ПАРЭ́ЧКІ (Ribes),

род кветкавых раслін сям. агрэставых. Каля 150 відаў. Пашыраны ў халодным і ўмераным паясах Еўразіі, Амерыкі і ў Афрыцы (Атласкія горы). На Беларусі 6 дзікарослых і культурных відаў П.: альпійскія (R. aiplinum), залацістыя (R. aureum), пушыстыя (R. spicatum), светлыя (R. lucidum), чорныя (R. nigrum), чырвоныя (R. rubrum). Трапляюцца ў вільготных лясах, сярод хмызнякоў, ускрай балот і па берагах рэк; культывуюцца ў прамысл. і аматарскім садаводстве. 14 відаў інтрадукавана ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі.

Лістападныя, радзей вечназялёныя кусты выш. да 2 м. Парасткі гладкія, часам шыпаватыя. Лісце простае, чаргаванае, голае або апушанае, бывае з залозкамі. Кветкі ў гронках, двух- ці аднаполыя. Плод — ягада. Віды П. аб’ядноўваюць у 3 групы. Для П. чорных характэрны спецыфічны пах з-за наяўнасці залозак на ніжняй паверхні лісця. Вядомыя сарты: Беларускія салодкія, Галубка, Мінай Шмыроў, Кантата-50, Паўлінка. Група П. чырвоных як лек. расліна вядомая з 14 ст., як ягадная — з 16 ст. Сарты: Галандскія чырвоныя, Вялікія белыя, Ненаглядныя. Група П. залацістых эндэмічная для Паўн. Амерыкі. Харч., лек., дэкар. расліны.

Літ.:

Волузнев А.Г. Ягодный сад. Мн., 1970;

Валягина-Малютина Е.Т. Деревья и кустарники Средней полосы Европейской части России. СПб., 1998.

Парэчкі. Сарты: 1 — Беларускія салодкія; 2 — Галубка; 3 — Мінай Шмыроў; 4 — Кантата 50; 5 — Галандскія чырвоныя; 6 — Вялікія белыя.

т. 12, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬЗА́МЫ (ад грэч. balsamon араматычная смала),

натуральныя сумесі арган. рэчываў, пераважна эфірных алеяў, раствораных у іх смолаў, араматычных злучэнняў і інш. кампанентаў. Большасць — празрыстыя або афарбаваныя сіропападобныя вадкасці з прыемным пахам і вострым горкім смакам, раствараюцца ў арган. растваральніках, на паветры паступова гусцеюць і цвярдзеюць, у арганізме чалавека і жывёл часткова акісляюцца.

Бальзамы — прадукты жыццядзейнасці раслін: назапашваюцца ў міжклетніках або смаляных хадах кары, радзей драўніны і лісця, ці ўтвараюцца пры іх пашкоджванні. Мяркуюць, што яны выконваюць у раслінах ахоўную функцыю. Бальзамы ёсць у некаторых бальзамных раслінах тропікаў (мекскі, капайскі, перуанскі, талуанскі бальзам і інш.), сярэдніх і паўн. шырот (кедравы бальзам, хваёвы бальзам, або жывіца, піхтавы бальзам, канадскі бальзам і інш.). Атрымліваюць пераважна падсочкай дрэў у перыяд іх вегетацыі. На Беларусі здабываюць бальзамы хвоі і елкі (больш за 10 тыс. т за год). Выкарыстоўваюцца ў медыцыне (у залежнасці ад саставу маюць антысептычнае, мясцовараздражняльнае, процізапаленчае, адхарквальнае, мачагоннае, антыгельмінтнае і дэзінфекцыйнае дзеянне, сродак для лячэння экзем, ганарэі і інш. захворванняў, бальзаміравання трупаў), у касметыцы, хім. (выраб лакаў, палітур, эмаляў, шкіпінару, фотарэагентаў, хіміка-фармацэўтычных прэпаратаў і інш.), парфумернай прам-сці, у оптыцы.

Бальзамамі называюць таксама штучныя сумесі (напр., мускатны бальзам — сумесь мускатнага алею, воску і аліўкавага алею; бальзам Шастакоўскага, або вінілін — полівінілбутылавы эфір) ці спіртавыя растворы эфірных алеяў, настояў траў і інш. («Беларускі бальзам», «Рыжскі бальзам», «Бальзам Бітнера» і інш.). Штучныя бальзамы таксама выкарыстоўваюць у медыцыне, парфумерыі і касметыцы, як харчовыя прадукты і інш.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 2, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРАЧА́НСКА-ДЗІ́СЕНСКІЯ ДЫВАНЫ́,

бел. маляваныя дываны. Былі пашыраны ад Нарачы на Пд да Дзісны на Пн (Мядзельскі, Вілейскі р-ны Мінскай вобл., Пастаўскі, Шаркаўшчынскі, Глыбоцкі, Міёрскі, Докшыцкі р-ны Віцебскай вобл.). Вядомы з пач. 20 ст. Найб. пашыраны ў 1930—50-я г. Выконваліся на сшытым з двух палотнішчаў кавалку льнянога палатна памерам 1,5 × 2 м, афарбаванага ў чорны колер. З аднаго палотнішча (1,5 × 1 м) называліся паўдыванамі, з палавіны палотнішча (0,75 × 1 м) — макаткамі (своеасаблівыя насценныя дывановыя сурвэткі). Размалёўвалі дываны пераважна алейнымі ці клеявымі фарбамі. Для нанясення асн. дэталей малюнка звычайна карысталіся трафарэтам, прапрацоўку дробных дэталей, нанясенне святлаценяў рабілі ад рукі. Кампазіцыя дываноў — у цэнтры букет кветак у вазе, кошыку ці перавіты стужкай, па краях гірлянда з кветак і лісця. Часта ў кампазіцыю ўключаліся выявы птушак і ініцыялы аўтараў ці заказчыкаў. Для паўдываноў і макатак характэрны кампазіцыі з парай выкананых у наіўна-рэаліст. манеры львоў, аленяў, галубоў, скіраваных галовамі да цэнтра. У Докшыцкім р-не, дзе выкарыстоўвалі пераважна клеявыя фарбы, дываны адметныя дэкаратыўнасцю, умоўнасцю выяў, лакальнымі колерамі. Дываны інш. раёнаў, выкананыя алейнымі фарбамі, адлюстроўваюць імкненне да большай рэалістычнасці выявы. Лепшыя майстры: А.​Багаткевіч, Л.​Ючковіч (Докшыцкі р-н), Г.​Курыловіч (Шаркаўшчынскі р-н), М.​Папок (Мядзельскі р-н), У.​Бабіч, Ф.​Сухавіла (Глыбоцкі р-н), М.​Марозька (Міёрскі р-н) і інш. Выйшлі з ужытку.

Літ.:

Сахута Я. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Нарачанска-дзісенскія дываны. Г.​Курыловіч. Дыван. 1984. Г.п. Шаркаўшчына Віцебскай вобл.

т. 11, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ РЫ́ТМЫ, біярытмы,

цыклічныя ваганні інтэнсіўнасці і характару біял. працэсаў і з’яў, уласцівыя амаль усім жывым арганізмам (ад аднаклетачных да чалавека), ізаляваным органам і тканкам, асобным клеткам. Біялагічныя рытмы накіраваны на падтрымку гамеастазу і адаптацыі, адлюстроўваюць цячэнне часу ў біялагічных сістэмах. Класіфікацыя біялагічных рытмаў заснавана на паняцці цыкла (паслядоўнасці станаў са зваротам да зыходнага) і часу паміж станамі сістэмы, якія паўтараюцца (даўжыні перыяду); яна ўключае дыяпазон перыядаў ад мілісекунды да некалькіх гадоў. Адрозніваюць 5 класаў біялагічных рытмаў: рытмы высокай частаты, ад доляў секунды да 30 мін (асцыляцыі на малекулярным узроўні, рытмы скарачэння сэрца, дыханне, перыстальтыка кішэчніка); рытмы сярэдняй частаты, ад 30 мін да 28 гадз, у т. л. ультрадыянныя (да 20 гадз) і цыркадыянныя, ці калясутачныя (20—28 гадз), якія звязаны з вярчэннем Зямлі вакол восі; мезарытмы: інфрадыянныя (28 гадз — 6 дзён) і цыркасептальныя (каля 7 дзён); макрарытмы з перыядам ад 20 дзён да аднаго года; мегарытмы з перыядам у гады і дзесяткі гадоў. Біялагічныя рытмы класіфікуюць таксама па ўзроўнях арганізацыі біясістэмы: клетачныя, органавыя, арганізмавыя, папуляцыйныя. Біялагічныя рытмы раслін праяўляюцца ў сутачным руху лісця, пялёсткаў, сезонным адраўненні парасткаў, якія зімуюць. Біялагічныя рытмы жывёл выяўляюцца ў перыядычнасці рухальнай актыўнасці, тэмпературы, сакрэцыі гармонаў, праліферацыі клетак, сінтэзе РНК, утварэнні рыбасом і інш. Вызначаны рытмы адчувальнасці клетак, тканак, органаў і арганізма да дзеяння фактараў хім. і фіз. прыроды. З парушэннем часавай арганізацыі фізіял. функцый звязаны шматлікія паталагічныя працэсы. Біялагічныя рытмы вывучае біярытмалогія.

Літ.:

Биологические ритмы: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1984;

Хронобиология и хрономедицина. М., 1989.

А.​С.​Леанцюк.

Да арт. Біялагічныя рытмы. Сярэдняя працягласць некаторых рытмічных працэсаў арганізма чалавека.

т. 3, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРБА́ (Salix),

род кветкавых раслін сям. вярбовых. Каля 350 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. Утвараюць шматлікія міжвідавыя гібрыды. На Беларусі 16 дзікарослых і каля 20 інтрадукаваных відаў. З дзікарослых найб. пашыраныя: вярба белая, або белалоз (Salix alba); казіная, або брэднік (Salix caprea); пяцітычынкавая, або вербалоз (Salix pentandra); пурпуровая, або жаўталоз (Salix purpurea); вастралістая, або ракіта, шэлюга, чырвоная вярба (Salix acutifolia); ломкая (Salix fragilis); трохтычынкавая, або белатал (Salix triandra); попельная (Salix cinerea); вушастая (Salix aurita); размарыналістая (Salix rosmarinifolia); кошыкавая, або прутападобная, руская (Salix viminalis); Старка, або прысадзістая (Salix starkeana). Растуць па берагах рэк, сажалак, у мяшаных лясах, на забалочаных лугах і балотах, на дзюнах і каля дарог. Некат. віды вытрымліваюць працяглае затапленне. Дрэвавыя віды часам утвараюць вярбовыя лясы, куставыя — зараснікі (вербалозы, вербнякі). Да рэдкіх відаў належаць вярба шарсцістапарасткавая (вядома каля 20 месцаў росту) і чарнічная, якая занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. У зялёным буд-ве выкарыстоўваюцца пераважна інтрадукаваныя вярба Шверына (Salix schwerini) і Зібальда (Salix sieboldii). Куставыя віды вярбы называюць таксама лазой, лазняком.

Лістападныя двухдомныя насякомаапыляльныя дрэвы, кусты і кусцікі. Лісце суцэльнае, чаргаванае, рэдка — супраціўнае. Кветкі аднаполыя, дробныя, без калякветніка, з нектарнікамі, у прамастойных ці павіслых мужчынскіх і жаночых каташках. Цвітуць ранняй вясной да распускання лісця. Плод — шматнасенная каробачка. Насенне з доўгаваласістай лятучкай. Лек. (прэпараты з кары — вяжучы, гарачкапаніжальны, кроваспыняльны сродак), тэхн. (некат. хуткарослыя віды ідуць на стварэнне т.зв. «энергетычных плантацый»), дубільныя і меданосныя расліны. Выкарыстоўваюцца для азелянення і ў дэкар. садоўніцтве. Размнажаюць вярбу чаранкамі і каламі. Маладыя парасткі ідуць на пляценне кошыкаў, мэблі, агароджы; драўніна — на розныя вырабы; галінкі, лісце, пупышкі — на корм хатнім і дзікім жывёлам; кара — каштоўны дубільнік, выкарыстоўваецца на выраб. лек. прэпарату саліцыну.

Вярба белая.

т. 4, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЛКА (Picea),

род голанасенных раслін сям. хваёвых; адна з гал. лесаўтваральных парод. Каля 45 відаў. Пашырана пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 дзікарослы від — Е. звычайная, або еўрапейская (P. abies), і 13 інтрадукаваных: Е. калючая (P. pungens), канадская, або белая (P. canadensis), сербская, або балканская (P. omorica), Энгельмана (P. engelmannii), сібірская (P. obovata), усходняя (P. orientalis) і інш. Е. звычайная распаўсюджана амаль па ўсёй тэр. Беларусі і мае паўд. мяжу арэала (адначасова гэта і паўд. мяжа Еўразіяцкай хвойна-лясной геабат. падвобласці). На Палессі трапляецца ў выглядзе ізаляваных астравоў. Вядома 31 астраўное насаджэнне, 5 з іх — ельнікі Гарбавіцкія, Добрушскія, Маларыцкія, Мяднянскія і Пажэжынскія — помнікі прыроды рэсп. значэння.

Даўгавечныя (жывуць да 300—500 і больш гадоў); аднадомныя, шматгадовазялёныя дрэвы з прамым ствалом і густой конусападобнай кронай. Е. звычайная мае мноства дэкар. форм: з пірамідальнай, ніцай, шарападобнай і інш. кронамі. Каранёвая сістэма часцей паверхневая. Кара тонкая, у маладых дрэў гладкая, потым пласціністая. Галінкі размешчаны даволі правільнымі кальчакамі. Лісце (ігліца) 4-граннае, радзей пляскатае, востраканцовае, спіральна або невыразна двухрадкова размешчанае, трымаецца на галінках 7—9 і больш гадоў. Стробілы (шышкі) паяўляюцца ўвесну на леташніх парастках: мікрастробілы (мужч. шышкі) — па некалькі ў пазухах лускападобнага лісця; мегастробілы (жан. шышкі) — адзіночныя, размешчаны бліжэй да верхавінак. Спелыя шышкі падоўжана-цыліндрычныя, верацёна- або яйцападобныя, звіслыя, ападаюць пасля выспявання насення. Насенне з лыжкападобнымі крыльцамі, выспявае восенню ў год апылення. Размнажаецца насеннем і зрэдку вегетатыўна (атожылкамі). Драўніна мяккая, выкарыстоўваецца ў буд-ве, вытв-сці цэлюлозы, муз. інструментаў; з яе атрымліваюць смалу, шкіпінар, каніфоль, дзёгаць. Кара — асн. сыравіна ў вытв-сці дубільнікаў (танідаў). Большасць відаў — дэкар. дрэвы, выкарыстоўваюцца ў садова-паркавым буд-ве і як ахоўныя насаджэнні ўздоўж дарог.

Г.​У.​Вынаеў.

Елка звычайная.

т. 6, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛЬМЫ, арэкавыя (Palmae, або Arecaceae),

сямейства аднадольных кветкавых раслін. Каля 250 (па інш. звестках 212) родаў, каля 3400 (па інш. звестках 2780) відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках, некат. — у субтропіках. Растуць у вільготных трапічных лясах, саваннах, аазісах пустынь, у гарах, на марскіх узбярэжжах. Культывуюць больш за 220 відаў. Найб. гасп. значэнне маюць П. алейная, какосавая, сагавая, фінікавая. На Беларусі ў аранжарэях і пакоях вырошчваюць фінікавую. пальму, віды трахікарпуса, хамеропса (Chamaerops) і інш.

Дрэвападобныя расліны (кусты) выш. да 60 м, дыяметр ствала да 1 м. Звычайна ствалы не галінастыя, калонападобныя з кронай лісця на вяршыні, у большасці гладкія, у некат. — з рэшткамі лісцевых чаранкоў і похваў, у інш. — бочкападобнаўздутыя. Ёсць т.зв. бессцябловыя П. (надземныя сцёблы амаль ці поўнасцю адсутнічаюць і над зямлёй узвышаецца лісце), лазячыя ліяны з тонкімі (дыяметрам 2—3 см) і доўгімі (даўж. да 180 м) сцёбламі (ратангавыя П.). Лісце чаргаванае, перыстае (даўж. да 15 м) або веернае (дыяметрам больш за 5 м). Зацвітаюць звычайна на 5—12-ы, часам на 30—50-ы год. Кветкі дробныя, пераважна аднаполыя. Суквецці мяцёлчатыя або коласападобныя, пазушныя, у некат. — верхавінкавыя. Ствалы П. з верхавінкавымі суквеццямі пасля плоданашэння адміраюць (монакарпічныя расліны). Плады не раскрываюцца, сакаўныя або сухія, пераважна касцянкападобныя ці ягадападобныя. Па гасп. значэнні сярод раслін П. займаюць адно з першых месц. З іх атрымліваюць ядомыя плады, харч. і тэхн. алей, цукры, віны, спірт, раслінны воск, т.зв. расл. слановую косць (цвёрдае насенне некат. П.), будаўнічую і вырабную драўніну, сыравіну для вытв-сці паперы, валакна і інш. Дэкар. расліны.

Літ.:

Сааков С.Г. Пальмы и их культура в СССР. М.; Л., 1954;

Имханицкая Н.Н. Пальмы. Л., 1985.

В.​В.​Маўрышчаў.

т. 12, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХА́ЛІШСКІ КАСЦЁЛ І КЛЕ́ШТАР АЎГУСЦІ́НЦАЎ,

помнік архітэктуры ранняга барока ў в. Міхалішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. Кляштар засн. ў 1622 рэферэндарыем ВКЛ Я.​Ц.​Бжастоўскім, які аддаў кляштару фальварак Рудашаны, а яго сын Цыпрыян Павел — Мілашуны і Буйвідзы. Быў філіялам Віленскага кляштара аўгусцінцаў. У 1839 кляштар закрыты. У 1653 (паводле інш. звестак у 1662) тут пабудаваны мураваны касцёл Міхаіла Архангела (арх. К.​Пенс) — 2-вежавы 1-нефавы храм з 5-граннай апсідай і нізкімі бакавымі сакрысціямі, накрыты 2-схільным (над апсідай вальмавым) дахам. Нязначны перапад вышынь зальнай ч., апсіды і вежаў стварае ступеньчатую кампазіцыю сілуэта будынка. Гал. фасад завершаны чацверыковымі вежамі з шатровымі дахамі і шчытом з трохвугольным франтонам паміж імі, раскрапаваны нішамі. Вежы падзелены на 2 ярусы карнізам, які праходзіць па ўсім перыметры касцёла. Пры ўваходзе невысокі паўкруглы ў плане прытвор-барбакан. Бакавыя плоскасныя сцены прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі. У ніжніх ярусах вежаў — капліцы, паміж якімі на шырокай арцы галерэя хораў. Інтэр’ер дэкарыраваны 8 стукавымі рэльефнымі алтарамі і пано, 12 скульпт. выявамі апосталаў на кансолях, пуцці, маскаронамі, картушамі, лісцем аканта і інш. (выкананы ў канцы 17 ст. арцеллю італьян. і мясц. майстроў на чале з П.​Перці і М.​Жылевічам). Бакавыя алтары акаймаваны барэльефнай арнаментальнай вяззю з лісця аканта з укампанаванымі ў завіткі выявамі міфалагічных істот. Багатым дэкорам з пазалочанага разнога дрэва ўпрыгожаны амбон з балдахінам. У капліцах каваныя рашоткі 18—19 ст. У 1-ю сусв. вайну ў 1915 касцёл пашкоджаны, у 1920-я г. адноўлены. Іл. гл. таксама да арт. Акант, Барока, Вязь.

А.​М.​Кулагін, Л.​Г.​Лапцэвіч, А.​Л.​Ярашэвіч.

Міхалішскі касцёл і кляштар аўгусцінцаў. Касцёл.

т. 10, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗА (Betula),

род кветкавых раслін сям. бярозавых. Каля 140 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і ад гор субтропікаў да арктычных тундраў. На Беларусі 6 дзікарослых і 44 інтрадукаваныя віды рознага геагр. паходжання. Бяроза павіслая, або бародаўчатая (B. pendula), і пушыстая, або белая (B. pubescens), утвараюць бярозавыя лясы; карэльская, або чачотка (B. carelica), і няясная, або цёмная (B. obscura), з амаль чорнай па ўсім ствале карой, трапляюцца рэдка асобнымі дрэвамі ці невял. групамі пераважна на ўзвышшах у зах. і цэнтр. раёнах; нізкая (B. humilis) і карлікавая (B. nana) — кустовыя расліны, утвараюць хмызнякі на балотах і па берагах балотных азёр. Б. карлікавая занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. З інтрадукаваных у зялёным буд-ве найчасцей выкарыстоўваюцца бяроза папяровая (B. papyrifera), жоўтая (B. lutea), вязалістая (B. ulmifolia), Эрмана (B. ermanii), японская (B. japonica), блакітная (B. coerulea), туркестанская (B. turkestanica), даурская (B. dahurica), рабрыстая (B. costata) і Шміта, або жалезная (B. schmidtii).

Аднадомныя лістападныя дрэвы або кусты і кусцікі з гладкай ці трэшчынаватай, часцей белай, радзей шэрай і інш. колеру карой. Лісце суцэльнае (у садовых формаў бывае рассечанае), на чаранках. Кветкі аднаполыя, у тычынкавых і песцікавых каташках, распускаюцца ў крас.—маі, амаль адначасова з лісцем, апыляюцца з дапамогай ветру. Плады — дробныя аднанасенныя арэхі з плёначнымі крылцамі па баках. Лесаўтваральнікі, дэкар., лек. (пупышкі і маладое лісце выкарыстоўваюць у медыцыне як жаўцягонны, мачагонны і процізапаленчы сродак), харч. (бярозавы сок мае да 20% цукру, спажываецца як напітак), кармавыя (галінкі з лісцем служаць кормам для жывёлы, пупышкі і каташкі — для птушак) і тэхн. (з драўніны атрымліваюць метылавы спірт, ацэтон, воцат, актываваны вугаль, вырабляюць фанеру, мэблю, лыжы і інш. вырабы; з кары здабываюць дзёгаць, з лісця — фарбу для шэрсці) расліны. Выкарыстоўваюцца на лесаўзнаўленне, азеляненне населеных месцаў, прысады каля дарог, у проціпажарных і полеахоўных палосах, для замацавання адхонаў і інш.

В.​Ф.​Пабірушка.

Бяроза: павіслая (уверсе); карэльская.

т. 3, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІРГІ́НСКІЯ АСТРАВЫ́ (Virgin Islands),

уладанне ЗША у Вест-Індыі, на Малых Антыльскіх а-вах. Пл. 355 км².

Нас. 104 тыс. чал. (1993). Адм. ц.г. Шарлота-Амалія (12,3 тыс. ж., 1990) на в-ве Сент-Томас. Афіц. мова англійская. Дзейнічае Перагледжаны арганічны закон Віргінскіх астравоў, прыняты кангрэсам ЗША у 1954. Агульны нагляд за астравамі ажыццяўляе мін-ва ўнутр. спраў ЗША. Выканаўчая ўлада належыць губернатару (выбіраецца на 4 гады). Паводле рэкамендацый заканад. сходу ён прызначае кіраўнікоў 12 выканаўчых дэпартаментаў і 2 адм. памочнікаў, яны прадстаўляюць яго на а-вах Сент-Джон і Санта-Крус. Аднапалатны заканад. сход складаецца з 15 сенатараў, якія выбіраюцца на 2 гады. Законы, прынятыя ім, зацвярджаюцца губернатарам. З 1973 астравы маюць 1 дэпутата (без права голасу) у палаце прадстаўнікоў кангрэса ЗША.

Уладанне ўключае больш за 50 астравоў і рыфаў, найб. з іх Санта-Крус (218 км²), Сент-Томас (83 км²), Сент-Джон (52 км²). Астравы гарыстыя (г. Краўн, 474 м), складзены з вапнякоў і вулканічных крышт. парод. Т-ра паветра 21—29 °C (зімой), 24—31 °C (летам). Ападкаў 1200 мм за год, летам і восенню частыя ўраганы. Захаваліся ўчасткі трапічных лясоў, асабліва на в-ве Сент-Джон, ​2/3 тэр. якога займае аднайменны нац. парк. Мясцовае насельніцтва — негры і мулаты (больш за 80%), жывуць таксама пуэртарыканцы, выхадцы з ЗША і інш. Найб. населены а-вы Санта-Крус (50,1 тыс. чал.) і Сент-Томас (48,2 тыс. чал.). Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты. Асн. галіна гаспадаркі — абслугоўванне замежных турыстаў. Штогод астравы наведвае каля 1,5 млн. турыстаў, пераважна з ЗША. У прам-сці гал. ролю адыгрываюць прадпрыемствы на в-ве Санта-Крус: нафтаперапрацоўчы (адзін з найб. у свеце, магутнасць 36,4 млн. т за год) і алюмініевы з-ды. Выпрацоўка электраэнергіі каля 1 млрд. кВтгадз штогод. Ёсць прадпрыемствы па зборцы гадзіннікаў з імпартаваных дэталей, па вытв-сці шарсцяных, фармацэўтычных і духмяных вырабаў, рому. Вырошчваюць цукр. трыснёг, садавіну, агародніну, на в-ве Санта-Крус — сорга. Спецыфічная галіна — выраб алею з лаўровага лісця (в-аў Сент-Джон). Жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі, свінні) і рыбалоўства (каля 1 тыс. т штогод). Транспарт аўтамаб. і марскі. 2 міжнар. аэрапорты. Грашовая адзінка — долар ЗША.

Гісторыя. Адкрыты Х.​Калумбам у 1493. Першыя паселішчы засн. ў 1625 на в-ве Санта-Крус англ. і франц. каланістамі. У розны час гэтым востравам валодалі англічане, французы, іспанцы і Мальтыйскі ордэн. У 1733 куплены Даніяй, афіцыйна абвешчаны яе калоніяй у 1754. У 1672 і 1683 датчане каланізавалі таксама а-вы Сент-Томас і Сент-Джон. У час дацкага панавання в-аў Сент-Томас ператвораны ў цэнтр гандлю, у т. л. рабамі, в-аў Сент-Джон заняты плантацыямі цукр. трыснягу, на якіх выкарыстоўвалася праца рабоў. За час існавання рабства (да сярэдзіны 19 ст.) на астравы завезена 28 тыс. неграў-рабоў. Данія валодала Віргінскімі астравамі да 1917 (за выключэннем перыяду напалеонаўскіх войнаў 1799—1815), потым прадала іх ЗША за 25 млн. долараў.

Дзейнічаюць аддзяленні Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партый ЗША, а таксама Рух незалежных грамадзян, Прагрэс. рэсп. партыя і Аб’яднаная нар. партыя, якая выступае за незалежнасць Віргінскіх астравоў.

т. 4, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)