РЭЧЫЦКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Рэчыцкае староства,

буйны дзярж. маёнтак у ВКЛ у 15—18 ст. Цэнтр — г. Рэчыца. Першапачаткова ўваходзіла ў склад Чарнігаўскага княства, уключала мястэчкі Стрэшын, Горваль, Дамыслін і інш., якія вял. князі ВКЛ раздалі духоўным і свецкім феадалам. Паводле адм. рэформы 1565—66 увайшла ў склад Рэчыцкага пав. У 1569 уключана ў «сталовыя» маёнткі, даход з якіх ішоў на забеспячэнне вял. князя і яго двара. У выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) далучана да Рас. імперыі.

В.​Л.​Насевіч.

т. 14, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАВЕ́Й-РАЗБО́ЙНІК,

персанаж былін і чарадзейных казак; пачварны змей, які сваім свістам губіў падарожных на шляху да Кіева. Перамог яго Ілья Мурамец. Паводле некат. былін, дарога, дзе жыў С.-р., праходзіла праз бранскія лясы і «гразі смаленскія». У стараж. Беларусі, калі меркаваць па пісьме 1574 аршанскага старосты Ф.​Кміты-Чарнабыльскага, С.-р. наз. Будзімеравым сынам. Так ён названы і ў рукапіснай «Аповесці пра слаўнага асілка Ілью Мурамца» 18 ст. Нярэдка ў бел. казках пра Ілью Мурамца замест С.-р. выступае Змей (Цмок).

т. 14, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТАПО́ЛК МСЦІСЛА́ВІЧ (7—1154),

князь уладзіміра-валынскі. Сын вял. кн. Мсціслава Уладзіміравіча. З 1132 княжыў у Полацку пасля брата Ізяслава, які перайшоў у Пераяслаў. Аднак палачане прагналі яго, заявіўшы «лишается нас», і абралі князем Васільку Святаславіча. З 1138 пасля смерці старэйшага брата Усевалада С.М. княжыў у Пскове. У 1140 атрымаў ад вял. кн. Усевалада Ольгавіча Бярэсце, а ў 1142 перайшоў княжыць у Ноўгарад. У 1148 атрымаў ад вял. кн. Ізяслава Мсціславіча Уладзіміра-Валынскае княства, якім валодаў да смерці.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 14, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТЛАФІ́ЛЬТР,

прылада, якая змяняе энергію аптычнага выпрамянення (святла), а таксама яго спектральны састаў з мэтай вылучэння асобных участкаў спектра.

Прынцып работы С. грунтуецца на з’явах паглынання святла (абсарбцыйныя С.), інтэрферэнцыі святла (інтэрферэнцыйныя С.), дысперсіі святла (дысперсійныя фільтры), палярызацыі святла (палярызацыйныя С.) і інш. Найб. пашыраны абсарбцыйныя С., вырабленыя з каляровага аптычнага шкла. Адрозніваюцца пастаянствам спектральных характарыстык, устойлівасцю да ўздзеянняў святла і т-ры, высокай аптычнай аднароднасцю. Выкарыстоўваюцца ў каляровай фатаграфіі, пры падводнай кіназдымцы, святлатэхніцы, фотаметрыі, колераметрыі, ультрафіялетавай, інфрачырвонай і люмінесцэнтнай мікраскапіі і інш.

т. 14, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТА́РЫЦА, старарэчча, старык,

участак былога рэчышча, які поўнасцю ці часткова аддзяліўся ад ракі. Утвараецца ў выніку прарыву ракой шыйкі меандра або пры драбленні рэчышча на рукавы ў выніку яго блукання на алювіяльнай пойме. Мае падкова ці дугападобную, радзей прамалінейную форму. Найб. спрыяльныя ўмовы ўтварэння С. у рачных далінах з добра развітым свабодным меандраваннем рэчышча, плоскім шырокім дном і стабільным падоўжным профілем ракі, блізкім да профілю раўнавагі. На Беларусі найб. колькасць С. у далінах р. Прыпяць і яе прытокаў першага парадку.

т. 15, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ДНАВЫ РУХАВІ́К,

рухавік, які забяспечвае рух судна (гал. рухавік) або дзеянне яго электрагенератараў, вентылятараў, помпаў і інш. (дадатковы рухавік). Першым С.р. была паравая машына, пасля — дызель, паравая турбіна, газавая турбіна, электрычны рухавік, рухавік знешняга згарання (Стырлінга рухавік).

Працуюць С.р. пераважна на вадкім паліве, таксама на ядз. гаручым (ядзерныя сілавыя ўстаноўкі т.зв. атамаходаў). Перадача энергіі ад гал. С.р. на суднавы рухач — прамая (непасрэднае злучэнне рухавіка з грабным валам), праз рэдуктар (зубчасты або гідраўлічны) або электрычная (ад электрагенератара С.р. да электрарухавіка грабнога вала).

т. 15, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУ́ШЫНСКІ ЛА́ГЕР,

урадава-адміністрацыйная рэзідэнцыя і ваенны лагер Ілжэдзмітрыя II у с. Тушына (пад Масквой) з лета 1608 да пач. 1610. Т.л. быў умацаваны землянымі валамі і драўлянымі абарончымі збудаваннямі. Унутры лагера знаходзіліся рэзідэнцыі Лжэдзмітрыя II і нарачонага патрыярха Філарэта, будынкі тушынскіх прыказаў, жытлы польскіх і рас. войск. Пры адыходзе атрадаў Рэчы Паспалітай у сак. 1610 Т.л. спалены. У 1898—1901 на яго месцы праведзены археал. раскопкі, выяўленыя рэчы (зброя, прылады працы, рэчы побыту) зберагаюцца ў Дзярж. гіст. музеі ў Маскве.

т. 16, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫ́ТУЛЬНЫ ЛІСТ, тытул (ад лац. titulus надпіс, загаловак),

загаловачны ліст выдання (кнігі), на якім змяшчаюцца асноўныя (выхадныя) звесткі: загаловак, прозвішча аўтара, назва выдавецтва, год і месца выдання.

Бывае адзінарны (першая старонка кніжнага блока з адваротам), падвойны (з 4 старонак) разваротны або расхінны (левая частка яго наз. контртытулам, адваротная старонка контртытула — авантытулам). Паводле афармлення Т.л. бывае шрыфтавы, дэкаратыўна-шрыфтавы і сюжэтны. У папірусных і пергаментных скрутках ролю Т.л. выконваў ярлык з загалоўкам, прывязаны да скрутка шнурком. Першы поўны Т.л. з’явіўся ў 1476 (Венецыя).

т. 16, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФО́РСМАН (Forssmann) Вернер (29.8.1904, Берлін — 1.6.1979),

нямецкі вучоны ў галіне ўралогіі і хірургіі. Скончыў ун-т Ф.​Вільгельма ў Берліне (1928). З 1929 у клініцы г. Эберсвальдэ, з 1932 у бальніцы Р.​Вірхава, з 1956 праф. ун-та імя Гутэнберга (г. Майнц), з 1964 у Мед. акадэміі, адначасова ва ун-це (да 1970) г. Дзюсельдорф. Распрацаваў метад катэтарызацыі сэрца, выпрабаваў яго на сабе (правёў зонд праз локцевую вену ў правае перадсэрдзе). Нобелеўская прэмія 1956 (з А.Ф.Курнанам і Дз.Рычардсам).

В.​Ф.​Ермакоў.

В.Форсман.

т. 16, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОТАТЫРЫ́СТАР (ад фота... + тырыстар). тырыстар, перавод якога з аднаго ўстойлівага стану (з нізкай праводнасцю) у другі (з высокай праводнасцю) адбываецца пры ўздзеянні на яго светлавога патоку. Пры асвятленні Ф. ў паўправадніку генерыруюцца носьбіты зараду абодвух знакаў (электроны і дзіркі), што прыводзіць да павелічэння току праз тырыстарную структуру на велічыню фотатоку. Крыніцамі святла для кіравання Ф. служаць эл. лямпы напальвання, імпульсныя газаразрадныя лямпы, святловыпрамяняльныя дыёды, квантавыя генератары і інш. Выкарыстоўваюцца ва ўстройствах аўтам. кіравання і аховы, выліч. тэхнікі, у магутных высакавольтных пераўтваральніках.

т. 16, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)