драбналістыя лясы, аснову дрэвастою якіх складаюць віды з роду бяроза. Пашыраны на ўмеранай паласе Паўн. паўшар’я (пераважна ў лясной і лесастэпавай зонах, горна-лясных раёнах), асн. масівы ў Еўропе, Сібіры, на Д. Усходзе, у Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 фармацыі: бародаўчатабярозавыя лясы з бярозы бародаўчатай, або павіслай (Betuleta pendulae), і пушыстабярозавыя лясы з бярозы пушыстай, або белай (B. pubescentis); агульная плошча Б.л. больш за 1 млн.га, з іх бародаўчатабярозавых 726 тыс. (11,9%), пушыстабярозавых 276,4 тыс. (4,6%) га; складаюць 16,5% усіх лясоў рэспублікі (2-е месца пасля хваёвых лясоў; 1994).
Пушыстабярозавыя лясы належаць да карэнных занальна абумоўленых лясоў Беларусі. Найб. пашыраныя іх тыпы: асаковы, балотна-папарацевы, асакова-сфагнавы і асакова-травяны (характэрныя фітацэнозы лясных нізінных і пераходных балот, займаюць пераўвільготненыя экатопы з адносна багатай глебай і рознай ступенню абводненасці і праточнасці). Бародаўчатабярозавыя належаць да другасных (вытворных) драбналістых лясоў, што ўзнікаюць на месцы высечаных карэнных хваёвых, яловых і дубовых лясоў або на с.-г. землях, якія не выкарыстоўваюцца. Найб. пашыраныя іх тыпы: чарнічны, кіслічны, імшысты і арляковы (займаюць экатопы з мінер. глебамі рознай урадлівасці і ўвільгатнення, пераважна беднымі сухімі ападзоленымі пясчанымі і супясчанымі). Бярозавыя лясы — крыніца сыравіны для дрэваапрацоўчай, хім., паліўнай, харч. і інш. прам-сці, база для нарыхтоўкі грыбоў і ягад, месцажыхарства розных відаў жывёл і раслін; адыгрываюць значную ролю ў лесаўзнаўленні і азеляненні, ахоўным лесаразвядзенні, паляпшэнні структуры глебы і лясоў, павелічэнні іх урадлівасці і ўстойлівасці, маюць вял. рэкрэацыйнае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБО́ВЫЯ ЛЯСЫ́, дубровы,
дубнякі (Quercus),
група фармацый карэнных шыракалістых лясоў, аснову дрэвастою якіх складаюць віды з роду дуб. Пашыраны ў Еўропе, Усх. Азіі, на Д.Усходзе, у Паўн. і Паўд. Амерыцы, пераважна ў горных і перадгорных раёнах. У Зах., Цэнтр. і Усх. Еўропе Д.л. створаны пераважна дубам звычайным, або летнім (Q. robur), і скальным, або зімовым (Q. petraea), у Паўд. Еўропе і Міжземнамор’і — каменным (Q. ilex) і коркавым (Q. suber), на Каўказе — грузінскім (Q. iberica), ва Усх. Азіі і на Д.Усходзе — зубчастым (Q. dentata) і мангольскім (Q. mongolica), у Паўн. Амерыцы — чырвоным (Q. rubra), паўночным (Q. borealis) і балотным (Q. palustris). На Беларусі дрэвастоі Д.л. складаюцца ў асноўным з дубу звычайнага — чыстыя і з дамешкам ясеню, клёну, грабу, ліпы, ільмы, хвоі, елкі, бярозы, асіны, вольхі чорнай, часта з выразным 2-м ярусам. Яны займаюць 4% агульнай плошчы лясоў. Найб. пашыраны ў паўд., зах. і цэнтр. раёнах. Пашырэнне Д.л. і іх фітацэнатычная структура маюць выразныя занальныя асаблівасці. Вылучаюць 3 геабат. падзоны ў напрамку з Пн на Пд: яловых, ялова-грабавых і грабавых дуброў. Пераважаюць кандамінантныя фітацэнозы: у цэнтр.ч. — ялова-дубова-грабавыя, на Пд — дубова-грабавыя, хваёва-дубова-грабавыя, ясянёва-дубова-грабавыя, ліпава-клянова-дубова-грабавыя. Найб. пашыраныя тыпы Д.л.: кіслічныя, чарнічныя, арляковыя, сніткавыя, поймавыя, вострыцавыя, папарацевыя, крапіўныя. Сярэдні ўзрост 40 гадоў. Д.л. маюць важнае прыродаахоўнае, сан.-гігіенічнае і эстэт. значэнне, даюць высакаякасную драўніну для розных галін прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІХТЫЯЛО́ГІЯ (ад іхтыя... + ...логія),
раздзел заалогіі, які вывучае рыб; аснова рыбалоўства і рыбаводства. Цесна звязана з біёнікай, гідралогіяй, фізіялогіяй, экалогіяй і інш.
Першыя сістэматызаваныя звесткі пра будову і біялогію рыб трапляюцца ўжо ў працах Арыстоцеля (4 ст. да н.э.). У Еўропе развіццё І. звязана з працамі франц. вучоных П.Белона і Г.Рандэле (2-я пал. 15 ст.). У сістэму ведаў І. аформілася ў канцы 18 ст., пераважна ў працах швед. вучоных П.Артэдзі і К.Лінея, ням. І.П.Мюлера, рус. К.Ф.Кеслера, С.П.Крашаншнікава. С.Г.Гмеліна, І.І.Ляпёхіна і інш.
На Беларусі з сярэдзіны 18 да канца 19 ст. звесткі пра іхтыяфауну абмяжоўваліся пераважна спісамі складу рыб буйнейшых рэк (Нёман, Дняпро і інш.). У пач. 20 ст. вадаёмы краіны абследавалі экспедыцыі Рус.т-ва акліматызацыі жывёл і раслін, Віцебская рыбагаспадарчая і інш.Найб. інтэнсіўна І. развіваецца пасля стварэння ў 1928 Бел.н.-д. станцыі рыбнай гаспадаркі (з 1977 Бел.н.-д. і праектна-канструктарскі ін-т рыбнай гаспадаркі). Сучасны этап іхтыялагічных даследаванняў звязаны з працамі П.І.Жукава, С.В.Кахненкі, У.С.Пенязя, У.П.Ляхновіча, А.А.Баравік, Г.В.Гладкага, Т.М.Шаўцовай і інш.Н.-д. работа вядзецца ў Ін-це заалогіі Нац.АН Беларусі, ВНУ, запаведніках, нац. парках і інш. Даследаванні звязаны з вывучэннем праблем біял. разнастайнасці рыб, распрацоўкай навук. асноў рыбаводства і рыбалоўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЛА́НДСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1641—52,
нац.-вызв. паўстанне супраць ператварэння Ірландыі ў англ. калонію. Адбылося ў пач.Англійскіх рэвалюцый 17 стагоддзя. Выклікана зямельнымі канфіскацыямі ў Ірландыі, каланізацыяй англічанамі Ольстэра, каланізатарскімі намерамі англ.Доўгага парламента, нац. і рэліг. дыскрымінацыяй ірландцаў і англа-ірландцаў. Пачалося 23.10.1641. За некалькі дзён 15—17 тыс.узбр. паўстанцаў (да 6 ліст. 100—300 тыс. паўстанцаў; галоўнакаманд. Ф.О’Ніл) пры адсутнасці ў Ірландыі значных англ. войск (па асобных невял. гарнізонах былі раскіданы 2—3 тыс.англ. вайскоўцаў) авалодалі важнейшымі стратэг. пунктамі і крэпасцямі Ольстэра, разграмілі шмат маёнткаў каланістаў. Праходзіла пад лозунгамі вяртання экспрапрыіраваных зямель, ліквідацыі самавольства англ. чыноўнікаў; частка паўстанцаў (пераважна знаць) падтрымлівала англ. караля Карла I у яго процістаянні з парламентам. Паўстанцаў падтрымлівалі грашамі, зброяй, амуніцыяй і добраахвотнікамі (пераважна ірландцы-эмігранты) рым. папа і каталіцкія краіны Еўропы, што садзейнічала пашырэнню паўстання на ірл. правінцыі Конат, Ленстэр, Манстэр. 24.10.1642 тут утворана дзяржава паўстанцаў — Ірл. канфедэрацыя католікаў (сталіца — г. Кілкені). Ва ўмовах грамадз. войнаў у Англіі 1642—46 і 1647—49 кіраўніцтва Канфедэрацыі спадзявалася на кампраміс з Карлам I і заключыла з ім перамір’е (1643), потым мір (1646, адноўлены ў 1649). Пасля паражэння караля ў барацьбе з парламентам у Дубліне 15.8.1649 высадзілася 12-тысячная англ. парламенцкая армія на чале з О.Кромвелем, якая паступова задушыла паўстанне (загінула 1/3ірл. насельніцтва). 26.9.1652 англ. парламент абвясціў пра ліквідацыю «мяцяжу» ў Ірландыі.
Літ.:
Сапрыкин Ю.М. Ирландское восстание XVII в. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУГ,
расліннае згуртаванне (біягеацэноз) шматгадовых траў, прыстасаваных да ўмоў сярэдняга ўвільгатнення. Травы нармальна развіваюцца ўвесь перыяд вегетацыі, без летняга перапынку, характэрнага для стэпаў. Займаюць каля 150—200 млн.га ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я (пераважна ў Еўропе) і ў Новай Зеландыі. Адрозніваюць мацерыковыя (сухадольныя ўвільгатняюцца атм. ападкамі, нізінныя — атм. ападкамі і грунтавымі водамі), заліўныя (на тэрасах рачных далін) і горныя (таксама высакагорныя). Агульная ўласцівасць Л. — утварэнне травастою і дзярніны (паверхневы слой глебы з каранямі і карэнішчамі траў). Маса падземных органаў раслін у 3—5 і болей разоў перавышае масу надземных. Характэрны травастой — асаковыя, бабовыя, злакі (мятлюжкакветныя), разнатраўе. Большасць прыродных Л. узнікае на месцы былых лясоў, балот, там, дзе кліматычныя і глебавыя ўмовы спрыяюць шматгадовым травам, а не дрэвам і кустам. Прыродныя Л. — важная крыніца каштоўных кармавых, харч., лек., меданосных, тэхн. раслін, рэзерват генет. фонду траў. Штучныя (сеяныя) Л. ўзнікаюць у выніку дзейнасці чалавека (напр., арашэнне стэпаў). Для павышэння прадукцыйнасці іх акультурваюць (ачышчаюць ад кустоў, падразаюць купіны, уносяць угнаенні і інш.). Выкарыстоўваюцца як сенажаці і пашы. На Беларусі Л. ўзніклі пераважна на месцы высечаных лясоў і хмызнякоў, з іх заліўных — 5,2%, мацерыковых — 94,8% (1996—97). Больш за 20 відаў рэдкіх лугавых раслін занесены ў Чырв. кнігу Беларусі: дрэмлік, касач сібірскі, першацвет веснавы, шпажнік чарапіцавы, ятрышнік мужчынскі і інш.
Літ.:
Санько П.М. Естественные луга Белоруссии, их характеристика и оценка. Мн., 1983;
Мееровский А.С., Касьянчик С.А. Опыт высокоэффективного использования пойменных лугов. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЗЬ (лац. Cuprum),
Cu, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 29, ат. м. 63,546. Прыродная М. складаецца з 2 стабільных ізатопаў 63Cu (69,09%) і 65Cu. У зямной кары 4,7∙10−3% па масе. Трапляецца пераважна ў выглядзе злучэнняў з серай, а таксама самародная М. (гл.Медныя руды). Іоны М. ўдзельнічаюць у шматлікіх фізіял. працэсах; сярэдняя колькасць М. ў жывых арганізмах 2 10−4% па масе, у крыві чалавека 10−3мг/л. Вядомая чалавецтву з глыбокай старажытнасці; лац. назва паходзіць ад назвы в-ва Кіпр, славянская — ад назвы краіны Мідыя, дзе ў старажытнасці здабывалі медную руду.
Мяккі, пластычны і коўкі метал ружова-чырвонага колеру, 1083,4 °C, шчыльн. 8920 кг/м³. Найб. важныя фіз. ўласцівасці М. — высокая цеплаправоднасць і малое эл. супраціўленне (саступае толькі серабру). Хімічна мала актыўная. У сухім паветры не акісляецца, у вільготным (у прысутнасці дыаксіду вугляроду) пакрываецца зеленаватай плёнкай асноўнага карбанату CuCO3 Cu(OH)2. Раствараецца ў азотнай і канцэнтраванай сернай к-тах. Пры награванні на паветры акісляецца з утварэннем медзі аксідаў. Узаемадзейнічае з галагенамі, серай, селенам (гл.Медзі злучэнні). Непасрэдна не ўзаемадзейнічае з вадародам, азотам, вугляродам, крэмніем. Утварае комплексныя злучэнні з аміякам. цыянідамі і інш.Асн. колькасць М. атрымліваюць з сульфідных руд піраметалургічным метадам. Выкарыстоўваюць пераважна для вырабу правадоў, кабеляў, токавядучых частак эл. установак, як кампанент сплаваў (гл.Медныя сплавы).
Літ.:
Онаев И.А., Жакибаев Б.К. Медь в истории цивилизации. Алма-Ата, 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАЧА́НСКА-ДЗІ́СЕНСКІЯ ДЫВАНЫ́,
бел. маляваныя дываны. Былі пашыраны ад Нарачы на Пд да Дзісны на Пн (Мядзельскі, Вілейскі р-ны Мінскай вобл., Пастаўскі, Шаркаўшчынскі, Глыбоцкі, Міёрскі, Докшыцкі р-ны Віцебскай вобл.). Вядомы з пач. 20 ст.Найб. пашыраны ў 1930—50-я г. Выконваліся на сшытым з двух палотнішчаў кавалку льнянога палатна памерам 1,5 × 2 м, афарбаванага ў чорны колер. З аднаго палотнішча (1,5 × 1 м) называліся паўдыванамі, з палавіны палотнішча (0,75 × 1 м) — макаткамі (своеасаблівыя насценныя дывановыя сурвэткі). Размалёўвалі дываны пераважна алейнымі ці клеявымі фарбамі. Для нанясення асн. дэталей малюнка звычайна карысталіся трафарэтам, прапрацоўку дробных дэталей, нанясенне святлаценяў рабілі ад рукі. Кампазіцыя дываноў — у цэнтры букет кветак у вазе, кошыку ці перавіты стужкай, па краях гірлянда з кветак і лісця. Часта ў кампазіцыю ўключаліся выявы птушак і ініцыялы аўтараў ці заказчыкаў. Для паўдываноў і макатак характэрны кампазіцыі з парай выкананых у наіўна-рэаліст. манеры львоў, аленяў, галубоў, скіраваных галовамі да цэнтра. У Докшыцкім р-не, дзе выкарыстоўвалі пераважна клеявыя фарбы, дываны адметныя дэкаратыўнасцю, умоўнасцю выяў, лакальнымі колерамі. Дываны інш. раёнаў, выкананыя алейнымі фарбамі, адлюстроўваюць імкненне да большай рэалістычнасці выявы. Лепшыя майстры: А.Багаткевіч, Л.Ючковіч (Докшыцкі р-н), Г.Курыловіч (Шаркаўшчынскі р-н), М.Папок (Мядзельскі р-н), У.Бабіч, Ф.Сухавіла (Глыбоцкі р-н), М.Марозька (Міёрскі р-н) і інш. Выйшлі з ужытку.
Літ.:
Сахута Я. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.
Я.М.Сахута.
Да арт.Нарачанска-дзісенскія дываны. Г.Курыловіч. Дыван. 1984. Г.п. Шаркаўшчына Віцебскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІПЛАІДЫ́Я (ад грэч. polyploos шматразовы + eidos від),
эўплаідыя, спадчынная змена, звязаная з кратным павелічэннем колькасці храмасом у клетках арганізма. Найб. часта бывае ў раслін і прасцейшых, са шматклетачных жывёл — у дажджавых чарвей. Узнікае ў выніку парушэння разыходжання храмасом у мітозе ці меёзе пад уздзеяннем высокай або нізкай т-ры, іанізавальнага выпрамянення, хім. рэчываў (у прыродзе і ў эксперыменце). Пры П. бываюць адхіленні ад дыплоіднай колькасці храмасом у саматычных клетках і ад гаплоіднай — у палавых; могуць таксама ўзнікаць клеткі, у якіх кожная храмасома прадстаўлена тройчы (3n — трыплоіды), 4 разы (4n — тэтраплоіды), 5 разоў (5n — пентаплоіды) і інш. Адрозніваюць аўтаполіплаідыю (кратнае павелічэнне колькасці набораў храмасом аднаго віду), характэрную пераважна для відаў з вегетатыўным спосабам размнажэння (аўтапаліплоіды стэрыльныя з-за парушэння кан’югацыі гамалагічных храмасом у працэсе меёзу) і алаполіплаідыю (змена колькасці набораў храмасом на аснове міжвідавой гібрыдызацыі, пры якой звычайна адбываецца падваенне колькасці храмасом у бясплоднага дыплоіднага гібрыда і ён становіцца пладавітым). П. мае важнае значэнне ў эвалюцыі культурных і дзікарослых раслін, а таксама некат. груп жывёл (пераважна партэнагенет.). Паліплоіды часта характарызуюцца буйнымі памерамі, павышанай колькасцю шэрагу рэчываў, устойлівасцю да неспрыяльных фактараў навакольнага асяроддзя і інш.гасп. карыснымі адзнакамі. Яны з’яўляюцца важнай крыніцай зменлівасці і выкарыстоўваюцца як зыходны матэрыял для селекцыі (на аснове П. створаны высокаўраджайныя сарты с.-г. раслін, устойлівыя да хвароб). У шырокім сэнсе тэрмін «П.» азначае кратную (эўплаідыя) і някратную (анеўплаідыя) змены колькасці храмасом у клетках арганізма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАЗАВІ́К,
балота ў Беларусі, на З Вілейскага р-на Мінскай вобл. і на У Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл., пераважна ў вадазборы р. Спягліца, часткова ў вадазборы Вішнеўскага воз. Нізіннага (62%), вярховага (30%), пераходнага (2%), мяшанага (6%) тыпаў. Пл. 7,8 тыс.га, у межах прамысл. пакладу 5,3 тыс.га. Глыб. торфу да 5,7 м, сярэдняя 1,8 м. Першапачатковыя запасы торфу 18,1 млн.т. Ёсць паклады сапрапелю магутнасцю да 2,5 м. Сярод балота воз. Калодкі. Цэнтральная ч. балота занята драбналессем з хвоі і бярозы, кусцікавы ярус з багуну і буякоў, ёсць журавіны. Уздоўж Спягліцы і на ўскрайках балота вярба, разнатраўе, асокі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРУГЕ́ТЭ (Berruguete),
сям’я іспанскіх мастакоў 15—16 ст. Нарадзіліся ў г. Парэдэс-дэ-Нава (Іспанія).
Педра (каля 1450—1504), жывапісец. У 1475—82 працаваў у г. Урбіна (Італія), з 1483 — у Іспаніі. У сваіх карцінах (сцэны з жыцця св. Фамы) сумяшчаў навук. перспектыву і ўважлівае назіранне з сярэдневяковай статычнасцю позаў, а часам і з рознамаштабнасцю фігур.
Алонса (каля 1486—13.9.1561), скульптар, архітэктар, жывапісец. Сын і вучань Педра. Прадстаўнік ісп. Адраджэння. Каля 1504—17 вучыўся ў Італіі ў Мікеланджэла, з 1518 працаваў у Іспаніі. Яго скульптуры (пераважна алтарныя) адметныя экспрэсіяй і павышанай эмацыянальнасцю («Святы Себасцьян», 1526—32; «Ператварэнне», 1543-48).