ЛЕПТЫМІ́СТЫ,

у Францыі пасля Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 прыхільнікі звергнутай дынастыі Бурбонаў, пераважна буйныя землеўладальнікі-арыстакраты і вышэйшае каталіцкае духавенства. У 1830—48 былі ў апазіцыі да Ліпеньскай манархіі, пасля Рэвалюцыі 1848 у Францыі ў перыяд Другой рэспублікі разам з арлеаністамі ўваходзілі ў склад контррэвалюцыйнай «партыі парадку». У больш шырокім сэнсе Л. называюць манархістаў — прыхільнікаў звергнутых дынастый у любой краіне.

т. 9, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНГАНІ́Т (ад лац. manganum марганец),

мінерал падкласа гідраксідаў, оксігідраксід марганцу MnO(OH). Мае 80,6% MnO. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі слупкаватыя прызматычныя; часта ўтварае друзы, шчоткі. Агрэгаты шчыльныя, нацёчныя, аалітавыя, зярністыя. Колер цёмна-шэры да чорнага, з бураватым адценнем. Бляск паўметалічны. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 4,3 г/см³. Паходжанне асадкавае, радзей гідратэрмальнае. Уваходзіць у склад марганцавых руд.

Манганіт.

т. 10, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКІ́Я КА́РТЫ.

Адлюстроўваюць рэльеф марскога дна і адзнакі глыбінь, склад грунтоў, берагавую лінію, рэльеф і прыкметныя прадметы на беразе, марскія шляхі, навігацыйныя небяспечнасці (водмелі, рыфы, скалы, буруны і інш.), навігацыйнае абсталяванне (маякі, створныя знакі і інш.), звесткі пра магнітнае схіленне, элементы гідралогіі (цячэнні, прылівы, граніцы льдоў і інш.). Прызначаны для забеспячэння суднаходства, вывучэння і выкарыстання рэсурсаў Сусветнага акіяна.

т. 10, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЗАДЭ́РМА [ад мез(а)... + дэрма] мезабласт, сярэдні зародкавы лісток у шматклетачных жывёл (акрамя губак і кішачнаполасцевых) і чалавека. У М. вылучаюць дарсальную, прамежкавую (нефратом) і ўнутр. (спланхнатом) часткі. З М. фарміруецца шкілет, мышцы, унутр. органы, скура зародка. Пазазародкавая М. ўваходзіць у склад плацэнты і інш. органаў. Парушэнні дыферэнцыроўкі М. і яе частак вядуць да розных заган развіцця.

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖА́РНАЕ ДЭПО́,

будынак, у якім размяшчаецца дзяжурная змена, пажарная і аварыйна-выратавальная тэхніка для ліквідацыі пажараў і інш. надзвычайных сітуацый. У склад П.д. ўваходзяць: гараж, пункт сувязі, пасты газадымаахоўнай службы і тэхн. абслугоўвання, башня для мыцця і сушкі пажарных рукавоў, складскія памяшканні для пажарна-тэхн. і аварыйна-выратавальнага абсталявання, памяшканні для правядзення заняткаў, прыёму ежы, адпачынку і інш.

т. 11, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ТНІК,

1) ратны (ваенны) чалавек, які ўваходзіў у склад раці; воін апалчэння ў стараж. усх.-слав. дзяржавах і княствах Русі (9—14 ст.). У адрозненне ад воінаў княжацкай дружыны Р. набіралі на перыяд вайны (паходу) з рамеснікаў і сялян.

2) У Рас. імперыі — салдат дзярж. апалчэння. Р. лічыліся ваеннаабавязанымі запасу 2-й і 3-й чаргі, існавалі да 1917.

т. 13, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУЖА́НСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1940—62. Утвораны 15.1.1940 у Брэсцкай вобл. Цэнтр. — г.п. Ружаны. 12.10.1940 падзелены на 13 сельсаветаў. 8.1.1954 раён перададзены ў склад Гродзенскай вобл., 19.6.1954 зноў у Брэсцкай вобл. 25.12.1962 раён скасаваны, большая частка яго тэрыторыі перададзена ў Пружанскі раён, Дабрасельскі і Славаціцкі с/с — у Ваўкавыскі раён Гродзенскай вобл.

т. 13, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКІЯ ГО́РЫ,

горы ва Усх. Антарктыдзе, на Зямлі Каралевы Мод, паміж 72°30′ паўд. ш. і 16—19° усх. д. Даўж. каля 200 км. У склад Р.г. уваходзіць больш за 12 вяршынь (Жадання, Карпінскага, Русанава, Якаўлева і інш.), выш. да 2500 м. Складзены пераважна з гнейсаў. Вяршыні гор свабодныя ад лёду і снегу. Адкрыты сав. антарктычнай экспедыцыяй у 1959.

т. 13, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВІ́ЗСКІЯ СКА́ЗКІ,

пайменныя спісы насельніцтва Рас. імперыі 18—19 ст., якое было ахоплена рэвізіямі (перапісамі). Складаліся памешчыкамі або іх аканомамі, у паселішчах дзярж. сялян — старастамі, у гарадах — прадстаўнікамі гар. ўпраўлення. У Р.с. ўключаліся ўсе жыхары паселішча з паказам узросту і сямейнага становішча. Апрача колькасці насельніцтва ўключалі звесткі пра яго геагр. размяшчэнне, саслоўны, нац. склад і інш.

т. 13, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЁТА (ад грэч. biote жыццё),

сукупнасць жывых арганізмаў, што склалася гістарычна і аб’яднана агульнай вобласцю пашырэння. У адрозненне ад біяцэнозу ў біёту ўваходзяць віды, якія могуць не мець экалагічных сувязяў паміж сабой (напр., кенгуру і рыба цэратодус, якія ўваходзяць у склад аўстрал. фауны). Арганізмы біёты — біёнты. Тэрмін прапанаваў рум. біёлаг Э.​Ракавіцэ (1907); выкарыстоўваецца, калі размова ідзе пра большыя тэрыторыі, чым у біёме.

т. 3, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)