ЛОЙД ДЖОРДЖ ((Lloyd George) Дэвід) (17.1.1863, г. Манчэстэр, Вялікабрытанія — 26.3.1945),
брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Граф Двайфар (1945). Юрыст. З 1890 дэп. палаты абшчын ад Ліберальнай партыі, выступаў супраць англа-бурскай вайны 1899—1902. З 1905 міністр гандлю, з 1908 міністр фінансаў (на ўзор Германіі правёў у 1908 сац. рэформу — закон аб пенсіі па ўзросце, абавязковае страхаванне ад хвароб і беспрацоўя з 1911), з 1915 міністр ваен. забеспячэння, у 1916—22 прэм’ер-міністр (у 1916 і ваен. міністр) Вялікабрытаніі. Адзін з гал. удзельнікаў Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 і аўтараў Версальскага мірнага дагавора 1919. Падтрымліваў Грэцыю ў час грэка-тур. вайны 1919—22, садзейнічаў заключэнню кампраміснага англа-ірландскага дагавора 1921. Кіраўнік брыт. дэлегацыі на Генуэзскай канферэнцыі 1922. У 1926—31 лідэр Ліберальнай партыі. Пасля прыходу да ўлады ў Германіі А.Гітлера (1933) выступаў у яго падтрымку, аднак хутка зразумеў сваю памылку. У 1945 чл. палаты лордаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБА́ЎСКІ (Мацвей Кузьміч) (13.8. 1860, с.Вял. Мажары Сараеўскага р-на Разанскай вобл., Расія — 22.11.1936),
расійскі гісторык. Чл.-кар. Расійскай АН (1917), акад.АНСССР (1929). Д-ргіст.н. (1901). Скончыў Маскоўскі ун-т (1882), з 1894 дац., з 1901 праф. у ім, у 1911—17 рэктар. Вучань В.В.Ключэўскага. У 1913—29 старшыня Маскоўскага т-ва гісторыі старажытнасцей расійскіх. У 1929 арыштаваны і ў 1930 высланы ў г. Уфа, дзе ў 1931—35 працаваў навук. супрацоўнікам Башкірскага НДІнац. культуры. Аўтар грунтоўных даследаванняў па сац.-паліт. гісторыі ВКЛ («Літоўска-рускі сейм», 1900; «Нарыс гісторыі Літоўска-Рускай дзяржавы да Люблінскай уніі ўключна», 1910, і інш.), курсаў лекцый «Гістарычная геаграфія Расіі ў сувязі з каланізацыяй» (1909), «Лекцыі па старажытнай рускай гісторыі да канца XVI ст.» (3-е выд., 1918) і інш. Сярод яго вучняў У.І.Пічэта, С.У.Бахрушын, М.Г.Беражкоў і інш.
Тв.:
Обзор истории русской колонизации с древнейших времен и до XX в. М., 1996.
Літ.:
Карев Д.В. Академик М.К.Любавский: Судьба и наследие // Наш радавод. Гродна, 1994. Кн. 6, ч. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ ХРО́НІКА,
помнік гарадскога летапісання 17—19 ст., апошні бел. летапісны звод. Складзена ў Магілёве купецкім старостам Трафімам Суртам (звесткі за 1526—1701) і рэгентам гар. канцылярыі Юрыем Трубніцкім (звесткі за 1701—46), прадоўжана сынам апошняга Аляксандрам і ўнукам Міхаілам (да 1856). Напісана па-польску, запісы за 1841—56 па-руску. Крыніцамі хронікі паслужылі летапісныя запісы і ўспаміны сучаснікаў, матэрыялы магілёўскага архіва, хронікі А.Гваньіні і М.Стрыйкоўскага, Кіеўскі сінопсіс, асабістыя назіранні аўтараў. У хроніцы адлюстравана сац.-паліт., гасп.-эканам. і культ. жыццё Магілёва эпохі позняга феадалізму. Змяшчае матэрыял па гісторыі Беларусі, Літвы, Украіны, Польшчы, Расіі 17—18 ст., а таксама шэраг літ. твораў 1-й пал. 18 ст., у т. л. вершаваны пасквіль на польск. кардынала М.Радзяёўскага, алегарычная сатыра «Карнавал іншаземны ў Польшчы». Складаецца з кароткіх пагадовых запісаў і разгорнутых апавяданняў пра значныя гіст. падзеі і асобныя моманты з жыцця герояў. Часткова апублікавана ў 19 ст. ў перакладзе на рус. мову, частка (да 1746) змешчана ў Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 35, 1980). Рукапіс зберагаецца ў Рас.нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭЛІ́РАВАННЕ САЦЫЯ́ЛЬНАЕ,
дзейнасць па вызначэнні аптымальных мадэлей сац. сістэм, іх асн. якасцей, крытэрыяў, параметраў, а таксама спосабу дзеяння, адносін, працэсаў і інш. Аб’екты М.с. — сац. супольнасці, працэсы, з’явы, грамадскія сувязі, якія падлягаюць уздзеянню суб’ектаў мадэліравання (элементы і сістэмы матэрыяльнай і духоўнай вытв-сці, сац. структуры грамадства, эканам., паліт. і інш. адносіны). Ажыццяўляецца М.с. нетрадыцыйных сац. аб’ектаў — т.зв. «адкрытых сістэм» (ладу жыцця, сістэм адукацыі, аховы здароўя і інш.). Адпаведна спосабу ўзнаўлення рэчаіснасці і сродкам пабудовы сац. мадэлі адрозніваюць іх асн. класы: матэрыяльныя (заснаваны на ўдзеле ў іх людзей), ідэальныя («машынныя мадэлі»), змешаныя («чалавека-машынныя мадэлі»). Вылучаюць таксама тэарэт. і эмпірычныя, ігравыя і неігравыя, аналітычныя і машынныя, рэгрэсійныя, прычынныя і імітацыйныя, алгарытмічныя і аптымізацыйныя, з кіраваннем і без кіравання і інш.сац. мадэлі. М.с. ажыццяўляецца тэхн., матэм. і лагічнымі сродкамі, пры дапамозе якіх атрымліваюць, аналізуюць і перапрацоўваюць інфармацыю аб стане сац. супольнасцей, працэсаў і з’яў, тэндэнцыях іх развіцця або непасрэдна распрацоўваюць сац. мадэлі. На Беларусі назапашаны пэўны вопыт М.с. працэсаў прац. актыўнасці, узнаўлення і размеркавання прац. рэсурсаў, паводзін вял. і малых сац. груп і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЬЦІ́НСКІ (Хаім Ізраілевіч) (7.8.1910. г. Паневяжыс, Літва — 8.2.1986),
яўрэйскі пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ін-тнар. адукацыі (1932). Да 1946 працаваў у друку на Беларусі, потым у Бірабіджане. У 1948 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1956. Жыў у Мінску, з 1975 у Ізраілі. Друкаваўся з 1929. Пісаў на ідыш. Першы зб. вершаў «Якое жыццё дарагое» (1931). Аўтар кніг апавяданняў і вершаў для дзяцей «Дзеці», «Наш хор» (абедзве 1933), «Бадзёрым крокам», «Без ценю», «Каб лёгка ісці» (усе 1936), «Брацікам і сястрычкам» (1939), п’ес «На вышцы» (1934), «Ёсць фарпост» (1935). У зб-ку паэзіі «Гады, гады мае...» (1973) філас. асэнсаванне грамадска-паліт. падзей у краіне. На бел. мове выйшлі зб-кі твораў М. «Навагодняя елка» (1939), «Поплеч з сынамі ўсімі» (1963), «Родны дом» (1965), «На сонечным баку» (1967) у перакладзе Э.Агняцвет, Д.Бічэль-Загнетавай, Г.Бураўкіна, З.Бядулі, А.Бялевіча, А.Вольскага, С.Гаўрусёва, Н.Гілевіча, П.Глебкі, Х.Жычкі, А.Зарыцкага, Г.Кляўко, Е.Лось, П.Макаля, Я.Семяжона, М.Стральцова, П.Прыходзькі, В.Ціхановіча і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАЛА́ЙЧЫК ((Mikołajczyk) Станіслаў) (18.7.1901, Гольстэргаўзен, Германія — 13.12.1966),
польскі паліт. і дзярж. дзеяч. Удзельнік Велікапольскага паўстання 1918 супраць прускага панавання, савецка-польскай вайны 1920. У 1920—31 чл. партыі Польске стронніцтва людовэ-«Пяст» (у 1930—31 чл.Гал. рады), у 1931—39 чл.Гал. рады партыі Стронніцтва людовэ. Адзін з заснавальнікаў (1927) Велікапольскага Саюза сял. моладзі. Дэпутат сейма (1930—35). За кіраўніцтва сял. забастоўкай 1937 быў зняволены. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік вераснёўскай кампаніі 1939. Пазней у эміграцыі. У 1940—43 віцэ-прэм’ер, у 1943—44 прэм’ер-міністр польскага эмігранцкага ўрада. З 1946 віцэ-прэм’ер і міністр земляробства кааліцыйнага Часовага ўрада нац. адзінства. У 1945 засн. партыю Польскае стронніцтва людовэ (ПСЛ, у 1945—47 яе старшыня). Дэпутат Краёвай рады нарадовай (1945—47), сейма (1947). Арганізатар легальнай антыкамуніст. апазіцыі ў Польшчы. Пад пагрозай арышту выехаў у ЗША. У 1947—66 старшыня ПСЛ у эміграцыі. Аўтар успамінаў «Згвалтаваная Польшча» (1948), прысвечаных падзеям 1939—47.
Літ.:
Paczkowski A Stanisław Mikołajczyk, czyli Klęska realisty. Warszawa, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКЕ́НЫ (Mykēnai),
старажытнагрэчаскі горад у Аргалідзе (п-аў Пелапанес), буйны цэнтр Крыта-мікенскай культуры ў эпоху бронзы. Заселены ў пач. 3-га тыс. да н.э. З 17 ст. да н.э. сталіца адной з дзяржаў ахейцаў. У 14—12 ст. да н.э. дасягнулі эканам. і паліт. росквіту, пашырылі свой уплыў на ўвесь Пелапанес, авалодалі Кносам, замацавалі сувязі з Егіптам, хецкай дзяржавай, Кіпрам, Сірыяй. У канцы 12 ст. да н.э. разбураны дарыйцамі. У 1-м тыс. да н.э. невял. паселішча, якое ў 468 да н.э. заваявалі і зруйнавалі аргосцы.
У выніку раскопак (пачаты ў 1874—76 Г.Шліманам) адкрыты: шахтавыя грабніцы з багатым пахавальным інвентаром (17—16 ст. да н.э.), цыклапічныя сцены крэпасці з т. зв. Львінымі варотамі, палац з прапілеямі, лесвіцамі, дваром, гасп. і жылымі памяшканням, аздобленымі фрэскамі, статуямі і інш., жылыя дамы (усё 14—13 ст. да н.э.), зернесховішча (12 ст. да н.э.) і інш. У ніжнім горадзе выяўлены жылыя дамы, цыстэрны, толасы (14—13 ст. да н.э.).
Літ.:
Бартонек А. Златообильные Микены: Пер. с чеш. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ РАБО́ЧАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ 1894—97,
арганізацыя яўрэйскіх рабочых рамеснай і дробнай прам-сці горада. Утварылася пад уплывам Мінскай яўрэйскай с.-д. групы. У 2-й пал. 1894—95 на аснове стачачных кас створаны цэхавыя (прафес.) саюзы пераплётчыкаў, слесараў, гарбароў, шаўцоў і інш., усяго — 24 саюзы з агульнай колькасцю членаў да 1200 чал. Кіравалі саюзамі выбарныя прадстаўнікі і касіры. Іх дзейнасць каардынавала міжкасавая сходка (цэнтральная каса), якая складалася з прадстаўнікоў цэхавых саюзаў. У яе ўваходзіў прадстаўнік с.-д. групы. За 2 гады (1894—96) цэхавыя саюзы арганізавалі ў Мінску 54 стачкі з удзелам 480 рабочых. Гал. патрабаванні стачачнікаў: скарачэнне рабочага дня (26 стачак), павелічэнне платы (13). Найб. працягласць стачкі — 70 дзён. Пераважная большасць стачак (50) скончылася поўнай ці частковай перамогай. Летам 1896 і ў сак.—жн. 1897 паліцыя правяла масавыя арышты. Да следства прыцягнута каля 200 рабочых. У выніку большасць саюзаў распалася. Восенню 1897 у М.р.а. адбыўся раскол: большасць уцалелых саюзаў падтрымала прапанову яўр.с.-д. групы аб уступленні ў Бунд, астатнія стварылі мясц. арг-цыю леванародніцкай Рабочай партыі паліт. вызвалення Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ АБЛАСНЫ́ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў ліп. 1959 у г. Маладзечна як Маладзечанскі абл. краязн, музей, з 1960 сучасная назва, адкрыты ў 1964. Пл. экспазіцыі 240 м², 41,6 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Мае 5 экспазіц. залаў, 1 выставачную. Сярод экспанатаў залатое скроневае кольца 12—13 ст., дакументы 17 ст. на старабел. мове «лацінкай», манетныя скарбы ВКЛ, Рэчы Паспалітай, старадрукі 17—18 ст., слуцкі пояс 18 ст., матэрыялы пра адну з першых у Рас. імперыі Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю і яе знакамітых выпускнікоў, у т. л. М.Забэйду-Суміцкага, М.Чарота. У музеі сабраны ўзоры нар. ткацтва і адзення вілейскага, капыльска-клецкага і слуцкага строяў, ганчарныя вырабы радашковіцкай і івянецкай керамікі, творы майстроў разьбы па дрэве, з бяросты. Захоўваюцца матэрыялы пра вядомых землякоў — удзельнікаў рэв. падзей пач. 20 ст., нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі С.А.Рак-Міхайлоўскага, Б.А.Тарашкевіча, партыз. руху ў Вял.Айч. вайну, пра сучаснае паліт., эканам. і культ. жыццё вобласці. Дэманструюцца творы прафес. і самадз. мастакоў Міншчыны, узоры флоры і фауны рэгіёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МИ́НСКОЕ Э́ХО»,
штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета ліберальна-бурж. кірунку. Выдавалася з 30.5(12.6).1908 да 20.9(3.10).1909 у Мінску на рус. мове. Выступала за бурж.-дэмакр. рэформы, абмежаванае культ.-нац. самавызначэнне народаў, эвалюцыйнае развіццё грамадства на аснове раўнапраўя, свабоды слова. Змяшчала агляды друку, крытычныя матэрыялы на асобныя рэакц. выданні («Минское слово» і інш.), камерцыйную рэкламу і аб’явы, антываен. публіцыстыку, белетрыстыку, маст. творы мясц. аўтараў. Інфармавала пра тэатр. і муз. жыццё Мінска, дзейнасць Мінскага літ.-артыстычнага т-ва. Пры асвятленні эстэт. праблем схілялася да народніцкай крытыкі, займала кампрамісную пазіцыю ў спрэчках паміж прыхільнікамі рэалізму і мадэрнізму. Апублікавала літ.-крытычныя нататкі, літ. агляды пра рус., бел. пісьменнікаў, кампазітараў (Л.Андрэева, М.Арцыбашава, С.Гарадзецкага, М.Гумілёва, М.Горкага, А.Каменскага, Я.Купалу, Л.Талстога, П.Чайкоўскага, А.Чэхава), а таксама замежных (М.Метэрлінка, Ю.Славацкага), пра юбілеі М.Гогаля, І.Тургенева.
Літ.:
Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985. С. 136—153.