ПРЫЛІ́СТКІ,
парныя прыдаткі ў аснове ліста, свабодныя або прырослыя да чаранка. Характэрныя для многіх двухдольных. Бываюць плевачныя і зялёныя. Зялёныя П. прымаюць удзел у фотасінтэзе (напр., у гароху), часам застаюцца адзінай фотасінтэзуючай ч. ліста, калі пласцінка рэдукуецца (напр., у чыны). Адыгрываюць важную ролю ва ўтварэнні пупышкавых лускавінак. У многіх дрэў пасля разгортвання пупышак ападаюць (напр., у ліпы).
т. 13, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМО́НІЯ,
у грэчаскай міфалогіі дачка Арэса і Афрадыты, жонка Кадма, заснавальніка г. Фівы. На вяселлі багі падарылі ёй сукенку і каралі, вырабленыя Гефестам, якія пасля прыносілі няшчасце ўсім, хто імі валодаў, і сталі прычынай гібелі прарока Амфіярая. У аснове міфа — казачны матыў аб закляцці, якое ляжыць на скарбах, здабытых вайной ці несумленным шляхам.
т. 5, с. 65
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЦЕ́ЖНЫ САЮ́З СНД,
добраахвотнае аб’яднанне суб’ектаў СНД з мэтай забеспячэння бесперабойнасці разлікаў у рэжыме выкарыстання ўзаемнага канверсавання нац. валют і фарміравання плацежнай сістэмы. Створаны на аснове міждзярж. пагаднення, падпісанага 21.10.1994 кіраўнікамі дзяржаў. Пагадненнем устаноўлена мультывалютная плацежная сістэма, якая прадугледжвае выкарыстанне ў разліках рас. і нац. валют інш. дзяржаў-удзельнікаў.
т. 12, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУНЭ́ЛЬНЫ ЭФЕ́КТ,
квантава-механічная з’ява праходжання мікрачасціц (электронаў, альфа-часціц і інш.) праз патэнцыяльны бар’ер, вышыня якога большая за поўную энергію гэтых часціц. Абумоўлены хвалевымі ўласцівасцямі часціц (гл. Карпускулярна-хвалевы дуалізм). Ляжыць у аснове альфа-распаду радыеактыўных ядраў, аўтаэлектроннай эмісіі, Джозефсана эфекту і інш., уплывае на цячэнне тэрмаядзерных рэакцый.
т. 16, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАМПУ́НЬ (ад англ. champooing мыццё галавы),
хімічны прэпарат, прызначаны для выдалення забруджванняў з паверхні скуры галавы і валасоў чалавека; разнавіднасць мыйных сродкаў. У аснове Ш. — аніённыя, неіёнагенныя і амфатэрныя паверхнева-актыўныя рэчывы, таксама ланалін, біялагічна актыўныя рэчывы (вітаміны, эфірныя алеі, расл. экстракты і настоі), духмяныя рэчывы і інш.
т. 17, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ТЭ́ХНІКУМ ПРАДПРЫМА́ЛЬНІЦТВА.
Засн. ў 1992 у Мінску. Прымае асоб з базавай і сярэдняй агульнай адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае, на камерцыйнай аснове. Мае падрыхтоўчыя курсы. Спецыяльнасці (2003/04 навуч. г.): банкаўская справа; бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль; камерцыйная дзейнасць; страхавая справа; праграмнае забеспячэнне інфарм. тэхналогій.
т. 18, кн. 1, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕРАБЕ́Й»,
традыцыйны бел. танец. Цесна звязаны са шматлікімі карагоднымі варыянтамі, у аснове якіх кругавая пабудова, імітацыя рухаў вераб’я, суправаджэнне прыпеўкамі. Складаецца з 2 частак: 1-я ва ўмераным тэмпе, муз. памер трохдольны, 2-я — у хуткім, муз. памер . Уваходзіў у рэпертуар трупы І.Буйніцкага. Быў вядомы ў Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях.
Ю.М.Чурко.
т. 4, с. 92
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗАКАБЛУ́КА»,
бел. нар. парны танец. Муз. памер 2/4. Тэмп умераны. Пары рухаюцца адна за адной па крузе. У аснове харэагр. малюнка — спалучэнне фігурнай праходкі з вальсападобнымі вярчэннямі. У цэнтры круга імправізацыйна танцавалі салісты. Танец суправаджаецца прыпеўкамі. У канцы 19 ст. бытаваў на Віцебшчыне, пра што згадвае этнограф П.В.Шэйн. Зафіксаваны таксама ў Гомельскай вобл.
т. 6, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАТАНІ́ЧНЫЯ РАСТВО́РЫ,
растворы з аднолькавым асматычным ціскам. У біялогіі і медыцыне ціск І.р. адпавядае асматычнаму ціску ў жывёльных і раслінных клетках, у крыві, у вадкасцях тканак. Для цеплакроўных жывёл ізатанічны 0,9% раствор NaCl і 4,5% раствор глюкозы. Раствор, які паводле саставу, буфернасці і інш. уласцівасцях блізкі да сывараткі крыві, наз. фізіялагічным. На яго аснове рыхтуюць кровазамяшчальныя І.р.
т. 7, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Н,
пятнаццатая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай Н («наш»), утворанай на аснове грэка-візант. устаўнай Ν («ні»), У старабел. графіцы абазначала гукі «н», «н’» («набыти», «нива»), мела лікавае значэнне «пяцьдзесят». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае санорныя змычна-прахадныя насавыя пярэднеязычныя зычныя гукі «н», «н’» («напрамак», «ніжні» — «н’іжн’і»).
А.М.Булыка.
т. 11, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)