуткасцю абароту).
Колькасць абаротаў вызначаецца па формуле , дзе РП — аб’ём рэалізаванай прадукцыі за дадзены перыяд, А — сярэднегадавая сума абаротных сродкаў за гэты ж перыяд. Хуткасць абароту (у днях) вызначаецца па формуле: , дзе Д — колькасць дзён у перыядзе. Паскарэнне абарачальнасці абаротных сродкаў — адна з важных умоў эканоміі сродкаў, павышэння эфектыўнасці вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРЫКО́С (Armeniaca),
род дрэў і кустоў сям. ружавых. Вядома 10 відаў, пераважна ў Азіі. На Беларусі культывуецца абрыкос звычайны (A. vulgaris), абрыкос маньчжурскі інтрадукаваны Цэнтр.бат. садам АН Беларусі як дэкар. расліна.
Дрэва выш. да 8 м. Засухаўстойлівая, цепла- і святлолюбівая расліна. Лісце эліпса- або яйцападобнае. Кветкі белыя, ружаватыя, распускаюцца раней за лісце. Меданос. Плод — мясістая касцянка, мае цукры, арган. к-ты, вітаміны; сушаныя плады — урук, курага. Ва ўмовах Беларусі пладаносіць 7—8 разоў за 10 гадоў, па 20—30 кг з дрэва, жыве да 40 гадоў, пач. плоданашэння на 4—5-ы год. Размнажаецца насеннем, сарты і формы — прышчэпкамі. Плады маюць радыепратэктарныя ўласцівасці, карысныя пры захворваннях сардэчна-сасудзістай сістэмы, печані, нырак. Сарты: Пінскі, Знаходка, Спадчына, Памяці Шаўчука. Асн. хваробы: парша костачкавых і клястэраспарыёз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСУА́НСКІЯ ПЛАЦІ́НЫ,
самыя вялікія комплексныя гідратэхн. збудаванні ў Егіпце, на р. Ніл каля г. Асуан. Старая Асуанская плаціна (пабудавана ў 1898—1902) каля першага нільскага парога. Даўж. каля 2 км, выш. каля 54 м, шыр. па грэбені каля 8 м. Аб’ём вадасховішча 5,5 млрд.м³. Паблізу — ГЭС магутнасцю больш за 350 МВт. Новая Вышынная каменнанакідная плаціна (1960—70; пры садзейнічанні СССР) за 6—7 км на Пд ад Старой плаціны. Даўж. каля 4 км, выш. 110 м, шыр. каля асновы 980 м. Аб’ём створанага каля Вышыннай плаціны вадасх. Насэр 160 млрд.м³. Магутнасць Асуанскага гідратэхн. комплексу 21 ГВт. Стварэнне Асуанскага гідратэхнічнага комплексу дало магчымасць павялічыць пасяўныя плошчы ў Егіпце амаль на 1/3, ліквідаваць пагрозу паводак, палепшыць рачную навігацыю, садзейнічала развіццю энергаёмістых галін гаспадаркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІХА́Р,
штат на ПнУ Індыі. Пл. 173,9 тыс.км². 86,3 млн.чал. (1994), каля 2/3 — біхарцы. Адм. ц. — г. Патна. На Пн — частка Інда-Гангскай раўніны, на Пд — пласкагор’е Чхота-Нагпур (макс.выш. больш за 1000 м). Клімат трапічны мусонны з сухой зімой і вільготным летам. Ападкаў каля 1000 ммза год. На Пд штата — гал. раён Індыі па здабычы каменнага вугалю, жал. і меднай руды, слюды (буйнейшае ў свеце радовішча; гл.Біхарскі слюданосны раён), уранавай сыравіны, баксітаў. Развіты металургічная (Бакара, Ранчы, Джамшэдпур), маш.-буд., цэментная, папяровая, хім., нафтахім., харч.прам-сць. Пад пасевамі каля 50% пл., значная ч. зямель арашаецца. Гал. культура — рыс. Вырошчваюць таксама кукурузу, пшаніцу, ячмень, зернебабовыя, бульбу, на ПнУ — джут, на левабярэжжы Ганга — цукр. трыснёг. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і буйвалаў. Транспарт чыгуначны і рачны.