САЮ́З ПРАДПРЫМА́ЛЬНІКАЎ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ, Беларускі саюз прадпрымальнікаў,

арганізацыя, якая аб’ядноўвае кіраўнікоў прыватных прадпрыемстваў і грамадскіх аб’яднанняў, прадпрымальнікаў, журналістаў, эканам. і юрыд. экспертаў, абараняе іх правы-і законныя інтарэсы. Створаны ў чэрв. 1991. Кіруючы орган — з’езд, які выбірае савет, прэзідэнта і віцэ-прэзідэнтаў саюза. Асн. кірункі дзейнасці: прадстаўленне інтарэсаў прыватнага бізнесу ў перагаворах з урадам, парламентам і прафсаюзамі; стварэнне прававога механізму забеспячэння абароны правоў прадпрымальнікаў; наладжванне кантактаў з міжнар. аб’яднаннямі прадпрымальнікаў і работадаўцаў; садзейнічанне экспарту прадукцыі і паслуг чл. саюза і інш.

т. 14, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕ́РДРУПА АСТРАВЫ́ (Sverdrup lslands),

група астравоў на Пн Канадскага Арктычнага архіпелага, у групе а-воў Каралевы Елізаветы. Найб. а-вы: Аксель-Хейберг (пл. 40,7 тыс. км²), Элеф-Рынгнес (10,8 тыс. км²), Амунд-Рынгнес (6,1 тыс. км²). Агульная пл. каля 75 тыс. км². В-аў Аксель-Хейберг гарысты (выш. да 2140 м), укрыты ледавікамі; астатнія — раўнінныя або ўзгорыстыя. На в-ве Элеф-Рынгнес — метэастанцыя Ісаксен, аэрапорт. Названы ў гонар нарв. палярнага даследчыка О.​Свердрупа, які адкрыў шэраг астравоў у 1898—1902.

т. 14, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТАПО́ЛК МСЦІСЛА́ВІЧ (7—1154),

князь уладзіміра-валынскі. Сын вял. кн. Мсціслава Уладзіміравіча. З 1132 княжыў у Полацку пасля брата Ізяслава, які перайшоў у Пераяслаў. Аднак палачане прагналі яго, заявіўшы «лишается нас», і абралі князем Васільку Святаславіча. З 1138 пасля смерці старэйшага брата Усевалада С.М. княжыў у Пскове. У 1140 атрымаў ад вял. кн. Усевалада Ольгавіча Бярэсце, а ў 1142 перайшоў княжыць у Ноўгарад. У 1148 атрымаў ад вял. кн. Ізяслава Мсціславіча Уладзіміра-Валынскае княства, якім валодаў да смерці.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 14, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНСІ́ЛЫ, сэнсілы (ад лац. sensilis які адчувае),

прасцейшыя органы пачуццяў у беспазваночных жывёл. Складаюцца з кутыкулярнага аддзела і 1 або некалькіх чуллівых нерв. клетак, ад якіх адыходзяць нерв. валокны ў ц. н. с. Выконваюць функцыі гігра-, механа-, тэрма-, хема-, экстэра- і інтэрарэцэптараў. Размешчаны па целе паасобку або сабраныя ў групы, найб. іх колькасць на вусіках, ротавых ч., хваставых прыдатках і канечнасцях, дзе яны аб’яднаны ў складаныя органы па некалькі тысяч С. (напр., на антэнах трутня меданоснай пчалы каля 30 тыс.).

т. 14, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНДЫКА́Т (ням. Syndikat ад грэч. syndikos які дзейнічае сумесна),

1) пагадненне картэльнага тыпу, якое прадугледжвае, што яго ўдзельнікі збываюць свае тавары праз адзіную гандл. кантору (звычайна ствараецца ў выглядзе акц. т-ва або т-ва з абмежаванай адказнасцю), якая ажыццяўляе таксама закупкі для ўдзельнікаў С. Яны захоўваюць вытв. і юрыд. самастойнасць, але ў адрозненне ад картэля страчваюць камерцыйную незалежнасць 2) Аб’яднанне, у якое ўваходзяць прадпрыемствы, што вырабляюць масавую аднатыпную прадукцыю.

3) Назва прафес. саюзаў у некаторых краінах, напр. у Францыі.

т. 14, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІРО́КА (італьян. scirocco ад араб. шарк — усход),

моцны гарачы, сухі і пыльны вецер паўд. румбаў у Міжземнамор’і, які дзьме з боку пустынь Паўн. Афрыкі і Аравійскага п-ва. Над краінамі Афрыкі і Б. Усходу нясе шмат пяску і пылу, на шляху праз Міжземнае м. насычаецца вільгаццю, аднак аказвае высушальны ўплыў на расліннасць узбярэжных раёнаў Францыі, краін Апенінскага і Балканскага п-воў. Часцей назіраецца вясной, дзьме 2—3 дні, павышае т-ру паветра да 35 °C; на падветраных схілах гор часам набывае характар фёну.

т. 14, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛАДО́ВАЕ ПІСЬМО́,

тып пісьма, у якім паасобныя склады абазначаюцца графічнымі знакамі.

Развілося са стараж. сістэм пісьма на аснове фонаідэаграфіі (японскае С.п. кана), а таксама алфавітнага пісьма кансанантнага тыпу (пісьмо брахмі ў Індыі; кожны знак адпавядае адкрытаму складу з пэўным зычным, але форма знака крыху зменьваецца ў залежнасці ад таго, які галосны ў складзе). У знакі С.п. ператварыліся ідэаграмы, якія напачатку абазначалі аднаскладовыя словы. С.п. пашырана ў Індыі, Эфіопіі, М’янме, Тайландзе, Камбоджы, Карэі, Японіі.

Літ.:

Гл. да арт. Пісьмо.

А.​М.​Булыка.

т. 14, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПРА́ЎКА,

1) прыстасаванне, якое выкарыстоўваецца для мацавання на ім пустацелых вырабаў ці інструментаў пры апрацоўцы на металарэзных станках; від аснасткі тэхналагічнай. Бывае суцэльная — у выглядзе метал. стрыжня канічнай, цыліндрычнай ці камбінаванай формы, і распускальная — у выглядзе пустацелага цыліндра з конусным стрыжнем унутры. Апраўка надае інструменту, дэталям і загатоўкам неабходнае становішча, папярэджвае магчымае працісканне сценак вырабаў, памяншэнне дыяметра адтулін і інш. 2) Інструмент (цыліндрычны стрыжань), які ўстаўляецца ў поласць вырабаў пры коўцы, раскачванні кальцавых паковак, пракатцы трубаў з патанчэннем сценак, выпраўленні змятых трубаў і інш.

Распускальная апраўка: 1 — конусны стрыжань; 2 — гайкі.

т. 1, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́Т з Сікіёна

(Aratos Sikyōnios; 271—213 да н. э.),

дзяржаўны дзеяч Стараж. Грэцыі. Прыйшоў да ўлады ў 251, скінуўшы тырана г. Сікіён. Дамогся ўключэння горада ў Ахейскі саюз. З 245 больш як 17 разоў выбіраўся стратэгам (кіраўніком) саюза, які пры ім дасягнуў росквіту і стаў незалежны ад Македоніі. У 224 уступіў у саюз з Антыгонам III Дасанам супраць Спарты. У 221 саюзнікі перамаглі спартанцаў, але Ахейскі саюз зноў трапіў у залежнасць ад Македоніі. Аўтар запісак (не захаваліся), якія былі выкарыстаны ў працах Палібія і Плутарха.

т. 1, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГУМЕ́НТ у матэматыцы,

1) незалежная пераменная, што стаіць пад знакам функцыі і абумоўлівае яе значэнне. Аргумент функцыі 𝑓(x) ёсць x. Аргумент функцыі можа быць якой-н. функцыяй іншай пераменнай, напр. аргумент трыганаметрычнай функцыі cos(ax+b) ёсць ax+b.

2) Аргументам комплекснага ліку z=x+iy — вугал φ паміж дадатным напрамкам восі абсцыс і радыус-вектарам пункта з каардынатамі x і y, які з’яўляецца выявай камплекснага ліку на плоскасці XOY. Вызначаецца з дакладнасцю да 2π і звязаны з каардынатамі x і y формулай tgφ=y/x.

т. 1, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)