МО́ЙРЫ,

у старажытна-грэчаскай міфалогіі тры багіні лёсу, дочкі Зеўса і Феміды. Першая з іх — Клота прадзе нітку чалавечага жыцця, другая — Лахесіс вызначае лёс, трэцяя — Атропас (Немінучая) у вызначаны момант няўхільна абразае нітку, што азначае смерць чалавека. М. былі няўмольныя і непадуладныя нават багам. У стараж.-рым. міфалогіі ім адпавядалі Паркі.

т. 10, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЧА́ТАЎ (Ігар Васілевіч) (12.1.1903, г. Сім Чэлябінскай вобл., Расія — 7.2.1960),

расійскі фізік, арганізатар і кіраўнік работ па атамнай навуцы і тэхніцы ў СССР. Акад. АН СССР (1943), тройчы Герой Сац. Працы (1949, 1951, 1954). Скончыў Крымскі ун-т (1923). У 1925—42 у Ленінградскім фізіка-тэхн. ін-це АН СССР. Разам з інш. адкрыў з’яву сегнетаэлектрычнасці (1929), выявіў ядз. ізамерыю (1935). Пад яго кіраўніцтвам пабудаваны першы ў СССР цыклатрон (1939), адкрыта спантаннае дзяленне ядраў урану (1940), распрацавана процімінная ахова ваен. караблёў (1941), створаны першы ў Еўропе ядз. рэактар (1946), першая ў СССР атамная бомба (1949), першая ў свеце тэрмаядз. бомба (1953) і АЭС (1954), пачаліся даследаванні па праблеме кіравальнага тэрмаядз. сінтэзу. Яго імем названы хім. элемент курчатовій. Ленінская прэмія 1957, Дзярж. прэміі СССР 1942, 1949, 1951, 1954.

І.В.Курчатаў.

Літ.:

Основатели советской физики. М., 1970. С. 200—223;

Советские ученые: Очерки и воспоминания. М., 1983. С. 92—150.

т. 9, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОТАРЫНАЛАРЫНГАЛО́ГІЯ [ад грэч. us, ōtos вуха + rhis (rhinos) нос + larynx (laryngos) гартань + ...логія],

галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае нармальную функцыю і хваробы вуха, носа, горла; распрацоўвае метады дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі. У О. вылучаюць 3 кірункі: аталогія, рыналогія, фарынгаларынгалогія. Асобна вылучаюць сурдалогію (дэфекты слыху, іх лячэнне), фоніятрыю (дэфекты голасу і іх лячэнне) і отанеўралогію.

Агульныя ўяўленні пра будову, функцыі і захворванні вуха і верхніх дыхальных шляхоў вядомы ўжо ў працах Гіпакрата, Цэльса, Галена. У Расіі першая кафедра хвароб вуха, горла і носа адкрыта праф. М.​П.​Сіманоўскім у 1893 у Пецярбургскай ваенна-мед. акадэміі.

На Беларусі першая кафедра ЛОР-хвароб адкрыта ў Мінскім мед. ін-це (1925), якую ўзначальваў С.М.Бурак; кафедры О. ёсць у Віцебскім і Гродзенскім мед. ін-тах. Вядучыя спецыялісты: В.Я.Гапановіч, Р.Х.Карпілаў, М.П.Кніга, У.​Дз.​Мяланын, Г.М.Смердаў, П.А.Цімашэнка, М.Ц.Яўстаф’еў.

Літ.:

Руководство по оториноларингологии. М., 1994;

Тугоухость. М., 1978.

І.​А.​Склют.

т. 11, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІГНА́ЛЬНЫЯ СІСТЭ́МЫ,

сістэмы ўмоўнарэфлекторных сувязей, якія фарміруюцца ў кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга пры паступленні ў яе імпульсаў ад вонкавых і ўнутр. раздражняльнікаў. Забяспечваюць дакладнае ўзаемадзеянне ч. арганізма і тонкае прыстасаванне арганізма да навакольнага асяроддзя. Тэрмін «С.с.» ўведзены І.​П.​Паўлавым (1932), які вылучыў агульную для жывёл і чалавека першую сігнальную сістэму і спецыфічную толькі для чалавека другую сігнальную сістэму. Першая сігнальная сістэма — сістэма канкрэтных, адчувальна непасрэдных вобразаў рэчаіснасці, якія фіксуюцца мозгам чалавека і жывёл у форме адчуванняў і ўспрыманняў. З’яўляецца сукупнасцю шматлікіх (нават вельмі складаных) умоўных і безумоўных рэфлексаў на непасрэдныя раздражняльнікі або іх сляды, на яе аснове функцыянуе вышэйшая нервовая дзейнасць. У чалавека характарызуецца большай, чым у жывёл, скорасцю нерв. працэсаў, рухомасцю, утварэннем умоўных рэфлексаў вышэйшых парадкаў. Першая і другая С.с. функцыянуюць у цесным узаемадзеянні і адзінстве, пры гэтым у чалавека другая С.с. адыгрывае вядучую ролю.

С.​С.​Ермакова.

т. 14, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ПІЕВА ДАРО́ГА (лац. via Appia),

першая брукаваная дарога (працягласць каля 350 км), пракладзеная ў 312 да н.э. паміж Рымам і Капуяй. Пабудавана ў стратэг. мэтах пры цэнзару Апію Клаўдзію (адсюль назва), у 244 да н.э. прадоўжана да Брундызія. Вымашчана квадратнымі камянямі, уздоўж дарогі (каля Рыма) захаваліся помнікі стараж. некропаля язычніцкіх і раннехрысц. часоў.

т. 1, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛУ́ЧАНЫЯ ПРАВІ́НЦЫІ, Рэспубліка Злучаных правінцый (Republiek der Verenigde Provinciën), першая ў свеце бурж. рэспубліка. Утвораны 7 нідэрландскімі правінцыямі (Галандыя, Зеландыя, Утрэхт, Гелдэрн, Фрысландыя, Гронінген, Аверэйсел), якія ў выніку Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. вызваліліся ад ісп. панавання; існавалі да 1795. Наз. таксама Галандскай рэспублікай, Галандыяй (ад вядучай правінцыі — Галандыі). Гл. таксама Нідэрланды (гістарычны нарыс).

т. 7, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НЧЫК (Mencik, Menchik) Вера (16.2.1906, Масква — 27.6.1944), англійская спартсменка (шахматы). Па нацыянальнасці чэшка. З 1921 у Вялікабрытаніі. Чэмпіёнка Вялікабрытаніі сярод дзяўчат (1926—1927). Першая ў гісторыі шахмат чэмпіёнка свету сярод жанчын (1927), абараніла тытул чэмпіёнкі свету ў 1930, 1931, 1933, 1935, 1937, 1939. Удзельнічала ў мужчынскіх турнірах, была іх пераможцам у 1927, 1928, 1931.

т. 10, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЙД ((Ride) Салі) (н. 26.5.1951, г. Энсіна, штат Каліфорнія, ЗША),

першая жанчына-касманаўт ЗША. Д-р філасофіі (1978), магістр навук па фізіцы (1975). З 1978 у групе касманаўтаў НАСА. 18—24.6.1983 і 5—13.10.1984 здзейсніла (як спецыяліст па аперацыях на арбіце) палёты ў складзе экіпажаў касм. карабля «Чэленджэр». Правяла ў космасе 14,3 сут.

С.Райд.

т. 13, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАВЫЯ КА́РТЫ,

карты, якія адлюстроўваюць размяшчэнне глебаў, іх тыпы, падтыпы, віды, механічны састаў і глебаўтваральныя пароды. Выкарыстоўваюцца ў с.-г. вытворчасці, гідрамеліярацыі, лесаводстве, буд-ве, пры кадастравых ацэнках зямель, азеляненні населеных пунктаў і інш. Падзяляюцца паводле тэр. прыналежнасці, зместу паказчыкаў (агульна-глебавыя, глебава-меліярац., глебава-эразійныя і інш.) і маштабаў. Прынцыпы картаграфавання закладзены В.В.Дакучаевым. Першая глебавая карта еўрапейскай ч. Расіі складзена ў маштабе 1 : 84 000 000 і выдадзена ў 1851 пад рэдакцыяй К.​С.​Весялоўскага. Глебавыя карты ствараюцца па матэрыялах наземных, аэракасм. і камбінаваных здымак мясцовасці. Хім. паказчыкі вызначаюцца лабараторнымі аналізамі. На Беларусі першая глебавая карта складзена ў маштабе 1 : 1 000 000 у 1929—30 пад рэд. Я.​М.​Афанасьева. У 1957—64 праведзена буйнамаштабнае картаграфаванне для калгасаў і дзяржгасаў са складаннем картаграм аграхім. уласцівасцей і інш. паказчыкаў рацыянальнага выкарыстання зямель. У 1965—69 складзены глебавыя карты для 117 адм. раёнаў, у 1970—74 для ўсіх абласцей. Гл. таксама Глебава-геаграфічнае раянаванне.

Т.​А.​Багданава, А.​А.​Саламонаў.

т. 5, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Вайна сусветная 2/557, гл. Першая сусветная вайна 1914—18, Другая сусветная вайна 1939—45

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)