АЛІБІДЭМІ́Я (ад а... + лібіда),

поўная адсутнасць лібіда. Уласціва пераважна жанчынам. Найчасцей вынік прыроджаных або набытых нейраэндакрынных расстройстваў, якія прыводзяць да недаразвіцця ўсёй палавой сферы (інфантылізму) або да другаснага зніжэння (амаль да поўнага знікнення) палавой цягі. Прычынай алібідэміі з’яўляюцца таксама інтаксікацыі наркотыкамі, нейралептыкамі, транквілізатарамі, постінфекц. пашкоджанні гіпаталамуса, узроставая інвалюцыя (гл. Клімакс). У выключных выпадках А. можа быць вынікам няправільнага выхавання. У мужчын надзвычай рэдкая і абумоўлена ў асноўным глыбокай паталогіяй гіпаталама-гіпафізарна-ганаднай сістэмы, часцей недаразвіццём усёй палавой сістэмы.

т. 1, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫФРЫ́З (ад анты... + лац. freeze замярзаць),

вадкасць з нізкай тэмпературай замярзання, прызначаная для ахаладжэння рухавікоў унутр. згарання, радыёэлектроннай апаратуры, прамысл. цеплаабменнікаў, якія працуюць пры нізкіх т-рах. Як антыфрыз выкарыстоўваюць водныя растворы этыленгліколю, гліцэрыны, спіртоў (метылавага, этылавага і ізапрапілавага), неарган. соляў (пераважна хлорыстага кальцыю); т-ра замярзання залежыць ад прыроды і канцэнтрацыі рэчываў і можа быць ад -10 да -75 °C. У тэхніцы выкарыстоўваюць 52,6 і 66%-ныя растворы этыленгліколю з т-рай замярзання -40 і -65 °C адпаведна.

т. 1, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДАСАМЕ́НТ (ням. Indossament ад лац. in на + dorsum спіна),

перадатачны надпіс, які выконваецца на адваротным баку вэксаля, чэка, канасамента і некаторых інш. каштоўных папер і азначае перадачу правоў па гэтых дакументах ад адной асобы (індасанта) да іншай (індасату). І. можа быць імянны, ордэрны (указваецца асоба, якой ці ў распараджэнне якой перадаецца дакумент) або бланкавы (прад’яўнічы, без пазначэння асобы, якой уступаецца дакумент). І. па вэксалю або чэку ўскладае на індасата адказнасць за плацеж па гэтым дакуменце.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАДЫФІКА́ЦЫЯ (лац. codificatio) заканадаўства, форма сістэматызацыі заканадаўства, якая заключаецца ў стварэнні новага зводнага кадыфікацыйнага акта на аснове перапрацоўкі дзеючых норм, выключэння з іх супярэчнасцей і недахопаў, адмены неэфектыўных і ўстарэлых норм. У выніку замест вял. колькасці юрыд. нарматыўных дакументаў ствараецца адзіны зводны акт, чым дасягаецца большая дакладнасць і эфектыўнасць у прававым рэгуляванні. К. можа быць усеагульная (пераглядаецца ўсё заканадаўства дзяржавы), галіновая (перапрацоўваюцца нормы пэўнай галіны заканадаўства), спецыяльная (пераглядаюцца нормы якога-н. прававога інстытута). Гл. таксама Кодэкс, Інкарпарацыя.

т. 7, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОРТ (англ. court),

пляцоўка для гульні ў тэніс, якая раздзелена сеткай на 2 роўныя ч. і размечана лініямі. Для адзіночнай гульні мае памеры 23,77 × 8,23 м; для парнай — 23,77 × 10,97 м. Памеры са свабоднай прасторай павінны быць не менш за 36 × 18 м (звычайна 40 × 20 м). Выш. сеткі над сярэдняй лініяй 0,91 м, каля слупоў 1,07 м. Мае гліна-пясчаны грунт, можа мець травяное, драўлянае, коркавае, асфальтавае ці бетоннае пакрыццё. Абносіцца загараджальнай сеткай для затрымання мяча.

т. 8, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУАНСО́Н (франц. poinęon),

1) у металаапрацоўцы — адна з асн. дэталей інструменту, што выкарыстоўваецца пры штампоўцы і прасаванні. Пры штампоўцы П. аказвае непасрэдны ціск на метал, што апрацоўваецца, і ў залежнасці ад прызначэння можа быць прашыўным, прабіўным, прасечным ці вырубным. Пры прасаванні П. перадае ціск праз прэс-шайбу на загатоўку, што выціскаецца праз матрыцу.

2) У паліграфіі — стальны брусок прамавугольнага сячэння з рэльефным відарысам літары, знака і інш., які служыць для атрымання паглыбленага відарыса пры вырабе матрыц.

т. 13, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАТУ́ТНЫ КАПІТА́Л,

вызначаная статутам акц. т-ва сума зыходнага капіталу ў грашовым выражэнні, якая неабходна для пачатку дзейнасці гэтага т-ва. Утвараецца за кошт грошай, атрыманых ад продажу акцый, дзярж. сродкаў, прыватных капіталаў заснавальнікаў. Узнос у С.к. можа быць грашовы, маёмасны (зямля, збудаванні), у форме аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці (патэнты, ліцэнзіі, праекты). С.к. стварае матэрыяльна-рэчавую, грашовую, навук.-тэхн., інфарм. аснову дзейнасці акц. т-ва. Адлюстроўваецца ў пасіве балансу ў першапач. вартасці. С.к. называюць таксама дазволены, асноўны, зарэгістраваны, падпісны, намінальны.

т. 15, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТУПЕ́ННЫ ШЭ́РАГ,

функцыянальны шэраг віду a0 + a1z + a2z​2 +... + anz​n + ... дзе каэфіцыенты a0, a1, a2 ... an... — камплексныя лікі, не залежныя ад камплекснай пераменнай z. Вобласцю збежнасці С.ш. з’яўляецца адкрыты круг |z|<R з цэнтрам у пункце z = 0 (круг збежнасці), ва ўсіх унутраных пунктах якога С.ш. збягаецца абсалютна, па-за яго межамі — разбягаецца, на мяжы — можа быць збежным ці разбежным. Для сапраўдных z круг збежнасці пераўтвараецца ў інтэрвал збежнасці, а сам С.ш. — у Тэйлара шэраг.

А.​А.​Гусак.

т. 15, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́НІКА (ад франц. note tonique літар. — танічная нота),

цэнтральны ўстойлівы элемент (устой) танальнасці. гал. ўстойлівы гук сістэмы (у мажоры і міноры I ступень ладу); асн. акорд лада (звычайна мажорнае ці мінорнае трохгучча), які будуецца на гал. устойлівым гуку. Усе інш. элементы лада маюць пэўную функцыю ў залежнасці ад гукавышынных суадносін з Т. — асновай гарманічнага працэсу. Т. дае назву ўсёй сістэме (до мажор, ля мінор). У музыцы 20 ст. Т. можа быць і дысанантны акорд.

Т.​А.​Дубкова.

т. 15, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАСЦІРАДКО́ВІК,

верш з 6 вершарадоў, завершаных па метрычным, інтанацыйна-сінтаксічным малюнку і па думцы. Вызначаюцца паглыбленым лірычным роздумам, афарыстычнасцю паэт. выказвання. Рыфмоўка ў ім можа быць розная: ААББВВ, аБаБвв і інш., напр.:

О, колькі ў нас нянек у літаратуры,
Дарадчыкаў і невясёлых і хмурых,
Прыхільнікаў розных сіропаў і сосак,
Ахоўнікаў сцёртых пытальнікаў, косак,—
Што часам шукае ў натоўпе рука
Сустрэць хоць бы нейкага ерэтыка.
(М.​Танк. «О, колькі ў нас нянек у літаратуры...»)

В.​П.​Рагойша.

т. 17, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)