КУР’Я́Н (Уладзімір Мітрафанавіч) (н. 25.3.1954, Мінск),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1984, клас Дз.Смольскага). З 1984 заг. муз. часткі Нац. акад. т-ра імя Я.​Купалы.

Яго творчасць адметная тэатральнасцю мыслення, спалучэннем сучасных сродкаў выразнасці акад. і масавых жанраў, нац. характэрнасцю, незвычайнымі тэмбрава-каларыстычнымі вырашэннямі. Сярод твораў: рок-опера «Масфан» на ўласнае лібрэта (паст. 1976), опера «Фантазія» паводле Казьмы Пруткова (1984), мюзіклы «Ідылія» паводле В.​Дуніна-Марцінкевіча (паст. 1993) і «Карлік Нос» паводле В.​Гаўфа (паст. 1998), вак.-сімф. паэма «Памяці маці» на словы Р.​Барадуліна (1985), канцэрт для цымбалаў і камернага арк. (1989); сюіта «Капыльскія дудары», паэмы «Жураўліная песня Палесся» і «Курган» для нар. арк., «Вясковая сюіта» для ансамбля нар. інструментаў, варыяцыі «Перазвоны» для цымбалаў, сюіта для фп. і чытальніка «Вясёлая нядзелька», вак. цыкл на вершы Р.​Бёрнса, «Чатыры сны» для голасу і альта, 3 стр. квартэты (1984, 1987, 1990); музыка да драм. спектакляў («Гаральд і Мод» К.​Хігінса і Ж.​К.​Кар’ера, «Ажаніцца — не журыцца» Далецкіх і М.​Чарота, «Тутэйшыя» Я.​Купалы, «Дракон» Я.​Шварца, «Інтымны тэатр Е.​Міровіча»), кінафільмаў і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.

Р.​М.​Аладава.

т. 9, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШКАЛА́ЕВА-АПІЁК (Тамара Іванаўна) (н. 18.3.1943, в. Ляды Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1972). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). У 1966—74 працавала ў Гродзенскім абл. драм. т-ры. З 1975 у Нац. акад. т-ры імя Я.​Купалы. Выканаўца драм. роляў. Створаныя ёю вобразы вызначаюцца тонкім пранікненнем у псіхалогію характару, яркім тэмпераментам, жаночай пяшчотай і мужнасцю, спалучэннем глыбокіх пачуццяў з мяккім лірызмам. Сярод роляў: у Гродзенскім т-ры — Надзя («Трыбунал» А.​Макаёнка), Ізабела Дрозд («Амністыя» М.​Матукоўскага), Зубрыч («Трывога» А.​Петрашкевіча), Наташа («104 старонкі пра каханне» Э.​Радзінскага), Турандот («Прынцэса Турандот» К.​Гоцы), Кацярына («Навальніца» А.​Астроўскага), Алена Тальберг («Дні Турбіных» М.​Булгакава), Раксана («Сірано дэ Бержэрак» Э.​Растана) і інш; у т-ры імя Я.​Купалы — Наталля Мікалаеўна і Тамара Паўлаўна («Пагарэльцы» і «Верачка» Макаёнка), Вера («Радавыя» А.​Дударава), Каця («Эшалон» М.​Рошчына), Шындзіна («Мы, што ніжэй падпісаліся» А.​Гельмана), сакратарка («Святая святых» І.​Друцэ), Яна («Віват, імператар!» Э.​Іанеска), Ала Кастрова («Курыца» М.​Каляды), маці Гаральда («Гаральд і Мод» К.​Хігінса, Ж.​К.​Кар’ера), генеральша Крахоткіна («Вечны Фама» У.​Бутрамеева паводле Ф.​Дастаеўскага) і інш.

т. 11, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́Ў (Міхаіл Уладзіміравіч) (н. 23.12.1937, г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл.),

бел. акцёр. Нар. арг. Беларусі (1991). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1960). З 1960 працуе ў Бел. рэсп. т-ры юнага гледача. Характарны акцёр. Творчую манеру вызначаюць дакладнасць распрацоўкі характару, музыкальнасць, пластычнасць, яркая тэатральнасць і імправізацыйнасць. Лепшыя вобразы стварыў у бел. рэпертуары: Ваня («Дзеці аднаго дома» І.​Шамякіна), Марат Казей («Марат Казей» В.​Зуба), Яўмень («Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець» паводле Я.​Купалы і М.​Чарота), Пан («На ўсіх адна бяда» П.​Макаля), дзед Астап («Міколка-паравоз» паводле М.​Лынькова), Мікіта Драніца («Плач перапёлкі» І.​Чыгрынава; Нац. акад. т-р імя Я.​Купалы) і інш. Стварыў каларытныя вобразы Скіда і блазна Фесты («Два веронцы» і «Дванаццатая ноч» У.​Шэкспіра), Старога («Пушкінскія казкі» паводле А.​Пушкіна), Артамон («Прыгоды Бураціна» паводле А.​Талстога) і інш. Паставіў спектакль «Царэўна-жаба» Н.​Гернет (1979, разам з В.​Маршаком). Зняўся ў бел. фільмах «Нашы суседзі», «Чырвонае лісце», «Гарачая душа», «Пра Чырвоную Шапачку», «Рэха ў пушчы», «Трэцяга не дадзена», «Зорны хлопчык», «Купальская ноч», «Хлеб пахне порахам», «Людзі на балоце», «Полымя» і інш.

Р.​І.​Баравік.

М.У.Пятроў.
М.У.Пятроў у ролі Ката.

т. 13, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́ЕЎ (сапр. Пракоф’еў) Аляксандр Аляксандравіч

(13.4.1923, С.-Пецярбург — 10.1.1960),

рускі паэт, перакладчык. Скончыў Ленінградскі ун-т (1948). Аўтар зб-каў вершаў «Зорка пакаленняў» (1959) і «Сонца Ленінграда» (1961). Перакладаў на рус. мову творы ўкр., эст., чэшскіх і інш. паэтаў. Першыя пераклады з бел. паэзіі змешчаны ў «Анталогіі беларускай паэзіі» (Л., 1948). Пераклаў паэму «Безназоўнае» і шмат вершаў Я.​Купалы, асобныя творы П.​Броўкі, А.​Куляшова, М.​Танка, М.​Лужаніна, В.​Віткі і інш.

т. 1, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУШКО́ (Тамара Кірылаўна) (11.12.1918, в. Любашава Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 22.3.1981),

бел. тэатральны крытык. Скончыла БДУ (1946). Працавала ў газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Работніца і сялянка». Аўтар рэцэнзій на спектаклі, артыкулаў пра Бел. т-р імя Я.​Купалы («Першы тэатр», «Час і вобразы», «Жамчужына беларускага мастацтва»), праблемных артыкулаў па пытаннях драматургіі і т-ра, творчых партрэтаў і нарысаў пра майстроў бел. сцэны. Лепшыя тэатразнаўчыя работы сабраны ў кн. «Святло незабыўных імгненняў» (1985).

т. 3, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАФЕ́З (сапр. Гаглойты Фёдар Захаравіч; 11.9.1913, Баку — 12.8.1983),

асецінскі пісьменнік. Скончыў пед. ін-т (Цхінвалі, 1950). Першы зб. вершаў «Акорды фандыра» (1940). У творах услаўляў жыццё, духоўную прыгажосць асецінскага народа (зб-кі вершаў «Мір», 1952; «Родны ачаг», 1959; «Жыццялюб», 1974; кн. апавяданняў «Лямпачка Дзаджэ», 1961; раман «Добры дзень, людзі!», 1966, і інш.). Вядомы як перакладчык і літ. крытык. На асецінскую мову пераклаў асобныя творы Я.​Купалы. Літ. прэмія імя Косты Хетагурава 1981.

т. 5, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРОК (Косць) (Канстанцін Леанідавіч; 22.4.1919, г. Луганск, Украіна — 22.5.1996),

украінскі паэт. Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1941). Друкаваўся з 1938. У зб-ках «Насустрач сонцу» (1953), «Дняпроўскія мелодыі» (1956), «Мелодыі жыцця» (1972), «Пад ветразямі гадоў» (1978), «Сцвярджэнне» (1990) і інш. роздум пра чалавечы лёс у складаных умовах рэчаіснасці 20 ст. Пісаў творы для дзяцей (зб. «Хочаш ведаць пра Карпаты», 1954). Пераклаў на ўкр. мову паасобныя вершы Я.​Купалы, К.​Кірэенкі.

В.​А.​Чабаненка.

т. 6, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПРЫЯ́НЕНКА (Васіль Аляксеевіч) (н. 29.6.1950, Магілёў),

бел. музыкант, кампазітар; збіральнік і выканаўца бел. муз. фальклору. Засл. арт. Беларусі (1987). Скончыў Бел. кансерваторыю (1975). З 1974 канцэртмайстар, з 1978 муз. кіраўнік фальклорна-харэаграфічнага ансамбля «Харошкі». З 1984 арганізатар і маст. кіраўнік Бел. дзярж. ансамбля нар. музыкі «Свята» Аўтар апрацовак нар. музыкі, у т. л. песень «Калі каліна не цвіла», «Пасею гурочкі», «Песня-балада», арыгінальных песень на вершы Я.​Чачота, Я.​Купалы і інш.

т. 9, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МІНЧУ́К»,

кніжнае таварыства. Існавала ў снежні 1906—07 у Мінску. Мела на мэце выданне і распаўсюджванне бел. кніг і газет. Заснавальнікі Б.​У.​Куштэлян, У.​І.​Самойла, С.​В.​Скандракоў, А.​А.​Шабуня, К.​Б.​Шпакоўскі. Разам з газ. «Наша ніва» выдала кірыліцай і лацінкай апавяданне Э.​Ажэшкі «Гедалі» (1907). Рыхтавала да друку «Жалейку» Я.​Купалы. Спыніла дзейнасць з-за адсутнасці сродкаў.

Літ.:

Александровіч С. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 133—134, 142—143.

т. 10, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУФАНА́ДА (італьян. buffonata літар, блазнаванне),

від тэатр. паказу і прыём акцёрскага выканання, заснаваныя на рэзкім, камедыйным перабольшанні пераважна вонкавай характарнасці. Асабліва пашырана ў цырку (гл. Клаунада). Узнікла ў народным тэатры (мім, скамарохі, італьян. камедыя дэль артэ), выкарыстоўвалася ў батлейцы. На выкарыстанне прыёмаў буфанады разлічаны і некаторыя творы Мальера, К.​Гальдоні, В.​Дуніна-Марцінкевіча, К.​Каганца, Я.​Купалы, У.​Маякоўскага і інш. Элементы буфанады выкарыстоўвалі пры стварэнні камедыйных вобразаў бел. акцёры А.​Ільінскі, Г.​Глебаў, П.​Малчанаў.

т. 3, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)