старажытная назва р. Заходняя Дзвіна. Пад такой назвай вядома паводле карт александрыйскага грэка К.Пталамея і рымскіх аўтараў 2 ст.н.э. Паходзіць ад лац. rubeus — чырвоны (з-за наяўнасці ў вадзе чырванаватых вокіслаў жалеза). Гамер, магчыма, згадвае Зах. Дзвіну пад назвай Эрыдан (Эрыда — багіня ночы і лёсу ў стараж. грэкаў), а Герадот называе ракой бурштынавай. Стараж. германцы называлі раку — Дзюна. Назва «Р.» сустракаецца на карце Мікалая Кузанскага (1507) і карце, выдадзенай М.К.Радзівілам Сіроткай (1613).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТАСЛА́Ў МСЦІСЛА́ВІЧ (? — 1172),
князь уладзіміра-валынскі і берасцейскі. Сын вял.кн. Мсціслава Ізяславіча. Упершыню ўпамянёны ў Іпацьеўскім летапісе пад 1173 (сапраўдная дата падзеі 1170), калі сын Яраслава Асмамысла Уладзімір звярнуўся да яго з просьбай дазволіць уладарыць у г.Чэрвень. Мяркуецца, што ў гэты час С.М. княжыў ва Уладзіміры-Валынскім, а яго старэйшы брат Раман — у Ноўгарадзе. У гісторыка 18 ст. В.М.Тацішчава пад 1172 ёсць запіс пра смерць С.М. ў Бярэсці. Верагодна, туды С.М. перайшоў княжыць у 1170.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГІ́НСКАГА ПЛАН 1811,
праект аднаўлення ВКЛ у складзе Рас. імперыі, прапанаваны сенатарам М.К.Агінскім імператару Аляксандру I. Адлюстраваў імкненне бел.-літ. шляхты да адм. і прававой самастойнасці краю і гатоўнасць цара пайсці на пэўную лібералізацыю палітыкі ў зах. губернях, каб нейтралізаваць пранапалеонаўскія настроі мясц. знаці. Прадугледжваў заснаванне з Гродзенскай, Віленскай, Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Кіеўскай, Падольскай, Валынскай губ., Беластоцкай вобл. і Цярнопальскай акр. асобнай правінцыі пад назвай ВКЛ з гал. горадам Вільня і пад кіраваннем імператарскага намесніка; стварэнне ў краі вышэйшых дзярж. судовых і інш. органаў. Планавалася склікаць сойм, увесці канстытуцыю і паступова скасаваць прыгоннае права. Пад націскам кансерватыўных колаў, якія ўбачылі ў адраджэнні ВКЛ пагрозу тэр. цэласнасці Расіі, Аляксандр I не змог зацвердзіць Агінскага план 1811, але ўсё ж праект садзейнічаў прымірэнню ўрада з мясц. шляхтай напярэдадні вайны 1812: былі прыняты законы 1811 аб падатковых ільготах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛЕ-д’АО́СТА (Valle d’Aosta),
аўтаномная вобласць на ПнЗ Італіі, у Альпах. Пл. 3262 км². Нас. каля 200 тыс.чал. (1990); гавораць на італьян. і франц. мовах, у раёне Монтэ-Роза — на ням. дыялектах. Гал. горад — Аоста. Займае даліну Вале-д’Аоста, часткова Пенінскія Альпы на Пн, масіў Манблан на ПнЗ (выш. да 4807 м) і Грайскія Альпы на ПдЗ. Густая сетка горных рэк бас.р. По. Характэрны горна-лясныя і горна-лугавыя ландшафты, ёсць ледавікі. Развіта горназдабыўная (жал. руда, антрацыт, мармур) прам-сць, электраметалургія, вытв-сць штучных і сінт. тканін; мяса- і плодакансервавыя, піваварныя прадпрыемствы. ГЭС. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочная жывёлагадоўля. Пад лугамі і пашай каля палавіны тэрыторыі. Вытв-сць сыру і масла. Невял. плошча пад збожжавымі, бульбай, садамі (яблыкі, грушы), вінаграднікамі. Турызм і гарналыжны спорт. Праз перавалы праходзяць чыгункі і аўтадарогі ў Францыю і Швейцарыю (у т. л. праз тунэль пад Манбланам, даўж. 11,6 км).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБО́ЎСКІ (Стафан) (24.6.1767, в. Асташына Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 4.6.1847),
военачальнік, адзін з кіраўнікоў паўстання 1794. Пасля заканчэння Рыцарскай школы ў Варшаве харунжы ў войску ВКЛ. У час ваенных дзеянняў Рэчы Паспалітай з Расіяй 1792 вызначыўся ў баях пад Мірам і Брэстам. Атрад Грабоўскага адыграў вырашальную ролю пры выгнанні з Вільні рас. гарнізона (крас. 1794), удзельнічаў у баях падв. Солы, Паляны, у абароне Вільні. У жн. 1794 Грабоўскі ўзначаліў рэйд 2-тысячнага атрада паўстанцаў на Міншчыну і Магілёўшчыну. Пасля няўдалага бою пад Любанню (4.9.1794) капітуляваў. Высланы ў Кастрамскую губ., пазней амнісціраваны. У вайну 1812 ваяваў на баку Напалеона, ген.-маёр, трапіў у палон. Пры падтрымцы А.Чартарыйскага вызвалены, увайшоў у склад вышэйшай адміністрацыі Варшаўскага княства. З 1816 дырэктар Вайсковай камісіі, з 1825 міністр-сакратар Каралеўства Польскага, ген. дывізіі (1826). Удзельнік руска-турэцкай вайны 1826—29. У 1832—39 чл.Дзярж. савета Рас. імперыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛАНЦУ́Г»,
бел. народны танец. Муз. памер 2/4, 4/4. Тэмп ад павольнага да ўмерана хуткага. Выканаўцы (мужчыны і жанчыны) бяруцца за паднятыя ўгору рукі і становяцца кругам, паўкругам ці лініяй. Той, хто водзіць, не разрываючы ланцуг з рук, праходзіць (за ім астатнія танцоры) праз «вароты» пад рукамі апошняй пары. Апошні выканаўца, калі ўсе праходзяць пад яго рукой, паварочваецца на месцы, а сваю правую руку, сагнутую ў локці і злучаную з рукой партнёра, кладзе далонню на сваё правае плячо. Ланцужок тым часам па чарзе праходзіць пад рукамі наступных пар, і кожны выканаўца прымае падобную позу. Калі ўсе танцоры пераплятуцца рукамі і выстраяцца ў адну лінію, той, хто водзіць, пачынае рухацца ў адваротным парадку і «расплятае» ланцуг, пакуль не выведзе ўсіх на зыходную пазіцыю. Вядомы таксама як адна з фігур кадрылі. Бытуе ў Мінскай, Віцебскай і Гродзенскай абласцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЫ́НА (араб.Медынат-Расул-Алах або Медынат-ан-Набі — горад прарока),
горад на З Саудаўскай Аравіі, у аазісе. Больш за 500 тыс.ж. (1997). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Другі (пасля Меккі) свяшчэнны горад і месца паломніцтва мусульман (штогод каля 2 млн.чал.): грабніцы заснавальніка ісламу Мухамеда, яго дачкі Фатымы, першых арабскіх халіфаў у мячэці Харам (7—8 ст., перабудавана ў 19 ст.). Абслугоўванне паломнікаў, вытв-сць прадметаў рэліг. культу. Мусульм.ун-т.
У дамусульманскі перыяд вядома пад назвай Ясрыб (Ятрыб). У 622 сюды пераехаў Мухамед, пакінуўшы Мекку (гл.Хіджра), з гэтага часу наз. М. Стала другім пасля Меккі свяшчэнным горадам ісламу. У 632—656 сталіца араб. халіфата. Пры Амеядах і Абасідахадм. ц. Хіджаза. З 10 ст.пад уладай егіп. дынастый. З 1517 у складзе Асманскай імперыі. З 1804 пад уладай вахабітаў, у 1916—24 — караля Хіджаза, пазней далучаны да Саудаўскай Аравіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ ЗЯМЛЯ́ гістарычная вобласць у бас.Зах. Дзвіны, Бярэзіны, Віліі. Назва «П.з.» выкарыстана ў Лаўрэнцьеўскім летапісе пад 1128 пры апісанні падзей 980 як сінонім Полацкага княства. Гэта тэрыторыя ў Іпацьеўскім летапісе пад 862 названа воласцю Полацка, а ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1092 — яго вобласцю. У Лаўрэнцьеўскім летапісе П.з. названа «отчиной» Рагнеды, яе сына Ізяслава і іх нашчадкаў (у сэнсе бацькаўшчына, зямля продкаў). Тут склалася Полацкае княства-дзяржава з дынастыяй Ізяславічаў (Рагвалодавічаў). З 1392 вярх. правіцелем П.з. стаў вял. князь ВКЛ. У 14—15 ст. захоўвалася ўнутр. аўтаномія П.з. як асобнай адм. адзінкі ВКЛ. Паводле прывілеяў, што вызначалі прававы стан П.з., вярх. ўлада гарантавала непадзельнасць яе тэрыторыі, абавязвалася прызначаць у горад велікакняжацкіх намеснікаў толькі са згоды мясц. баяр і мяшчан. У грамадска-паліт. жыцці П.з. вял. ролю адыгрывала веча. На аснове П.з. ў 1504 утворана Полацкае ваяводства. Г.В.Штыхаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЭ́ПЕР (англ. scraper ад scrape скрэбці),
землярыйна-транспартная машына цыклічнага дзеяння для паслойнага зразання, транспартавання, адсыпкі ў насып ці адвал і разраўноўвання грунту. Рабочы орган С. — коўш з нажом, які загружаецца свабодна пад дзеяннем цягавага намагання пры руху машыны або прымусова канвеерам (напр., элеватарам) з аўтаматызаваным кіраваннем.
Бываюць прычапныя да трактара (2- або 1восевай канструкцыі), паўпрычапныя на базе 2-восевых трактароў і цягачоў, самаходныя на базе аднавосевых цягачоў, у т. л. з дызель-эл. прыводам і матор-коламі. Умяшчальнасць каўша да 40 м³ і больш, адлегласць транспартавання грунту да 2,5 км і больш. С. наз. таксама рабочы орган (коўш) канатна-скрэперных установак, якія выкарыстоўваюцца на экскавацыйных, трансп. і інш. земляных работах на паверхні, пад зямлёй і пад вадой. Прывод каўша — ад лябёдкі праз сістэму канатаў і блокаў. На Беларусі С. выпускае Магілёўскі аўтамаб.з-д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛТА́ЎСКАЯ БІ́ТВА 1709,
генеральная бітва паміж расійскімі і шведскімі войскамі 8.7.1709 каля г. Палтава (Украіна) у час Паўночнай вайны 1700—21. У канцы крас. 1709 войскі Карла XII (больш за 30 тыс.чал., 32 гарматы) асадзілі Палтаву, гарнізон якой (4,2 тыс. салдат, 2,5 тыс.узбр. гараджан, 29 гармат) 2 месяцы адбіваў іх штурмы. У канцы мая да Палтавы падышлі гал. сілы рас. арміі на чале з Пятром I (42 тыс. салдат, 72 гарматы), каля в. Якаўцы пабудавалі ўмацаваны лагер з рэдутамі. Уначы 8 ліп. шведы (20 тыс.чал.) пад камандаваннем фельдмаршала К.Г.Рэншыльда (Карл XII 28 чэрв. ў час рэкагнасцыроўкі быў паранены) пачалі наступаць; 10 тыс., у т. л. частка запарожскіх і ўкр. казакоў, засталіся пад Палтавай і ў рэзерве. Пасля сутычкі са шведамі рас. конніца адышла пад прыкрыццё сваёй пяхоты і артылерыі. Шведы, трапіўшы пад моцны агонь, вымушаны былі пачаць адступленне, якое пад націскам рас. войск перарасло ва ўцёкі. 11 ліп.рас. конніца ўзяла ў палон рэшткі швед. войска. Карл XII і гетман Мазепа з невял. атрадам уцяклі на тэр. Асманскай імперыі. Шведы страцілі 9234 чал. забітымі і больш за 18 тыс. палоннымі, 32 гарматы, увесь абоз; рускія — 1345 чал. забітымі, 3290 параненымі. У выніку П.б. ў вайне наступіў пералом на карысць Расіі. Перамозе ў П.б. садзейнічаў поспех рас. войск у бітве каля в.Лясная ў 1708, якую Пётр I назваў «маці Палтаўскай баталіі».
Літ.:
Тарле Е.В. Северная война и шведское нашествие на Россию. М., 1958;
Дядиченко В.А. Полтавська битва. Київ, 1962.
Да арт.Палтаўская бітва 1709. Палтаўская баталія 27.6.1709. Другі этап. Гравюра Лармесена з арыгінала П.-Д.Мартэна Малодшага. 1-я чвэрць 18 ст. (фрагмент).