ГАРАДСКІ́Я ПАДПО́ЛЬНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ КП(б)Б у Вялікую Айчынную вайну, органы парт. кіраўніцтва барацьбой супраць ням.-фаш. захопнікаў у акупіраваных гарадах Беларусі ў 1941—44. Стваралі і ўзначальвалі патрыят. падполле і партыз. рух, вялі арганізатарскую і паліт. работу сярод насельніцтва. Іх дзейнасцю кіравалі ЦККП(б)Б, абласныя падпольныя камітэты КП(б)Б і міжраённыя падпольныя камітэты КП(б)Б. Дзейнічалі Гомельскі, Мінскі (з 1941), Баранавіцкі, Віцебскі, Калінкавіцкі, Пінскі (з 1943), Брэсцкі, Вілейскі (з 1944) гаркомы, Барысаўскі (у 1941—42 спачатку як райком), Лідскі (з 1943) гаркомы-райкомы. Вопыт 1941—42 паказаў, што базіраванне гаркомаў у гарадах звязана з вял. цяжкасцямі і ахвярамі: былі арыштаваны і пакараны смерцю амаль усе члены Мінскага гаркома, загінулі кіраўнікі Барысаўскага гаркома-райкома, Брэсцкага і Аршанскага парт. цэнтра. Таму створаныя ў 1943—44 гаркомы базіраваліся пры партыз. брыгадах і атрадах. Па сваёй структуры яны не адрозніваліся ад раённых падп. к-таў КП(б)Б. Баранавіцкі і Мінскі гаркомы, Барысаўскі і Лідскі гаркомы-райкомы мелі друк. выданні — газеты.
Літ.:
Подпольные партийные органы Компартии Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941—1944). Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗА́ЯЦ-БЯЛЯ́К»
(«Schneehase»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш.акупац. улад супраць партызан і насельніцтва Расонска-Асвейскай партыз. зоны Віцебскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Праводзілася 28.1—13.2.1943 сіламі 4 палкоў 201-й ахоўнай дывізіі, паліцэйскага палка і шэрагу мясц. гарнізонаў пры падтрымцы 281-й ахоўнай і 391-й вучэбна-палявой дывізій з мэтай прыціснуць партызан да чыг. Полацк—Ідрыца (праходзіла праз Расоны, цяпер не існуе) і знішчыць сустрэчным ударам з боку воз. Асвейскае. Ім процістаялі 1, 3, 5-я Калінінскія і Дрысенская брыгады, З атрады брыгады «За Савецкую Беларусь», Асобны латышскі партыз. і інш. атрады брыгад Асвейскай, Расонскай і «Спартак». Пасля працяглых баёў партызаны 11 лют. перайшлі ў контрнаступленне і да 15 лют. выбілі ворага з тэр. Расонскага р-на. У ходзе аперацыі «3.-6.» карнікі загубілі 877 чал. (па няпоўных звестках) мясц. насельніцтва, у т.л. разам з жыхарамі знішчылі вёскі Ваўкова, Велле, Гарэлая Яма, Гуйды, Ніўё, Плігаўкі, Ражнова (не аднавіліся) і інш. Як рэванш за няўдачу, гітлераўцы пачалі новыя карныя аперацыі — «Шаравая маланка» і «Зімовае чараўніцтва».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЯ АБЛАСНА́Я АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала з мая 1942 да ліп. 1944 на тэр.паўн. і цэнтр. раёнаў Брэсцкай вобл. і суседніх раёнаў Беластоцкай і Баранавіцкай абл. 12.5.1942 арганізаваны міжраённы «Камітэт барацьбы з нямецкімі акупантамі», які накіроўваў дзейнасць раённых і падраённых антыфаш. арг-цый, вял. ўвагу аддаваў разгортванню партыз. руху, меў падп. друкарню. Да восені 1942 антыфаш. арг-цыі і партыз. атрады дзейнічалі ў Бярозаўскім, Брэсцкім, Камянецкім, Косаўскім, Поразаўскім, Пружанскім, Шарашоўскім, а пазней і ў інш. раёнах. Са жн. 1942 да ліп. 1944 дзейнічала разгалінаваная Брэсцкая гар. антыфаш. арг-цыя. У ліп. 1943 на базе міжраённага «К-та барацьбы з ням. акупантамі» створаны Брэсцкі абл. антыфаш. к-т, які са снеж. 1943 выдаваў газ. «За Родину», лістоўкі, адозвы, зводкі Саўінфармбюро і інш. на бел., рус., польск. і ням. мовах. Падпольшчыкі забяспечвалі партызан прадуктамі харчавання, адзеннем, медыкаментамі, зброяй і боепрыпасамі, удзельнічалі ў іх баявых аперацыях па разгроме гарнізонаў ворага, падпальвалі ў маёнтках акупантаў склады, зрывалі выкананне паставак. Напярэдадні вызвалення Брэсцкай вобл.арг-цыя аб’ядноўвала 422 ячэйкі, каля 2 тыс. падпольшчыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАЎ Ермалай Максімавіч
(ліп. 1892, в. Кайкава Мінскага р-на — 1942),
удзельнік камуніст. падполля ў гады грамадз. вайны, ваен. інтэрвенцыі, патрыят. падполля ў Вял. Айч. вайну. З 1914 у арміі. З вясны 1918 старшыня Кайкаўскага падп. падрайкома РКП(б), нач.партыз. атрадаў. У Айч. вайну ўдзельнічаў у стварэнні Мінскага патрыятычнага падполля, наладжваў сувязь з партызанамі. Летам 1942 нам.нач. зоны Варашылаўскага падп. РК КП(б)Б, узначальваў падп. арг-цыю ў Пушкінскім пасёлку Мінска. 7.10.1942 схоплены фашыстамі і закатаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЕ́ЦКІ Пётр Антонавіч
(май 1919, в. Майдан Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 21.10.1942),
Герой Сав. Саюза (1965). У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941. У канцы 1941 накіраваны ў тыл ворага ў партыз. атрад «Перамога», які дзейнічаў на Смаленшчыне і ў Віцебскай вобл. 21.10.1942 недалёка ад чыг. ст. Крынкі Лёзненскага р-на з узрыўчаткай кінуўся пад варожы эшалон, у складзе якога было больш за 40 цыстэрнаў з гаручым; падарваў яго і загінуў сам. На месцы подзвігу абеліск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕНІСЕ́НКА Іван Піліпавіч
(1913, в. Норкі Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 5.7.1943),
паэт, журналіст. Пісаў на рус. мове. З 1933 працаваў у чэрыкаўскай раённай газ. «Сацыялістычная перамога». З 1937 друкаваў вершы, допісы, нарысы ў рэсп. прэсе. У Айч. вайну ўдзельнічаў у партыз. руху. Па заданні падп. райкома КПБ стаў сакратаром чэрыкаўскай акруговай паліцыі. Стварыў у Чэрыкаве антыфаш. арг-цыю. Быў выдадзены і арыштаваны. Пасля катаванняў расстраляны.
Літ.:
Цітоў К. Людзі, ён любіў вас! // Полымя. 1964. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙНЕ́ВІЧ Павел Мікалаевіч
(28.10.1912, в. Новыя Грамыкі Веткаўскага р-на Гомельскай вобл. — 28.3.1996),
Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі ў 1934—40 і з 1941. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну летам 1941 абараняў Гомель, потым у партыз. атрадзе, з 1943 у Чырв. Арміі на фронце. Вызначыўся ў студз. 1945 у час прарыву абароны ворага на правым беразе Віслы. Пасля вайны старшыня калгаса ў Гомельскай вобл., у 1948—67 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ТЧЫКАЎ Генадзь Іванавіч
(10.3.1914, в. Міхееўка Кудымкарскага р-на Пермскай вобл., Расія — 10.12.1944),
удзельнік партыз. руху на Украіне і Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскую ваен. школу сувязі (1936). У сак. 1943 на чале групы разведчыкаў закінуты ў тыл ворага, дзейнічаў у раёне Гомеля, Чарнігава, Шчорса, Ноўгарада-Северскага, са снеж. 1943 у Баранавічах, Ваўкавыску, Слоніме, Бярозе, Ружанах; група перадала ў штаб 1-га Бел. фронту больш за 450 данясенняў. Загінуў у баі на тэр. Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМАНКО́Ў Іван Пракопавіч
(27.2.1919, в. Яўкіна Шумяцкага р-на Смаленскай вобл., Расія — 8.11.1980),
Герой Сав. Саюза (1945). Беларус. Скончыў Маскоўскае ваен. вучылішча пагранвойск (1939), Вышэйшую школу прафс. руху (1951). У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941, у снеж. 1941 — вер. 1943 у партыз. атрадзе на Смаленшчыне. Вызначыўся ў крас. 1945 пры фарсіраванні р. Шпрэе ў Берліне. Рота на чале з капітанам Гаманковым адбіла некалькі контратак праціўніка. Цяжка паранены, не пакінуў поля бою. Да 1969 на прафс. і гасп. рабоце.