група стаянак эпохі неаліту і бронзавага веку каля в. Камень Пінскага р-на Брэсцкай вобл. На 2 стаянках выяўлены рэшткі наземных жытлаў, агнішчаў, абкладзеных камянямі, пахаванне. Знойдзена вял. колькасць апрацаваных крамянёў, у т. л. прылад працы (скрэблы, разцы, вастрыі, адбойнікі, сякеры і інш.), вырабаў з косці і рогу (сякеры, цёслы, долаты, рыбалоўныя кручкі, клінкі, наканечнікі, падвескі і інш.), каменныя шліфавальныя пліткі і цёрачнікі, некалькі вырабаў з медзі і бронзы, шмат абломкаў арнаментаваных ляпных гліняных пасудзін нёманскай культуры, шнуравой керамікі культуры і тшцінецкай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІЧ (ад ням. Kitsch таннасць, безгустоўнасць),
стэрэатыпнае псеўдамастацтва, якое не мае маст.-эстэт. каштоўнасці; спецыфічная з’ява, якая адносіцца да ніжэйшых пластоў масавай культуры. Тэрмін «К.» узнік у 19 ст. ў Германіі. Для К. характэрны імітацыя форм, звязаных у масавай свядомасці з прэстыжнымі формамі культуры, фабрыкацыя прымітыўнай, разлічанай на знешні эфект пачуццёва-прыемнай прыгажосці. Праявіўся практычна ва ўсіх галінах культуры, найб. пашырэнне атрымаў у жывапісе (т. зв. «салонны» жывапіс), літаратуры (бульварная літаратура), эстр. музыцы і розных формах быт. аздаблення. З 1960-х г. элементы К. выкарыстоўваюць поп-арт і некат. кірункі постмадэрнізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАДЗІЁМАВА (Вольга Уладзіміраўна) (н. 5.8.1955, г. Гомель),
бел. гісторык музыкі. Канд. мастацтвазнаўства (1990). Дачка У.Дадзіёмава. Скончыла Бел. кансерваторыю (1978). З 1978 у Мінскім ін-це культуры, з 1993 дацэнт Бел. акадэміі музыкі. Даследуе гісторыю муз.культуры Беларусі 17—19 ст. Аўтар манаграфіі «Музычная культура гарадоў Беларусі ў XVIII ст.» (1992), навуч. дапаможніка «Гісторыя музычнай культуры Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII ст.» (1994), брашуры «Восіп Казлоўскі» (1995), укладальнік рэпертуарных зб. «Інструментальная музыка Беларусі XVIII ст.» (1990; 1991, і аўтар уступнага арт.), зб. «Помнікі музычнай культуры Беларусі» (1995, вып. 2) і інш. Выявіла больш за 50 помнікаў айч.муз. мастацтва, у т. л. оперу «Агатка, ці Прыезд пана» Я.Д.Голанда на лібр. М. Радзівіла. З 1995 аўтар і вядучая цыкла перадач «Галасы мінуўшчыны» Бел. тэлебачання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСІ́ЛАВІЧЫ,
стаянкі каменнага і бронзавага вякоў каля в. Нясілавічы Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. Датуюцца 6—1-м тыс. да н.э. Пры даследаванні знойдзены ланцэтападобныя вастрыі, пласцінкі, разцы, нуклеусы, кераміка розных этапаў нёманскай культуры і шнуравой керамікі культуры. Выяўлены рэшткі агнішчаў-кастрышчаў і агнішчаў, выкладзеных камянямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́НЦАРАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямёнаў, якія ў 6—8 ст. жылі ў Верхнім Падняпроўі, Верхнім Панямонні, Верхнім і Сярэднім Падзвінні. Назва ад гарадзішча Банцараўшчына пад Мінскам. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй; жыло на селішчах у паўзямлянкавых жытлах зрубнай канструкцыі і наземных слупавой канструкцыі, унутры жытлаў размяшчаліся печы-каменкі. У якасці сховішчаў часта выкарыстоўваліся ранейшыя гарадзішчы, якія дадаткова ўмацоўваліся валамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне на бескурганных і курганных могільніках. Рэшткі спаленых нябожчыкаў змяшчаліся ў гліняныя урны або ссыпаліся ў магільныя ямы. У курганах (круглых, падоўжаных, доўгіх) пахаванні на гарызонце, у насыпе або адразу пад яго дзярновым пакрыццём. Характэрны слабапрафіляваны пласкадонны неарнаментаваны посуд. Большасць даследчыкаў лічыць, што Банцараўская культура належала балтам; яна сфарміравалася ў выніку пранікнення на Пн Беларусі носьбітаў кіеўскай культуры і змяшэння іх з плямёнамі днепра-дзвінскай культуры і штрыхаванай керамікі культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХНЯВО́ЛЖСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён ранняга неаліту, якія ў сярэдзіне 5-га — апошняй чвэрці 4-га тыс. да н.э. жылі ў Волга-Окскім міжрэччы. Назва ад месца адкрыцця культуры ў вярхоўях р. Волга. Насельніцтва жыло на стаянках па берагах рэк і азёр у буданападобных жытлах, займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам. Вырабляла гаршкі з вострым і закругленым, кубкі — з пляскатым донцам. Знойдзены гліняныя дыскі, на адным з якіх выява галавы аленя. Шэрагам рысаў кераміка Верхняволжскай культуры блізкая да найб. ранняга посуду бабінавіцкага тыпу помнікаў (Віцебшчына), помнікаў у вярхоўях Друці і на З Смаленшчыны. Магчыма, была асновай узнікнення льялаўскай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ ТЭА́ТРЫ,
найвышэйшая форма развіцця аматарскага тэатр. мастацтва на Беларусі. Існуюць таксама ў інш. краінах СНД і Балтыі. Найменне «народны» надаецца калектывам са стабільным складам удзельнікаў, паўнацэнным у маст. адносінах рэпертуарам, скіраваным на развіццё бел.нац. драматургіі, засваенне і папулярызацыю ўзораў сусв.маст.культуры, якія рэгулярна выступаюць перад насельніцтвам. На Беларусі існуюць з 1959. Працуюць на грамадскіх пачатках пры палацах і дамах культуры (гар. — ГПК, ГДК, раённых — РДК, сельскіх — СДК), клубах, розных цэнтрах і інш. на чале з прафес. рэжысёрамі. У сваёй дзейнасці карыстаюцца Палажэннем аб нар. (узорным) самадз. калектыве маст. творчасці ў Рэспубліцы Беларусь, прынятым у 1999 Мін-вам культуры Беларусі. Творчую і метадычную дапамогу Н.т. аказваюць абл. метадычныя цэнтры нар. творчасці, навук.-метадычныя цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы, Нац. цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, Бел.ін-т праблем культуры, прафес. т-ры і інш. Н.т. ўмоўна падзяляюць на драм., муз.-драм., т-ры юнага гледача, тэатры-студыі, паэтычныя (чытальнікаў), агітбрыгады (якія з 1990-х г. пераўтвараюцца ў т-ры мініяцюр, сатыр., маладзёжныя) і інш. Узніклі і новыя формы — Н.т. гульнявыя; песні, музыкі і гульні; т-ры моды. На Беларусі (2000) 121 Н.т., у т. л. 71 драм., 12 агітбрыгад, 10 т-раў мініяцюр, 6 тэатраў-студый, 4 т-ры пантамімы, 3 маладзёжныя, 2 т-ры юнага гледача і інш. Сярод іх: т-ры Баранавіцкага (з 1959) і Івацэвіцкага (з 1994) ГДК, песні, музыкі і гульні «Крынічка» Кобрынскага ГДК (з 1993), тэатры-студыі «Раёк» Брэсцкага абл. цэнтра маладзёжнай творчасці (з 1996), «Дыяген» Пінскага ГДК (з 1959), т-ры «Сінтэз» Віцебскага Палаца культуры і тэхнікі чыгуначнікаў (з 1977), «Пошук» (з 1992) і мініяцюр «Балаган» (з 1993) Лепельскага РДК, «Ідучыя на смех» Падсвільскага ГДК Глыбоцкага р-на (з 1996), «Фанограф» Гарадоцкага РДК (з 1986), «Пілігрым» Полацкага ГДК (з 1979), Веткаўскага ГДК (з 1985), Рагачоўскага ГДК (з 1962), сатыры і гумару «Ком-Ікс» Мазырскага ГДК (з 1997), «Спадчына» ПК Светлагорскага ВА «Хімвалакно» (з 1977), драмы і камедыі Ваўкавыскага ГДК (з 1985), Мастоўскага РДК (з 1995), «Валянцін» (з 1997) і мініяцюр «Серпанцін» (з 1994) Магілёўскага гар. цэнтра культуры і вольнага часу; «Відарыс» Барысаўскага ГПК (з 1959), драмы і камедыі імя У.Галубка Слуцкага ГДК (з 1961), гульнявы «Капыльскія пацехі» Капыльскага раённага цэнтра культуры (з 1990), мініяцюр Дома культуры Барысаўскага ВА «Экран» (з 1983); «На доўгім бродзе» Палаца культуры трактарнага з-да (з 1963), чытальнікаў «Жывое слова» Бел.пед. ун-та (з 1977), «Жывая планета» Рэсп. Палаца культуры «Юнацтва» (з 1989) і пантамімы «Рух» Рэсп. ПК Бел.т-ва глухіх (з 1973), агітбрыгада «Панацэя» лячэбнага ф-та мед. ін-та (з 1980; усе г. Мінск). Гл. таксама Народныя самадзейныя калектывы.
А.А.Скарына.
Да арт.Народныя тэатры. Сцэны са спектакляў: «Залёты» В.Дуніна-Марцінкевіча. Ваўкавыскі тэатр драмы і камедыі гарадскога Дома культуры (злева); «Дзень нараджэння інфанты» паводле О.Уайльда. Брэсцкі тэатр-студыя «Раёк».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́НАЎ,
2 археалагічныя стаянкі каля в. Гронаў Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. На адной стаянцы выяўлены крамянёвыя вырабы і фрагменты ляпных пасудзін эпохі позняга неаліту, ранняга бронзавага і ранняга жал. вякоў (на яе месцы пазней існавала селішча зарубінецкай культуры). На другой стаянцы верхнедняпроўскай культуры знойдзены рэчы ранняга і позняга бронзавага веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЛУ́ЖЖА,
комплекс паселішчаў каменнага і бронзавага вякоў каля в. Падлужжа Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. Адносяцца да эпохі верхняга палеаліту, верхнедняпроўскай культуры (5—3-е тыс. да н.э.) і сосніцкай культуры (1,5—1-е тыс. да н.э). Знойдзены наканечнікі коп’яў, разцы, ножападобныя пласціны, скрэблы, нуклеусы, адшчэпы, фрагменты ляпнога посуду і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДУ́ЛА (Тадэвуш Іванавіч) (н. 14.9.1945, в. Хралы Астравецкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. філосаф. Д-рфілас.н. (1994). Скончыў БДУ (1971). Даследуе гісторыю філас. і грамадска-паліт. думкі, праблемы духоўнай культуры. Асн. працы: «Культура, філасофія і духоўны свет чалавека: Тэарэтыка-метадалагічны аспект» (1986), «Філасофія ў сістэме духоўнай культуры: Праблемы сацыяльнага функцыянавання» (1993) і інш.