ПРАТАТЫ́П (ад грэч. prototypon правобраз),

рэальная асоба, якая паслужыла асновай для стварэння літ. вобраза, персанажа. Арыентаванасць на П., характар яго выкарыстання залежаць ад кірунку, жанру і творчай індывідуальнасці пісьменніка. Наяўнасць П. з’яўляецца істотнай рысай рэалістычнай творчасці з яе жыццепадабенствам, псіхалагізмам, быт. каларытам, у адрозненне ад л-р і стыляў з высокай ступенню нарматыўнасці і дэманстратыўнай умоўнасцю (класіцызм, барока, сентыменталізм). Паказваючы рэальную асобу, пісьменнік не капіруе характар і жыццё П., а адбірае патрэбнае яму. Зварот да П. найб. характэрны ў аўтабіягр. творах (трылогія Л.​Талстога «Дзяцінства», «Гады падлетка», «Юнацтва», паэма Я.​Коласа «Новая зямля») і ў лірыцы, дзе ў якасці П. лірычнага героя выступае сам аўтар. У літ. персанажа можа быць некалькі П (вобраз Грушніцкага ў рамане М.​Лермантава «Герой нашага часу»), у некалькіх літ. персанажаў можа быць адзін П. (П. для вобразаў Садовіча ў рамане Я.​Коласа «На ростанях», Баса-Грэнкі ў п’есе Я.​Коласа «Забастоўшчыкі», Сташынскага ў рамане А.​Фадзеева «Разгром» паслужыў А.​Сянкевіч). Але часцей аўтар, ствараючы вобраз, асноўваецца на адной рэальнай асобе. якую ўспрымае як блізкі да маст. завершанасці тып (П. для вобраза дзеда Талаша ў аповесці Я.​Коласа «Дрыгва» паслужыў В.​І.​Талаш, для вобраза Чубара ў рамане І.​Чыгрынава «Плач перапёлкі» М.​Сяднёў).

Літ.:

Атрашкевіч В.І. Ад прататыпа да вобраза. Мн., 1984.

т. 13, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСПАЎСІО́ДЖВАННЕ РАДЫЁХВА́ЛЬ,

працэс перадачы эл.-магн. хваль радыёдыяпазону ў розных асяроддзях. У натуральных умовах адбываецца ў атмасферы і тоўшчы Зямлі, а таксама ў касм. прасторы. Радыёхвалі могуць распаўсюджвацца прамалінейна, агінаць выпуклую паверхню Зямлі, адбівацца ад іанасферы і інш.

У аднародным асяроддзі Р.р. прамалінейнае з пастаяннай для дадзенага асяроддзя скорасцю (свабоднае Р.р.). Блізкім да свабоднага з’яўляецца Р.р. у касм. прасторы. На Р.р. у атмасферы і тоўшчы Зямлі істотна ўплываюць іх электрадынамічныя ўласцівасці, крывізна зямной паверхні і няроўнасці яе рэльефу. Крывізна зямной паверхні і яе няроўнасці абумоўліваюць дыфракцыю радыёхваль, істотную для звышдоўгіх і доўгіх радыёхваль (гл. Радыёчастоты). Уплыў атмасферы абумоўлены наяўнасцю ў яе верхніх слаях плазмы і паглынальных рэчываў, напр., вадзяной пары і кіслароду. Кароткія радыёхвалі мнагакратна адбіваюцца ад іанасферы і могуць дасягаць любога пункта Зямлі. З такім адбіццём радыёхваль звязана таксама заміранне радыёсігналаў, абумоўленае нестацыянарнасцю шчыльнасці эл. зарадаў і іанасферы. Для метровых і дэцыметровых хваль іанасфера практычна празрыстая і яны выкарыстоўваюцца для радыёсувязі з лятальнымі апаратамі па-за межамі іанасферы. На гэтых хвалях выяўлена таксама радыёвыпрамяненне ад пазаземных крыніц (гл. Радыёастраномія).

Літ.:

Долуханов М.П. Распространение радиоволн. 4 изд. М., 1972;

Черный Ф.Б. Распространение радиоволн 2 изд. М., 1972;

Черенкова Е.Л., Чернышев О.В. Распространение радиоволн. М., 1984.

А.​А.​Кураеў.

т. 13, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦ (Наталля Ільінічна) (27.8.1903, г. Іркуцк, Расія — 18.12.1993),

расійскі рэжысёр, тэатральны дзеяч. Дачка кампазітара І.​Саца. Нар. арт. СССР (1975). Герой Сац. Працы (1983). Скончыла муз. тэхнікум імя А.​Скрабіна (1917), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1953), з 1984 праф. у ім. У 1918 заг. дзіцячага сектара тэамузсекцыі Массавета. Ініцыятар стварэння першага пастаяннага т-ра для дзяцей (Дзіцячы т-р Массавета, 1918). У 1920—36 дырэктар і маст. кіраўнік Маскоўскага т-ра для дзяцей (у 1936 Цэнтр. дзіцячы т-р). У 1937—42 рэпрэсіравана. З 1943 у Алма-Аце, дзе стварыла Першы казахскі т-р для дзяцей і юнацтва. З 1958 у Маскве, гал. рэжысёр Усерас. гастрольнага т-ра, заг. дзіцячага аддзела Масэстрады. З 1964 узначальвала першы ў свеце Дзярж. дзіцячы муз. т-р у Маскве (адкрыты ў 1965; цяпер імя С.). Зрабіла вял. ўклад у развіццё дзіцячага т-ра і маст. выхавання дзяцей. Аўтар п’ес, лібрэта дзіцячых опер і балетаў, кніг і артыкулаў па пытаннях муз. выхавання. Дзярж прэмія СССР 1972. Ленінская прэмія 1982.

Тв.:

Театр для детей. Л., 1925 (разам з С.​Розанавым);

Наш путь. М., 1932;

Дети приходят в театр. М., 1961;

Волшебные очки. М., 1965;

Новеллы моей жизни. Кн 1—2. 3 изд. М., 1985.

Л.​А.​Шымановіч.

Н.І.Сац.

т. 14, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬЯ́НС (франц. alliance),

1) саюз, аб’яднанне дзяржаў, паліт. партый, фракцый для дасягнення агульнай мэты ў пэўны час. 2) Шлюбны саюз.

т. 1, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЮМАТО́Л,

грануляванае выбуховае рэчыва брызантнага дзеяння; сплаў трынітраталуолу з парашком алюмінію. Выкарыстоўваецца на адкрытых работах для разбурэння абводненых цвёрдых парод.

т. 1, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБААПРАЦО́ЎЧЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны для апрацоўкі глебы. Найб. пашыраны: барана, валакуша, каток палявы, культыватар, лушчыльнік, пласкарэз-глыбокарыхліцель, плуг, рыхліцель, фрэза глебавая.

т. 5, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОРН (ад ням. Horn рог),

медны духавы муз. інструмент без вентылей, з канічным каналам. Выкарыстоўваюць для падачы сігналаў у арміі.

т. 5, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШПО́ (франц. cache-pot ад cacher хаваць + pot гаршчок),

дэкаратыўная ваза для кветкавага гаршка, часта падвешваецца да столі, на сцяне.

т. 8, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКАФА́РБАВЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

саставы (пераважна вадкія ці пастападобныя), якія выкарыстоўваюць для атрымання лакафарбавых пакрыццяў. Да Л.м. адносяцца лакі, фарбы, грунтоўкі, шпаклёўкі.

т. 9, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ ПАНЧО́ШНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1915 у Магілёве. Была эвакуіравана з Варшавы. Працавалі 232 рабочыя, выпускалі шкарпэткі для ваеннага ведамства.

т. 9, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)