ЛА́НДРАТ (ням. Landrat ад Land зямля, краіна + Rat парада, дарадчык),

1) у Расіі ў 1713—19 саветнік ад дваран павета пры губернатару (у кіраванні губерняй удзельнічала калегія з 8—12 Л.). У 1719 Л. заменены ваяводамі, якія прызначаліся ўрадам.

2) У ФРГ кіраўнік органа мясц. кіравання.

3) Назва заканад. органа ў некаторых кантонах і паўкантонах Швейцарыі (Гларус, Уры, Базель-Ланд, Нідвальдэн, Апенцэль-Інерадэн).

т. 9, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПА́ЦІЧЫ,

вёска ў Слаўгарадскім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Раста, на аўтадарозе Магілёў — Слаўгарад. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на ПнЗ ад г. Слаўгарад, 50 км ад Магілёва, 32 км ад чыг. ст. Чавусы. 504 ж., 182 двары (1998). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 9, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕГЕ́НДА карты, сукупнасць умоўных знакаў на карце і тлумачэнне да іх. Служыць ключом для чытання карты і ў некаторай ступені раскрывае яе змест, значэнне і суадносіны асобных элементаў. Змяшчаецца на палях або на вольнай плошчы ўнутры рамак карты, радзей на адвароце. У атласах і шматліставых картах Л. можа займаць асобны ліст або дадавацца ў выглядзе тлумачальнай запіскі са звесткамі, якія нельга перадаць графічна.

т. 9, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЗГІ́НКА,

народны танец лезгін. Муз. памер ​6/8, ёсць варыянты на ​2/4. Тэмп хуткі. Мелодыя дакладная, дынамічная. У аснове сюжэта Л. — танец-спаборніцтва, што дэманструе спрыт, віртуознасць, нястомнасць танцораў. Выконваецца як сольны мужчынскі танец і ў пары з жанчынай. У многіх народнасцей Каўказа існуюць разнавіднасці Л., якія атрымалі найменне ад назвы народнасці, мясцовасці ці мелодыі суправаджэння. На Беларусі вядомы падобны танец «Лязінка».

т. 9, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЎ VI (Leōn) Мудры, Леў VI Філосаф (1.9.866, г. Канстанцінопаль — 11.5.912), візантыйскі імператар [886—912]. З Македонскай дынастыі. Пацярпеў шэраг паражэнняў у войнах з балгарамі (893), арабамі (907), Кіеўскай Руссю (у 911 заключыў з кіеўскім князем Алегам дагавор, які гарантаваў рускім свабоду гандлю ў Канстанцінопалі). У 887—893 выдаў заканад. зборнік Васілікі і больш за 100 заканад. пастаноў, якія дапаўнялі Кодэкс Юсцініяна.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 9, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́КАВАЕ РАШЭ́ННЕ ЎРАЎНЕ́ННЯЎ,

знаходжанне дакладнага ці набліжанага рашэння ўраўненняў у выглядзе лікаў.

Зводзіцца да выканання арыфм. аперацый над каэфіцыентамі ўраўнення і значэннямі функцый, якія ўваходзяць у яго, і дазваляе знаходзіць рашэнне з любой наперад зададзенай дакладнасцю. Кожны від ураўнення мае свае лікавыя метады рашэння. Пры Л.р.ў. карыстаюцца ЭВМ і інш. сродкамі вылічэнняў. Гл. таксама Набліжанае інтэграванне, Найменшых квадратаў метад, Паслядоўных набліжэнняў метад.

т. 9, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЕ́ЙНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,

алгебраічнае ўраўненне, у якое невядомыя ўваходзяць у 1-й ступені і адсутнічаюць члены, якія маюць здабытак невядомых. Л.ў. з адным невядомым мае выгляд ax=b. У выпадку некалькіх невядомых маюць справу з сістэмай Л.ў. Тэорыя Л.ў. атрымала развіццё пасля ўзнікнення вучэння аб дэтэрмінантах і матрыцах. Паняцце лінейнасці пераносіцца з алг. ураўненняў на ўраўненні з інш. галін матэматыкі (напр., Лінейнае дыферэнцыяльнае ўраўненне).

т. 9, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́КУС (лац. locus месца),

месцазнаходжанне пэўнага гена на генетычнай або цыталагічнай карце храмасомы. Адлегласць паміж генамі вымяраецца ў адзінках красінговера (марганідах). Храмасома падзяляецца на кароткае і доўгае плячо; кожнае плячо падзяляюць на раёны, якія нумаруюць ад цэнтрамеры. Складаны Л. утвараецца цесна счэпленымі, незалежна дзеючымі генамі. Вітальны Л. — сукупнасць жыццёва важных генаў, пры элімінацыі або мутацыі якіх узнікае смяротны (лятальны) вынік.

Р.​Г.​Заяц.

т. 9, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУБЯНЫ́Я ВАЛО́КНЫ,

валокны, якія ёсць у сцёблах наземных насенных раслін. Маюць моцна патоўшчаныя (часта адраўнелыя) сценкі з развітай слаістасцю, простымі порамі і вузкай поласцю. Жывое змесціва Л.в. пасля завяршэння фарміравання адмірае. Асн. функцыя — ахова элементаў мяккага лубу ад дэфармацыі, а таксама апорная сістэма органа. Бываюць гнуткія, мала адраўнелыя (лён, кіт. крапіва), грубыя, моцна адраўнелыя (пянька, джут і інш.). Выкарыстоўваюць у тэкст. прамысловасці.

т. 9, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЗАЛАВА,

вёска ў Віцебскім р-не, на р. Лужасянка, каля аўтадарогі Віцебск—Гарадок. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на Пн ад Віцебска, 4 км ад чыг. ст. Лужасна. 1458 ж., 605 двароў (1999). Дзярж. буд.-эксплуатацыйнае прадпрыемства меліярац. і водагасп. сістэм. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 9, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)