ПФА́ЙФЕР ((Pfeiffer) Рыхард) (27.3.1858, г. Здуны, Польшча — 15.9.1945),

нямецкі бактэрыёлаг, імунолаг і гігіеніст. Вучань і супрацоўнік Р.Коха. Праф. Ін-та інфекц. хвароб у Берліне (1891), Ін-та гігіены ў Кёнігсбергу (1899) і Брэславе (1909—26). Навук. працы па вывучэнні грыпу, малярыі, брушнога тыфу, халеры, чумы і інш., агульнай гігіене, праблемах імунітэту. Адкрыў шэраг бактэрый, апісаў (разам з інш.) бактэрыёліз халерных вібрыёнаў пад уплывам спецыфічнай імуннай сывараткі, паказаў утварэнне лізінаў пры ўвядзенні ў арганізм забітых культур бактэрый, што прывяло да выкарыстання прышчэпак супраць тыфу і халеры іх забітымі (ці аслабленымі) культурамі.

т. 13, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗДО́ЛЬСКІ (Павел Аляксандравіч) (1815, Курская вобл., Расія —5.3.1881),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Праф. (1860). Скончыў Маскоўскае аддз. Медыка-хірург. акадэміі (1841). З 1841 настаўнік Горы-Горацкай земляробчай школы, у 1848—64 у Горы-Горацкім земляробчым ін-це (заг. кафедры), адначасова ў 1853—64 заг. вет. клінікі (першая на Беларусі) і ў 1849—64 коннага завода пры гэтым ін-це. Апісаў больш за 40 хвароб с.-г. жывёл. Пасля паўстання 1863—64 звольнены з ін-та.

Тв.:

Очерк истории ветеринарной медицины // Зап. Горыгорецкого земледельческого ин-та. 1854. Кн. 3.

т. 13, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКАЛО́ЎСКІ (Міхаіл Паўлавіч) (19.11.1887, г. Ржэў Цвярской вобл., Расія — 18.5.1977),

бел. і рас. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н., праф. (1922). Скончыў Маскоўскі ун-т (1911). З 1922 кіраўнік хірург. клінік Мінскага мед. ін-та. З 1936 кіраўнік хірург. клінік у Варонежскім і Адэскім мед. ін-тах, з 1965 навук. кансультант Адэскага мед. ін-та. Навук. працы па пытаннях агульнай і прыватнай хірургіі.

Тв.:

Кароткі падручнік па аперацыйнай хірургіі. Мн., 1932;

Коллоидально-осмотическое давление сыворотки при хирургических заболеваниях // Вестн. хирургии им. И.​И.​Грекова. 1934. Т. 34, кн. 100.

т. 14, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЦЯЛЯ ((Setälä) Эміль Нестар) (27.2.1864, г. Кокемякі, Фінляндыя — 8.2.1935),

фінскі мовазнавец, дзярж. дзеяч; заснавальнік фіна-угорскага параўнальна-гіст. мовазнаўства. У 1913—14 прэзідэнт Фінл. акадэміі навук і л-ры, у 1893—1929 праф. Хельсінкскага ун-та. У 1925 міністр асветы, адначасова ў 1925—26 міністр замежных спраў Фінляндыі. З 1926 канцлер ун-та ў г. Турку. У 1888—90 ажыццявіў паездкі да ліваў, вотаў, вепсаў, вывучаў іх мовы і этнаграфію. Упершыню выкарыстаў метад аналогіі ў фіна-угразнаўстве. Распрацаваў транскрыпцыю для фіна-угорскіх моў. Вывучаў фальклор, гісторыю, этнаграфію фіна-угорскіх народаў.

т. 14, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ГБАН, Зігбан (Siegbahn) Кай Мане (н. 20.4.1918, г. Лунд, Швецыя), шведскі фізік. Чл. Швед. АН. Ганаровы чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук. Сын К.М.​Г.​Сігбана. Скончыў Упсальскі ун-т (1942). У 1942—51 у Нобелеўскім ін-це фізікі (Стакгольм); у 1951—54 праф. Каралеўскага тэхнал. ін-та (Стакгольм). З 1954 праф. Упсальскага ун-та. Навук. працы па спектраскапіі, атамнай і малекулярнай фізіцы, фіз. хіміі. Распрацаваў метад электроннай спектраскапіі для хім. аналізу (1951). Сканструяваў рэнтгенаэлектронны спектрометр і ажыццявіў монахраматызацыю рэнтгенаўскага выпрамянення ў рэнтгенаўскай фотаэлектроннай спектраскапіі. Нобелеўская прэмія 1981.

К.М.Сігбан.

т. 14, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫНКЕ́ВІЧ (Станіслаў Сымонавіч) (2.2.1902, в. Новы Двор Беластоцкага ваяв., Польшча — 25.7.1945),

бел. грамадска-паліт. і культ. дзеяч, літаратар. Скончыў мед. ф-т Пазнанскага ун-та. Працаваў у клініках Познані, Хорашча (Беластоцкае ваяв.), Вільні. Быў чл. Бел. нац. к-та, Бел. навук, т-ва. У 1931—36 віцэ-старшыня ЦК Бел. хрысціянскай дэмакратыі. Друкаваўся ў час. «Студэнцкая думка», «Калоссе», газ. «Беларуская крыніца» і інш. Аўтар працы «Народ», кн. «Аб тэатры» (абедзве 1927), аповесці «Царква. Помста. Вязніца» (1928), эсэ «У братоў украінцаў» (1936). Праца Грынкевіча «Асвета» (1936) была канфіскавана, а аўтар арыштаваны польск. ўладамі. Пераклаў з лац. мовы на бел. кн. «Следам за Хрыстом» Т.​Кэмпійскага. У час 2-й сусв. вайны ўдзельнічаў у рабоце Віленскага бел. нац. к-та, супрацоўнічаў у газетах «Раніца», «Беларускі работнік», «Беларускі студэнт». У 1944 арыштаваны, 18.5.1945 ваен. трыбуналам Бел.-Літ. ваен. акругі прыгавораны да расстрэлу.

А.​С.​Ліс, А.​М.​Пяткевіч, І.​І.​Трацяк.

т. 5, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ЎШЫЦ (Мордух Насонавіч) (17.4.1918, г. Рэчыца Гомельскай вобл. — 7.3.1997),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Скончыў Ленінградскі інж.-буд. ін-т (1941). З 1946 працаваў у праектных ін-тах Мінска (з 1969 гал. архітэктар ін-та «Белкамунпраект», у 1974—78 — ін-та «Белжылпраект»). Найб. значныя работы: у Мінску — планіроўка жылых кварталаў (1950-я г.) і жылыя дамы па вуліцах Я.​Коласа (1951), Чырвонай (1953) і Камуністычнай (1954, абодва ў сааўт.), праспекце Ф.​Скарыны (1956), 2-я чарга тэхнал. ін-та (1967), адм. карпусы Дзяржкамсельгастэхнікі і Мінпрамбуда, Мін-ва мантажных і спец. буд. работ (усе 1970), адм. будынкі на праспекце Ф.​Скарыны (1953) і па вул. Савецкай (1976; усіх кіраўнік аўтарскага калектыву), ін-т «Белжылпраект» (1981); праект рэканструкцыі гіст. цэнтра Гродна (1971, кіраўнік аўтарскага калектыву), серыі тыпавых праектаў жылых дамоў, гандл. збудаванняў і інш. грамадскіх будынкаў (усе 1957—69); планіроўка цэнтр. плошчы (1960) у Барысаве; помнік танкістам каля Дома афіцэраў у Мінску (1952) і інш.

А.​А.​Воінаў.

т. 9, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́З (Міхаіл Іванавіч) (1895, г. Капыль Мінскай вобл. — 1947),

дзяржаўны дзеяч БССР. Пасля заканчэння Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі працаваў у вясковай школе. З 1916 у арміі. Удзельнік Кастр. ўзбр. паўстання 1917 у Петраградзе. У 1918—19 супрацоўнік бежанскага аддзела Бел. нац. камісарыята, дэлегат Усерас. з’езда бежанцаў з Беларусі (ліп. 1918, Масква). З крас. 1919 выкладчык Камуніст. ун-та ў Гомелі, старшыня Мінскага акр. к-та КП(б)Б. З 1922 паўнамоцны прадстаўнік БССР у РСФСР, старшыня Цэнтр. бюро бел. пралет. студэнцкага зямляцтва, заг. бел. сектара Камуніст. ун-та нац. меншасцей Захаду імя Ю.​Мархлеўскага (у Маскве). У 1924 заг. Бел. дзярж. выд-ва ў Мінску. З 1926 кіраўнік спраў СНК БССР, старшыня камісіі Інбелкульта па ахове помнікаў, чл. прэзідыума гіст.-археал. секцыі Інбелкульта. Пазней на інш. сав. і гасп. пасадах. Чл. ЦВК БССР у 1921—27 (у 1927—29 канд. у чл.). 3.11.1937 арыштаваны органамі НКУС БССР, 3.12.1940 прыгавораны да зняволення ў папраўча-працоўны лагер, дзе і памёр.

Э.​А.​Карніловіч.

т. 10, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛО́ЎСКІ (Яўген Ніканоравіч) (5.3.1884, г.п. Краснагвардзейскае Белгародскай вобл., Расія — 27.5.1965),

расійскі заолаг і паразітолаг. Акад. АН СССР (1939), АМН СССР (1944). Ген.-лейт. мед. службы. Герой Сац. Працы (1964). Скончыў Ваенна-мед. акадэмію ў Пецярбургу (1908). З 1921 праф. гэтай акадэміі. У 1933—44 ва Усесаюзным ін-це эксперым. медыцыны ў Ленінградзе, адначасова ў Таджыкскім філіяле АН СССР (да 1951). З 1942 дырэктар Заал. ін-та АН СССР і кіраўнік (з 1946) аддзела Ін-та эпідэміялогіі і мікрабіялогіі АМН СССР, з 1962 кансультант гэтага ін-та. Навук. працы па паразіталогіі і агульнай біялогіі. Стварыў вучэнне аб прыроднай ачаговасці трансмісіўных хвароб, канцэпцыю аб паразітацэнозах. Даследаваў цыклы развіцця і патагенез многіх гельмінтаў, фауну лятаючых насякомых-крывасмокаў. Для вывучэння эпідэмічных заразных хвароб правёў экспедыцыі ў Сярэднюю Азію, Сібір, Закаўказзе, Крым і інш. Залаты медаль імя І.​І.​Мечнікава АН СССР. Дзярж. прэмія СССР 1941, 1950. Ленінская прэмія 1965.

Тв.:

Природная очаговость трансмиссивных болезней в связи с ландшафтной эпидемиологией зооантропонозов. М.; Л., 1964.

Я.Н.Паўлоўскі.

т. 12, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЙНЕС ((Reines) Фрэдэрык) (16.3.1918, г. Патэрсан, штат Нью-Джэрсі, ЗША — 26.8.1998),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1980), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1966). Замежны чл. Рас. АН (1994). Продкі Р. паходзілі з Беларусі. Скончыў Тэхнал. ін-т імя Стывенса (г. Хобакен, штат Нью-Джэрсі). З 1944 у Лос-Аламоскай нац. лабараторыі ў Нью-Мехіка, удзельнічаў у распрацоўцы і выпрабаваннях атамнай і ядз. зброі. З 1959 праф. Тэхнал. ін-та імя Кейса (г. Кліўленд), з 1966 Каліфарнійскага ун-та (г. Ірвін; у 1964—74 дэкан фіз. ф-та). Навук. працы па фізіцы элементарных часціц, фізіцы касм. прамянёў і нейтрына, радыебіялогіі. Зарэгістраваў электроннае антынейтрына ў выпрамяненні ад ядз. рэактара (1956, разам з К.​Коўэнам), атм. нейтрына (1965) і ўсплескі нейтрына ад звышновай зоркі ў Вял. Магеланавым воблаку (1987). Эксперыментальна даказаў закон захавання барыённага зараду (1957). Нобелеўская прэмія 1995 (разам з М.Л.Перлам).

Тв.:

Рус. пер. — Нейтрино: от полтергейста к частице // Успехи физ. наук. 1996. Т. 166, вып. 12.

М.​М.​Касцюковіч.

Ф.Райнес.

т. 13, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)