КРА́ТЭР (ад грэч. kratēr вял. чаша) вулканічны, чаша- ці лейкападобнае паглыбленне на вяршыні ці схіле вулканічнага конуса (гл. Вулкан) дыяметрам ад дзесяткаў метраў да некалькіх кіламетраў і глыб. ад некалькіх да соцень метраў. На яго дне адно або некалькі жаролаў, праз якія на паверхню з магматычнага ачага па вывадным канале паступаюць лава і інш. вулканічныя прадукты. Дно бывае запоўнена лававым возерам або другасным вулканічным конусам.

Кратэр з выявамі кентаўрамахіі і амазонамахіі. 2-я чвэрць 5 ст. да н.э.

т. 8, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЎЦО́Ў (Альгерд Ціханавіч) (19.7.1912, в. Забалоцце Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 12.12.1993),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскае ваенна-інж. вучылішча (1938), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1950). У Чырв. Арміі з 1936. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Паўд.-Зах., Сталінградскім, Данскім, Варонежскім і 1-м Укр. франтах. Камандзір матарызаванага пантонна-маставога батальёна маёр К. вызначыўся 2—4.8.1944 пры фарсіраванні Віслы каля г. Баранаў-Сандамерскі і ў баях за плацдарм. Да 1961 у Сав. Арміі.

А.Ц.Краўцоў.

т. 8, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРМАН ((Krman) Даніэль) (28.8.1663, в. Амшэне, Славакія — 23.9.1740),

славацкі рэліг. і грамадскі дзеяч, падарожнік. Вучыўся ў Браціславе, Лейпцыгу, Вітэнбергу. Выкладаў у славацкіх навуч. установах. Уваходзіў у склад пратэстанцкага пасольства да шведскага караля Карла XII, якога суправаджаў у паходах 1708—09. Аўтар дзённіка на лац. мове, у якім апісаў гаспадарку, культуру, прыродныя і нац. асаблівасці Польшчы, Літвы, Беларусі, Украіны, Малдовы, даў звесткі пра Палтаўскую бітву 1709 і інш. У 1729—40 адбываў пажыццёвае зняволенне ў Браціславе. Пакінуў вял. літ. спадчыну.

т. 8, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУГАВЕ́Ц—КАЛІ́НІНА,

вёска ў Добрушскім р-не Гомельскай вобл. Да 1932 наз. Кругавец. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 55 км на ПдУ ад г. Добруш, 83 км ад Гомеля, 2 км ад чыг. ст. Кругавец. 1170 ж., 407 двароў (1998). Сярэдняя школа, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызана. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. За 7 км на ПдУ ад вёскі на мяжы Беларусі, Расіі і Украіны Помнік Дружбы.

т. 8, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУПІ́ЦА,

вёска ў Мінскім р-не, на правым беразе р. Пціч, каля аўтадарогі Мінск—Слуцк. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на Пд ад Мінска, 13 км ад чыг. ст. Міханавічы. 897 ж., 322 двары (1998). Закрытае акц. т-ва «Рапс», т-ва абмежаванай адказнасці «Радуга». Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, лазнева-пральны камбінат, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Гл. таксама «Крупіцкія музыкі».

т. 8, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖДА́НАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (1.10.1902, г.п. Алавяная Чыцінскай вобл., Расія — 21.4.1966),

ваенны дзеяч, ген.-палк. артылерыі (1955). Беларус. Канд. ваен. н. Скончыў Артыл. акадэмію (1937). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны. З 1938 выкладчык, нач. кафедры ваен. акадэміі. У Вял. Айч. вайну на Ленінградскім фронце: камандзір палка, нач. штаба артылерыі арміі, фронту, камандуючы артылерыяй арміі, камандзір артыл. корпуса. З 1944 на выкладчыцкай рабоце ў ваен. акадэміі. У 1955—65 у цэнтр. апараце Мін-ва абароны СССР.

М.М.Жданаў.

т. 6, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУК (Аляксандр Апанасавіч) (31.12.1918, в. Вёска Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 18.7.1983),

Герой Сав. Саюза (1945), ген.-маёр (1957). Скончыў Мінскае ваен. пях. вучылішча (1937), курсы «Выстрал» (1942), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1948). У Чырв. Арміі з 1934. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Зах., Калінінскім, Данскім, Бранскім, Цэнтр., 1-м Укр., 1-м і 2-м Бел. франтах. Камандзір стралк. палка падпалкоўнік Ж. вызначыўся ў 1945 у баях на р. Одэр. Да 1959 у Сав. Арміі.

т. 6, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУ́КАЎ Сцяпан Іванавіч [1.5.1923, в. Пушча (цяпер у межах в. Пірагі) Расонскага р-на Віцебскай вобл. — 24.7.1997], Герой Сав. Саюза (1946). Скончыў Віцебскі аэраклуб (1941), Чарнігаўскую ваен. школу пілотаў (1942), Вышэйшыя афіцэрскія лётна-тактычныя курсы (1952). У Вял. Айч. вайну на Цэнтр. і 1-м Бел. франтах. Удзельнік Курскай бітвы, вызвалення Украіны, баёў у Германіі. Нам. камандзіра эскадрыллі штурмавога авіяпалка ст. лейтэнант Ж. зрабіў 121 баявы вылет, у т. л. 80 — на тэр. Беларусі. Да 1957 у Сав. Арміі.

т. 6, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́МАХ (Леанід Пятровіч) (22.7.1911, Мінск — 30.10.1982),

бел. графік. Вучыўся ў маст. студыях у М.​Керзіна і В.​Волкава (1929—30), скончыў БШ (1937). Стварыў ілюстрацыі да кніг «Казкі лірніка» М.​Танка (1948), «Мая рэспубліка» К.​Кірэенкі (1949), «У Маскву» І.​П.​Іамякіна (1950), «Апавяданні. Казкі» З.​Бядулі (1958) і інш. Выканаў шэраг партрэтаў для Бел. дзярж. музея гісторыі Вял. Айч. вайны (1944—45). Аўтар агітплакатаў «Даражы гонарам хлебароба!» (1963), «З днём нараджэння, Радзіма» (1967) і інш.

т. 6, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ РЫБАВО́Д БЕЛАРУ́СКАЙ ССР,

ганаровае званне, якое прысвойвалася высокакваліфікаваным работнікам рыбнай гаспадаркі, н.-д. ін-таў і арг-цый рыбнай гаспадаркі, што бездакорна прапрацавалі па спецыяльнасці не менш за 10 гадоў, мелі вял. заслугі ў развіцці рыбнай гаспадаркі і актыўна ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР 16.7.1979, прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР. У законе ад 13.4.1995 аб дзярж. узнагародах Рэспублікі Беларусь гэта званне не адноўлена.

Заслужаны рыбавод БССР

1980. В.​Р.​Рыбалка.

т. 6, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)