А́ЗІМУТ (ад араб. ас-сумут шляхі) нябеснага свяціла або зямнога прадмета, вугал паміж плоскасцю мерыдыяна пункта назірання і верт. плоскасцю, якая праходзіць праз гэты пункт і свяціла ці прадмет. Адлічваецца ад напрамку на Пн па гадзіннікавай стрэлцы (0°—360°). Адрозніваюць азімут астранамічны (сапраўдны), утвораны плоскасцю астранамічнага мерыдыяна, што праходзіць праз лінію адвеса ў пункце назірання; геадэзічны — плоскасцю, якая праходзіць праз нармаль да зямнога эліпсоіда; магнітны — плоскасцю магнітнага мерыдыяна. Азімут — адна з каардынат сістэмы гарызантальных каардынат у астраноміі; вымяраецца вугламерным інструментам (тэадалітам і інш.). Магнітны азімут, адрозніваецца ад сапраўднага на велічыню схілення магнітнай стрэлкі.
Да арт.Азімут. А — азімут сапраўдны; Д — магнітнае схіленне; Ам — азімут магнітны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАРЫФО́РМНЫЯ КЛЯШЧЫ́ (Acariformes),
атрад членістаногіх кл. павукападобных. Больш за 6 тыс. відаў з 200 сямействаў. На Беларусі спецыяльна не вывучаліся; найб. пашыраны акарыформныя кляшчы з 2 падатрадаў: саркаптыформных (акароідныя кляшчы, кароставыя кляшчы, панцырныя кляшчы, пер’евыя кляшчы, валасяныя) і трамбідыформных (галавыя кляшчы, чырванацельцавыя кляшчы, вадзяныя, павуцінныя). Жывуць на глебе, у глебе, вадзе.
Даўж. цела 0,2—0,8 мм. Цела падзелена на галаву і тулава. Ротавы апарат утвораны 2 парамі пярэдніх ног. 4 пары ног, кожная з 5—б членікаў. У развіцці праходзяць фазы лічынкі, німфы (3) і дарослай асобіны. Кладуць яйцы. Сапрафагі і фітафагі. Многія — шкоднікі раслін і с.-г. прадуктаў, паразіты жывёл і чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЬСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі і Польшчы ў 19—20 ст.Утвораны ў ліп. 1808 у складзе Беластоцкай вобласці. Цэнтр — г. Бельск-Падляскі. З 1842 у Гродзенскай губерні. Пл. 3130,1 кв. вярсты, нас. 164 441 чал. (1897). У 1-ю сусв. вайну акупіраваны герм. войскамі. З 1918 у складзе Польшчы, з 1919 у Беластоцкім ваяводстве. Паводле Рыжскага дагавора 1921 застаўся ў Польшчы. З 1939 у БССР, у Беластоцкай вобл. 15.1.1940 скасаваны, на яго тэрыторыі ўтвораны Бельскі, Бранскі, Кляшчэльскі, Семятыцкі, Цехановецкі і Гайнаўскі р-ны. Паводле дагавора «Аб савецка-польскай дзяржаўнай граніцы» ад 16.8.1945 тэр. былога Бельскага павета перайшла да Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖ,
графема ў бел. алфавіце для абазначэння асобнага складанага гука. Дыграф, утвораны з літар «д» і «ж», перадае афрыкату «дж». У пісьмовых помніках выкарыстоўваецца з 16 ст., аднак старабел. аўтарамі гук «дж» часцей перадаваўся літарамі «ч», «ж», спалучэннямі «д» і «ч», «ж» і «ч» («ѣздживаль», «розъежчалъ», «приеждчий»). У сучаснай бел.літ. мове спалучэнне «дж» вымаўляецца па-рознаму: у словах тыпу «аджыць», «паджылкі», дзе «д» — частка прыстаўкі, а «ж» — пачатковы гук кораня, «дж» чытаецца як спалучэнне 2 гукаў «д» і «ж» («ад-жыць»); у выпадку, калі «д» і «ж» не стаяць на стыку 2 марфем, яны вымаўляюцца як адзін непадзельны гук («джунглі», «загароджаны», «ураджай»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
цэнтральныя органы кіравання Рэспублікі Беларусь. якія ажыццяўляюць функцыі міжгаліновага кіравання, у асобных выпадках галіновае кіраванне нар.-гасп. і сац.-культ. комплексамі. Яны маюць права выдаваць нарматыўныя акты, абавязковыя для выканання ўсімі мін-вамі, ведамствамі і арг-цыямі. Уваходзяць у склад Урада — СМ Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (дадатку ад 14.1.1997) утвораны Дз.к.Р.Б.: па друку; па авіяцыі; па справах моладзі; мытны; падатковы; пагран. войск; па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі; па энергазберажэнні і энергет. наглядзе; па архівах і справаводстве; патэнтны; па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі; па гідраметэаралогіі; вышэйшы атэстацыйны; па навуцы і тэхналогіях; па справах рэлігій і нацыянальнасцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ АКРУ́ГА,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1926—30. Утворана 8.12.1926. Цэнтр — г. Гомель. Пл. 16 тыс.км², нас. 675,2 тыс.чал. (1927). Уключала 9 раёнаў (Веткаўскі, Гомельскі, Дзятлавіцкі, Добрушскі, Насовіцкі, Свяцілавіцкі, Уваравіцкі, Чачэрскі, Чырванабудскі), 3 гарады, 3 мястэчкі, 244 сельсаветы. У 1927 са скасаванай Рэчыцкай акругі ўвайшлі раёны Брагінскі, Васілевіцкі, Горвальскі, Камарынскі, Лоеўскі, Рэчыцкі, Хойніцкі, Холмецкі, з Бабруйскай — Буда-Кашалёўскі р-н. 4.8.1927 скасаваны Васілевіцкі, Горвальскі, Дзятлавіцкі, Добрушскі, Насовіцкі, Свяцілавіцкі, Холмецкі, Чырванабудскі р-ны, утвораны Церахоўскі р-н. Акруговая газ. «Палеская праўда» (гл.«Гомельская праўда»). На 1.1.1930 у акрузе 11 раёнаў, 4 гарады, 5 мястэчак, 224 сельсаветы. Скасавана 26.7.1930.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ КАМІТЭ́Т ДЭЛЕГА́ТАЎ, Камітэт саюза чыгуначнікаў Гомельскага раёна,
стачачны к-т, які кіраваў рэв. барацьбой працоўных Гомеля ў час Снежаньскага паўстання 1905. Дзейнічаў з 21.12.1905 па 1.1.1906. Утвораны на мітынгу рабочых і служачых Лібава-Роменскай чыг., дэпо і ст. Гомель-Палескі ў час усеаг. забастоўкі. Стварыў баявую дружыну, скінуў мясц. ўладу, кантраляваў працу чыг. тэлеграфа. Узяў на сябе ахову грамадскага парадку, абарону насельніцтва ад чарнасоценцаў. Устанавіў цесныя сувязі з забастовачным к-там ст. Жлобін. Заклікаў да забастоўкі ўсе чыг. станцыі, у выніку якой быў спынены рух на Палескай і Лібава-Роменскай чыг. 11 дзён трымаў пад кантролем горад і чыг. вузел. Спыніў дзейнасць пасля падаўлення забастоўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЕ́ЛЬНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ,
зямельныя органы ў Расіі ў 1917—18. Створаны Часовым урадам пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Пры міністры земляробства быў утвораны Галоўны З.к., на месцах дзейнічалі губ., пав., валасныя к-ты. Паводле палажэння яны ствараліся «для падрыхтоўкі зямельнай рэформы», на самай жа справе выкарыстоўваліся для барацьбы з сял. рухам па захопу памешчыцкіх зямель. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 Сав. ўрад выкарыстаў нізавыя З.к. для правядзення ў жыццё Дэкрэта аб зямлі. 1.1.1918 распушчаны Галоўны З.к. Усерас. з’езд З.к., які засядаў разам з сял. секцыяй 3-га Усерас. з’езда Саветаў у студз.—лют. 1918, выказаўся за ліквідацыю іх як самаст. органаў. Вясной 1918 распушчаны ці рэарганізаваны ў зямельныя аддзелы Саветаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕКТЫ́ЎНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА,
самастойны суб’ект гаспадарання, утвораны пры выкупе прац. калектывам дзярж. прадпрыемства або інш. законным набыцці яго маёмасці. Асаблівасць К.п. — калект. характар уласнасці і падзел маёмасці, кошт якой адлюстроўваецца ў самаст. бухгалтарскім балансе, на ўклады работнікаў. Гэтыя ўклады адпавядаюць долям удзельнікаў гасп. т-ваў, у іх уваходзіць сума, унесеная работнікам у маёмасць прадпрыемства і яго доля ў прыросце. На ўклады налічваюцца і выплачваюцца працэнты. Кіраванне К.п. ажыццяўляецца ў адпаведнасці з яго статутам, вышэйшы орган — сход прац. калектыву. Пры ліквідацыі К.п. яго работніку з кошту маёмасці выплачваецца сума ўкладу і частка даходу, што засталіся пасля разліку з бюджэтам, банкамі і інш. крэдыторамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІТЭ́Т ДЗЯРЖА́ЎНАЙ БЯСПЕ́КІ (КДБ) Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскі орган дзярж. кіравання, які ажыццяўляе ў межах сваіх паўнамоцтваў кіраванне ў сферы забеспячэння бяспекі асобы, грамадства і дзяржавы. Утвораны 23.10.1991 на аснове былога КДББССР. Узначальваецца старшынёй КДБ, якога назначае на пасаду Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Прававая аснова і прынцыпы дзейнасці, сістэма органаў дзярж. бяспекі і іх паўнамоцтвы рэгламентуюцца Законам «Аб органах дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» ад 3.12.1997. Асн. кірункі дзейнасці: разведвальная і контрразведвальная дзейнасць, барацьба са злачыннасцю, арганізацыя ўрадавай і аператыўнай сувязі. Кантроль за дзейнасцю органаў КДБ ажыццяўляе Прэзідэнт і СМ Рэспублікі Беларусь, нагляд за законнасцю іх дзейнасці — Ген. пракурор Рэспублікі Беларусь і падначаленыя яму пракуроры.