ПРЫ́ПЯЦКІ НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН.

На тэр. Гомельскай, Магілёўскай і Мінскай абл., прымеркаваны да Прыпяцкага прагіну, уваходзіць у Прыпяцкую газанафтаносную вобласць.

т. 13, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБРО́ЎНІЦКАЯ РЭСПУ́БЛІКА Існавала на частцы тэр. Харватыі (у гіст. вобласці Далмацыя) у 12 — пач. 19 ст. Гл. ў арт. Дуброўнік.

т. 6, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́НКА,

індзейскае племя, якое ў сярэднія вякі насяляла тэр. сучаснай дзяржавы Перу і стварыла адметную цывілізацыю і культуру. Гл. Інкі.

т. 7, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЕ́ВІЧЫ,

старажытны княжацкі род. Прадстаўнікі роду Вішымут, Едзівіл і Спрудзейк удзельнічалі ў валынска-літоўскім дагаворы 1219. На думку гісторыка І.​Бяляева, Булевічы разам з Рушкавічамі валодалі тэр. ад Віліі да Нёмана і Свіслачы (заходняй), на У — да Бярэзіны (дняпроўскай); літоўскі гісторык Э.​Гудавічус лічыць, што Булевічы валодалі Шаўляйскай зямлёй. Магчыма, яны жылі ў Верхнім Панямонні на ПнУ ад Новагародка, таму кн. Міндоўг, імкнучыся пашырыць свае ўладанні на тэр. летапіснай Літвы, знішчыў усіх Булевічаў.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 3, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-МАРА́ТХСКІЯ ВО́ЙНЫ,

захопніцкія войны англ. Ост-Індскай кампаніі супраць маратхскіх княстваў у Індыі. У выніку першай англа-маратхскай вайны (1775—82) княствам навязаны Салбайскі дагавор 1782, паводле якога англ. кампанія атрымала некаторыя землі маратхаў. У другой англа-маратхскай вайне (1803—05) маратхі страцілі ч. сваёй тэр. і прызналі сябе васаламі. У трэцяй англа-маратхскай вайне (1817—18) адны князі падпарадкаваліся англічанам, іншыя аказалі супраціўленне, аднак былі разгромлены. Значная ч. маратхскай тэр. была анексіравана англ. кампаніяй.

т. 1, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТА́ЎСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА.

Існавала ў 1795—1806 на тэр. Нідэрландаў. Утворана ў студз.сак. 1795 пасля ўступлення сюды франц. рэсп. войскаў і паўстання мясц. насельніцтва. Назва паходзіць ад герм. племені батаваў, якое ў старажытнасці засяляла тэр. Нідэрландаў. Ваен.-паліт. саюз (1795) з Францыяй вызначыў залежнасць ад яе Батаўскай рэспублікі. Унутрыпаліт. жыццё адметнае вострай барацьбой паміж рознымі паліт. плынямі і слаямі буржуазіі. У 1806 Напалеон I ператварыў Батаўскую рэспубліку ў Галандскае каралеўства (1806—10), зрабіўшы каралём свайго брата Луі (Людовіка) Банапарта.

т. 2, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́БЛАСЦЬ УНУ́ТРАНАГА СЦЁКУ, бяссцёкавая вобласць,

частка сушы, пазбаўленая сувязі з Сусветным ак. праз рэкі. Займае 22% плошчы сушы. Прымеркавана да тэр. з арыдным кліматам, радзей з умераным кліматам і плоскім рэльефам (некаторыя водападзельныя прасторы). Рэкі вобласці ўнутранага сцёку ўпадаюць у бяссцёкавыя азёры ці перасыхаюць або вычэрпваюцца на арашэнне зямель. Самыя вялікія вобласці ўнутранага сцёку ў Афрыцы і Азіі. У Арала-Каспійскую вобласць ўнутранага сцёку, якая ахоплівае часткі тэр. Еўропы і Азіі, упадаюць рэкі Волга, Кура, Урал, Амудар’я і Сырдар’я.

т. 4, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛА́ТЫ (Galatae),

кельцкія плямёны. Пасля спусташэння Грэцыі і Македоніі былі разбіты сірыйскім царом Антыёхам I. Каля 277 да н.э. ўварваліся ў М. Азію, аселі на тэр., якую назвалі Галатыя, і падзяляліся на плямёны талістаагаў, трокмаў і тэктасагаў. Рабілі набегі на суседнія тэр., спыненыя ў выніку ваен. паходаў пергамскіх правіцеляў Атала I і Эўмена II, у 188 да н.э. рымлян. Пасля 188 да н.э. галаты — васалы Рыма, падтрымалі яго ў войнах (89—64 да н.э.) з царом Понга Мітрыдатам VI.

т. 4, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСКО́НЬ (Gascogne),

гістарычная вобласць на ПдЗ Францыі, якая была заселена ў 6 ст. баскамі. З 602 Гасконь — герцагства, у 1036 далучана да Аквітаніі. У 1154—1453 належала англ. каралям, пасля Стогадовай вайны 1337—1453 адышла да Францыі. У 17—18 ст. разам з тэр. Гіень утварыла губернатарства Гіень і Гасконь (перастала існаваць у 1790 пасля падзелу Францыі на дэпартаменты). На тэр. Гасконі размешчаны дэпартаменты Жэр, Ланды, Верхнія Пірэнеі, часткова — Жыронда, Верхняя Гарона, Ло і Гарона, Тарн і Гарона, Ар’еж.

т. 5, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́КШЫЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1793—97. Утвораны ў складзе Мінскай губ. з частак Ашмянскага і Мінскага пав. ВКЛ пасля іх далучэння да Расіі ў час 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793). Цэнтр — мястэчка (з 1795 горад) Докшыцы. Найб. значнымі паселішчамі Д.п. былі мястэчкі Беразіно, Гайна, Даўгінава, Ілья, Лагойск, Плешчаніцы, сёлы Бягомль, Нябышына і інш. Скасаваны ў пач. 1797, яго тэр. падзелена паміж Вілейскім і Барысаўскім пав. Мінскай губ.

В.​Л.​Насевіч.

т. 6, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)