НЕСКРЫЖАВА́ЛЬНАСЦЬ,

немагчымасць свабоднага скрыжавання паміж асобінамі розных відаў, якія ў прыродных умовах насяляюць адну тэрыторыю, і пры аддаленай гібрыдызацыі. Прычына — рэпрадуктыўная ізаляцыя. Адыгрывае важную ролю ў відаўтварэнні, адзнака адасаблення віду. У селекцыі для пераадолення Н. выкарыстоўваюць спец. прыёмы: поліплаідыю, вегетатыўнае збліжэнне ў раслін, штучнае асемяненне ў жывёл.

Р.​Г.​Заяц.

т. 11, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІБРАТЭРАПІ́Я (ад вібра... + тэрапія),

выкарыстанне вібрацыі ў лек. мэтах; адзін з метадаў фізіятэрапіі. Ажыццяўляецца з дапамогай спец. апаратаў, пераважна ў форме вібрацыйнага масажу цела ці асобных яго ўчасткаў пры шэрагу захворванняў перыферычнай нерв. сістэмы, асептычных запаленчых працэсах і інш. Лячэбнае ўздзеянне рэалізуецца праз паляпшэнне кровазвароту, абмену рэчываў, стымуляцыю нейратрафічнай і інш. функцый арганізма.

т. 4, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ПІС,

у егіпецкай міфалогіі бог урадлівасці. Цэнтр культу Апіса — г. Мемфіс, дзе ён лічыўся душой бога Мемфіса Птаха і бога сонца Ра. Жывым увасабленнем Апіса быў чорны бык з белымі меткамі на лбе, якога трымалі ў асобным памяшканні, памерлага бальзаміравалі і хавалі ў спец. склепе Серапеўме.

Апіс. Бронза. 7 ст. да н.э.

т. 1, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЬ ((Boole) Джордж) (2.11.1815, г. Лінкальн, Вялікабрытанія — 8.12.1864),

англійскі матэматык і логік; заснавальнік матэм. логікі. Праф. матэматыкі (1849) Куінс-каледжа ў Корку (Ірландыя). Спец. матэматычнай адукацыі не меў. У працах «Матэматычны аналіз логікі» (1847), «Логікавае злічэнне» (1848), «Даследаванне законаў мыслення» (1854) распрацаваў алгебру логікі. Імем Буля названы асобныя алг. сістэмы — булевы алгебры.

т. 3, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВА́Л,

насып з глебы, парод і адходаў, утвораны ў выніку раскрыўных ці інш. адвальных работ пры распрацоўцы карысных выкапняў, буд-ве каналаў і інш. Можа займаць спец. адведзеныя пляцоўкі ці адмоўныя формы рэльефу (яры, лагчыны і інш.). Пасля распрацоўкі радовішчаў або заканчэння інш. работ павінны знішчацца ці праходзіць стадыю рэкультывацыі ў прыродаахоўных мэтах.

т. 1, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАВУ́САЎ (Мікалай Аляксеевіч) (н. 29.12.1925, г. Тамбоў, Расія),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-р пед. н. (1991), праф. (1994). Скончыў Ленінградскі ін-т культуры (1962) і Армавірскі пед. ін-т (1967). З 1975 працуе ў БДУ. Працы па героіка-патрыятычным выхаванні моладзі, педагогіцы вышэйшай і сярэдняй спец. школы, удасканаленні пед. майстэрства настаўнікаў.

т. 2, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНАТУРАВА́НЫ СПІРТ, дэнатурат,

этылавы спірт-сырэц з дабаўкамі фарбавальніку, які надае яму сіне-фіялетавы колер, а таксама спец. рэчываў (пераважна пірыдзінавых асноў) з непрыемным пахам і смакам. Мае сівушнае масла, метанол і інш. шкодныя для арганізма прымесі, якія нельга вылучыць перагонкай, вымарожваннем і інш. найпрасцейшымі фізіка-хім. метадамі. Выкарыстоўваюць як растваральнік лакаў і палітур. Таксічны.

т. 6, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРО́ЖКА,

снасць для лоўлі драпежнай рыбы. Прадаўгаватая металічная пласціна з кручком або якарком на канцы, прымацаваная да доўгага шнура, што цягнуць за чаўном ці лодкай. Кручок (якарок) маскіруюць чырвонымі ніткамі ці тканінай. Шнур намотваюць на спец. калаўроцік (матавільца) або дошчачку. Д. вядома на Беларусі са старажытнасці, у наш час выкарыстоўваецца рыбаловамі-аматарамі.

І.​М.​Браім.

т. 6, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕКТО́ГРАФ (ад гекта... + ...граф),

простая друкавальная прылада для размножвання тэкстаў і ілюстрацый. Дзеянне заснавана на здольнасці застылай жэлаціна-гліцэрынавай масы ўспрымаць спец. (гектаграфскае) чарніла, якім выконваюцца тэксты і ілюстрацыі, а потым перадаваць іх (пры прыцісканні) на лісты паперы. На гектографе можна атрымаць да 100 адбіткаў. Вынайдзены рус. вынаходнікам М.​І.​Алісавым у 1869.

т. 5, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ІМПІ́РЫЯЛ КЕ́МІКАЛ ІНДА́СТРЫС ЛІ́МІТЭД»

(Imperial Chemical Industries P.L.C.),

брытанскі хім. канцэрн, адно з буйнейшых хім. прамысл. аб’яднанняў у свеце. Створаны ў 1926 у Лондане. Прадпрыемствы больш як у 100 краінах свету. Прадукцыя ўключае с.-г. і спец. хімікаліі, фарбы, кінаплёнку, тэхн. ўзрыўчатку, парфумерыю, фармацэўтычныя прэпараты, поліурэтан, прадукцыю нафтахіміі, пластмасы, сінт. валокны і інш.

т. 7, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)