ЛАНДА́РСКІ Роберт Яфімавіч

(н. 1.4.1936, г. Гомель),

бел. жывапісец. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры ў Ленінградзе (1966). Працуе пераважна ў жанры пейзажа. Творчасць вызначаецца дэкаратыўнасцю каларыту, лірыка-эпічным ладам кампазіцый. Сярод твораў: «Ластаўкі» (1974), «Вясновыя турботы» (1975), «Жаўрук спявае» (1978), «Раніца ў Тарасаўцы», «На Белым возеры», «Кветкі лугавыя» (усе 1980), «Пейзаж з сарокамі», «Палескія дубравы» (абодва 1981), «Балада пра маці» (1982), «На Прыпяці» (1983), «Вёска Радуга» («Дзень Перамогі», 1984), «Расчыненае акно» (1987), «Юнацтва», «Веснавы сеў» (абодва 1992), «У забароненай зоне» (1994), «Вёска Барталамееўка» (1996), «Раніца» (1997), «На Бесядзі», «Лета майго дзяцінства», «Закат на Прыпяці» (усе 1998); акварэлі «Зімой» (1972), «Вясна на Сажы» (1974), «Раніца на Сажы» (1981) і інш.

Л.Ф.Салавей.

т. 9, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДА́У Леў Давыдавіч

(22.1.1908, Баку — 1.4.1968),

расійскі фізік-тэарэтык, стваральнік навук. школы тэарэтычнай фізікі. Акад. АН СССР (1946), чл. АН і навук. т-ваў многіх краін. Герой Сац.

Працы (1954). Скончыў Ленінградскі ун-т (1927). Ў 1927—31 удасканальваў адукацыю ў Даніі, Англіі, Швейцарыі. З 1932 ва Укр. фіз.-тэхн. ін-це ў Харкаве. З 1937 у Ін-це фіз. праблем АН СССР, адначасова праф. Маскоўскага ун-та (1943—47 і з 1955). Навук. працы па квантавай механіцы, фізіцы цвёрдага цела, квантавай тэорыі поля, фізіцы элементарных часціц, фізіцы плазмы, астрафізіцы і інш. Стварыў тэорыі электроннага дыямагнетызму (гл. Ландау дыямагнетызм), ферамагнітнага рэзанансу (1935), фазавых пераходаў 2-га роду (1937), звышцякучасці вадкага гелію (1941) і фенаманалагічную тэорыю звышправоднасці (разам з В.Л.Гінзбургам, 1950), выканаў шэраг грунтоўных даследаванняў у інш. галінах фізікі. Аўтар (разам з Я.М.Ліфшыцам) шматтомнага «Курса тэарэтычнай фізікі». Нобелеўская прэмія 1962, Ленінская прэмія 1962, Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1953.

Тв.:

Собр. тр. Т. 1—2. М., 1969.

Літ.:

Абрикосов А.А. Академик Л.Д.Ландау. М., 1965;

Бессараб М.Я. Ландау: Страницы жизни. 4 изд. М., 1990.

Л.Д.Ландау.

т. 9, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДА́У ДЫЯМАГНЕТЫ́ЗМ,

дыямагнетызм сістэмы носьбітаў зарадаў (напр., электронаў праводнасці ў металах). Прадказаны Л.Д.Ландау ў 1930. Абумоўлены квантаваннем арбітальнага руху зараджаных часціц у магн. полі, дзе траекторыя іх свабоднага руху скрыўляецца і ўзнікае дадатковае магн. поле, накіраванае процілегла знешняму полю. Назіраецца ў выраджаным газе свабодных электронаў і ў электронаў праводнасці ў металах, паўметалах і паўправадніках.

т. 9, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДВЕ́Р

(ад ням. Land зямля, краіна + Wehr абарона),

катэгорыя ваеннаабавязаных запасу 2-й чаргі і другачарговыя вайсковыя фарміраванні, якія ствараліся з іх у ваен. час у Германіі, Прусіі, Аўстра-Венгрыі, Швейцарыі ў 19 — пач. 20 ст.

т. 9, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДВО́ЙТ, лантвойт,

лентвойт (стараж.-верхненям. lentvoget),

службовая асоба ў гарадах ВКЛ, якія мелі магдэбургскае права, намеснік войта. Выконваў даручэнні войта, у час адсутнасці войта — яго абавязкі. Прызначаўся войтам або ўладальнікам горада, у 16—17 ст. мяшчанства некат. гарадоў (Магілёў, Пінск, Брэст) дамаглося права выбіраць Л.

т. 9, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДО́

(франц. landau ад Landau горад у Германіі, дзе з 17 ст. вырабляліся экіпажы пад такой назвай),

кузаў легкавога аўтамабіля з верхам, які адкрываецца толькі над заднімі сядзеннямі. Раней Л. наз. 4-месная карэта з адкідным верхам.

т. 9, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДО́ Юрый Канстанцінавіч

(н. 14.4.1918, г. Уфа, Башкортастан),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1970), праф. (1971). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1972). Скончыў Маскоўскі пед. ін-т (1940). У 1951—92 у Мінскім пед. ін-це імя М.Горкага. Навук. працы па даследаванні краявых задач для лінейных інтэградыферэнцыяльных ураўненняў з адвольным лікам краявых умоў. Устанавіў прынцып спалучанай адпаведнасці і паказаў яго дастасаванні да праблем кіравання рухам.

Тв.:

Элементы математической теории управления движением. М., 1984;

0 сужениях оператора условиями ортогональности к его графику // Дифференц. уравнения. 1991. Т. 27, № 4.

т. 9, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДРА́С

(дацкае Landrace ад land зямля, краіна + гасе парода),

беконная парода свіней. Выведзена ў Даніі ў канцы 19 ст. скрыжаваннем мясц. свіней з буйной белай пародай шляхам працяглай паглыбленай селекцыі. Разводзяць у Скандынавіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Н. Зеландыі, Бразіліі. На Беларусь Л. завезены са Швецыі ў 1948 г. Выкарыстоўваюць для прамысл. скрыжавання (буйная белая + беларуская чорна-пярэстая парода + Л.). Асн. лініі: Атлас, Бром, Байкал, Элегант.

Даўж. самцоў да 185 см, свінаматак да 170 см, маса адпаведна да 350 і 230 кг. Масць белая. Тулава выцягнутае, галава невял., вушы доўгія. Сцёгны добра развітыя. Мяса ў тушы да 58%. Якасць бекону высокая. Плоднасць да 12 парасят за апарос.

Ландрас.

т. 9, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́НДРАТ

(ням. Landrat ад Land зямля, краіна + Rat парада, дарадчык),

1) у Расіі ў 1713—19 саветнік ад дваран павета пры губернатару (у кіраванні губерняй удзельнічала калегія з 8—12 Л.). У 1719 Л. заменены ваяводамі, якія прызначаліся ўрадам.

2) У ФРГ кіраўнік органа мясц. кіравання.

3) Назва заканад. органа ў некаторых кантонах і паўкантонах Швейцарыі (Гларус, Уры, Базель-Ланд, Нідвальдэн, Апенцэль-Інерадэн).

т. 9, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДРЫ́НА

(Londrina),

горад у Бразіліі, у штаце Парана. Засн. ў 1929. Каля 355 тыс. ж. (1991). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Цэнтр раёна вырошчвання кавы. Вытв-сць растваральнай кавы, напіткаў, алею. Дрэваапр. і керамічная прам-сць. Ун-т.

т. 9, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)