ВАНДРЫЕ́С ((Vendryes) Жазеф) (13.1.1875, Парыж — 30.1.1960),

французскі мовазнавец. Праф. Сарбоны (1907). Чл. Акадэміі надпісаў і л-ры (у Парыжы), 7 еўрап. акадэмій. Распрацоўваў праблемы агульнага і індаеўрап. мовазнаўства; прыхільнік т.зв. сацыялагічнай школы ў мовазнаўстве («Мова», 1921). Даследаваў класічныя і кельцкія мовы.

т. 3, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦО́ЎНЫЯ РЭЗЕ́РВЫ, Дзяржаўныя працоўныя рэзервы,

дзяржаўная сістэма падрыхтоўкі і размеркавання кваліфікаваных спецыялістаў з гар. і сельскай моладзі ў СССР. Уключала рамесныя вучылішчы, чыгуначныя вучылішчы і фабрычна-заводскага навучання школы. Створана ў 1940. У 1959 ператворана ў сістэму прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

т. 13, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАА́Н, Iван,

бел. дойлід 12 ст., прадстаўнік Полацкай школы дойлідства. Пабудаваў у сярэдзіне 12 ст. Спаса-Ефрасіннеўскую царкву ў Полацку. Верагодна, удзельнічаў у стварэнні Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра, дзе пабудаваў 3 царквы.

Літ.:

Арлоў У. Еўфрасіння Полацкая. Мн., 1992. С. 34—38, 122—126.

т. 7, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЦІЧЫ,

вёска ў Гродзенскім р-не, на аўтадарозе Гродна—Сапоцкін. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на ПнЗ ад горада і 17 км ад чыг. ст. Гродна. 492 ж., 187 двароў (2001). Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 13, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛЬНАЯ РА́ДА ў Вільні,

культурна-асветная арг-цыя ў 1920—21. Засн. ў студз. 1920 як філія Цэнтральнай беларускай школьнай рады. Старшыня — Ф.​Умястоўскі, з восені 1920 М.​Кахановіч, члены рады М.​Гарэцкі, Я.​Станкевіч, А.​Луцкевіч, Б.​Тарашкевіч і інш. Кіравала дзейнасцю бел. школ Вільні і Віленскага краю, стварала новыя школы і культ.-асв. гурткі. Працавала ў цесным кантакце з Беларускім нацыянальным камітэтам у Вільні. У канцы 1920 — пач. 1921 Беларуская школьная рада разам з бел. пададдзелам асветы пры ўрадзе «Сярэдняй Літвы» закладзена каля 200 бел. пач. школ, Барунская настаўніцкая семінарыя, арганізаваны бел. настаўніцкія курсы ў Вільні. Удзельнічала ў выданні падручнікаў для бел. школ, навуч. дапаможнікаў і інш. бел. л-ры. На яе аснове ў крас. 1921 створана Таварыства беларускай школы.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 2, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНЕЦЫЯ́НСКАЯ ШКО́ЛА ў музыцы,

кірунак у муз. мастацтве Італіі 16 — пач. 18 ст. 1) Поліфанічная школа. Склалася ў Венецыі ў 16—17 ст. Заснавальнік А.​Віларт, гал. Прадстаўнікі А. і Дж.Габрыелі, з ёй звязана дзейнасць Дж.Царліна. Майстры Венецыянскай школы аб’ядналі дасягненні нідэрландскай школы і італьян. муз. традыцыі, стварылі манум.-дэкар. стыль вак. поліфаніі, адметны маляўнічасцю, пышнасцю, паўнатой гучання. У іх творчасці набылі дасканаласць жанры мадрыгала і канцоны, мнагахорных канцэртаў і месаў, арганнага рычэркара, такаты і інш. Венецыянская школа ўплывала на фарміраванне мадрыгальнай камедыі і опернай арыі.

2) Оперная школа 17 — пач. 18 ст. Яе традыцыі закладзены ў позніх творах К.Мантэвердзі. Сярод прадстаўнікоў — Ф.​Кавалі, А.​Чэсці, А.Вівальдзі, Дж.Легрэнцы, Б.Галупі. Надзвычайная раскоша іх оперных пастановак — класічнае выяўленне італьян. муз. барока. У 1637 у Венецыі адкрыты першы публ. оперны т-р «Сан-Касіяна».

т. 4, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЕ́ЛЬСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

старэйшы універсітэт ЗША. Прыватны. Засн. ў 1701 у г. Нью-Хейвен як каледж. З 1887 сучасная назва. Да 1969 быў толькі мужчынскі. У складзе І.у. каледжы і школы. У 1996/97. навуч. г. больш за 10 тыс. студэнтаў; каледжы: мастацтва і гуманіт. дысцыплін (выкладаюцца археалогія, архітэктура, стараж. гісторыя, праблемы дзяцінства, класічныя мовы і мовы народаў Азіі і Б. Усходу, слав. мовы і л-ры і інш.); тэхн. навук (электратэхніка і механіка, хім. вытв-сць, прыкладная матэматыка, камп’ютэр і псіхалогія, генетыка і інш.); сац. навук (сацыялогія, паліталогія, рэлігія, філасофія, антрапалогія, міжнар. адносіны і інш.); школы: медыцыны, багаслоўя, мастацтва, архітэктуры, мастацтва і навукі, аховы навакольнага асяроддзя і інш. Ва ун-це адна з буйнейшых б-к і адзін са старэйшых музеяў ЗША — Музей натуральнай гісторыі Пібадзі з 1701.

В.​М.​Навумчык.

т. 7, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНО́,

школа японскага дэкар. жывапісу. Засн. ў 2-й пал. 15 ст. мастакамі дынастыі Кано (адсюль назва) на традыцыях кіт. манахромнага пейзажнага жывапісу перыяду Паўд. Сун і яп. паліхромнай школы Тоса, якая развівала традыц. жывапіс ямата-э. Творы К. выконвалі ў жанры пейзажа на скрутках, шырмах, перасоўных перагародках, рабілі насценныя размалёўкі і інш.; ім уласціва спалучэнне агульнай умоўна-дэкар. трактоўкі кампазіцыі (плоскасныя формы, дакладна прамаляваныя контуры) з падкрэслена праўдападобнымі выявамі асобных матываў (птушак, галін дрэў і інш.), вылучэнне гал. буйнога кампазіцыйнага цэнтра, экспрэсіўная эмацыянальнасць выяў. Сярод прадстаўнікоў школы: Кано Масанобу, Кано Матанобу (заснавальнікі), Кано Эйтоку, Кано Санраку, Кано Міцунобу і інш. У 17—20 ст. жывапіс К. стаў, па сутнасці, паўторам старых узораў.

Я.​Ф.​Шунейка.

Да арт. Кано. Кано Эйтоку. Арол на хвоі. Дэталь размалёўкі шырмы. Канец 16 ст.

т. 7, с. 588

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУШЭ́ЎСКІ (Мікалай Вячаслававіч) (18.12.1851, г. Луцк Валынскай вобл., Украіна — 12.11.1887),

рускі мовазнавец; прадстаўнік казанскай лінгвістычнай школы, педагог. Д-р філал. н. (1883). Скончыў Варшаўскі ун-т (1875), вучань І.А.Бадуэна дэ Куртэнэ. Выкладаў стараж. мовы ў навуч. установах г. Троіцка, з 1878 у Казанскім ун-це (з 1883 праф). Навук. працы ў галіне агульнага мовазнаўства, параўнальна-гіст. фанетыкі і граматыкі: «Назіранні над некаторымі фанетычнымі з’явамі, звязанымі з акцэнтуацыяй» (1879), «Да пытання аб гуне. Даследаванні ў галіне стараславянскага вакалізму» (1881), «Нарыс навукі аб мове» (1883) і інш., у якіх абгрунтоўваў сістэмны і знакавы характар мовы. Адзін з папярэднікаў сучаснай фаналогіі.

Літ.:

Черепанов М.В. Отражение принципов казанской лингвистической школы в исследованиях Н.​В.​Крушевского. Саратов, 1969;

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Т. 1. Мн., 1976.

І.​К.​Германовіч.

т. 8, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЖЭМІ́ (ібн Абу Бекр) (1120-я г., Нахічэвань — пач. 13 ст.),

азербайджанскі дойлід. Прадстаўнік нахічэванскай арх. школы. У буд-ве мінарэтаў і маўзалеяў Юсуфа ібн Кусеіра і Мамінэхатун спалучаў манументальнасць аб’ёмаў з вытанчанасцю іх чляненняў і ажурнасцю дэкору, выкарыстоўваў рацыянальныя канструкцыі (нервюры, цагляныя блокі).

т. 1, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)