бел. святы, езуіцкі манах, прапаведнік. Прапагандаваў ідэі Брэсцкай уніі 1596 у Вільні, Бабруйску, Полацку, Ломжы і Пінску, за што празваны пінскім апосталам. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 захоплены ў 1657 казакамі і пасля катаванняў забіты. Пахаваны ў Пінску. У 1827 яго мошчы перанесены ў Полацк Кананізаваны ў 1938 папам Піем IX.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́ ГЕХЕЦЫ́К, Ара Прыгожы,
у армянскім эпасе бог, які памірае і ўваскрасае, сын Арама, цар армянскай дзяржавы. Паводле міфаў, адмовіўся стаць мужам ці каханкам багіні кахання, царыцы Асірыі Шамірам, за што тая пайшла вайной на Арменію. А.Г. загінуў у баі, але па загадзе Шамірам аралезы (духі) ажывілі яго. Імем А.Г. назв. Арарацкая раўніна, гара Цахкеванк (другая яе назва Ара).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРО́ГРАФ (ад бара... + ...граф),
самапісная прылада для пастаяннай рэгістрацыі атм. ціску. Бываюць анероідныя і ртутныя. Найб. пашыраны анероідныя, прыёмная частка якіх зроблена з некалькіх злучаных мембранных анероідных карабкоў (гл.Анероід). Змены атм. ціску выклікаюць перамяшчэнне вечкаў карабкоў, якія перадаюцца пяру, што чэрціць суцэльную крывую на стужцы барабана з гадзіннікавым механізмам (завод разлічаны на суткі або тыдзень). Выкарыстоўваецца на метэастанцыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРО́ЎКА,
паселішча ранняга этапу грэнскай культуры (12—10 тыс.г. да нашай эры) каля в. Бароўка Быхаўскага р-на Магілёўскай вобласці. Культурны пласт 0,3 м. Уздоўж броўкі тэрасы выяўлены ў выглядзе скопішчаў расшчэплены крэмень: адшчэпы, пласціны, нуклеусы і вырабленыя рэчы (наканечнікі стрэл, скрабкі, праколкі, разцы, вастрыі), што сведчыць пра існаванне на паселішчы месцаў пач. апрацоўкі крэменю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТЭРМІ́ЧНАЯ Я́МА, Бекары яма,
збудаванне для абеззаражвання трупаў жывёл (акрамя тых, што загінулі ад сібірскай язвы). Будуецца з вільгацетэрмаўстойлівага матэрыялу, мае герметычную накрыўку і адтуліны для прытоку паветра, глыб. 9—10 м. Размяшчаецца біятэрмічная яма не бліжэй як за 1 км ад населеных пунктаў і вадаёмаў. З цягам часу ў ёй утвараецца аднародны кампост, прыдатны на ўгнаенне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОН (ад галанд. boom бервяно; перашкода, шлагбаум),
1) плывучы прычал для малых суднаў. Абсталёўваецца грузападымальнымі механізмамі, прыстасаваннямі для падачы на судны паліва, вады, сціснутага паветра, пары.
2) Плывучая загарода са звязаных пантонаў, паплаўкоў ці бярвёнаў. Бонам перагароджваюць фарватэры, уваходы ў порт, што ахоўвае стаянкі суднаў ад варожых надводных і падводных караблёў, тарпедаў, плывучых мін. Разводная частка бона — бонавыя вароты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫЯНШО́НА ТЭАРЭ́МА,
тэарэма праектыўнай геаметрыі, якая сцвярджае, што ў кожным шасцівугольніку, акрэсленым вакол канічнага сячэння — эліпса (у прыватнасці, акружнасці), гіпербалы, парабалы, прамыя, якія злучаюць 3 пары процілеглых вяршыняў, праходзяць цераз адзін пункт. Даказана франц. матэматыкам Ш.Брыяншонам (1806). Цесна звязана з Паскаля тэарэмай, разам з якой устанаўлівае асн. праектыўныя ўласцівасці канічных сячэнняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́МСБЕРГ (ням. Bremsberg),
1) падземная нахіленая горная выпрацоўка, якая не мае выхаду на паверхню і прызначана для спуску грузаў з гарызонту, які ляжыць вышэй, на той, што ляжыць ніжэй, пры дапамозе мех. прыстасаванняў (найчасцей канвеерных установак).
2) Прыстасаванне (пераважна шкіў з канатам і 2 ваганеткамі) для спуску грузаў па нахіленай плоскасці пры лясных, буд. і інш. работах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ІН (? — пасля 1341),
князь полацкі. Брат вял. князя ВКЛ Гедзіміна. У летапісных крыніцах згадваецца пад 1326, калі з пасольствам ВКЛ прыехаў у Ноўгарад на перагаворы, у выніку якіх быў усталяваны мір з наўгародцамі і немцамі (крыжакамі), што завяршыў доўгае процістаянне пскоўска-наўгародскіх і бел. зямель крыжакам і спыніў канфлікты паміж Полацкам і Ноўгарадам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СЕВЫ ШКІЛЕ́Т,
аддзел унутр.шкілета пазваночных. Прадстаўлены хордай, пазванкамі і рэбрамі. У кругларотых (міногі, міксіны) і некат. рыб хорда захоўваецца пажыццёва, у большасці пазваночных яна ў працэсе антагенезу выціскаецца целамі пазванкоў. У рыб восевы шкілет прадстаўлены храстковым або касцявым пазваночнікам, што раздзелены на тулаўны і хваставы аддзелы; у наземных пазваночных ён мае шыйны, грудны, паяснічны, крыжавы, рухомы хвастцовы аддзелы.